«The Man» рэалізаваўся ў Японіі

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

UBE-biennale

/i/content/pi/mast/53/895/11.jpg

Канстанцін Селіханаў. Чалавек. Метал. 2011.

У горад Убэ на біенале сучаснайскульптуры мяне прывяла спакуса рэалізаваць уласны праект. Але я толькі прыблізна ўяўляў сур’ёзнасць гэтага конкурсу.

Біенале сучаснай скульптуры пад адкрытым небам — UBE-biennale — найстарэйшае ў Японіі. У самой назве арганізатары дэкларуюць мэты і задачы. У 2011 годзе яно праводзілася дваццаць чацвёрты раз і прысвячалася пяцідзесяцігоддзю заснавання.

Гісторыя ўзнікнення паказальная. Пасля Другой сусветнай вайны ў Японіі была актуальнай ідэя адраджэння краіны — у тым ліку і сродкамі дэманстрацыі і папулярызацыі сучаснага мастацтва. У прыватнасці — грамадскай скульптуры. У 1961 годзе адбылася першая выстава, якая размясцілася ва ўзноўленым гарадскім парку. Такім чынам літаральна ўвасобілася ідэя парку-саду, і на яго жывапісных схілах паўсталі маштабныя арт-аб’екты.

Дзякуючы праекту развівалася гарадское асяроддзе Убэ, у якім відавочна зменшылася дыстанцыя паміж чалавекам і мастацтвам.

З часам, па меры ўзрастання аўтарытэту, біенале стала міжнародным.

Працэс фарміравання будучай выставы рэгламентаваны і дастаткова просты. Кожныя два гады праводзіцца конкурс, на якім мастакі паказваюць мадэлі будучых твораў у маштабе 1 да 10-ці. Штораз разглядаецца новая тэма, якая ўвасабляе глабальныя і лакальныя пытанні.

Варта заўважыць, што для арганізатараў вырашальнымі ў выбары будучага ўдзельніка з’яўляюцца не яго аўтарытэт і іншыя заслугі: конкурс дэкларуецца адкрытым для ўсіх.

Дваццаці фіналістам прадстаўляецца фінансавая магчымасць увасобіць свае праекты. Калі гатовыя працы ўжо ўстаноўлены, непасрэдна перад пачаткам выставы журы падводзіць вынікі і ўзнагароджвае пераможцаў. Творы, што атрымалі Гран-пры і 2-е месца, застаюцца ў калекцыі арганізатараў і ўсталёўваюцца ў парку і ў горадзе. За пяцьдзясят гадоў гісторыі сабралася даволі значная калекцыя, фактычна, па ёй можна вывучаць пасляваенную гісторыю мастацтва. Сам парк і цэнтр горада сталі музеямі пад адкрытым небам, а жыхары — гледачамі.

Мая гісторыя ўдзелу ў гэтым біенале поўная выпадковасцей. Мастак звычайна разумее, што любы конкурс — гэта латарэя. Тым больш на чужой тэрыторыі, дзе ты не зусім разумееш крытэрыі адбору і палітыку журы (не разумею і дагэтуль). Журы выбірала з 363 удзельнікаў з 39 краін. Прычым з дваццаці фіналістаў толькі пяць не прадстаўлялі Японію. Віртуозная работа з каменем, памножаная на традыцыі, дазваляе не сумнявацца ў майстэрстве мясцовых творцаў. На некаторыя працы немагчыма было глядзець без пачуцця здзіўлення і захаплення (рэдкае сёння адчуванне), яны ўдала ўпісаны ў асяроддзе, парадаксальным чынам узаемадзейнічаюць з гледачом. Паміж гэтымі творамі праглядалася пэўная сувязь, пры гэтым кожны заставаўся самім сабой.

Тым не менш, першае месца было аддадзена Георге Дану Істраце, аўтару з Румыніі, які больш за дзесяць гадоў прапрацаваў у Карары. Другое месца атрымала, на мой погляд, самая арыгінальная работа біенале — «Начны экспрэс» Такехіка Накаідзэ. Было ў ёй нешта са «Знесеных прывідамі» Міядзакі — экспрэс, што нясецца скрозь нейкую ўмоўную прастору. У пэўным сэнсе гэта метафара Японіі, асаблівага свету па-за часам і кантэкстам. Трэцяе месца атрымала мая работа. Мой удзел у біенале быў павучальным, у нечым нават камічным. Маштаб маёй будучай скульптуры вызначылі не толькі жаданне зрабіць яе больш значнай, але і элементарная няўважлівасць. Калі б я зрабіў дакладны пераклад умоў для ўдзельнікаў, то высветліў бы, што дзевяць метраў пазначанага абмежавання памераў тычацца не толькі вышыні, але і шырыні і глыбіні. Мне давялося пры зборцы адпілоўваць частку гатовай формы, каб патрапіць у памер. Былі і яшчэ пэўныя непаразуменні, але дзякуючы ім скульптуры выглядала пераканальна, а галоўнае — у патрэбным маштабе.

Сама ж гісторыя яе стварэння даволі цікавая. Першыя эскізы ўзніклі прыкладна ў 1997 годзе. Тады, дзейнічаючы інтуітыўна, без разліку на нейкі поспех, я зрабіў серыю работ пад умоўнай назвай «Чалавек». Ідэя яе дастаткова відавочная: канфлікт паміж інтэлектам і целам, урбанізацыя.

І ў той жа час гэта постаць успрымаецца мной як сімвал стойкасці чалавека (чалавецтва) у яго татальнай адзіноце перад выклікамі часу, прыроды. Гэта своеасаблівы каркас, на якім можа ўзнікаць нешта новае. Такая была звышзадача, але тэма мусіла набыць адэкватнае ўвасабленне, патрэбны маштаб. Паколькі падтрымкі мая задума не знаходзіла, усё, на што я быў здольны, гэта зрабіць скульптуру вышынёй два метры і... рухацца ў іншым кірунку. Хоць фотаздымак адной з гэтых работ быў надрукаваны з цёплым каментарыем крытыка Ірыны Мятліцкай у часопісе «Мастацтва» ў 2005 годзе, традыцыйнае скульптурнае асяроддзе ўспрыняло твор хутчэй негатыўна. І вось праз трынаццаць гадоў адкінутая, здавалася б, ідэя знайшла ўвасабленне. А ажыццяўленне задумы на нейтральнай тэрыторыі сведчыць пра тое, што адкрыццё, якое я некалі зрабіў, знаходзячыся ў пэўным інфармацыйным вакууме, усё ж мела сэнс: яно знайшло свайго гледача і крытыка.

Мой досвед важны і для маладых творцаў, якія часам не могуць знайсці веру ў сябе, сумняваюцца ў дакладнасці абранага шляху, што не абяцае хуткіх дывідэндаў.

Рызыкуйце...

Канстанцін Селіханаў