Па-за правіламі гульні

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Імклівы росквіт балерыны Алейнік

/i/content/pi/mast/53/893/6.jpg

У партыі Кітры. «Дон Кіхот».

Не заўважыць гэтую артыстку ў трупе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь проста немагчыма. Яркая, віртуозная, эмацыйная, яна танцуе амаль усе вядучыя партыі.

Загадкавая Адэта і ракавая Адылія ў «Лебядзіным возеры», лірычна-кранальная Маша ў «Шчаўкунку», гарэза і завадатарка Кітры ў «Дон Кіхоце», імклівая Зарэма ў «Бахчысарайскім фантане», раўнівая Гамзаці ў «Баядэрцы», высакародная прынцэса Аўрора ў «Спячай красуні», пачуццёвая Распусніца ў «Карміна Бурана», рамантычная Жызэль і незямная Сільфіда ў аднайменных балетах.

На пачатку студзеня 2012 года Кацярына Алейнік разам з шэрагам іншых дзеячаў культуры і мастацтва была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта сур’ёзная падстава для размовы пра творчыя здабыткі балерыны.

Каб належным чынам ацаніць мастацкія дасягненні маладой артысткі (у тэатры Кацярына Алейнік усяго з 2007 года), варта зрабіць невялічкае адступленне.

/i/content/pi/mast/53/893/7.jpg

У партыі Зарэмы. «Бахчысарайскі фантан».

Выслоўе «Анатомія — гэта лёс» належыць... ніколі не здагадаецеся каму! Зігмунду Фрэйду. Ягоны афарызм я часта згадваю на харэаграфічных спектаклях. Якім бы высока інтэлектуальным, разумным і дасведчаным ні быў артыст балета, прынцыпова важныя яго фізічныя даныя, а таксама тое, шчодрай або не надта аказалася да яго прырода. Развіццё сусветнага балетнага тэатра і тэндэнцыі, што пануюць у ім, сведчаць: выканаўцамі вядучых партый сёння могуць быць толькі артысты вельмі высокага росту (у хлопцаў 180–190 см, у дзяўчат крыху менш), з падоўжанымі пявучымі лініямі пластыкі і гарманічна-прыгожымі прапорцыямі. Парадокс танцавальнага мастацтва: такія лініі і прапорцыі шмат што могуць выказаць самі, часам маскіруючы адсутнасць акцёрскага таленту, магутнага інтэлекту або глыбіні асэнсавання вобраза. Тым, да каго прырода шчодрай не была, даводзіцца выконваць менш значныя ролі. Задавольвацца партыямі эпізадычнымі, дэмі-характарнымі ці камедыйнымі. Аддаю належнае таленту такіх легендарных балерын, як Мацільда Кшэсінская, Марына Сямёнава, Вольга Лепяшынская, але, як ні парадаксальна, сёння дзяўчыну з гэткімі данымі проста не прынялі б у харэаграфічную вучэльню. І гэта не мода, а правілы гульні, умовы прафесійнага старту.

Зіхатлівы пачатак сцэнічнай кар’еры балерыны Кацярыны Алейнік, паслядоўнае засваенне вядучых партый сусветнага рэпертуару — быццам мэтанакіраванае абвяржэнне пастулатаў дзядулі Фрэйда. Калі мініяцюрная, невысокага росту артыстка заканчвала вучэльню і творчы лёс яе яшчэ не надта акрэсліваўся, у дзяўчыны ўзнікалі натуральныя сумненні: а ці не выправіцца ў Маскву, дзе музычных тэатраў непараўнальна больш, чым у Мінску? Педагог Кацярыны ў каледжы, вопытная балерына Вольга Лапо, якая выкладала класічны танец не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы — у Сірыі і Турцыі, скептычна паставілася да такой ідэі: «І каму ты там патрэбная? Будзеш адным з чатырох маленькіх лебедзяў?» Словы педагога прымусілі задумацца, а наступныя падзеі толькі падцвердзілі правільнасць выбару.

Інтэнсіўнасць творчага жыцця артыста адлюстроўвае яго біяграфія. Аматары харэаграфіі запомнілі імя Кацярыны Алейнік, калі тая яшчэ была вучаніцай. У 2004-м яна стала лаўрэатам Міжнароднага юнацкага конкурсу класічнага танца «Хрустальны туфлік» у Харкаве (Украіна). У тым жа годзе прымала ўдзел у гастролях вучняў каледжа на Кіпры. У скарочанай версіі «Дон Кіхота» танцавала Кітры, прычым у дуэце з Іванам Васільевым, будучым салістам маскоўскага Вялікага тэатра. У наступным годзе выправілася на фестываль «Трэцяе балетнае лета» ў Кракаве.

У 2006-м трапіла на фестываль харэаграфічных вучылішчаў у Казані. Той жа год прынёс Кацярыне лаўрэацтва на Міжнародным конкурсе ў Варне, які з’яўляецца старэйшым сярод аналагічных і лічыцца надзвычай прэстыжным сярод прафесіяналаў.

Пасля вяртання Кацярыны Алейнік з Балгарыі балетмайстар Наталля Фурман згадвала: «У Варне яна танцавала два нумары з маёй харэаграфіяй — “Афелію” і “Марыю Сцюарт”. Раней я ставіла “Афелію” на музыку Вівальдзі з “Маленькай сімфоніі”, але ў неакласічным стылі. Пазней шмат працавала разам з французскімі балетмайстрамі і таму прыйшла да высновы, што танцавальная пластыка павінна мець больш сучасны стыль. Падчас работы над “Афеліяй” і над “Марыяй Сцюарт” я выкарыстоўвала вопыт французскай харэаграфіі: асноўныя камбінацыйныя, можна сказаць, праграмныя для мадэрна спалучэнні рухаў. Для выканаўцы гэта складана, бо ён павінен не проста запомніць пэўныя спалучэнні рухаў, але і памяняць штосьці ў сваім пластычным мысленні. Кацярына ў малодшай групе (да 18 гадоў) заваявала 2-ю прэмію і сярэбраны медаль. 1-я прэмія наогул не прысуджалася. Апрыёры можна сказаць, што яна была лепшай! Перамога і прызнанне журы, у якое ўваходзілі Юрый Грыгаровіч (старшыня), зорка парыжскай Гранд-опера Элізабет Платэль і мега-зорка Наталля Макарава, удвайне прыемныя...»

Сапраўды, пасля перамогі ў Варне артысту балета нічога не страшна! Скончыўшы каледж, у 2007-м далікатная і крохкая Каця выпраўляецца праз паўсвету ў Шанхай (Кітай), дзе становіцца дыпламантам міжнароднага конкурсу. У 2008-м, ужо салісткай трупы, едзе ў Венгрыю — у Будапешце праходзіць Міжнародны конкурс імя Нурыева. Апошнія туры Алейнік была вымушана танцаваць з сур’ёзнай траўмай нагі. Тым не менш яе трактоўка партыі Чорнага лебедзя здзівіла сябра журы і зорку сусветнага балета Маю Плісецкую (а яна засталася ў гісторыі харэаграфіі непераўзыдзенай выканаўцай гэтай партыі). Так Кацярына зрабілася ўладальніцай спецыяльнага прыза Плісецкай «За інтэрпрэтацыю Адыліі». Пасля Будапешта няўрымслівая Алейнік здабыла лаўрэацтва на міжнародных конкурсах артыстаў балета ў Джэксане (ЗША) і Пекіне (Кітай). Нават у нашай балетнай трупе, багатай на лаўрэатаў, мала хто можа пахваліцца такой колькасцю ўпэўненых перамог на конкурсах!

Сцэнічную кар’еру Кацярына пачала, як і належыць, з невялікіх роляў. Невядома, колькі б часу і сезонаў Алейнік практыкавалася ў іх і надалей, калі б зоркі на небе не паспрыялі яе імкліваму руху да вядучых, знакавых партый. У сезоне 2007–2008 гадоў па розных прычынах пакінулі трупу дзве яркія вядучыя балерыны, спачатку Кацярына Борчанка, потым Марына Вежнавец. Праз год Марына вярнулася. Тым не менш Алейнік раптам (ці заканамерна?) аказалася запатрабаванай.

Балет — гэта не толькі эмацыйнае і інтэлектуальнае мастацтва. Балет — яшчэ і відовішча. Шоу высокага густу і кшталту. Прабачце, цырк, дзе публіка радасна апладзіруе спрытнасці, трываласці, смеласці, неабмежаваным фізічным магчымасцям чалавечага цела. Выдатная школа, тэхнічная ўзброенасць Алейнік ствараюць уражанне, што самыя складаныя па, каскады палётных скачкоў і вярчэнняў яна выконвае лёгка, з задавальненнем. Прычым тэхнічнай упэўненасці ў яе — з запасам. Яна такая яркая, імклівая, віртуозная, што ў рэшце рэшт зыходныя даныя проста перастаеш заўважаць.

Сустрэўшы ў тэатральным закуліссі Кацярыну, мілую, простую дзяўчынку ў лёгкім халаціку, накінутым на трэніровачнае адзенне, ніколі не падумаеш, што гэта зорка. Што на сцэне яна сапраўды ззяе. У паўсядзённасці балерына спакойная, ураўнаважаная і дастаткова «закрытая», а раскрываецца найперш на сцэне, у сваіх ролях. Мо для іх збірае энергію і ўсмешку? Як ні парадаксальна, але менавіта танец робіць яе на сцэне і высокай, і прыгожай, і цікавай!

Упартасцю, паслядоўнасцю Алейнік — і ў дачыненні да конкурсаў, і ў дачыненні да вядучых роляў — нельга не захапляцца. Сярод першых партый, станцаваных ёю на нашай сцэне, я вылучыла б Машу ў «Шчаўкунку». Нават тэхнічнае засваенне такой неверагодна складанай ролі выклікае павагу. Спачатку больш пераконвала Маша-дзяўчынка, якая шчыра радуецца сустрэчы з Драсельмеерам, цешыцца падоранымі лялькамі, заварожана назірае за балем цацак. Гэта Маша расхінутая жыццю, зачараваная ім. Але ў ёй адчуваеш цвёрдасць і трываласць характару не падлетка, а зусім дарослага чалавека. І вобраз прывабны менавіта здольнасцю адлюстраваць працэс выспявання ў дзіцяці рыс дарослай дзяўчыны. Уменне прайсці праз выпрабаванні, абараніць сваё каханне і ператварае абаяльную паненку ў чароўную прынцэсу. У апошнія сезоны гэткай жа значнай паўстае і дарослая Маша.

Напэўна, не варта патрабаваць ад маладога артыста той маштабнасці вобразаў, якая ёсць у сталага і вопытнага выканаўцы. Вядучыя партыі, што паспела станцаваць Алейнік, можна ўдасканальваць усё сцэнічнае жыццё. У засваенні адметнай танцавальнай стылістыкі артыстцы дапамагае дэталёвая прапрацоўка пластычнага малюнка ролі. Там, дзе вопытныя балерыны «бяруць» глыбінёй асэнсавання музыкі і харэаграфіі, Алейнік перамагае непасрэднасцю эмоцый, чысцінёй пластычных ліній, увагай да стылю.

Калі я пабачыла Кацярыну ў нечаканых для яе партыях Зарэмы і Распусніцы, дык згадала словы балетмайстра Наталлі Фурман аб тым, што ў сучаснай харэаграфіі Алейнік для яе — увасабленне ўнутранай сілы і страсці. Памятаю, я тады здзівілася: размова ішла пра танцорку, якой не споўнілася 18 гадоў. Што яна можа ведаць пра страсць?! Але тыя эмацыйнасць і пачуццёвасць, якія перапаўнялі яе Зарэму і яе Распусніцу, пераконвалі — ведае. Або здагадваецца... Або, як сапраўдная артыстка, умее ўвасобіць. Набыццё новага жыццёвага вопыту дзівосным чынам падсвечвае знутры многія партыі балерыны.

...А на заканчэнне — успамін пра першую асабістую сустрэчу з Кацярынай. Яна тады вучылася на апошнім курсе харэаграфічнага каледжа, і мы з фатографам Віктарам Зайкоўскім прыйшлі ў будынак на вуліцы Прытыцкага, каб зрабіць яе партрэты. Яна цярпліва пазіравала ў разнастайных балерынскіх пачках, выконвала фрагменты класічных варыяцый і сучасных нумароў, каб фотакамера магла зафіксаваць самыя выразныя імгненні танца. Пра будучыя поспехі Алейнік на міжнародных конкурсах можна было толькі здагадвацца. Як і пра хуткі імклівы росквіт яе выканальніцкага таленту. Кацярына тады нават яшчэ не была прынята ў наш Нацыянальны тэатр.

Напрыканцы, развітваючыся, напаўжартам я сказала юнай артыстцы і яе педагогу Вользе Лапо, што, маўляў, калі Алейнік будзе выступаць на сцэне парыжскай Гранд-опера, гэтыя здымкі могуць зрабіцца рарытэтнымі. Будуць напамінкам пра першую фотасесію... Тады мы дружна пасмяяліся з такой ідэі. Але цяпер думаю: калі ведаць імпэт Кацярыны, дык можа і чакаць засталося нядоўга?..

Таццяна Мушынская