Спектаклі як выказванні

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

/i/content/pi/mast/53/904/36.jpg

«Прывітанне, Альберт!» Юрыя Сохара. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа.

Фестываль нацыянальнай драматургіі чакалі. Магчыма таму, што знікла з нашай тэатральнай прасторы «Маладзечанская сакавіца». Свята цёплае, гасціннае, сваё. Успаміны пра яго яшчэ доўга будуць грэць душу. У невялікім горадзе ў прыемнай кампаніі заўсёды можна было ўдосталь нагаварыцца. Абмеркаваць надзённыя праблемы і паглядзець, чым багаты. Той фестываль станавіўся своеасаблівым творчым
адлікам зробленага за бягучы сезон.

Мінулай восенню мінчане ўволю нацешыліся тэатральнымі праектамі, але карціна існавання нацыянальнай драматургіі ў Беларусі ніяк не вымалёўвалася. Захоўваліся надзеі на фэст у Бабруйску і гэткую ж атмасферу зацікаўленасці, як калісьці ў Маладзечне. Тры папярэднія фестывалі нацыянальнай драматургіі, якія праходзілі з розным поспехам і значнымі перапынкамі, сведчылі пра тое, што падобны агляд працы айчынных тэатраў з беларускімі п’есамі проста неабходны.

Драматургі не прыехалі

Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча дакладна адлюстраваў сённяшняе становішча з беларускай п’есай у нашым тэатральным свеце. Пэўныя тэндэнцыі ва ўзаемаадносінах тэатра і аўтара, хаатычнасць і выпадковасць, нявызначанасць перспектывы — усё выявілася падчас фестывалю. А вось тое лепшае, што ёсць сёння ў беларускай драматургіі, праграма не здолела адлюстраваць. На жаль, само прафесійнае свята чамусьці праігнаравалі нашы драматургі.

У дзень адкрыцця фестывалю на сцэну ўзняўся старэйшына драматургічнага цэха Анатоль Дзялендзік. Аляксей Дудараў і Андрэй Курэйчык адзначыліся на паказе спектакляў паводле ўласных п’ес. Дзіяна Балыка папрысутнічала на чытцы свайго не новага твора. І толькі Юрый Сохар, чые дзве дакументальныя драмы былі заяўлены ў праграме, пастаянна апынаўся ў цэнтры ўвагі.

Між тым, пяцёра названых вышэй імён далёка не цалкам вызначаюць будучыню беларускага тэатра і яго перспектывы. Яшчэ не забытыя Раіса Баравікова, Дзмітрый Бойка, Андрэй Шчуцкі, Уладзімір Сауліч. У эпіцэнтры палкіх спрэчак апынаюцца Сяргей Кавалёў, Алена Папова, Павел Пражко, Андрэй Карэлін, Мікалай Рудкоўскі, Пётра Васючэнка, Дзмітрый Багаслаўскі, Юлія Чарняўская. Яны прыйшлі на змену Андрэю Макаёнку, Канстанціну Губарэвічу, Мікалаю Матукоўскаму, Міколу Арахоўскаму і іншым, тым, хто пракладаў шлях беларускай п’есе за межамі Беларусі.

Фестываль не адкрыў рэсурсаў нашай маладой айчыннай драматургіі, якая трапляе на Усход — у Расію або на Захад — у Германію і Польшчу.

Аднойчы мне пашчасціла пабываць на расійскам фестывалі драматургіі «Любімаўка». Ён існуе ўжо больш за дваццаць год і адкрывае маладыя таленты. Гэты штогадовы фестываль новай п’есы з шасцісот прысланых твораў можа абраць дзясятак, разыграць начарна, абмеркаваць і дапамагчы дапрацаваць.

Непадалёк ад расійскай Пермі ў маленькім гарадку Лысьва ідуць п’есы беларуса Паўла Пражко. А ў нас не ідуць. Гэта ён на фестывалі маладой драматургіі «Любімаўка» «адмяніў» Арыстоцеля, абвясціўшы, што робіць п’есы «з абрэзкаў, мантажнага смецця, жыццёвага шуму. І з гэтай другаснасці нараджаецца дзеянне». Атрымаўшы мянушку Мауглі, Пражко працягвае звяргаць усе каноны і аўтарытэты. Магчыма, адсутнасць ведаў па класічнай тэорыі драмы дапаможа яму калі-небудзь стварыць штосьці новае ў «неарыстоцелеўскай драматургіі». Хочацца ў гэта верыць і ўбачыць п’есы нашага аўтара на нашай сцэне. Пакуль была пастаўлена толькі адна — у РТБД. Не самая лепшая. Некалькі п’ес былі надрукаваны і разасланы па тэатрах. Не зацікавілі.

Між тым, Павел Пражко, як і Алена Папова, піша на запатрабаваныя сучасныя тэмы.

/i/content/pi/mast/53/904/37.jpg

«Сёстры Псіхеі» Сяргея Кавалёва. Людміла Сідаркевіч (Ата),

Рэжысёры хочуць пісаць п’есы

Мастацкая якасць фестывалю адлюстравала розныя падыходы да тэатральнага мастацтва. Нашых рэжысёраў больш хвалююць інтэрпрэтацыі Чэхава, Шэкспіра, Астроўскага. Таленавіты драматург Аляксей Дудараў, перакладаючы многіх аўтараў на беларускую мову, перапісвае іх п’есы. Пасля папулярнай інсцэніроўкі аповесці Барыса Васільева «А досвіткі тут ціхія» з’явілася п’еса «Не пакідай мяне», вельмі аўтарскія варыянты «Рычарда», «Макбета» і «Гамлета», а не так даўно і інсцэніроўка Дударава па п’есе Лопэ дэ Вегі «Сабака на сене».

Вядома, старыя п’есы патрабуюць рэжысёрскай карэкціроўкі. Звычайна сцэнічныя рэдакцыі рабілі менавіта рэжысёры. І бясплатна. Сёння любую п’есу імкнуцца перапісаць на новы лад. І за грошы. Сумна, калі гэтым займаюцца і рэжысёры, і драматургі.

У выніку такіх дзеянняў арыгінальны твор (хто б ні быў ягоны аўтар — пачынаючы драматург або класік) губляе свае рысы. Становіцца немагчыма меркаваць аб узроўні драматургічнага майстэрства. З’яўляюцца скажэнні аўтарскай задумы і сюжэта. Рэжысёр усё прыкрывае сваім уласным аўтарствам. І глядач не здольны зарыентавацца ў літаратурнай першакрыніцы. Асабліва гэткія гульні небяспечныя з класікай. Яна можа зрабіцца зусім непазнавальнай.

Адкрыццё новай драматургіі і новых імёнаў адбывалася падчас дзённых чытанняў для вузкага кола аматараў. У астатні вячэрні час у бальшыні выпадкаў уладарыў яго вялікасць маскульт, які някепска напаўняе касу і запатрабаваны публікай не менш чым эстрадныя відовішчы. Але ўсё ж два новыя прозвішчы з’явіліся на фестывалі. Гэта Дзмітрый Багаслаўскі, акцёр па прафесіі, і Юлія Чарняўская, культуролаг. Іх творы прывабілі сваімі болевымі выказваннямі, шчырасцю і добрым узроўнем майстэрства.

Усе сумленна сабраныя арганізатарамі крытыкі былі аб’яднаны разуменнем існуючых праблем, амаль не спрачаліся між сабой, а імкнуліся, нават калі бачылі недасканаласці, засяродзіцца на добрым і перспектыўным.

Жанравая шкала фестывальнай афішы выглядала цалкам новамоднай. Тут былі драматычная балада («Не пакідай мяне...»), гісторыя пра вечнае каханне, чорную зайздрасць і магічнае люстэрка («Магічнае люстра пана Твардоўскага»), сучасная музычная драма («Сёстры Псіхеі»), інтэрактыўная камедыя («Некамедыя»), нячыстыя гульбішчы сатыраў («Эзоп»), лірыка-драматычная аповесць для тэатра («Страцім-лебедзь»). Спектаклі па п’есах Кандрата Крапівы, Георгія Марчука і Андрэя Курэйчыка былі па-даўнейшаму названы проста камедыямі. Як кажуць, без прэтэнзій.

Рэжысёрамі фестывальных спектакляў з’яўляліся прадстаўнікі сталага сярэдняга ўзросту: Віталь Баркоўскі, Вітас Грыгалюнас, Алег Жугжда, Юрый Вута, Уладзімір Савіцкі, Валянціна Еранькова, Сяргей Кавальчык. Усе яны добра зарэкамендавалі сябе за гады працы ў нашых тэатрах, хоць, мабыць, у Бабруйску былі прадстаўлены не самыя лепшыя, любімыя і выпакутаваныя іх творы. Але спектаклі, як і дзеці, нараджаюцца рознымі. Іх чакаюць, на іх ускладаюць надзеі, а ўжо далей — як лёс складзецца.

Да слова, ва Украіне, як распавяла тамтэйшы крытык Ала Падлужная, маладая нацыянальная драматургія не цікавіць рэжысёраў сталага ўзросту. Лічаць за лепшае «сырыя» п’есы аддаваць нявопытным пастаноўшчыкам-пачаткоўцам — маўляў, няхай разбіраюцца праз агульнасць інтарэсаў... У гэтым сэнсе мы выглядаем добра. Беларускія рэжысёры хоць і не чакаюць з’яўлення шэдэўра, але ад супрацоўніцтва з незасвечанымі аўтарамі не адмаўляюцца.

Прызоў і прэмій, размеркавання ганаровых месцаў на бабруйскім фестывалі не прадугледжвалася, і гэта правільна. Усе атрымалі сціплыя падарункі і цеплыню гасцінных гаспадароў. Прафесійныя абмеркаванні прагледжаных спектакляў былі сур’ёзнымі, эмацыйнымі і крытычнымі. Канешне, у пэўным сэнсе засмуцілі сабраныя стэрэатыпы, адсутнасць сучаснага жыцця і свежых тэатральных ідэй. Горача абмяркоўваўся ўзровень прафесійнасці беларускіх аўтараў.

Мінімалізм сцэнаграфіі

Спектаклі застаюцца ў памяці сваімі візуальнымі вобразамі, якія, зрэшты, не заўсёды ўдалося прадэманстраваць на поўную моц.

Мастацтва сцэнографаў вылучалася мінімалізмам або тэхнічнай немагчымасцю ўзнавіць на чужой сцэне ўсё тое, што захапляе на сваёй.

Мінімалізм быў добры ў «Сёстрах Псіхеі», а празмернасць пераканальная ў «Кавалеры Руж». Аднак нястрымнай фантазіі ў афармленні беларускай п’есы сцэнографы не прадэманстравалі. Асобна стаяць два спектаклі ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага — «Страцім-лебедзь» і «Прывітанне, Альберт!». У гэтага рэжысёра сцэнаграфічнае стварэнне атмасферы, у якой існуюць героі п’есы, вельмі часта аднолькавае. Працяглы час працуючы з мастаком Уладзімірам Матросавым, Баркоўскі пастаянна выкарыстоўваў нацягнутыя струны і шары. Пры гэтым змест драматургіі не меў значэння. Рэжысёр са сваімі акцёрамі іграе на струнах чалавечай душы. Часам яны гучаць крыкліва і з выклікам, як у бабруйскім спектаклі, часам глыбока і пранікліва, як у віцебскім. Магчыма, для яго ідэал — пустата. Пустая сцэна — як ідэальная магчымасць раскрыць дух творчасці, накрэсліваючы на чыстым лісце героя імпульсы, страсці, намеры.

Пра што і якога б аўтара ні ставіў Віталь Баркоўскі, ягоная рэжысура на любой тэрыторыі з’яўляецца пазнавальнай, спрэчнай і прыцягальнай. Для акцёраў гэта засваенне спецыфічнай мізансцэнічнай мовы. Для гледачоў — шэраг рэбусаў, загадак і роздумаў.

Тэатразнаўства ўжо вызначыла і зафіксавала гэта як беларускую школу супрэматызму або пластычнага авангарда, якім менавіта гэты рэжысёр раскрывае змястоўную сутнасць п’есы. Пры тым што ўсе ягоныя спектаклі фестывальныя. Не будзённыя.

Пераробка і даробка як пункцік

Калі рэжысёр ставіць спектакль па класіцы або ўвогуле па добра вядомаму матэрыялу, мы атрымліваем магчымасць казаць, як вытлумачаны, напрыклад, «Гамлет» або «Ідыёт», «дацягнуў» або «не дацягнуў» аўтар сцэнічнага твора, што ў яго прыярытэтна, а што другасна, бо мы добра ведаем аснову літаратурную.

Калі рэжысёр ставіць спектакль па малавядомай або ўвогуле невядомай беларускай п’есе, ён непазбежна выходзіць на першы план, засланяючы сабой драматурга. Так і атрымалася ў пастаноўках па п’есах Юрыя Сохара.

Падчас фестывалю можна было атрымаць у падарунак кніжачку «Страцім-лебедзь» — на васьмідзесяці з нечым старонках, з п’есай і рэкламай твораў Юрыя Сохара, напісаных з 1979 года. Уласна драматургічны твор яшчэ раз пацвердзіў той факт, што рэжысура сёння не схільная лічыцца з тэкстамі аўтара. П’еса Сохара «Страцім-лебедзь» — пра Максіма Багдановіча, прымеркаваная да юбілейнай даты. П’еса Сохара «Прывітанне, Альберт!» прысвечана Альберту Эйнштэйну. У драматычных творах аб вядомых людзях сюжэт выбудоўваецца па фактах біяграфіі. Гэта свайго роду дакументальная драма. Не надта папулярны ў гледачоў жанр. Тут трэба знайсці ўнікальны чалавечы матэрыял і распавесці невядомае аб вядомым — або цалкам прыкрыцца гульнёй фантазіі. Прагляд спектакля Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча пра Багдановіча падобны на разгадванне крыжаванкі. Яго загрузілі ўсемагчымымі, не звязанымі паміж сабой успамінамі, інтанацыйнай агрэсіяй і крыкам. Прыёмы, выкарыстаныя рэжысурай, стваралі адчуванне дыскамфорту. Толькі з’яўленне Аляксандра Парфяновіча ў вобразе Чэхава вяртала спектаклю мудра-іранічную інтанацыю і дакладнасць унутранага жыцця, якімі заўсёды моцныя работы Баркоўскага.

Здаецца ўжо, што ніводны фестываль не можа абысціся без п’ес Сяргея Кавалёва. Гэтым разам яго творы прысутнічалі на драматычнай («Сёстры Псіхеі») і на лялечнай («Магічнае люстра пана Твардоўскага») сцэнах, чакалі калектыў з Харкава з «Трыстанам і Ізольдай». Адносна свежым можна лічыць спектакль Гродзенскага тэатра лялек, хоць, на мой погляд, гэта не самая ўдалая п’еса драматурга. Яна складаецца з трох частак і нагадвае матрошку: маленькая гісторыя хаваецца ў сярэдняй, тая — у вялікай. Задума лепш, чым яе ўвасабленне ў тэксце. Кавалёў наследуе вечную, цудоўна распрацаваную яшчэ Гётэ і Андэрсенам гісторыю пра д’ябальскую спакусу, якая вядзе да смерці душы, але не развівае яе ў п’есе. Канешне, спектакль на сцэне тэатра лялек задае шматузроўневасць. Пастаноўшчык Алег Жугжда лічыць і заяўляе, што тэксту ў лялечным спектаклі павінна быць мала. У Кавалёва тэксту шмат. Рэжысёр яго не скарачае, стварае спектакль у «жывым плане», але гродзенскія лялечнікі не заўсёды пераканальныя як акцёры драматычныя.

Аляксей Дудараў прадставіў на фестываль п’есу «Не пакідай мяне», якая ўжо крытыкавалася за слабыя матывіроўкі і запазычанне сюжэта. У Бабруйску вострыя нападкі зведаў напоўнены штампамі і выдаткамі савецкай ідэалогіі спектакль «Не пакідай мяне» Гомельскага драматычнага тэатра ў рэжысуры Рыгора Гольдмана. Колькі можна ў пастаноўках пра вялікую вайну выкарыстоўваць Вечны агонь, выводзіць самотных удоў і выціскаць слёзы меладраматычнымі сітуацыямі? Для юбілейных дат амаль не засталося свежых твораў, здатных засланіць добрыя кнігі Астаф’ева, Бакланава, Васільева, Салжаніцына, Адамовіча, Быкава.

Спрактыкаванае старэйшае пакаленне аўтараў — Дзялендзік, Дудараў, Марчук — даўно не прапаноўвае тэатру новых форм і новых ідэй.

Спяшайцеся ў касу па білеты

З маладым пакаленнем тэатры асцярожнічаюць. Яны лічаць за лепшае лавіраваць паміж Сцылай камерцыі і Харыбдай творчасці. Паказальны ў гэтым сэнсе спектакль «Эзоп» Днепрадзяржынскага музычна-драматычнага тэатра імя Лесі Украінкі, які ператварыў філасофскі тэкст у маскультаўскі. Кожная версія, натхнёная міфам, мае на ўвазе новае прачытанне. Даўняя антычная гісторыя, цудоўна асэнсаваная Фігейрэду, падалася стваральнікам спектакля не надта актуальнай (узнікае пытанне: навошта тады звяртацца да гэтай п’есы?), і яны надалі ёй вонкавую сучаснасць з дапамогай інтэрактыву і маскульту. Выпрабоўвалі гледачоў штучнай весялосцю, прываблівалі музыкай і аголенымі часткамі цела. Наладзілі вясёлае шоу, якое пэўна падабаецца сённяшнім неспрактыкаваным гледачам, але прымітыўна інтэрпрэтуе герояў міфа.

У адрозненне ад украінскага «Эзопа» беларускія «Сёстры Псіхеі» Сяргея Кавалёва ўзрадавалі спаборніцтвам на роўных драматурга і рэжысёра за сваіх гледачоў. Акцёры вядуць энергетычную перапалку, шчодра карыстаюцца пластыкай і рытмам, што заўсёды адрознівае работы РТБД. Візуальнасць не перамагае слова, якое ў простай лініі драматургічнага даследавання выяўляе невідушчасць, трагізм, верхавенства рамантычнай веры.

Для пастаноўкі п’есы Андрэя Курэйчыка «Кавалер Руж» у Магілёўскі абласны драматычны тэатр з Мінска была запрошана рэжысёр Валянціна Еранькова.

Валянціна Еранькова ўмее выдумляць смешныя спектаклі, скарыстоўваючы магчымасці камедыі становішчаў і камедыі характараў. У іншых яе працах — і тут, у «Кавалеры Руж» — ёсць карнавальная стыхія, пластычная і музычная культура, яркія акцёрскія работы. Просценькае, пусцяковае, малавыразнае рэжысёр здатны ўзняць да ўзроўню неабыякіх канфліктаў і прывесці да душэўнай нормы і гармоніі. Еранькова любіць мастацтва празмернасці, касцюмнасць, гульню стыхій і жарсцей, чаго шмат у вадэвілях, якія ёй дастаюцца. Але ўпэўненай рукой штурман-рэжысёр выводзіць карабель-спектакль у адкрытае мора, на чыстую ваду.

Разумная, шалапутная і адначасова не надта шчаслівая, бо недабрала ў каханні, графіня Тэрэза ў выкананні Алены Дудзіч з лёгкасцю аддае свайго любага саперніцы, прымушае гэтым захапляцца і апраўдвае просталінейнасць літаратурнага вобраза. За нерэальнасцю, штучнасцю сітуацыі ўзнікае нешараговы чалавечы лёс. Графіня дазваляе сабе пакапрызіць, але менавіта яна вяртае жыццё Венскай оперы.

Дарэчы, невялікая па тэксту і сэнсу роля дырыжора Венскай оперы ў выкананні Рыгора Белацаркоўскага набывае амаль знакавае гучанне. Адносіны ўлады і мастацтва акальцоўваюць спектакль. Высокі, падцягнуты, элегантны дырыжор упершыню з’яўляецца на сцэне, уваходзіць у кантакт з залай і задае тон далейшым падзеям, якія з цудоўным наіўным гумарам падтрымлівае Прымадонна (Наталля Калакустава). Гэтая каларытная парачка амаль бясслоўна будзе ўвасабляць у спектаклі класіку жанру. Кавалеры. Ружы. Магутнае музычнае гучанне. Шыкоўныя парыкі. Смешныя перабольшанні, якія дэманструюць Алена Крыванос, Яўгенія Белацаркоўская, Васіль Галец, дзеці ў ролях дваранскіх сірот. Можна было б усё назваць меладрамай, але гэта хутчэй водгукі забытай цудоўнай рамантыкі. І лёгка праігнараваць той факт, што п’еса Андрэя Курэйчыка з’яўляецца варыянтам папулярнай на пачатку мінулага стагоддзя оперы Рыхарда Штрауса «Кавалер Ружы». Яе лібрэта было напісана з улікам усіх асаблівасцей музычнай камедыі. Немудрагелісты сюжэт дзеля ўзбуйнення відовішча патрабаваў складаных і шматступенчатых дэкарацый. Рэжысёр разам са сцэнографам Андрэем Меранковым прыдумалі адмысловую ігравую прастору, дзе ёсць бясконцая дарога. Спектакль Магілёўскага тэатра адлюстроўвае выбар сучаснага гледача, які аддае перавагу страсцям, а не каханню, і супярэчлівым характарам замест цэласных. Еранькова дамаглася гармоніі ў знешнасці акцёраў, у касцюмах, рэквізіце, стылі ігры з напоўненымі гумарам дыялогамі.

Мяркуючы па фестывальных спектаклях, Еранькова і Баркоўскі былі пастаўлены перад неабходнасцю ўдасканальваць аўтарскі тэкст. Гэтага не змог дабіцца Вітас Грыгалюнас, працуючы з п’есай Георгія Марчука «Кветкі правінцыі». Не дацягнуў да сучаснага гучання класічную п’есу Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім» Уладзімір Савіцкі. Карціна супярэчлівага тэатральнага даследавання перамог і паражэнняў айчыннай сцэны сведчыць пра тое, што сілы і людзі ў нас ёсць, аднак сёння назіраецца духоўны крызіс. Ён выяўляецца ў імкненні да аблегчаных варыянтаў мастацкай творчасці. І не трэба скардзіцца на недастатковае фінансаванне праектаў. Калі я не маю рацыі, «вырвіце мой грэшны язык». За добрымі грашыма можа схавацца «немастацтва». Мастацтва ўзрушальнае можа ўзнікнуць там, дзе грашыма і не пахне. У кавалёўскіх «Сёстрах Псіхеі» ёсць такія радкі:

Калі знікае вера,

Шчасця не відаць.

Верым у тэатр, у магчымасці нацыянальнай драматургіі, у фестывалі, якія абавязкова будуць. Мы вырулім.

Таццяна Арлова