Мільён мучэнняў, або Небарака Чацкі і разумнік Малчалін

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Пра спектакль — з рэжысёрам

 /i/content/pi/mast/53/901/22.jpg
 Сцэна са спектакля 
Як сталася, што Нацыянальны тэатр імя М.Горкага за восемдзесят год існавання не ставіў «Гора ад розуму»? Чаму Кумельскі, Арлоў, Фёдараў, Луцэнка не знайшлі ў п’есе сугуччаў часу? Пытанні без адказаў.

Сяргей Кавальчык запоўніў гэты прагал. Калі ўлічыць, што нядаўна на афішы тэатра ўпершыню з’явіўся Булгакаў, вярнуўся амаль забыты Сухаво-Кабылін, а на чарзе Дастаеўскі, — выглядае на ўзважаную творчую праграму.

З іншага боку, у галоўнага рэжысёра рускага тэатра зайздросная пазіцыя. Перад ім — ладных памераў «глыбокашаноўная шафа» з літаратурнымі шэдэўрамі, да якіх можна звяртацца наўпрост, не замаўляючы перакладаў і не маючы клопатаў з аўтарскімі правамі. Як казала адна з гераінь булгакаўскага «Тэатральнага рамана», толькі пачні іграць, за ўсё жыццё не перайграеш...

Гутаркай з Сяргеем Кавальчыкам мы распачынаем цыкл публікацый, дзе пра спектакль распавядае не крытык, а ягоны рэжысёр.

 

Людміла Грамыка — Сяргей Кавальчык

Існуе некалькі трактовак знакамітай камедыі «Гора ад розуму», якія распрацоўваюцца цягам сцэнічнай гісторыі. Сярод іх дзве палярныя. Першая — простая да немагчымасці: дзяўчына адмаўляе годнаму таленавітаму юнаку, і з яго кпіць вышэйшы свет. Другая — зусім не дзіцячая. «Мільён мучэнняў», якія раздзіраюць Чацкага, здатны перажываць толькі лепшыя з нямногіх. Адпаведна сам Аляксандр Андрэевіч увасабляе «вышэйшы культурны тып». Гэта нібы своеасаблівая матрыца сусветнага хварэння за ўсіх.

Мне здаецца, што спектакль Рускага тэатра дзіўным чынам спалучае менавіта палярныя трактоўкі. Перадусім каханне, але Чацкі, безумоўна, адзін з нямногіх. Тут марна шукаць асаблівы культурны код. Хутчэй — адмысловую інтэрпрэтацыю.

— Так, маё стаўленне да Чацкага крышачку адрозніваецца ад агульнапрынятага. «Бяда» п’есы ў тым, што яна геніяльная. Бо з цягам часу склаўся пэўны стэрэатып, з’явіліся ўстойлівыя характарыстыкі герояў. Чацкі многіх прываблівае менавіта актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, злабадзённай, сённяшняй і жорсткай. Гэта меркаванне людзей, якія не згодны з існуючым парадкам і ўвогуле не задаволены жыццём. Затое іншыя лічаць Чацкага крыкуном, пустасловам. Яны аналізуюць падзеі п’есы і кажуць: а што ён зрабіў? Анічога, проста балбатун. Але ж для мяне Чацкі — малады чалавек нашага часу, не абдзелены розумам і свабодны духам. Думаю, ён пакуль яшчэ не гатовы перажываць і несці крыж за ўсіх. Гісторыя, якая разгортваецца на нашых вачах, для яго толькі першае выпрабаванне. Што ўрэшце здарылася? Па сутнасці, Чацкі кінуў Соф’ю, з’ехаў, потым нечакана вярнуўся. І цяпер з усіх сіл імкнецца ўскочыць у апошні вагон. Ды толькі цягнік пайшоў. Мараль простая: не трэба кідаць жанчыну, калі хочаш быць шчаслівым з ёй. Гісторыя кахання цягне за сабой увесь шматслойны пласт п’есы. Але яна — у аснове.

Так, Антон Бельскі ў ролі Чацкага паслядоўна ўвасабляе менавіта такую трактоўку. Заўважна і яе небяспека: такім чынам усё вельмі лёгка можа быць зведзена да побытавага ўзроўню. А твор Грыбаедава — не проста love story. Дый у спектаклі ўсё ж прысутнічае больш змястоўны пласт. Малады чалавек, які спрабуе спасцігнуць свет і законы грамадскага ладу, сутыкаецца з ваяўнічым і агрэсіўным асяродкам. «Мільён мучэнняў!» А далей, што называецца, «шэрыя пачынаюць і выйграюць».

— Я гэта фармулюю інакш: адбываецца сутыкненне непасрэднага чыстага стаўлення да жыцця з рацыяналістычным. Шчырасці з карысцю. Што галоўнае? Вось Горыч — ажаніўся па разліку, цяпер пакутуе. Вось Фамусаў — спрабуе прадаць дачку. Пачуцці Соф’і для яго маюць значэнне, але не настолькі. Нехта імкнецца запоўніць пустэчу ў душы... І толькі Чацкі застаецца дзіцем. Адкрыта радуецца, што бачыць — пра тое і гаворыць. Менавіта дзіцячае ўспрыманне люструе нашае сапраўднае.

Выдатна, у тым выпадку, калі Чацкі не даўн... Дарэчы, у гісторыі сцэнічнага мастацтва адной з самых яркіх інтэрпрэтацый камедыі дагэтуль лічыцца меерхольдаўская. Выканаўца ролі Чацкага, знакаміты Эраст Гарын, сведчыў, што правобразам ягонага героя стаў Вільгельм Кюхельбекер. Кюхля. Адпаведна, шлях Чацкага з дома Фамусавых мог быць толькі на Сенацкую плошчу. У тваім спектаклі акцэнтавана сутыкненне чалавека з ягоным асяродкам. Зроблена гэта паслядоўна і лагічна, вось толькі перспектыва для Чацкага вымалёўваецца даволі сумная. Спатыкнуўся, упаў, застаўся ляжаць пад плотам.

— Трактоўка Меерхольда, вядома ж, вельмі цікавая. Ды я з ёй не згодны. І толькі па адной прычыне. Інтэрпрэтуючы аўтара, рэжысёру не трэба за яго нешта прыдумляць, ён мусіць раскрываць змест у сюжэце. Пра тое, што Чацкі пойдзе на Сенацкую плошчу, Грыбаедаў не ведаў, бо ягоная п’еса была напісана раней. Мяркую, што і сам Грыбаедаў не пайшоў бы на Сенацкую плошчу, бо гэта супярэчыла ўласцівасцям ягонага характару. Ён проста адмаўляў сілавое вырашэнне праблем. У душы быў Фамусаў, на службе — Малчалін, а ў думках — Чацкі. І нібыта круціўся ў гэтым трохкутніку. Гледзячы на праект ягонай Закаўказскай гандлёвай кампаніі, можна зрабіць выснову: Грыбаедаў спрабаваў сумясціць асабісты інтарэс з дзяржаўным і хацеў, каб гэта прыносіла грамадскую карысць.

Пры любой інтэрпрэтацыі класічнага твора, напісанага, так бы мовіць, на ўсе часы, рэжысёр вольна або нявольна перакідвае сэнсавыя мосцікі ў сучаснасць. У «Горы ад розуму» цябе відавочна займае лёс таленавітага, разумнага чалавека, перад якім узнікла пытанне: прыстасавацца, стаць як усе або пайсці сваім шляхам. Пры гэтым ты разумееш, што намаганні Чацкага бесперспектыўныя. Яго чакаюць маральныя выпрабаванні, магчыма, псіхалагічны злом.

— Мабыць, такі лёс усіх адзіночак. Гэтую цяжкую ношу неслі ўсе рускія пісьменнікі. Талент не заўсёды адразу прымаецца грамадствам. Напачатку ўспрымаецца ў штыкі. Дый праз выпрабаванні ён раскрываецца і загартоўваецца. Якім чынам — мне цікава было прасачыць.

Але ж рэжысёру таксама не проста бывае ў прафесіі. Што ты для сябе з гэтай гісторыі здабыў? І праз каго выяўлены твой рэжысёрскі пасыл?

— Як ні дзіўна, мае асабістыя пачуцці выяўлены праз лінію Соф’і і дакладна акрэслены ў фінале праз цяжкі выбар, які ёй даводзіцца зрабіць. Як быць: застацца з бацькам, укленчыць перад Малчаліным або паслухацца Чацкага і памірыцца з ім? Дарэчы, сучасны чалавек штораз вымушаны выбіраць паміж прыстасаванствам, бунтарствам і нейкай стабільнасцю. І «гора ад розуму» ў тым, што маючы мазгі сёння вельмі цяжка зрабіць правільны выбар згодна з сумленнем. Калі няма сумненняў, тады няма праблем. Інакш — жорны. Пры гэтым у кожнага з нас праблема выбару ўзнікае штодня... Пытанне ў тым, як яго здзейсніць: бяздумна, наступіўшы на прынцыпы, або праз пакутлівае для сябе рашэнне...

У кожнага персанажа ў спектаклі прысутнічае праблема выбару?

— На маю думку, асноўныя функцыі Грыбаедаў размяркоўвае паміж трыма персанажамі. Дый герой нашага часу павінен быць брутальным і багатым, як Скалазуб, разумным, як Чацкі, і лірычным, як Малчалін. Яны — патэнцыяльныя жаніхі Соф’і. Тут сітуацыя амаль што гогалеўскай «Жаніцьбы», вось чаму гераіня мітусіцца і ўрэшце выбірае Малчаліна.

Сярод мноства трактовак камедыі вылучаліся тыя, дзе акцэнтавалася, што разумнік Чацкі «сыпле бісер перад свіннямі»... А як ты ставішся да грыбаедаўскага асяродка, так бы мовіць, да грамадства, якому ў п’есе адведзена асаблівае значэнне?

— Шчыра кажучы, нармальна. Любое грамадства абавязкова імкнецца да стабільнасці. Іншая справа, што Чацкага павінен іграць малады акцёр, якому дваццаць пяць, а ніяк не сорак гадоў. Ён палкі і безразважны, у запале робіць мноства памылак, не думаючы аб наступствах. Пасля сарака — інакш, у чалавека ўжо змененая свядомасць.

Здаецца, ты спачуваеш кожнаму грыбаедаўскаму персанажу, прымаеш мараль і «праўду» кожнага. Нават ад такіх розных Фамусавых, якія атрымаліся ў спектаклі. Фамусаў Расціслава Янкоўскага бязмежна любіць сваю дачку, ён глыбока драматычны і кранальны ў выяўленні менавіта гэтага пачуцця. Фамусаў Аляксандра Ткачонка ў многім знаходзіцца па-за межамі маралі. Акурат паводле высновы Апалона Грыгор’ева, які зазначыў, што «ўся камедыя — ёсць камедыя пра хамства». Гэты Фамусаў ведае тонкасці грамадскага механізма, і для яго яны вызначальныя. Торгае за нітачкі, пляце інтрыгі, патаемны размеркавальнік шчасця... Чаму ты спачуваеш яму?

— У Фамусава паперадзе — жаданне захаваць і прымножыць свой род. Астатняе — як спосаб для дасягнення мэты. Ён можа інтрыгі плесці і скаргу гасудару напісаць, а калі трэба — хрыбет пераламаць. За што, дарэчы, і быў пакараны. Усё страціў, бо дачку абняславілі.

Вобраз Малчаліна таксама трактаваўся па-рознаму. Ліслівы падхалім, прыстасаванец, кар’ерыст... Гэта традыцыйны падыход, але існавалі спектаклі, у якіх з Малчаліна зрабілі героя... У вас Аляксей Сцяпанавіч цынічны і прагматычны жаночы ўгоднік. Прыгажун — падабаецца ўсім. Уладзімір Глотаў і Руслан Чарнецкі гэта даводзяць пераканальна. Чым Малчалін блізкі табе?

— У жыцці мне таксама часам даводзіцца саступаць або ісці на кампрамісы... Ды дзіўная рэч, калі вырашыць, што ў Малчаліна няма сумлення, атрымаецца саладжавы тыпчык, змей-прыліпала. Але гэта не цікава. Трагедыя ў тым, што ён вымушаны жыць адпаведна свайму сацыяльнаму становішчу. Хоць Малчалін разумны чалавек і ведае, што не можа ажаніцца з дачкой Фамусава.

І цынічны па сваёй сутнасці. Прынамсі, пошласць на ўсе часы — выкарыстоўваць жанчыну такім чынам.

— Але сёння гэта сапраўдная праблема. Асабліва часта для кар’ернага руху жанчын выкарыстоўваюць у гламурных колах. Гэта брыдка. Ды ў жыцці за ўсё даводзіцца плаціць. Дарэчы, баюся атрымліваць адразу шмат грошай. І ніколі не гуляю ў латарэю. Бо калі зверху на цябе звальваецца нешта проста так, невядома, што будзе потым. Малчалінская лінія ў спектаклі пабудавана на пакутлівым чаканні перспектывы. Змен. І тут не ўсё так проста. Памятаеце: «к перу от карт, и к картам от пера». Гэта значыць, між іншым, кампаніі, прыгоды і гулянкі. Падобны «выкід» службоваму люду проста неабходны. Калі яны будуць толькі падпарадкоўвацца, маўляў, «в чинах мы небольших», гаспадары іх наскрозь праткнуць. Трагедыя Малчаліна — гэта трагедыя разумнага чалавека на маленькай пасадзе ва ўмовах жорсткага падначалення. Так, і яму спачуваю, але ж ён атрымлівае тое, што заслугоўвае. Сродкі, якімі карыстаецца для дасягнення сваіх мэт, супярэчаць свету любві. Таму ён таксама страчвае ўсё.

Ты спецыяльна многае заблытаў і нават дазволіў сімпатызаваць Скалазубу ў першай дзеі, бо перад намі паўстае ледзь не ліберал?

— Гэтага я не хацеў, хоць у Скалазубу мяне заўсёды прываблівала адкрытасць і непрыстасаванасць да мірнага жыцця. Гумар у яго асаблівы, усё разумее па-свойму. Дый лёс адмысловы, бо салдат мусіць служыць, а не думаць. Калі салдаты пачнуць думаць, армія можа прайграць вайну.

Праз лёс персанажаў у спектаклі раскрываецца варыятыўнасць чалавечага існавання. У залежнасці ад таго, чым Бог узнагародзіў. Чаму тады Чацкі сутыкаецца з асяродкам («пачвары з таго свету»), якому нададзена фарсавае адценне?

— Разнажанравасць у спектаклі я апраўдваю тым, што жыццё таксама разнастайнае. З’яўленне гасцей на балі атрымалася крышачку напышлівым, у нечым лялечным, затое пасля балю яны выходзяць «ачалавечанымі».

Таму асноўны пасыл спектакля — прымайце свет такім, які ён ёсць?

— Удасканальвайце свет асцярожна. Эвалюцыя важнейшая і больш прадуктыўная за рэвалюцыю. А свет такі, які ён ёсць. Людзі як пладзіліся, так і будуць пладзіцца. Дрэвы як раслі, так і будуць расці. Іх можна спілаваць, але трава праб’е асфальт. І мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Гледзячы на ўраганы, якія руйнуюць цэлыя краіны, думаеш: наколькі мізэрны чалавек, хоць і лічыць сябе царом прыроды. Сёння ён узрывае атамную бомбу, а заўтра селевы паток знішчае горад. Што больш жудасна?

У драматургіі і тэатры існуе паняцце героя. І ёсць абставіны, якія героя або фарміруюць, або не. Мяркуючы па фінале і адведзеным у ім для Чацкага месцы, надзей у Аляксандра Андрэевіча не надта шмат. Апрача таго, не трэба забывацца: супраць Чацкага была здзейснена змова. Яго спрабавалі зняважыць. І многія рабілі гэта свядома, бо не верылі, што ён вар’ят. Можа быць, якраз у гэтым адметнасць твайго спектакля, яго мэта — не выйсці на сацыяльнае абагульненне, а проста пільна агледзецца вакол. Драматургія працягвае развівацца праз герояў, а мы нават пытанне «Які ён сёння?» перасталі задаваць. І тут здатнасць выстаяць для творцы мае асаблівае значэнне.

— Выстаяць здатны толькі Арнольд Шварцэнегер у баевіку. Вось там «белыя пачынаюць і выйграюць». Але я не кажу пра трагічнае ўспрыманне жыцця, не думаю пра яго. Для мяне шлях Чацкага — гэта шлях любога мастака ў сучасным свеце. Ад твора да твора. Мастак узнаўляе нейкую ідэальную карціну свету ў сваім уяўленні, а потым спрабуе перадаць яе гледачам. Калі карціна матэрыялізуецца ў спектакль, музыку, жывапіс, ён прыходзіць у захапленне. Але паступова пачынае бачыць яе недасканаласць і расчароўваецца. Тады і шукае новыя формы, спрабуе рушыць наперад. Калі б у яго атрымалася стварыць ідэальны свет, мы б усе жылі ў раі. Аднак Чацкі ў маім спектаклі сеў у лужу. Пра тое, што будзе пасля, Грыбаедаў не напісаў. Мне хацелася, каб гледачы дадумалі самі. З дома Фамусавых Чацкі вынес горкія ўспаміны пра цудоўнае дзяцінства. І яны будуць яго саграваць у хвіліны цяжкіх выпрабаванняў.

Але спектакль — менавіта тваё выказванне пра жыццё і людзей у гэтым свеце. Як існаваць у ім, хвалюе — не можа не хваляваць — асабіста цябе. Здаецца, адказу не ведаеш, а проста шукаеш варыянты.

— Калі мастак ведае, як трэба жыць, ён бадай што сфарміраваўся і, як казаў Мікалай Эрдман, «можа быць лозунгам». У адным я перакананы: жыць трэба, імкнучыся распаліць душэўны агонь. Тады гэта будзе нейкім ачагом цеплыні ў халодным свеце. Месцам, дзе можна сагрэцца. А саграюць нас адкрытыя і шчырыя чалавечыя адносіны.

Ты хочаш даць шанец кожнаму чалавеку, гэта нармальна, гуманна. Ды толькі па жыцці бяздарнасць ніколі не дасць шанец таленту. Усё захопіць, усіх зняважыць і статус атрымае. Усё — па Грыбаедаву. Зрэшты, ёсць яшчэ адно слова, якое напрошваецца ў нашай размове пра спектакль, — канфармізм. Ты называеш гэта дабрынёй, шчырасцю, жаданнем дарыць кожнаму надзею, што ў асобных сітуацыях і складае пазіцыю канфармізму, які, дарэчы, не заўжды прыводзіць да шчаслівага фіналу.

— Магчыма, і канфармізм, які я для сябе трактую наступным чынам: што лепш — змагацца са злом або несці дабро? Калі змагацца са злом у імя будучыні, можна перастарацца з прымусам. Чаму проста не ствараць умовы для праяўлення ў чалавеку лепшых якасцей?

Што далося ў працы цяжэй за ўсё?

— Вельмі доўга ішоў да макетнага вырашэння. Мне мроіўся навісаючы па-над усім апалены дах. След пажару 1812 года. Нібы тыя самыя «предрассудки старые» — прымхі недагарэлыя. Вось развіталіся з Савецкім Саюзам — пачалі жыць успамінамі аб ім; а калісьці прынялі хрысціянства і доўга жылі язычніцтвам. Алеся Сарокіна была супраць. Мы разам уяўлялі, што дзея мусіць адбывацца ўнутры камп’ютарнай праграмы. Пасля яна прапанавала гіганцкі мундзір і схаваны за ім напаўпавалены плот. Пазней знайшлі ход з экстэр’ерам, бо цесна было нам у фамусаўскім доме, з’явіліся бюсты, калоны і г.д.

У структуры спектакля, на мой погляд, існуюць пэўныя супярэчнасці. У цэлым ён пазбаўлены пастановачных празмернасцей, але ў першай дзеі не стае якраз дэталёвай прапрацоўкі кожнага слова. Не хапае таго, што стварае «жывое цела» відовішча.

— Магчыма, у нечым я асцярожнічаў. Не хацелася штукарыць. Увогуле, баяўся залішняй «рэжысуры». Заўсёды памятаю пра ўрокі Лідзіі Манаковай, якая казала: «Знайдзі змест, а форма сама прыйдзе». Рэжысёру часта карціць якога-небудзь «чорціка выпусціць». Спакуса такая, каб народ пасмяяўся. І дзеля гэтага мы гатовы навыварат вылузнуцца. Былі і ў мяне работы, у якіх, каб пасмяшыць народ, даводзілася «отважно жертвовать затылком». Але цяпер хочацца нечага больш грунтоўнага, чым проста смех без прычыны. Іншая справа, дасягаеш гэтага або не.

Не сакрэт, што многія тэатры амаль перастаюць займацца мастацтвам, рашуча рухаюцца ў бок гламурнага відовішча. Які шлях у рэжысуры ты выбіраеш надалей?

— Думаю, галоўная лінія нашага тэатра — руская класіка. Той пласт, які мусіць трымаць культурную надбудову грамадства. Абапіраючыся на класічныя творы, мы можам разважаць пра сучаснасць. Вялікія маралісты, вялікія творы самі па сабе здатныя паўплываць на сацыяльныя заганы. Пры гэтым не хацелася б іграць баяр з наклеенымі бародамі. Важна не сысці на тэатральную перыферыю і паспрабаваць выйграць за кошт актуальнасці зместу. Так бы мовіць, цацкі — афармленне, музыка, касцюм — цікавыя гледачам толькі ў першыя дзесяць хвілін. Потым прыцягвае ўнутранае жыццё персанажаў. Душа і яе развіццё праз увасабленне сюжэта на прыкладзе вялікіх класічных твораў. Мяне займае пошук гармоніі ва ўзаемасувязі ўсіх сцэнічных кампанентаў. Раскрыццё прыхаваных канфліктаў драматургіі і агаленне злучальных звёнаў — старажытнага сюжэта з сённяшняй Беларуссю, з сучасным Мінскам. Зрэшты, зайздрошчу рэжысёрам, калі свабода ў выяўленні думкі прысутнічае, нягледзячы ні на што.