Фантом оперы

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

У Вялікім — Міжнародны Калядны форум

/i/content/pi/mast/53/902/26.jpg

«Снягурка». Венера Гімадзіева (Снягурка). Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета

Рэспублікі Беларусь.

У снежні мінулага года Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі
ладзіў такую акцыю ўжо другі раз. У праграму форуму ўвайшлі «Травіята» —
спектакль Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, дзве нашы апошнія прэм’еры — «Аіда» і «Снягурка» з запрошанымі салістамі, цалкам наш «Севільскі цырульнік», а таксама фінальны гала-канцэрт.

Прадмова пра ўмовы

Усвядоміць маштаб музычнай акцыі можна шмат па якіх акалічнасцях. У форуме ўдзельнічалі прадстаўнікі 15 краін, а ў гала-канцэрце — 10-ці. Самыя дарагія квіткі перасякалі мяжу ў 1 мільён беларускіх рублёў (і былі прададзены). У Мінск прыехалі многія дырэктары оперных тэатраў з замежжа. Уражвалі колькасць прадстаўнічых спонсараў (кіраўніцтва тэатра засведчыла на прэс-канферэнцыі: бюджэтныя грошы для правядзення форуму не выкарыстоўваліся) і салідны склад запрошаных крытыкаў.

Цікавая думка дырыжора Вячаслава Воліча, ініцыятара правядзення першага свята, што адбылося ў снежні 2010-га: «Яшчэ не так даўно існавала меркаванне: Мінск — не оперны горад. Але наяўнасць фестывалю, на афішы якога прадстаўлены розныя трупы, дзе выступаюць салісты з многіх тэатраў і краін, абвяргае такую думку...» Усталёўваць традыцыі і складана, і адказна. Бачыць вынік — заўжды лягчэй. Таму не магу прыняць той крыху раздражнёны тон, з якім узнаўляла ўражанні ад форуму музыказнаўца Надзея Бунцэвіч, аглядальнік газеты «Культура». Бо тэатр, яго кіраўніцтва, салісты, дырыжоры, аддзел рэкламы і многія службы прыкладалі неймаверныя намаганні, каб атрымалася тое, што атрымалася.

Цітэль і Арэф’еў

Адразу заўважу: самае моцнае ўражанне на ІІ Калядным форуме зрабілі «Травіята» і гала-канцэрт. Чаму? Па-першае, мы наогул не бачылі спектакляў Маскоўскага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Па-другое, для аматараў оперы імя Аляксандра Цітэля амаль легендарнае. Ён прымусіў сачыць за сваімі работамі, калі на працягу больш як 10 гадоў з’яўляўся галоўным рэжысёрам Свярдлоўскага (цяпер Екацярынбургскага) опернага. Апошнія два дзесяцігоддзі Цітэль — мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр згаданай маскоўскай опернай трупы.

Сцэнограф Уладзімір Арэф’еў вырашае прастору цітэлеўскай «Травіяты» нечакана. На сцэне паўстае шмат шкляных паралелепіпедаў. Іх можна ўспрымаць як вітрыны модных крам (з першымі гукамі ўверцюры, калі адкрываецца заслона, на іх заўважаеш надпіс «sale» — «распродаж», «зніжкі»). Шкляныя збудаванні ўспрымаюцца і як флаконы з парфумай. І яшчэ адно тлумачэнне візуальнага вобраза — акварыумы, якіх шмат у сучасных офісах. У 1-й дзеі ў іх мігцяць і мітусяцца чырвоныя рыбкі — жаданняў, жарсці, лёгкага кахання. У 3-й іх колер залацісты — колер грошай, золата, бо побач гульцы і ігральныя сталы. У 2-й дзеі трансфармацыя сцэнаграфіі дапамагае ўявіць у загарадным доме Віялеты велізарнае шкляное акно, якое глядзіць у сад, а ў 4-й стварае ўражанне няўтульнасці яе апошняга жытла. Рыбкі ператворацца ў белыя і халодныя сняжынкі. Сэнсавы клічнік ставіць фінальная мізансцэна: Віялета глядзіць на Альфрэда і ўсіх жывых адтуль, з-за празрыстага шкла, быццам з іншага свету...

Калі рэжысёр — віртуоз, дык прыкметы майстэрства ў мностве дробязей. 1-я і 3-я дзеі амаль стэрыльныя, на сцэне нічога лішняга. У 2-й і 4-й, прыватных і асабістых, на падлозе, на сцэнічнай пляцоўцы шмат раскіданых рэчаў. А ў інтэр’еры безліч падрабязнасцей і дэталей амаль кінематаграфічных. Так нечакана пераадольваюцца оперны штамп, умоўнасць і нараджаецца глыбокая вера ў тое, што ты бачыш.

/i/content/pi/mast/53/902/29.jpg

«Аіда». Луіза Калінан (Амнерыс). Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Корабаў і Герзмава

Але не меншае, калі не большае, уражанне ў «Травіяце» рабіла ўласна музычная частка. Фелікс Корабаў, музычны кіраўнік маскоўскага спектакля, дырыжыраваў нашым аркестрам і, скажу шчыра, цяжка было паверыць, што гэта — менавіта наш аркестр. Жывы, трапяткі, ён літаральна дыхаў. З дзівоснай свежасцю ўспрымалася ўся партытура, як кажуць, «запетая» да немагчымасці, нечаканыя акцэнты і рытмы, здавалася, здымалі з яе велізарны слой глянцу і штампаў.

Хіблу Герзмаву, выканаўцу партыі Віялеты, у Мінску чакалі з нецярплівасцю. Па-першае, яна ў Беларусі ніколі не была. Па-другое, Хібла — адна з самых запатрабаваных вакалістак сучаснасці. Да нас прыляцела непасрэдна з Нью-Ёрка. Спявае на лепшых сцэнах свету — у Парыжы, Лондане, Барселоне, Сафіі, Токіа. Рэдка здараецца, каб гастралёр выклікаў толькі станоўчыя эмоцыі. Часцей мае месца вялікі роскід меркаванняў — ад узрушэння да непрымання. Не памятаю выпадку, каб кімсьці з запрошаных выканаўцаў нашы салісты оперы захапляліся так, як Хіблай. Усе запар, безагаворачна...

Герзмава і Корабаў прадэманстравалі іншы, магчыма, пакуль недасяжны для нас узровень падыходу да суадносін спеваў і ўласна музыкі. Нечаканасць вакальнага ўздзеяння і эфекты абхазскай «дзівы» я папрасіла патлумачыць Тамару Глаголеву, вядомую спявачку, якая шмат сезонаў сама спявала Віялету. «Той мастацкі і вакальны вынік, які мы бачым і чуем, заснаваны і на свежым прачытанні партытуры, і на неверагодным, тонкім узаемаразуменні і ўзаемаадчуванні між дырыжорам і спявачкай, — сказала яна. — Нашы дырыжоры трымаюцца, так бы мовіць, у “межах”, рамках. Без варыянтаў! А Корабаў, напрыклад, дазваляе ёй большую паўзу, і артыстка можа ўзяць насавое дыханне. Тады голас гучыць іначай. Гук атрымліваецца іншы. І гэта адзін прыклад з мноства...»

Вакальная свабода дае Герзмавай магчымасць і артыстычнай свабоды, пластычнай разняволенасці. Яна не баіцца ў пэўныя моманты быць непрыгожай, не баіцца паказаць язык адлюстраванню ў шкле. Спяваць знакаміты дуэт з Альфрэдам у 1-й дзеі амаль лежачы. Сустракаць Жэрмона-бацьку і адначасова спехам апранаць спадніцу. У артыстычным плане больш за ўсё ўражвае апошняя дзея, калі ад былога бляску Віялеты не застаецца і знаку. Белая доўгая кашуля, паверх грубае карычневае паліто... Пацяжэлая, пазбаўленая ўсялякай грацыі постаць хворай жанчыны, ступні ног — як у сялянак, што ўсё жыццё займаліся фізічнай працай. Суровы рэалізм у спалучэнні з нябеснай музыкай Вердзі ствараюць той кантраст, ад якога сапраўды мурашкі бегаюць па спіне...

Егіпет і Русь, эпас і «фэнтэзі»

«Аіда» і «Снягурка» паказваліся з замежнымі салістамі. Думаю, тэатр спецыяльна прэзентаваў прэм’еры, пастаўленыя рознымі рэжысёрамі. Маштабная, велічная «Аіда», увасобленая Міхаілам Панджавіджзэ, і вытанчаная, пяшчотная «Снягурка» ў інтэрпрэтацыі Сусанны Цырук не толькі сведчылі пра розныя почыркі. Яны ў нечым антыподы, бо сімвалізуюць мужчынскі і жаночы пачаткі ў рэжысуры.

У оперы Вердзі запрошанымі былі выканаўцы трох галоўных партый: салістка Грузінскай оперы Маквала Аспанідзэ (Аіда), Луіза Калінан (Амнерыс) з Сіднея, Алег Кулько (Радамес) з маскоўскага Вялікага тэатра. Годна выглядалі ўсе — артысты асвоілі няпростыя мізансцэны нашай пастаноўкі, трымаліся натуральна. Асабліва спадабаўся харызматычны Алег Кулько (ён запомніўся выступленнем у гала-канцэрце першага форуму). У параўнанні з досыць маладым Радамесам нашага Эдуарда Мартынюка герой Кулько выглядаў больш сталым чалавекам, які шмат пабачыў і шмат перажыў, і сведчаннем таму — сівая галава. Вызначальная ягоная якасць — унутранае высакародства, якое адчуваюць і Аіда, і Амнерыс. Менавіта душэўная тонкасць і гуманнае стаўленне да чалавека, якое так кантрастуе з усеагульнай барацьбой за ўладу, рухаюць яго ўчынкамі. Таму ў няроўным паядынку ён становіцца на бок Аіды — той, якая прыгнечана і несправядліва пакутуе.

У «Снягурцы» найбольшае ўражанне зрабіла Венера Гімадзіева, выканаўца галоўнай партыі. Яе кандыдатуру падказала арганізатарам форуму Аксана Волкава: яны з Венерай вучыліся разам у Школе маладых спевакоў пры Вялікім тэатры. Празрыста-бязважкая, амаль паветраная лёгкасць сапрана Гімадзіевай, а таксама натуральнасць і нязмушанасць яе сцэнічных паводзін дакладна адпавядалі характару Снягуркі. Наогул Венера ўспрымалася як узыходзячая зорка. Гэтае імя варта запомніць і далей сачыць за кар’ерай артысткі.

Калі ж разглядаць спектаклі супольна, дык пасля «Травіяты» яны зрабілі, магчыма, меншае ўражанне, чым калі б існавалі асобна, самі па сабе. Было цікава пабачыць і пачуць замежных салістаў, але не было ўсёпаглынальнага і неверагоднага адкрыцця. З-за таго, што спектаклі ўжо добра вядомыя? Мо, працэс стварэння опернай пастаноўкі і паступовага ўваходжання ў яе нашых салістаў апрыёры робіць вобразы больш маштабнымі?

Гала — як ода і панарама, або «Зборная» тэатра супраць «зборнай» Еўропы і Азіі

Гала-канцэрт апошняга форуму аказаўся зробленым на парадак лепей, чым папярэдні, што атрымаўся няроўным як па складзе, так і па ўражаннях. Так, і ў першым гала-канцэрце сустракаліся надзвычай яркія вакальныя зоркі. Але час ад часу ўзнікала пытанне: а хто і з якой мэтай запрасіў гэтага саліста? На ІІ Калядным форуме падыход да запрашэння салістаў для гала быў больш прадуманым. У дадатак падбор галасоў аказаўся значна шырэйшым, бо ахопліваў не толькі прастору СНД і Балтыю, але таксама Усходнюю і Заходнюю Еўропу. А спевакоў адтуль мы не чулі даўно.

Наступная адметнасць. Прагучала шмат арый, урыўкаў і фрагментаў з рэдкіх опер. Пералічу назвы: «Паяцы» Леанкавала, «Любоўны напой» і «Лючыя дзі Ламермур» Даніцэці, «Тангейзер» Вагнера, «Валі» Каталані, «Садко» Рымскага-Корсакава, «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Манон Леско» Пучыні, «Мефістофель» Бойта, «Эрнані» і «Сіцылійская вячэрня» Вердзі. Вельмі годна. Сапраўднае баляванне оперы!

Трэба было бачыць, з якім шчырым захапленнем маэстра Вячаслаў Воліч «падаваў» аркестру і публіцы чарговую зорку! І чуць, як тактоўна адгукаўся аркестр на змену тэмпарытмаў і музычных стыляў, як далікатна падхопліваў інтанацыі, адпавядаючы разнастайнасці спеўных тэмбраў.

Гала-канцэрт меў падзагаловак «Зоркі сусветнай оперы». Самая нечаканая (для мяне і для іншых) выснова заключалася ў тым, што гэтае азначэнне можна з абсалютна аднолькавым правам аднесці як да замежных, так і да нашых салістаў. На негалоснае спаборніцтва — «зборная» тэатра супраць «зборнай» Еўропы і Азіі — наша опера «выставіла» лепшых: барытонаў Уладзіміра Пятрова і Станіслава Трыфанава, тэнара Сяргея Франкоўскага, баса Андрэя Валенція, мецца Аксану Волкаву, сапрана Анастасію Масквіну і Ніну Шарубіну.

Сярод гасцей аказалася няшмат уладальнікаў нізкіх мужчынскіх галасоў. Між імі асабліва запомніўся Алі Аскераў з Азербайджана. Выдатная, амаль ідэальная дыкцыя, калі чуваць кожны гук і кожнае слова. Неверагодна прыгожыя і сакавітыя нізкія ноты. Па шчырасці, такога разумнага хана Канчака, які прымушаў паважаць сябе, а не толькі баяцца ягонай хітрасці і каварства, давялося бачыць упершыню. І як такога хана не пачуць у нашым «Князю Ігару»?!

Мецца-сапрана таксама аказалася небагата. Марына Палякова, узбекская салістка, якая спявала арыю з «Тангейзера», прымусіла пашкадаваць, што оперы Вагнера не ідуць на нашай сцэне і рэдка гучаць у канцэртах. Выкананне Аксанай Волкавай нязвыклага рэпертуару (арыі з расініеўскай «Італьянкі ў Алжыры») дазволіла належным чынам ацаніць вакальны досвед, атрыманы ёю падчас навучання ў Школе маладых спевакоў. Голас Аксаны набыў новыя фарбы і глыбіню, пачаў гучаць яшчэ больш натуральна і роўна, калі непрыкметныя пераходы з аднаго рэгістра ў другі.

У праграму ўвайшло некалькі дуэтаў, скажам так, кахання і нянавісці. Адным з найбольш кранальных аказаўся фрагмент з «Трубадура» ў інтэрпрэтацыі балгарскага барытона Бісера Георгіева і нашай Анастасіі Масквіной. Сяргей Франкоўскі і Ніна Шарубіна ў сцэне з «Сельскага гонару» пераконвалі сапраўды італьянскімі страсцямі. Аксана Волкава і Іван Шупеніч (былы наш, а цяпер чэшскі тэнар) у фінале «Кармэн» уразілі не толькі вакалам, эмоцыямі, але і выніковай мізансцэнай: забіваючы, Хазэ ўсё роўна горача і палка абдымаў Кармэн, каб назаўжды застацца разам...

Гала ўспрымалася як своеасаблівае спаборніцтва тэнараў і сапрана — іх аказалася больш за ўсё. Трыа тэнараў (наш Сяргей Франкоўскі, чэх Іван Шупеніч і Раман Трахімук, саліст з львоўскага опернага) — гэта, так бы мовіць, «наш адказ Чэмберлену», а дакладней — таму, знакамітаму трыа тэнараў... Цікава было пачуць апрацаванае і адшліфаванае сапрана Алены Зяленскай, салісткі маскоўскага Вялікага тэатра. Высокай культурай вакалу чаравалі Алена Папоўская з маскоўскай «Новай оперы» і Катажына Трыльнік, салістка польскага Вялікага тэатра.

Сярод артыстаў, якіх хацелася б у будучым абавязкова пачуць у нашых спектаклях, назаву Венеру Гімадзіеву (у арыі з «Травіяты» яна зрабіла моцнае ўражанне), а таксама двух тэнараў: Андрыса Людвігса, пераканальнага і рамантычнага Альфрэда з той жа «Травіяты», і Рамана Трахімука, які ўвасабляў найлепшыя традыцыі бельканта. Годным клічнікам аказалася сцэна «Трыумф» з «Аіды». Атрымаўся сапраўдны трыумф — оперы, музыкі, вакалу...

Некаторыя пажаданні

Усё свядомае жыццё люблю італьянскую і французскую оперную музыку — Вердзі, Пучыні, Масканьі, Леанкавала, Бізэ, Гуно. Яна гучыць у лепшых тэатрах па ўсім свеце, яе спяваюць лепшыя выканаўцы, гэтыя шлягеры любяць публіка і салісты. Але вялікая просьба. У гала-канцэрт наступнага форуму ўключыце, калі ласка, хоць адзін (!) вакальны твор беларускага кампазітара. Бо ствараецца ўражанне, што ў нас сваёй оперы наогул няма і ніколі не існавала! Разумею, з замежнікамі лягчэй дамаўляцца на тэрыторыі вядомых і агульнапрызнаных італьянскіх арый. Але не сумняваюся: калі б аналагічны форум ладзіўся ў сталіцы Украіны, дык палова нумароў была б з опер украінскіх кампазітараў. Калі б у адной з краін Балтыі, дык палова — з опер нацыянальных кампазітараў. Маўляў, прыехалі ў госці — дык спявайце і слухайце! Ментальнасць у іх не наша, іншая. Але ж «прасоўваць» сваё — таксама культурная мэта.

Што спяваць са свайго? Не надта лёгкая задача. Хоць бы «Галоп» з «Калючай ружы» Юрыя Семянякі, віртуознейшую арыю, дзе можна паказаць і стыль аўтара, і бляск каларатуры. Або арыю Кізгайлы «Зямля, не праклінай мяне...» з «Сівой легенды» Дзмітрыя Смольскага. Сярод спектакляў, якія ставіліся на нашай сцэне, можна знайсці годныя ўзоры. Але не магу не задаць рытарычнага пытання айчынным кампазітарам: а ці шмат у нас мажорна-зіхатлівых, радасна-ўзнёслых арый, дуэтаў, трыа, фрагментаў з опер, якія можна паставіць у святочны канцэрт і разлічваць, што яны вытрымаюць міжвольнае параўнанне з Вердзі? Мо справа ў тым, што душэўны склад беларусаў — задуменных самотнікаў, філосафаў-інтравертаў і «людзей на балоце» (назва класічнага рамана Івана Мележа, які надзвычай глыбока адлюстраваў нацыянальныя тыпы) — не дазваляе ім напоўніцу радавацца жыццю? Такая здольнасць — таксама талент, рэдкі і запатрабаваны. Так што самы час аб’яўляць нацыянальны конкурс на святочныя арыі і дуэты! Думаеце, жартую? Не, абсалютна сур’ёзна! Калі такі ладзіўся ў апошні раз? Шчыра кажучы, і не згадаю...

З думкай пра форум наступны

Форум скончыўся — і цяпер самы час асэнсаваць яго ўрокі, зрабіць высновы. Чаго асабіста мне не хапіла? Падвядзення творчых вынікаў за «круглым сталом», які быў на першым форуме, але якога не было на другім. На тым «стале» прысутнічалі трупа, вядучыя салісты, кіраўніцтва нашага тэатра, крытыкі — расійскія і свае. Тады аналізавалі і разглядалі кожную пастаноўку, шмат хвалілі аркестр, дырыжораў і мінскіх салістаў. Калі ўшчувалі, дык мякка. Скрышальнай крытыкі не было або амаль не было. Таму наўрад ці засталіся горкія крыўды. Гэтым разам таксама вельмі цікава было б паслухаць выніковыя меркаванні музыказнаўцаў-расіян, якія пішуць для вядомых і прэстыжных выданняў (кшталту «Коммерсанта»). Тым больш, склад крытыкаў значна змяніўся, дый тэатр прадставіў іншыя работы.

Другі момант. Гастрольны спектакль у межах ІІ форуму быў толькі адзін. Гэта ўсё-такі замала! Разумею, у свеце эканамічны крызіс, прыезд цэлага калектыву (а опера — мастацтва элітарнае і надзвычай дарагое) — гэта сур’ёзныя грошы. І многае залежыць ад сумы, за якую пагаджаецца або не пагаджаецца выправіцца на гастролі пэўная трупа. Так, удзел спевакоў-гастралёраў у нашых спектаклях цікавы. Гэта культурны абмен, пачатак творчага сяброўства, падстава для іншых калектываў запрасіць нашых вакалістаў. Гастралёры, калі яны з імем, прадстаўнікі вядомай трупы, неверагодна ўзнімаюць інтарэс айчыннага слухача да сваіх жа пастановак. Так, гала-канцэрт — выдатная справа, ён дае панараму, сведчыць пра разнастайнасць вакальных школ, акрэслівае імёны спевакоў, якіх хацелася б пачуць у нашых операх.

Але нішто не заменіць магчымасці пабачыць паўнавартасную працу іншага тэатра — з яго салістамі, хорам і г.д. Самае цікавае ў оперным свеце — або знаёмства з творамі, якіх ты не бачыў і не чуў, або новае прачытанне класікі. Узровень і асаблівасці дырыжорскага і рэжысёрскага мыслення, візуальнае рашэнне прасторы — усе гэтыя грані ўспрымання «чужога» спектакля даюць незабыўныя ўражанні, неацэнную спажыву для роздуму.

Таму — прапанова. Фарміруючы праграму наступнага форуму, мо варта зрабіць акцэнт на аднаактовых і «маланаселеных» прыезджых спектаклях, якія не будуць дорага каштаваць? Праўда, паўстае пытанне: ці пойдзе на іх глядач і ці захоча плаціць столькі, колькі ў снежні 2011 года заплаціў за «Травіяту»? У пашырэнні кола калектываў, што да нас прыедуць, могуць дапамагчы і шматлікія дамовы пра супрацоўніцтва, якія наш тэатр падпісвае з аналагічнымі калектывамі іншых краін, спонсарства буйных банкаў і фірм.

Другі мінскі оперны фэст пераканаў: традыцыя не толькі нарадзілася — яна ўсталёўваецца, разгортваецца, набывае імпэт. Тэатр прывучае чакаць снежня і новых захапляльных оперных уражанняў. Так што, меламаны, да сустрэчы на ІІІ Міжнародным Калядным форуме. Якія ж назвы тэатраў, зорныя імёны салістаў, якія сюрпрызы будуць нас чакаць?..

«Травіята». Хібла Герзмава (Віялета). Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі.

Таццяна Мушынская

 

 

кулуары

Пра хіты, альтэрнатыву і моцны рэкламны ход

Гасцямі II Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму былі аўтарытэтныя музычныя крытыкі, сярод якіх — доктар мастацтвазнаўства прафесар Марына Чаркашына-Губарэнка (Украіна), маскоўскі музыказнаўца Дзмітрый Марозаў (газета «Культура») і ўраджэнец Беларусі крытык Дзмітрый Рэнанскі (газета «КоммерсантЪ»). Добра знаёмыя з расійскім і еўрапейскім музычна-тэатральным кантэкстам, яны падзяліліся меркаваннямі пра форум.

— Якія вашы ўражанні ад убачаных спектакляў?

Марына Чаркашына: Я была настроена на іншага Расіні, любімага і звыклага. Аднак у «Севільскім цырульніку» перад намі раскрываецца самастойная, лагічна пабудаваная рэжысёрская канцэпцыя, якую трэба прымаць цалкам, няма сэнсу крытыкаваць дэталі. Гэта аўтарская рэжысура. Геніяльная і ўсім вядомая партытура не можа зводзіцца да адной інтэрпрэтацыі, яна прадугледжвае мноства версій. І ў гэтым сіла кожнай класічнай назвы. «Севільскі цырульнік» — спектакль, цэласны і дынамічны. Бо на сцэне спевакі-акцёры, той ідэал, да якога імкнуліся рэфарматары тэатра Станіслаўскі і Неміровіч-Данчанка. Яны імкнуцца стварыць вобраз у стылі камедыі дэль артэ. Нашым оперным тэатрам бракуе падобнага досведу, у адрозненне ад Еўропы і свету мы не асвойваем оперы ў стылі барока, ХVIII стагоддзя і г.д. У Мінску ўзялі папулярную назву і паспрабавалі вырашыць пастаноўку ў іншай стылістыцы.

Цудоўна, што ў рэпертуар вярнулі «Снягурку». Моц нашых тэатраў залежыць ад таго, як мы будзем інтэрпрэтаваць рускую класіку: з нацыянальных школ яна адна выйшла на сусветны ўзровень. Нам увасабляць яе лягчэй і прасцей, чым Захаду, бо выдатны кампазітар Рымскі-Корсакаў зусім не засвоены Заходняй Еўропай. Беларуская «Снягурка» — вельмі паэтычны спектакль. Тое зачараванне, якое ёсць у музыцы, захавалася ў пастаноўцы. Выдатна зроблены рэжысёрам харавыя сцэны.

Дзмітрый Марозаў: Уражанні розныя. «Аіда» быццам бы імкнецца да старога тэатра, паколькі ёсць выдатная сцэнаграфія Яўгена Чамадурава, але рэжысёр знайшоў магчымасць увесці ў яе свежыя і нетрадыцыйныя хады. Самай значнай постаццю «Аіды» стаў для мяне барытон Уладзімір Пятроў, выканаўца партыі Аманасра. «Севільскі цырульнік» — лепшае, што я бачыў на беларускай сцэне за апошнія гады. Ён значна цікавей за аналагічныя маскоўскія пастаноўкі (у апошнія сезоны адбыліся тры прэм’еры). Прывабліваў дырыжор Джанлука Марчыяна. Дарэчы, ні ў адной з маскоўскіх пастановак такі музычны ўзровень не назіраўся.

«Снягурка» — таксама сучасны тэатр, але іншы, які абапіраецца на вонкава-відовішчны бок. Спектакль засведчыў тэхнічныя, музычныя, вакальныя магчымасці трупы.

Дзмітрый Рэнанскі: Я быў на прэм’еры «Снягуркі» — гэта ўнікальная пастаноўка. У добрым сэнсе эталонная, бо паказвае, як можна працаваць з рускім матэрыялам і што можа атрымацца. А што да «Севільскага», дык пабачыўшы тры апошнія расійскія прэм’еры оперы Расіні, магу сказаць, што з музычнага пункту гледжання ваш спектакль ніколькі не горшы. У плане стылістычнай чысціні ён выглядае вельмі годна. Многія пастаноўкі галоўнага рэжысёра тэатра выклікаюць у мяне пытанні, але захапляюся тым, што кожную оперную назву ён адкрывае іншымі ключамі.

— У якой ступені важнае, на ваш погляд, правядзенне такіх форумаў наогул і, у прыватнасці, у Беларусі?

Марына Чаркашына: Найбольш яскравае ўражанне — сама атмасфера форуму. Мы чулі годных запрошаных спевакоў, але мінскія салісты ніяк не саступалі гасцям. Асабліва гэта адчувалася ў гала-канцэрце, які апраўдаў назву «Зоркі сусветнай оперы». Мінскія выканаўцы ў выдатнай форме. У вас ёсць свае зоркі, і рада, што вы пра гэта ведаеце.

У Мінску прысутнічае адчуванне: оперны тэатр — твар краіны, справа дзяржаўнай важнасці. На Украіне мы ўжо адвыклі ад такой сітуацыі, там пануе страшэннае засілле шоу-бізнесу, эстрады.

Ёсць выдатныя словы Пушкіна пра Расіні — «ён вечна той жа, вечна новы». Лічу, такім і павінен быць дэвіз музычных святаў — яны тыя ж і заўжды новыя.

Дзмітрый Марозаў: Я быў госцем першага форуму, і ў 2010-м, і ў 2011 годзе на афішы прысутнічалі самыя папулярныя назвы. Пры ўсёй любові да класікі хацелася б бачыць афішу прадстаўнічага форуму, складзеную не толькі з «хітоў». Калі казаць пра традыцыі, яна пакуль адна — на 1-м і на 2-м форумах прысутнічала гастрольная «Травіята».

Дзмітрый Рэнанскі: Прынцыпова, што афіша форуму абнаўляецца за кошт базавых назваў, якія павінны быць у кожным тэатры. Глядач хоча пабачыць такія оперы, і ў гэтым сэнсе палітыка, якой калектыў жыў апошнія некалькі сезонаў пасля адкрыцця, цалкам слушная. Ваш тэатр адзіны ў дзяржаве працуе з оперным рэпертуарам, і ключавыя назвы, безумоўна, павінны быць прадстаўлены. Оперны форум — моцная прынада, вельмі прывабны для тэатра рэкламны ход.

— Вам добра вядомы замежны музычна-тэатральны кантэкст. Наколькі адпавядае яго тэндэнцыям беларускі оперны?

Марына Чаркашына: У еўрапейскім тэатры большая ўвага надаецца рэжысёрскаму складніку і акцёрскай працы вакалістаў. Ілюстрацыйная рэжысура фактычна знікла, і нават калі пастаноўка вырашана традыцыйна, рэжысёрскі пошук усё роўна адчуваецца. Наша цывілізацыя зрабілася візуальнай, успрыманне ўсё менш ідзе праз слых, таму праца сцэнографа і рэжысёра становіцца вельмі важнай. І без яе нельга абмяркоўваць убачаныя спектаклі, бо трэба казаць пра аўтарскую рэжысуру. У такім сэнсе і «Севільскі», і «Снягурка» паказальныя ў рэчышчы сучасных еўрапейскіх тэндэнцый.

Дзмітрый Марозаў: Я бачыў прэм’ерныя спектаклі, а для аб’ектыўнай ацэнкі патрэбная больш поўная карціна. Калі меркаваць па афішы, відавочная стаўка на папулярныя назвы, у гэтым ёсць нешта ад рэгіянальных тэатраў, якія панічна баяцца паставіць штосьці меней папулярнае: а раптам публіка не пойдзе? Думаю, такі сіндром вы хутка пераадолееце. Тым больш што ў вас досыць прафесійная трупа, цудоўны аркестр (зрэшты, ён заўсёды быў такім), вельмі якасны хор...

Дзмітрый Рэнанскі: Калі гаворка ідзе пра тое, што рэпертуарны тэатр нібыта аджыў, дык заўсёды згадваюць італьянскую сістэму «стаджонэ». Але ў Еўропе яны існуюць нароўні. Вядомыя нямецкія тэатры, якія падтрымлівае дзяржава — Берлінскі оперны, Берлінская камічная опера і Мюнхенская опера — даюць спектаклі кожны дзень, некаторыя назвы ідуць па 20–30 гадоў. Метраполітэн і Ковент-Гардэн — таксама рэпертуарныя. У беларускім тэатры ёсць трупа, якая працуе з рознымі рэжысёрамі, гэта яе ўзбагачае, робіць больш гнуткай.

— Якім чынам павінен далей развівацца мінскі оперны форум? Вашы пажаданні?

Марына Чаркашына: Захаваць традыцыю запрошаных тэатраў, даваць у афішу болей сваіх прэм’ер. А таксама выкарыстоўваць камерную сцэну для сучасных альтэрнатыўных спектакляў.

Дзмітрый Рэнанскі: Павінны быць запрошаныя і дырыжоры, і рэжысёры, каб можна было сустрэць розных майстроў. Хацелася б, каб тэатр развіваўся, быў больш гнуткім. Такая мадэль выпрабоўваецца форумам, калі спектаклямі дырыжыруюць запрошаныя маэстра. Яны не ўдзельнічалі ў іх стварэнні, але ўносяць новыя павевы, тым самым асвяжаючы пастаноўку. Гэта ноу-хау беларускай оперы, такога нідзе няма. Хацелася б прынцыповага пашырэння палітры ва ўсіх сэнсах. І тады нішто не перашкодзіць беларускаму опернаму апынуцца ў ліку тройкі ці чацвёркі лідараў.

— Самыя яркія, на ваш погляд, тэат-ральна-музычныя ўражанні мінулага года?

Марына Чаркашына: Бетховенскі «Фідэліа» ў Мюнхенскай оперы, які стаў сапраўдным адкрыццём і прыкладам таго, што можна зрабіць актуальным класічны твор, пранікаючы ў яго сутнасць, а не распачынаючы палеміку з аўтарам.

Дзмітрый Марозаў: «Любоў да трох апельсінаў» Пракоф’ева ў Тэатры імя Наталлі Сац (пастаноўшчык Гергій Ісаакян, дырыжор Яўген Бражнік), «Забарона на каханне» Вагнера ў «Гелікон-оперы» (пастаноўка Дзмітрыя Бертмана), а таксама мюзікл «Баль вампіраў» Рамана Паланскі і Джыма Стэйнмана ў Санкт-Пецярбургскім тэатры музычнай камедыі.

Дзмітрый Рэнанскі: Абсалютным адкрыццём зрабілася інтэрпрэтацыя дырыжорам Тэадорам Курэнтзісам оперы Моцарта «Так робяць усе» — гэта проста ўнікальна! Тыя, хто быў на пермскім спектаклі, сустрэліся з рэдкім узорам таго, што называюць «дырыжорскай рэжысурай». То-бок музычны кіраўнік так магутна і пераканаўча працуе з партытурай, што рэжысёрскае бачанне ўжо не надта і важнае.

З расійскіх прэм’ер наймацнейшае ўражанне — ад оперы «Мёртвыя душы» Шчадрына ў Марыінскім тэатры. Выдатная праца рэжысёра Васіля Бархатава і нашага суайчынніка сцэнографа Зіновія Марголіна адкрывае оперу Шчадрына з нечаканага боку. Пастаноўка важная і таму, што ў ёй акрэсліваюцца пэўныя тэатральна-стылявыя накірункі, прынцыпова новыя — яны не маюць ніякага дачынення да ранейшых здабыткаў опернага тэатра. Спектаклі паводле Моцарта і Шчадрына — знакавыя, такія падзеі здараюцца аднойчы за пяць сезонаў...