Ідэаліст з-пад Клімавіч

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Спадчына Роберта Геніна

/i/content/pi/mast/52/890/44.jpg

Аўтапартрэт. Алей. Да 1920.

Калі ў 2009 годзе ў нашых суседзяў у Вільнюсе, у рэканструяваным будынку былога Музея Рэвалюцыі ўрачыста адкрылася Нацыянальная мастацкая галерэя Літвы, на ўсіх зрабіла велізарнае ўражанне не толькі маштабная, праграмная ў плане нацыянальнай ідэі і яе ўбудавання ў сусветны культурны кантэкст выстава «Чурлёніс і яго час», але і сталая экспазіцыя новага музея: «Літоўскае мастацтва за апошнія 100 гадоў». Мне падумалася тады, што літоўскіх калег варта шчыра павіншаваць: у год, калі Вільнюс стаў культурнай сталіцай Еўропы, ім нарэшце ўдалося тое, што яшчэ мае быць зроблена ў нас, — напісана гісторыя мастацтва краіны за апошнія 100 гадоў без купюр, з усімі эмігрантамі, мастакамі андэграўнду, «нашымі» і «не нашымі», правымі і левымі, з паралельнымі мастацкімі лагерамі і групоўкамі, а таксама пазакаардынатнымі з’явамі. І яшчэ падумалася: «А што мы ў Беларусі маглі б прадставіць як праект, роўнамаштабны па тэме і якасці выканання?» Калі казаць пра экспазіцыю-панараму, то з горыччу даводзіцца прызнаць: спробы зрабіць хоць нешта падобнае (узяць, да прыкладу, праект 2010 года «Зямля пад белымі крыламі») нельга прызнаць паспяховымі паводле такіх параметраў, як аб’ектыўная цэласнасць прадстаўленага шэрагу твораў і мастакоў, ступень абнаўлення навукова-даследчага базісу, пераадоленне стэрэатыпаў нацыянальнай самапрэзентацыі ў сферы мастацтва. Што не дзіўна: рэвізія сваёй гісторыі запатрабавала велізарных высілкаў і часу ад літоўскіх куратараў, каласальнай даследчай і пошукавай працы, дыскусій, спрэчак пра прынцыпы падыходу да рашэння дадзенай задачы, прыцягнення вялікага кола спецыялістаў-кансультантаў — у першую чаргу калекцыянераў, знаўцаў, незалежных экспертаў. У нас пералічаны комплекс умоў пакуль не склаўся, хоць, магчыма, справа не ў нястачы тых, хто вядзе тую самую шматгадовую пошукавую і збіральніцкую працу па аднаўленні сапраўды поўнай карціны развіцця мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя, а ў каардынацыі гэтых разрозненых высілкаў, у адсутнасці цеснага кантакту дзяржаўных устаноў і прыватных ініцыятыў. У любым выпадку праект быў карысны, паколькі дазволіў ацаніць рэальную сітуацыю, наглядна паказаў: для таго, каб агульная панарама мастацтва Беларусі апошніх 100 гадоў страціла нарэшце пункцірнасць, перарывістасць, была па-сучаснаму асэнсавана ў кантэксце сусветнага мастацтва, неабходна вялікая, старанная, працяглая падрыхтоўка. Па меры сціплых сіл і магчымасцей Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва (Мінск) у рамках распачатага ў 2006 годзе праекта «Прыватная калекцыя» рухаецца ў пазначаным кірунку, працягвае пашыраць кола далучаных да яго спецыялістаў, у першую чаргу калекцыянераў, і прадстаўляць іх не толькі зацікаўленым калегам, але і шырокай культурнай публіцы.

Адным з выдатных замежных знаёмстваў у рамках «Прыватнай калекцыі» сталі стасункі з калекцыянерам Аляксеем Радзівонавым (Санкт-Пецярбург), які пяць гадоў таму адкрыў для сябе выдатнага мастака родам з-пад Клімавіч Роберта Геніна і сёння прыкладае шмат высілкаў для вяртання ў Беларусь памяці пра яго. Імя гэтага творцы стаіць у шэрагу, які пачынаецца з сусветна вядомых імёнаў — такіх як Суцін, Шагал, працягваецца меней вывучанымі (як Крамень, напрыклад) і, на шчасце, не заканчваецца: яго доўжаць новыя мастацкія адкрыцці. Прапануем вашай увазе аповед Аляксея Радзівонава пра таго, чыя творчасць мусіць увайсці ў экспазіцыю-панараму «Мастацтва Беларусі за апошнія 100 гадоў. Без прабелаў», калі такая нарэшце будзе зладжана. Мяркую, у частцы «Выхадцы» адным з самых адметных падраздзелаў, верагодна, будзе: «Парыжская школа і кола яе ўплыву».

Таццяна Бембель

 

У жніўні – кастрычніку 2011 года ў Мастацкім музеі Базеля прайшла выстава калекцыі Карла Імаберштэга, сабранай паспяховым швейцарскім прадпрымальнікам у 1920–1930 гадах і перададзенай на захаванне ў базельскі музей. Для нас гэта калекцыя цікавая найперш тым, што аўтары галоўных яе шэдэўраў — выхадцы з Беларусі: Марк Шагал, Хаім Суцін, Роберт Генін.

У альбоме, прысвечаным выставе, прыводзіцца перапіска мастакоў з калекцыянерам; сяброўства часта зараджаецца там, дзе людзі дапаўняюць адно аднаго і шануюць у іншым тое, чаго не маюць самі. Найболей блізкія адносіны і самая шырокая перапіска ў Карла Імаберштэга склалася з Аляксеем Яўленскім і Робертам Геніным. Цытата з ліста Геніна — «Дарагі спадар Імаберштэг, Вы наш швейцарац на ўсе выпадкі жыцця» — вынесена ў назву альбома. Роберт Генін — мастак малавывучаны, яму і прысвечаны гэты артыкул.

Роберт Львовіч Генін нарадзіўся 11 жніўня 1884 года ў вёсцы Высокае Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні ў сям’і яўрэйскага крамніка. З-за пажару, у якім быў вінаваты чатырохгадовы Роберт, сям’я пазбавілася хаты, згалела, а затым і распалася. Роберт жыў і выхоўваўся ў сям’і дзеда ў вёсцы Красовічы (сёння — Красавічы), а школа яго знаходзілася ў Клімавічах. Аднойчы, гуляючы побач з вёскай, ён убачыў мастачку, якая прыехала на пленэр. Размясціўшыся з палітрай і фарбамі, тая пісала эцюд з натуры. І яе «экіпіроўка», і сама карціна ўразілі хлопчыка да глыбіні душы: ён затрымцеў, адчуўшы з гэтым унутраную сувязь. Далёка не кожнаму так ясна і дакладна прыходзіць разуменне свайго прызначэння ў жыцці — можна толькі пазайздросціць маленькаму Роберту ў тым, як рана гэта з ім адбылося. Калі хлопчыку споўнілася 14, ён паступіў у Віленскую рысавальную школу. Дзесяццю гадамі пазней у ёй вучыліся Хаім Суцін, Пінхус Крамень, Мане-Кац, Міхаіл Кікоін, якія, як і Генін, жылі потым у знакамітым парыжскім «Вуллі». Адвучыўшыся два гады ў Вільні, Генін перабраўся ў Адэсу, дзе яму трэба было вучыцца яшчэ два гады. Адэскае вучылішча лічылася адной з лепшых сярэдніх мастацкіх устаноў таго часу. Бліжэйшымі таварышамі Геніна па вучэльні былі Ісаак Бродскі і Тэафіл Фраерман. Багатая фантазія, уражлівасць і схільнасць да авантурызму не дазволілі Геніну зрабіцца правінцыйным фатографам, як таго хацелася яго дзеду: у васямнаццаць гадоў Роберт вырашыў падацца ў Мюнхен, найбуйнейшы пасля Парыжа цэнтр мастацкага жыцця Еўропы пачатку ХХ стагоддзя. Сваякі, вядома, былі расчараваны, але сусед Геніных па Красовічах Камінскі выдаў хлопцу восемдзесят рублёў на дарогу, расцалаваў яго і наказаў: «Не забывай, што твая радзіма — Расія. Вялікі мастак не бывае без Радзімы».

Мюнхен, пра які Генін столькі чуў, не апраўдаў яго надзей. Творчасць мастакоў, якіх ён лічыў вялікімі, — Бёкліна, Ленбаха, Штука, — пры бліжэйшым знаёмстве здалася яму знарочыстай і малаталенавітай, а ў школе Ашбэ, куды Генін паступіў неўзабаве па прыбыцці, ён не знайшоў для сябе нічога такога, чаму варта было б вучыцца. У 1904 годзе Генін ужо ў Парыжы. Разам з таварышамі па адэскай вучэльні ён жыве камунай: усё, што здабываецца, дзеліцца пароўну. Маладыя людзі ва ўсім маюць недахоп, але яны камунары і сябруюць, і ад гэтага шчаслівыя. Геніна падштурхоўвае прага падарожжаў, у яго неспакойны і бестурботны характар, які не дае яму доўга затрымлівацца на адным месцы. Увесну 1905 года ў пошуках новых уражанняў ён распачынае пешы паход з Парыжа ў Сан-Мала ў Брэтані, затым едзе ў Егіпет да сястры, якая нядаўна выйшла замуж за юнака з забяспечанай сям’і. Улетку 1905 года Генін селіцца ў знакамітым парыжскім «Вуллі»; у 1906 годзе ён зноў у Мюнхене. Пачынаючы з 1907 года яго ілюстрацыі рэгулярна публікуюцца ў штотыднёвіку «Jugend», усяго было надрукавана сорак прац, галоўным чынам карыкатур. Калі ў 1939 годзе ў Маскве Генін пісаў аўтабіяграфію па месцы службы, ён згадваў пра тое, як змагаўся з царызмам на старонках гэтага часопіса, высмейваючы антысемітызм і карупцыю ў Расіі. Генін займаецца жывапісам, удзельнічае ў парыжскіх Восеньскіх Салонах. У 1912–1913 гадах пабываў у Італіі, дзе атрымаў моцныя ўражанні ад фрэсак Джота. У Парыжы ён захапляўся працамі Пюві дэ Шавана. Мабыць, пад яго ўплывам і пад уздзеяннем італьянскіх фрэсак мастацтва Роберта ў перыяд з 1911-га па 1914 год набывае рысы манументальнасці, фрэскавасці. Прыгожыя аголеныя людзі працуюць, адпачываюць, жывуць у ідэальных пейзажах. Гэтыя паэтычныя працы апяваюць яднанне людзей паміж сабой і з прыродай. Рамантычная ўтопія, якая насяляе карціны Геніна ранняга манументальнага перыяду, па кампазіцыі і каларыце як быццам створана для фрэсак. У 1911 годзе дырэктар Шчэцінскага гарадскога музея Вальтар Рыцлер дае Геніну замову на афармленне фрэскамі сцен новага музейнага будынка. Эскізы да іх выдаюцца ў 1912 годзе ў форме альбома літаграфій «Фігурныя кампазіцыі», які прынёс Геніну шырокую вядомасць. Самім фрэскам не наканавана было з’явіцца з-за Першай сусветнай вайны. Услед за вядомасцю прыходзіць і камерцыйны поспех, на творы Геніна з’яўляецца попыт. У 1913 годзе ён падпісвае эксклюзіўную дамову з галерэяй Танхаўзер. Персанальная выстава ў гэтай знакамітай мюнхенскай галерэі суправаджаецца добразычлівымі водгукамі ў прэсе. Вядомы амерыканскі калекцыянер Артур Дж. Эддзі набывае працу «Смага» (цяпер знаходзіцца ў Чыкагскім мастацкім інстытуце). У Мюнхене Генін уваходзіць у групу «Зема» (Sema; 1910–1912); у 1914 годзе ён адзін з заснавальнікаў групы «Новы мюнхенскі сэцэсіён». З 15 мая па 30 верасня 1914 года ў шведскім Мальмё праходзіць буйнамаштабная «Балтыйская выстава», у якой Генін удзельнічае трыма вялікімі палотнамі, выстаўленымі разам з працамі Васіля Кандзінскага, Уладзіміра Бяхцеева, Аляксея Яўленскага і Марыяны Вяроўкінай у залах, якія пачыналі рускі аддзел выставы. З пачаткам Першай сусветнай Генін адчувае, што больш не можа маляваць прыгожае аголенае цела, бо вайна ператварае яго ў гарматнае мяса; ён перастае маляваць ідэальных людзей, занятых сімвалічнай працай ва ўтапічным раі, — рай разбураны выбухамі бомбаў. Мастак пераходзіць да ўвасаблення рэальнага жыцця. Інтэрнаваны ў 1914–1917 гадах як выхадзец з варожай дзяржавы ў мястэчка Трудэрынг пад Мюнхенам, Генін шмат малюе. У яго выпрацоўваецца арыгінальная экспрэсіўная манера. У 1915 годзе з’яўляецца поўны драматызму цыкл з 11 літаграфій «Жанчына», прысвечаны лёсу жанчыны на вайне. У экспрэсіўных працах Геніна па-ранейшаму прысутнічаюць элементы, характэрныя для яго папярэдняй творчасці: манументальнасць, «фрэскавасць» кампазіцыі і каларыту; сімвалізм. Новыя рысы ў творчасці Геніна ваеннага і паваеннага перыяду (1915–1925) характэрны для экспрэсіянізму ў цэлым: размашыстыя лініі, дэфармацыі постацей і прадметаў, накіраваныя на ўзмацненне эмацыйнага ўражання. У 1917 годзе галерэя Танхаўзер у Мюнхене праводзіць другую персанальную выставу Геніна, якая дэманструе развіццё мастака за чатыры гады. Пасля вайны ў пераможанай Германіі ўмовы жыцця імкліва пагаршаліся: эканамічны крызіс, гіперінфляцыя, беспрацоўе. Тым не менш Генін шмат працуе, у яго ёсць замовы. Пачынаючы з 1917 года ён захапляецца друкаванай графікай, яго ўпадабанай тэхнікай становіцца гравюра сухой іголкай. Сумесна з Міхелем Фінгештэнам Генін выдае цыкл гравюр «З берлінскіх прытонаў». Гравюры Геніна друкуюцца ў выданнях, што былі своеасаблівымі маніфестамі графікі экспрэсіянізму: у часопісе «Marsyas», у графічных папках «Die Schaffenden». У 1919 годзе Генін набывае дом у Асконе (Швейцарыя), дзе знаёміцца з калекцыянерам Карлам Імаберштэгам, там з ім суседнічаюць Марыяна Вяроўкіна і Аляксей Яўленскі. У 1920 годзе выдаецца аўтабіяграфічная кніга «Эскізы і ўражанні». У 1923-м замовы на графічныя работы ідуць адна за адной, аднак Генін не быў бы сабой, калі б задаволіўся гэтым і працягваў метадычна працаваць, цешачыся добраму попыту і адточваючы свой стыль на радасць выдаўцам і чытачам. Яго натура не падыходзіць для мернага жыцця, ён адчувае ўнутранае запатрабаванне і зноў аказваецца ў «экзістэнцыяльнай» сітуацыі. Генін пачынае ўхіляцца ад замоў на графіку — з тым, каб рэалізаваць свой жывапісны дар. У 1920-х гадах ён удзельнічае ў шматлікіх выставах у Германіі і Швейцарыі, нароўні з галерэяй Танхаўзер яго працы выстаўляе і прадае ў Берліне Альфрэд Флехтхайм, вядомы нямецкі галерыст эпохі класічнага мадэрну. У 1926 годзе ў пошуку свежых уражанняў Генін прадпрымае паездку на астравы Балі і Ява, дзе шмат малюе з натуры. Далікатныя балійскія пастэлі кранаюць свежасцю і лірызмам; характэрныя вытанчаныя «галоўкі» баліек з кветкамі ці іх грацыёзныя постаці з малпачкамі. У 1928 годзе ў Берліне вельмі вялікім тыражом (не меней за 175 тысяч асобнікаў) выдаецца кніга Геніна «Далёкая выспа» са шматлікімі малюнкамі аўтара.

У канцы 1929 года Генін перасяляецца ў Парыж. У канцы 1931-га адкрываецца яго вялікая персанальная выстава ў галерэі Жак Банжан, што належыць маладому Крысціяну Дыёру. Выстава мае поспех, пра яе пішуць вядомыя мастацтвазнаўцы Поль Фіранс і Андрэ Сальмон.

У 1935-м праходзіць персанальная выстава Геніна ў галерэі Ліліенфельд у Нью-Ёрку. З’яўляюцца планы новых выстаў у Амерыцы, але думкі Геніна адначасова працуюць і ў іншым кірунку. На пачатку 1930-х мастак усё сур’ёзней разважае пра прызначэнне свайго мастацтва, у выніку чаго знішчае частку прац. Ён адчувае настальгію па Расіі, наіўна ўяўляючы жыццё ў СССР у рамантычным святле. Непапраўны ідэаліст, у сваім доме пад Парыжам ён піша фрэскі з выявамі «шчаслівага юнацтва» і «савецкага неба». Праз савецкі Чырвоны Крыж атрымлівае пашпарт і ў сакавіку 1936 года мара спраўджваецца: Генін прыязджае ў Маскву з гарачым жаданнем стаць паўнавартасным будаўніком новага грамадства. Вось што сказаў ён сам у дакладзе ў Маскоўскім саюзе мастакоў праз тры месяцы пасля прыезду ў Маскву: «Мне бясконца балюча. Па начах я вяду адчайную барацьбу з клапамі, што для мяне вельмі цяжка. Я згадваю Швейцарыю, дзе стаіць мая хатка, і вялікі сад, і свой лес. Я пяць месяцаў назад правёў там электрычнае святло. Хочаш не хочаш, а ўсё гэта згадваеш. Але ўсё ж, калі б мне сказалі “з’язджай назад”, я быў бы гатовы схапіцца за кожнага клапа, толькі каб трымацца, каб мяне адсюль не прыбралі. Па начах думаеш: як жа так, хочаш быць часткай цэлага, а табе кажуць: бяры замову, зарабляй грошы. Гэта не можа задаволіць чалавека, якому таго не трэба. Я прыехаў сюды выключна з мэтай калектыўна працаваць, дапамагаць сваім досведам і сваімі ведамі, а ў працы з фрэскай асабліва павінна быць калектыўнае і дружнае спаборніцтва...» Жыве мастак дзе прыйдзецца, галоўным чынам у знаёмых. Атрымлівае замову на фрэску для павільёна «Саўгасы» Усесаюзнай сельгасвыставы. З натхненнем працуе над ёй два гады. У жніўні 1938-га, калі велізарная фрэска ўжо перанесена на сцяну, павільёны вырашаюць перабудаваць, паколькі кіраўнікі выставы абвешчаны ворагамі народа. Генін дэмаралізаваны, але сябры ўладкоўваюць яго ў калектыў фрэскістаў, якія афармляюць Палац Саветаў. Праходзяць яшчэ два гады радаснай калектыўнай працы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны псіхічны стан мастака відавочна пагаршаецца. Ён ідзе запісвацца ў апалчэнне, але ў ваенкамаце не прымаюць 57-гадовага добраахвотніка, які да таго ж кульгае. Генін дзяжурыць на даху. У канцы верасня 1941 года фугасная бомба кантузіла яго, а праз некалькі дзён мастак пакончыў з сабой. Ні магілы, ні афіцыйнага запісу пра смерць Геніна не засталося: пачыналася бітва за Маскву, горад спешна эвакуіраваўся. У мясарубцы вайны знікла і тое, што было ў майстэрні. Толькі некалькі сяброў захоўвалі памяць пра выдатнага майстра, але гэтая памяць згасла з іх смерцю. Праз бестурботнасць Геніна вельмі мала яго рэчаў засталося і ў абедзвюх нямецкіх сем’ях, з якіх мастак сышоў у 1910 і ў 1927 гадах. З прыходам да ўлады нацыстаў працы Геніна канфіскоўваліся з нямецкіх музеяў як «дэгенератыўнае мастацтва». Тыя карціны, якія сёння знаходзяцца ў музеях, патрапілі туды ў асноўным пасля вайны з прыватных збораў. Вось спіс музеяў, дзе захоўваюцца жывапісныя і графічныя працы Роберта Геніна: Музей Людвіга (Museum Ludwig) у Кёльне, КОГ (Kunstforum Ostdeutsche Galerie) у Рэгенсбургу, Музей фон-дэр-Хайт (Von-der-Heydt-Museum) у Вуперталі, Берлінская галерэя (Berlinische Galerie), Ленбаххаус (Lenbachhaus Kunstbau) у Мюнхене, Мастацкі музей (Kunsthalle) у Манхайме, Музей Франца Марка (Franz Marc Museum) у Кохелі, Дзяржаўная галерэя (Staatsgalerie) у Штутгарце. Друкаваная графіка (афорты і літаграфіі) Геніна прадстаўлены ў Музеі Ліндэнау (Lindenau-Museum) у Альтэнбургу, Гамбургскім мастацкім музеі (Hamburger Kunsthalle), Дзяржаўным музеі (Staatliche Museen, Neue Galerie) у Каселі, Дзяржаўным зборы графікі (Staatliche Graphische Sammlung) у Мюнхене. У Швейцарыі гэта найперш Мастацкі музей (Kunstmuseum) у Базелі, дзе захоўваецца калекцыя Фонду Імаберштэга (Stiftung Im Obersteg), а таксама Гарадскі музей сучаснага мастацтва (Museo comunale d’arte moderna) у Асконе. У ЗША Генін прадстаўлены карцінай «Смага» ў Мастацкім інстытуце (Art Institute) у Чыкага, а таксама друкаванай графікай у Музеі Сучаснага Мастацтва (MOMA) у Нью-Ёрку і ў Акруговым мастацкім музеі (LACMA) у Лос-Анжэлесе.

Аляксей Радзівонаў