Герой нашага часу

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Відавочна, тэатральная рэчаіснасць змяняецца разам з эпохай. Трывала ўкаранёныя ў нашу свядомасць паняцці пэўным чынам трансфармуюцца, адыходзяць на другі план, робяць неверагодныя сэнсавыя кульбіты.....

ЛЮДМІЛА ГРАМЫКА 
Людміла Грамыка

Відавочна, тэатральная рэчаіснасць змяняецца разам з эпохай. Трывала ўкаранёныя ў нашу свядомасць паняцці пэўным чынам трансфармуюцца, адыходзяць на другі план, робяць неверагодныя сэнсавыя кульбіты. Цягам дваццатага стагоддзя паняцце «герой» у дачыненні да сцэнічнага персанажа неаднойчы змяняла свой змест. Напачатку героем лічыўся выканаўца вядучых роляў у трагедыях, потым — галоўная дзейная асоба п’есы, і ўрэшце — сацыяльна акрэслены персанаж, у жыцці якога заўсёды ёсць месца подзвігу.

Сучасны герой на сцэнічных падмостках напачатку ХХІ стагоддзя — асоба непрадказальная, а галоўнае — дзіўная і нікому не падуладная. Ён пераасэнсаваны і ператлумачаны адпаведна новым тэатральным жанрам, ашаломлены супернеардынарнымі прапановамі сучасных рэжысёраў, склеены з эклектычных аскепкаў постмадэрнізму. Здаецца, выразна ўвасабляе запаветныя
мроі гогалеўскай Агаф’і Ціханаўны. Бо ён штораз іншы, слізкі, шматаблічны і больш эпатажны, чым рамантычны. Неахайны з выгляду, пазбаўлены ўсялякіх уяўленняў аб прыстойнасці, ягоная мова напоўнена ненарматыўнай лексікай, а прага шчаслівага фіналу скончылася разам з надзеяй на светлае камуністычнае заўтра. Сучасны герой быццам дзіця будучага Апакаліпсіса.
З рэшткамі растрачанай культуры, здатны хутчэй захлынуцца ад крыўды і болю, чым зрабіць учынак. Бяздзейнасць — ягоная галоўная вызначальная рыса. Ён больш назіральнік, чым дзеяч, ахвяра, а не змагар.

Думаю, што сучасны герой з’явіўся на сцэнічных падмостках як сімптом агульнай тэатральнай хваробы. Як увасабленне тугі па велічнасці тэатра, у якім глыбіня і маштаб думкі адыгрывалі не апошнюю ролю. У тэатральным люстэрку сёння бачны не надта прыгожы твар. Магчыма, зноў надышоў час збіраць каменне?

ЛЮДМІЛА ГРАМЫКА