Увайсці ў прастору яе валадарства

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Творчасць Святланы Катковай

/i/content/pi/mast/52/889/39.jpg

Люстэрка. Алей. 1994.

Творчая біяграфія Святланы Катковай пачынаецца ў 1960-я — яе студэнцкія гады. Яна спрабавала сябе ў розных відах мастацтва: вышэйшую адукацыю атрымала як прыкладнік, дыплом абараніла па паркавай скульптуры, самастойна і ў тандэме з Зояй Літвінавай выканала шэраг манументальных роспісаў — у інтэр’ерах фае кінатэатра «Вільнюс», Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук, мінскага Палаца чыгуначнікаў і рэстаранаў «Планета», «Зялёны луг» і іншых. Жывапіснымі, акварэльнымі, графічнымі творамі і работамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўдзельнічала ва ўсіх значных і прэстыжных выставах.
Шмат ездзіла на творчыя пленэры па рэспубліках былога СССР.

Першыя яе крокі ў мастацтве былі заўважаны: у 1976 годзе яна атрымала дыплом за жывапісны твор «Музыка. Арганны вечар» на выставе «Маладосць краіны»; у 1980-м — грамату за актыўны творчы ўдзел у падрыхтоўцы культурнай праграмы маскоўскай Алімпіяды... У часопісе «Декоративное искусство СССР» (№ 11 за 1976 год) з’яўляецца артыкул Платона Паўлава, прысвечаны сумеснай працы Святланы Катковай і Зоі Літвінавай — роспісу (6х12 м) у фае мінскага кінатэатра «Вільнюс». У ім грунтоўна і доказна даводзілася, што дзве маладыя беларускія мастачкі стварылі ўнікальную работу, якая адразу патрапіла ў аналы дасягненняў манументальнага мастацтва краіны.

Тым не менш у большасці аматараў і знаўцаў беларускага мастацтва творчасць Катковай асацыюецца ў першую чаргу з дасягненнямі ў жанры нацюрморта. Ёсць таму і нядаўнія сведчанні: адметныя творы Святланы ў 2010 годзе з’явіліся на Рэспубліканскіх выставах нацюрморта ў Нацыянальным мастацкім музеі (з фондаў музея) і ў Палацы мастацтва (з архіваў Мастацкага фонду РБ), а таксама ў экспазіцыі сталічнай галерэі «Ў» «Нацюрморт. Рэч. Прастора», дзе сярод прац двух іншых цудоўных майстроў нацюрморта Зоі Літвінавай і Зоі Луцэвіч жывапіс Катковай вылучаўся яскравай індывідуальнасцю і нейкім асаблівым водарам натуральнага хараства. «На некаторых работах Святланы Катковай кветкі былі настолькі свежыя, што быццам струменілі пах лета. Яны яшчэ не аддаліліся ад жыцця, а толькі застылі на секунду ў цэнтры стала... Ярка выяўленыя індывідуальныя якасці кожнага прадмета дазваляюць аддзяліць яе нацюрморты адзін ад аднаго, разглядаць, разбіраючы кампазіцыйнае цэлае на часткі», — пісала куратар выставы Ірына Саламаціна.

Чаму мастак абірае для творчасці той або іншы жанр, для ўвасаблення — пэўны аб’ект, не скажа ніхто, нават ён сам. Мы ж можам толькі здагадвацца. Гэтак і з нацюрмортамі Катковай. Ведаючы гісторыю яе жыцця і сямейных традыцый, усведамляеш, што драўляны дом, які збудаваў яе тата, славуты педагог і жывапісец Сяргей Каткоў, калі вярнуўся з Другой сусветнай вайны, і сад навокал — гэта тое цудоўнае месца, якое ў галодныя і складаныя гады пасля доўгага жыцця ў бараку ў паўразбураным Мінску ўспрымалася цудам. У гэтым маленькім Раі выхаваліся два яркія мастакі — Святлана і яе брат Аляксандр. Культ творчасці, гармонія ў сям’і — мабыць, у гэтым ключ для разумення крыніцы фарміравання індывідуальнасці, што так маляўніча і пераканаўча праявілася ў нацюрмортах Катковай. Гэтую аўру жывога і ўтульнага дома і саду навакол па сённяшні дзень захоўвае і праменіць ва ўласнай творчасці — найперш у нацюрмортах — Святлана Каткова.

Твор на вокладцы часопіса...

У часопісе «Мастацтва» (раней «Мастацтва Беларусі») існуе даўняя традыцыя: на вокладцы выдання змяшчаецца красамоўная работа якога-небудзь беларускага творцы, якая ўбірае ў сябе штосьці вельмі актуальнае ад падзеяў і з’яў у жыцці краіны, ад працэсаў у мастацтве.

Як мінімум на трох вокладках часопіса змешчаны рэпрадукцыі жывапісных твораў Катковай. Гэта адметныя, у нечым вызначальныя карціны, якія даюць магчымасць паразважаць пра сутнаснае і кардынальнае ў жывапісе аўтара.

Святлана не патрапіла на аддзяленне жывапісу пры паступленні ў інстытут. У той год на некалькі лічаных месцаў прымалі па разнарадцы прадстаўнікоў вёскі. Гараджанцы месца не знайшлося, таму вучылася яна на кераміцы. У далейшым гэта толькі прыдалося, бо пашырыла дыяпазон творчых магчымасцей.

Жывапісцам яна стала апрыёры, можна сказаць — ад нараджэння. Бо заўсёды была побач з татам — мастаком і адметным педагогам Сяргеем Катковым. Акрамя таты і выкладчыкаў інстытута на творчую асобу Катковай паўплывалі тэндэнцыі ў мастацкім жыцці краіны. Прыгадаем, што ў 1960-х–1970-х панавала мастацтва «суровага стылю» з прыярытэтнымі тэмамі вайны, з манументальнымі тэндэнцыямі і ў станковым жывапісе, з лакальнасцю колеравых плям у жывапісных палотнах. На вокладцы часопіса «Мастацтва Беларусі» №5 за 1985 год змешчана рэпрадукцыя карціны Святланы «Дзень Памяці» (1984).

Твор парадаксальны па сваёй сутнасці.

З першага позірку мы ўспрымаем у карціне — ад краю да краю палатна — марыва чырвоных кветак. Энергія колеру пульсуе нібы пачуццё ўдзячнасці да абаронцаў, што аддалі свае жыцці дзеля мірнай будучыні.

Прыглядаючыся ўважлівей, у прагалах між кветкамі заўважаем россыпы агеньчыкаў салютаў. Убачаныя быццам здалёк, праз прызму хараства жывой прыроды, яны ўспрымаюцца чымсьці эфемерным, другасным і далёка не галоўным. Натуральная прырода ў вобразах жывых кветак на першым плане значна больш прывабная і мае безумоўны прыярытэт у маляўнічай структуры карціны.

Яшчэ больш сціплае па памеры месца займаюць фігуркі людзей, што патанаюць у глыбінях зеляніны. Бачым іх на пагорках уздоўж раскладзеных на зямлі жалобных ручнікоў. Жанчыны ў чорных хустках — як застылыя стрэлкі спыненых гадзіннікаў.

Мастак нібы ўжывае прыём зваротнай перспектывы — перавернутых, пераасэнсаваных традыцыйных уяўленняў пра твор, у якім на першым месцы і пераважна буйным планам прынята было паказваць чалавека, далей, дзе-небудзь на акне або на стале — святочны букет кветак і на ўсю прастору абагульняючым арнаментам ці дэкорам — святочныя салюты і феерверкі. Мастачка ссунула звыклыя прыярытэты і перайначыла завучаныя схемы.

Відавочна, што яна шукала неардынарную мову выказвання і ёй удалося намацаць індывідуальнае рашэнне.

Гэтай невялікай карцінай на аграмаднай выставе, прысвечанай 40-годдзю вызвалення рэспублікі ад нямецкіх захопнікаў, Каткова ажыццявіла індывідуальную рэвалюцыю ў выяўленчым мастацтве тагачаснай Беларусі, апярэдзіўшы ўзрыў культурнай прасторы нефармаламі эпохі перабудовы.

Прысутнасць адсутнасці...

Чарговы раз твор Катковай на вокладцы часопіса «Мастацтва Беларусі» я ўбачыла ў красавіку 1988 года. Гэта была рэпрадукцыя карціны «Вясна» (1987).

Вясну мастачка гатова пісаць бясконца, як і бэз, і цюльпаны, і іншыя кветкі — пераважна ў разнастайных нацюрмортах. На вокладцы быў прадстаўлены фрагмент карціны, якую адпаведна музейнай практыцы можна назваць сюжэтна-тэматычнай. Перад намі прастора веснавога цвіцення — парк, асветлены промнямі ласкавага сонца, дзяўчаты-німфы з кветкамі і музычнымі інструментамі на алеях сярод стромкіх дрэў. Дзесьці побач пасвяцца заблудныя авечкі. А высока-высока ў дрэйфуючым палёце сярод кронаў дрэў застыла сарока — заўсёдніца многіх карцін мастачкі.

Гэты твор — не карціна з натуры, а, хутчэй, партрэт веснавога стану прыроды, міфалагема, поўная архетыпаў. Становіцца зразумелым, адкуль з’явіліся біблейскія авечкі. І вобразы дзяўчат бліжэй да анёлаў, чым да выяў канкрэтных асоб. За ўсім намаляваным — пачуццё Боскай ласкі, прысутнасці і ўдзелу Яго ў стварэнні хараства.

Гэткая «прысутнасць адсутнасці» найбольш уласціва сюжэтам карцін, дзе ўвасоблены сад з кветкамі ці кветкі ў садзе: там шпацыруюць ці важна сядзяць ва ўтульных куточках разумныя каты, што ведаюць усё пра людзей і вартасці іх жыцця, там сарока-белабока — нібы кропка над «і» — завяршальны вобраз-атрыбут гармоніі.

Адметна, што ў гэтых творах адсутнічаюць прастора часу і побытавая сюжэтнасць. Гэтыя колеравыя медытацыі падобныя да малітвы — звароту да вечнага і вечнасці.

Насамрэч, у кожнай сваёй карціне, і найперш у гэткіх, далёкіх ад рэалій і поўных прыкмет пазачасавага, Святлана піша партрэты сваёй душы, сваіх пачуццяў і перакананняў. Мы сузіраем у іх афарбаваную споведзь жанчыны аб патаемным, дзе вытанчаныя мелодыі колеравых інтанацый наплываюць на гледача і адносяць яго з мітусні і паўсядзённых клопатаў у прасторы іншых вымярэнняў.

Нарэшце ў разважаннях пра творчасць мастачкі Святланы Катковай мы «зачапілі» галоўны і пры гэтым патаемны, нібы схаваны ад «дурнога вока», пласт сутнаснага ў яе мастацтве, абазначыўшы яго як выяўленчую «споведзь жанчыны». Вельмі часта ён маскіруецца то мішурой вясёлкавай яскравасці карнавальных рытмаў (серыі акварэляў і жывапісных палотнаў «Карнавальная Венецыя»), то мажорнай дынамікай галерэй святочных букетаў, якія захапляюць каскадам энергій сонечных фарбаў, то адыходам ад жывапісу ў стыхію дэкаратыўнай пластыкі, калі ў гліну ці шамот можна выціснуць адчай і самоту, а для карцін пакінуць усё самае светлае і ўзнёслае.

Зямля, з якой бярэцца гліна для стварэння любімых Катковай керамічных твораў і з якой вырастаюць кветкі — дамінуючы матыў у выяўленчым фармаце яе творчасці, зямля, на якой стаіць узведзены некалі татам любімы родны Дом і ўзрастае цудоўны Сад, частка ці метафізічны працяг яе душы, — гэта і ёсць прырода Жанчыны-берагіні, правобразам якой праз сутнасць уласнага мастацтва стала Святлана. Яна і не заўважыла, як кананізавала сваю творчасць, арыентуючы яе на дабро і святло, на радасць і надзею для людзей. А для тых, хто здатны «чытаць» яе творы паміж «радкоў», хто падрыхтаваны да медытацый і ўспрымання тонкіх інтанацый колеравага святла, асаблівы падарунак — тая самая мастацкая «споведзь жанчыны», то шчымлівая і пранізлівая, як спеў жалейкі, то велічная і магутная, як гукі аргана, і заўсёды — жыццесцвярджальная.

Інтрыга выстаўкі

На старонках штотыднёвіка «Культура» ў артыкуле Ірыны Саламацінай пра Святлану Каткову знайшла трапную заўвагу аб тым, што разнастайныя колцы і завушніцы, бранзалеты і падвескі, якія артыстычна носіць на сабе мастачка, пераўтвараюць яе саму ў твор мастацтва. Гэта назіранне падштурхнула да роздуму пра бясконцае кола выстаў аўтаркі, прэзентацый яе карцін, пленэраў і вернісажаў, якія ўсе разам і паасобку таксама можна назваць годным упрыгожаннем неардынарнай постаці творцы.

Некалькі прыкладаў...

Снежань 2007 года. Персанальная выстава Святланы Катковай у гламурным сталічным рэстаране-клубе «ІZЮМ». Адмысловы art-праект ужо выпрабаваны праз выстаўкі папярэднікаў — Уладзіміра Цэслера, Зоі Луцэвіч і Аляксея Хацкевіча. І вось яна ў зале, не менш гламурная, чым сам рэстаран з яго выкшталцонымі інтэр’ерамі і наведвальнікамі, і яе творы — пераважна акварэлі на тэмы карнавалаў і ўсходніх танцаў, а таксама — з выявамі «котак з мудрымі вачыма» і экзатычных кветак. Прэс-канферэнцыя — нібы тое тэатральнае дзеянне.

На «сцэне» сама мастачка з групай падтрымкі — сябрамі-калегамі і вядомымі мастацтвазнаўцамі. У зале — процьма журналістаў, прагных да скандалаў, здарэнняў і чагосьці неардынарнага. Кантэкстам — гучанне спеваў пад гітару і іспанскія танцы, высакаякасны пачастунак і аўкцыён твораў.

Лістапад 2010 года. Праект «Нацюрморт. Рэч. Прастора» ў навамоднай галерэі «Ў». Каткова з трыма іншымі мастачкамі — Зояй Літвінавай, Антанінай Слабодчыкавай і Зояй Луцэвіч — прэзентуе шэраг новых нацюрмортаў. Кожная з удзельніц выставы вядомая яскравай неардынарнасцю як ў жыцці, так і ў мастацтве. Святлана ні ў чым не саступае сяброўкам-калегам, а часам нават пераўзыходзіць іх — становіцца каталізатарам «рызыкоўных», яшчэ не апрабаваных у айчыннай выставачнай прасторы ідэй і вынаходстваў. І заўжды са станоўчым эфектам, са знакам «плюс» — як дадатак да агульнай ініцыятывы. Гэтак і ў «нацюрмортным» праекце, якому было наканавана, з аднаго боку, зламаць невядома якім шарлатанам укаранёны стэрэатып пра адсутнасць на Беларусі культуры і традыцый нацюрморта як жанру, а з другога — прадэманстраваць, што гэты самы нацюрморт таксама здатны развівацца ў кантэксце найноўшых тэндэнцый сучаснага мастацтва.

Жнівень 2011 года. Праект «ЧЭНТА.(ДЭ)фрагментацыя». Экспазіцыя будавалася на сінтэзе твораў самых розных відаў, форм, фарматаў і прыёмаў мастацтва ды творцаў розных узроставых і прафесійных катэгорый. Дзіўным чынам аўтарам праекта і яго куратарам удалося спалучыць у новую рэальнасць, здавалася б, неспалучальнае. І раптам у гэтым «карагодзе» нестандартаў на мяжы недарэчнасцей знайшлі сабе выбітную пазіцыю і творы Святланы Катковай. Яны не толькі гарманічна ўпісаліся ў кантэкст па-добраму хуліганскай мастацкай фантасмагорыі, але ў пэўным сэнсе нават задавалі тон, правакуючы публіку стаць яе саўдзельнікамі. Адна з інтрыг заключалася ў тым, што на выставе была наладжана прымерачная для дам, дзе можна было зірнуць на сябе ў люстэрка ў незвычайнай сітуацыі і экстравагантным уборы: а раптам гэты новы погляд — нібы збоку — дазволіць убачыць у сабе штосьці важнае, не заўважанае раней, ды нешта змяніць на лепшае? Якраз цудадзейныя ўборы і былі мастацкім унёскам Святланы Катковай у «скарбонку» выставы. Комплекс яе твораў-апратак адначасна вызначаўся і прастатой, і складанасцю. Прастата была ў кроі складзенага папалам кавалка тканіны з дзіркай для галавы пасярэдзіне. Метафарычную складанасць фарміравалі дзівосныя роспісы па палатне, якія літаральна ахіналі ў струмені прыгажосці апранутага ў «чароўную кашулю». У гэткіх касцюмах паводле жывапісу Святланы Катковай і Зоі Луцэвіч «лёталі» па выставачнай прасторы юныя дзяўчаты-прыгажуні — удзельніцы праекта. Перформанс надаў экспазіцыі асаблівы шарм. І бясспрэчна ўзбагаціў мясцовую выставачную практыку.

Можна назваць дзясяткі іншых праектаў і выстаў, што сталі своеасаблівым «драйвам» творчага жыцця і дзейнасці Святланы Катковай. Гэта і адметная выстаўка «Мастацкі тэкстыль: Беларусь — Літва» (Полацкая карцінная галерэя), дзе Каткова разам са сваімі калегамі з Прыбалтыкі заўзята вяла майстар-класы па роспісе тканін; гэта і падарожны праект «Маляваны экватар», зладжаны мастаком і галерыстам з Браціславы Андрэем Смолакам, які надумаў сімвалічным ланцужком з 40 075 карцін агарнуць зямны шар. Сярод удзельнікаў ад Беларусі — такія знаныя творцы, як Зоя Літвінава, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Савіч, Георгій Паплаўскі, Сяргей Цімохаў, Зоя Луцэвіч, Васіль Сумараў, Анатоль Бараноўскі, Аксана Аракчэева, Валерый Шкаруба, Алесь Шатэрнік, Юрый Хілько і Святлана Каткова. Усе гэтыя праекты і выставы — класічныя і радыкальна экстравагантныя, групавыя і персанальныя, айчынныя і замежныя — неад’емная частка творчага іміджу выбітнай мастачкі, не створанай для спакойнага жыцця.

Бацькі і дзеці

Ужо некалькі год Святлана і ўся яе багатая на творчых асоб сям’я жывуць ідэяй ушанавання памяці пачынальніка дынастыі — Сяргея Каткова (1911–1976), выдатнага жывапісца і педагога, што выхаваў цэлую плеяду вядомых цяпер не толькі на радзіме, але і ва ўсім свеце мастакоў і архітэктараў. Яго 100-гадовы юбілей сіламі сям’і быў шырока адзначаны шэрагам персанальных выставак як у Мінску, так і па рэгіёнах Беларусі. Яшчэ і зараз у галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі працуе адкрытая 3 лістапада 2011 года выстава «Бацькі і дзеці», дзе побач з работамі Каткова прадстаўлены працы яго дачкі Святланы.

Творчая дзейнасць Сяргея Каткова займае годнае месца ў гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі. З 1928 года мастак удзельнічаў у рэспубліканскіх і саюзных выстаўках. Яго творы захоўваюцца ў дзяржаўных музеях Беларусі і Расіі, у прыватных калекцыях многіх краін свету. За вялікі ўклад у справу развіцця айчыннай мастацкай адукацыі ў 1966 годзе Каткову прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Беларусі». Акрамя выкладчыцкай дзейнасці ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава, кіравання студыяй дзіцячага малюнка ў сталічным Палацы піянераў і школьнікаў, працы выкладчыкам малюнка ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка, гэты творца адметны і тым, што ён быў адным з першых у выяўленчым мастацтве краіны пасляваеннага часу, хто звярнуўся да пленэрнага жывапісу, адраджаючы гэтым традыцыі і культуру айчыннага лірычнага краявіду.

Вучнямі Сяргея Каткова былі заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Леанід Левін, народныя мастакі Май Данцыг і Уладзімір Тоўсцік, заслужаныя дзеячы мастацтваў Зоя Літвінава, Васіль Сумараў і Нэлі Шчасная, а таксама многія іншыя творцы.

Нашчадкі Сяргея Пятровіча — Святлана Каткова, яе дачка, вядомая ў свеце мастацкімі выстаўкамі і акцыямі жывапісец Зоя Луцэвіч, знаны мастак кіно і тэатра Аляксандр Каткоў і любімая вучаніца Зоя Літвінава, што з дзяцінства ўспрымалася ў доме Катковых як член сям’і.

Сумесная выстаўка жывапісу Святланы і Сяргея Пятровіча — з’ява неардынарная. Яна дазваляе прасачыць, якімі флюідамі перадаецца спадчынная культура, дае магчымасць зазірнуць у таямніцу нараджэння любові да мастацтва і яе рэалізацыі праз творчасць.

Святлана Каткова заўжды з хваляваннем распавядае пра доўгачаканае вяртанне таты з вайны. Пра гэты ж эпізод пісала Раіса Часнова ў артыкуле «Быў такі чараўнік», прысвечаным жыццю і творчасці Сяргея Пятровіча: «Нарэшце, доўгачаканая сустрэча з жонкай і дачкой Святланай, якая нарадзілася ў гады вайны і ўбачыць якую дазволіла Перамога. Ён адчуваў вялікую пяшчоту, калі бачыў дачку. Гэта пачуццё перапаўняла яго душу да такой ступені, што ён імкнуўся прылашчыць хлопчыкаў і дзяўчынак у двары. У многіх жа з іх не вярнуліся з фронту бацькі...» Сяргей Пятровіч па вялікім рахунку прысвяціў сябе росшукам здольных да выяўленчай творчасці дзетак па ўсёй Беларусі. Праз усё астатняе пасляваеннае жыццё гэта быў яго асаблівы і незгасальны клопат. Для гэтых таленавітых дзетак стараннямі Каткова ў Мінску была створана Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка: «І якім шчаслівым ён быў, калі дзеці маглі ўжо ў лепшых умовах развіваць свой талент, паступіць у мастацкае вучылішча, дзе выкладаў ён сам. І як радаваўся, калі яго вучні станавіліся цікавымі мастакамі, а многія з іх потым і самі стваралі мастацкія студыі для дзяцей (Васіль Сумараў, Аляксандр Квяткоўскі і іншыя)».

Вялікім клопатам і марай Каткова было стварэнне Музея дзіцячай творчасці. У сваім дзённіку Сяргей Пятровіч пісаў: «У мяне заўсёды з’яўляецца асаблівае пачуццё здзіўлення і радасці, калі я бачу дзіцячыя малюнкі. Маленькія дзеці не малююць, а гуляюць колерам. Нават звычайнае становіцца ў дзіцячых творах казачным. Прастора ажывае, робіцца вялізнай і бясконцай. Гэта падобна на сімфанічную музыку, якую цяжка аддзяліць ад шамацення лесу, цурчання горнай ракі, шуму кропляў дажджу і многіх іншых асацыяцый. Бясконцае дзіцячае вынаходніцтва».

Пры жыцці мастака гэты музей так і не паўстаў. Але мара Каткова здзейснілася ў праекце яго вучня, прысвечаным дзеткам Беларусі — ахвярам нацызму. Леанід Левін у беларускай вёсцы з прыгожай назвай Чырвоны Бераг — месцы, дзе ў часы вайны знаходзіўся дзіцячы канцлагер — стварыў унікальны мемарыял, які ўвекавечыў дзяцінства, абпаленае вайной. Да працы над комплексам былі далучаны калегі — скульптар Аляксандр Фінскі, мастак Святлана Каткова, а таксама скульптар Максім Пятруль і архітэктары Галіна Левіна ды Аляксандр Капылоў. Акрамя арыгінальнага архітэктурнага і ландшафтнага вырашэння праекта, яго вызначальнай, найболей эмацыйна моцнай часткай сталі імправізаваныя мальберты з выкананымі ў тэхніцы каляровага вітража дзіцячымі малюнкамі — творчая вынаходка, адпрацаваная і здзейсненая Святланай Катковай.

Комплекс паўстаў, і яго стваральнікі былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. А разам з мемарыялам ажылі вясёлкавымі фарбамі надзеі дзіцячыя малюнкі выхаванцаў Сяргея Пятровіча Каткова, надзеі самога мастака і яго паслядоўнікаў.