«Я — цырульніца»

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Бліскучы венгерскі квартэт

/i/content/pi/mast/52/888/37.jpg

«Цырульніца» Сяргея Мядзведзева. Тэатр імя Міхая Чаканаі (Дэбрэцэн, Венгрыя).

Хто з жанчын не пабываў
 «у скуры» гераіні венгерскага спектакля Ірыны, няхай узніме руку. Няма такіх (уключаючы і аўтара гэтых радкоў), прынамсі, я не сустракала...

Гераіня хоча толькі аднаго: каб яе кахалі і яна кахала прыкладна так, як паказваюць у кіно, а яшчэ лепш — у серыялах. (Колькі ж нас, тых, хто ўсім сэрцам верыць, што бясконцыя мыльныя гісторыі, пастаўляемыя фабрыкамі мрояў, абавязкова адбываюцца ў рэальнасці!)

Спектакль вырастае з маналога цырульніцы — гэта яе мары і яе самападман, яе сны і ява, падобная на трызненне. Гэта энергія бясконцых памылак. Актрыса Нэлі Сюч з Дэбрэцэна мае проста класічную знешнасць правінцыялкі, жанчыны з народа. Пры гэтым яна такая шчырая, адкрытая і бязмежна наіўная, што бярэ гледачоў у палон з першых імгненняў. З гранічнай самааддачай пражывае не адну, а, здаецца, дзесяць жыццяў сваёй гераіні. Праходзіць праз здраду, ледзь не гіне, але ўсё ж захоўвае веру ў чалавека. Яе прынц, які аказаўся цынічным злачынцам, здатны забіць і спаліць за жылплошчу. Ды пажарны Віктар выратуе і агонь патушыць. Перажыўшы ўсё, цырульніца пойдзе замуж за свайго збавіцеля-небараку Віктара, але будзе марыць і даруе Жэку, які яе забіваў... Бясконцая гісторыя пра жанчын, якія не страцілі здольнасць кахаць. Пры гэтым абавязкова ўлюбляюцца ў нікчэмнасцяў і проста гадаў чалавечых, нібыта ў іх, ох, даруйце, у нас — шоры на вачах.

Працятая чорным гумарам п’еса Сяргея Мядзведзева, якая на першы погляд распавядае пра невыразную і выпадковую крымінальную гісторыю, вартую некалькіх сказаў у адпаведным выпуску навін, адкрываецца венграмі як «свая». Вядома ж, дзякуючы расійскаму рэжысёру Віктару Рыжакову (ён і сцэнограф, ягонае музычнае афармленне), перакладчыку і драматургу Андрашу Козму і выдатнаму акцёрскаму квартэту. Паводле вызначэння крытыкаў, «камандзе камедыянтаў-віртуозаў, здатных з лёгкасцю пераскокваць з ролі ў ролю, змяняючы абліччы, інтанацыі, звычкі і нават сцэнічны “пол”». І гэтая ж ігра, якая сама па сабе прэзентуе эстэтычную асалоду, «рэтушуе змрочнасць асобных сэнсаў, здымае залішні трагізм, узнімае праславутую “бытавуху” да зусім іншых узроўняў успрымання».

Гледачы і тым больш крытыкі, якія не прымаюць «новую драму», аказаліся ахопленымі незвычайнай тэатральнай радасцю. Спектакль звонка і элегантна пастаўлены, азартна, проста як па нотах, сыграны. Ва ўсім прыкметы сталага, але ж маладога па сутнасці майстэрства. Такое ўражанне, што ўсё ў гэтым спектаклі нібыта празмернае, выходзіць з берагоў. Пры гэтым тэатральныя рамкі ўмела стрымліваюць віхуры імправізацыі.

У бліскучым венгерскім квартэце асабліва вылучаецца Жолт Трыл, акцёр рэдкага даравання, надзвычайнай пластычнай выразнасці. Пра такіх звычайна кажуць: «выканаўца без касцей» — неўтаймоўны, нястомны і безупынны. Рэжысёр Рыжакоў дакладна расстаўляе акцэнты — невыпадкова першага і апошняга мужчыну ў жыцці гераіні іграе адзін акцёр — Жолт Трыл. Ці не намякае гэта на падабенства і ў пэўным сэнсе на асуджанасць жаночых лёсаў? Калі, канешне, сама жанчына не з ліку «этычна непаўнацэнных»...

Існаванне венгерскіх акцёраў у прапанаваных абставінах проста ўражвае. Рэжысёр, замыкаючы гісторыю ў тэатральныя рамкі, адкрывае свабодны шлях для абыгрывання сітуацый і стварае амаль рэпрызную пляцоўку для віртуознага майстэрства акцёраў. І яны выкладваюцца самааддана, з падкупляючай самаіроніяй, самазабыўна і сур’ёзна імкнуцца ператанцаваць адзін аднаго. Але ж схільнасць венгерскай чацвёркі да сцэнічнага бурлеску, да гіпертрафаваных тэатральных эмоцый, дый сам шалёны тэмп паказу (які нават уявіць цяжка) не парушаюць майстэрскага балансавання на грані — між тэатрам, эстрадай і клаўнадай. Выверана, нібыта ў аптэцы — але сэрцам!

Нэлі і Жолт дзесяць гадоў працавалі ў Венгрыі, ды толькі як берагоўскія, украінскія выканаўцы. Іх тэатр аб’ездзіў усе куткі Венгрыі і колішнія венгерскія землі ў Еўропе. З поспехам выступаў на многіх фестывалях. Пяць гадоў таму, калі Аціла Віднянскі (кіраўнік тэатра ў Берагове ў Заходняй Украіне) узначаліў Дэбрэцэнскі тэатр, перайшлі ў Тэатр імя Чаканаі. Афіцыйна атрымалі статус венгерскіх артыстаў. І цяпер іграюць у двух тэатрах. На двух берагах Дуная... «Яны прайшлі сапраўдную тэатральную школу. І не ведаюць такога рэжыму: сёння папрацуем, а заўтра адпачнем. У іх няма разліку, яны жывуць тэатрам і бясконца хочуць іграць. Яны мне душу вымаюць. Дэбрэцэн — гэта не тэатр, у якім я паставіў чарговы спектакль і з’ехаў, таму што гэта і ёсць “мой тэатр”», — зазначае Віктар Рыжакоў.

Дарэчы, на Х Усевенгерскім тэатральным фестывалі (POSZT, 2010) спектакль «Цырульніца» быў прызнаны пераможцам, а Нэлі Сюч атрымала прэмію за лепшую жаночую ролю.

Пасля венгерскага трыумфу ў Расіі, безумоўна, зразумелі, што Віктар Рыжакоў — вельмі сур’ёзны рэжысёр, якога на радзіме нейкім чынам «праваронілі». Нават нягледзячы на тое, што ў творчым багажу рэжысёра дзве «Залатыя маскі», цяпер ужо і прэмія імя Станіслаўскага, а мінулай восенню ён узначаліў Цэнтр імя Усевалада Меерхольда ў Маскве.

Пасля паказу «Цырульніцы» на «Панараме» маладзёжная частка публікі ўдосталь накрычалася «брава», а потым проста кіпела і бурліла, выходзячы з глядзельнай залы.

Дарэчы, гэтым спектаклем быў паспяхова разбураны тэзіс пра тое, што нам заўсёды не хапае сродкаў на геніяльныя, таленавітыя, дый проста прафесійныя пастаноўкі. На сцэне ў венграў — адно толькі аклеены газетамі фанерны шчыт памерам тры на тры метры. Ды ў ім можна прарэзаць дзірку і за некалькі секунд зрабіць цудоўнае акно, адкуль выгляне наша гераіня. Закінулі на шчыт пажарныя шлангі — вось вам і палаючы дом, і непрыступная крэпасць, у якой знаходзіцца правінцыйная цырульніца з кветкай у гаршчэчку, з недарэчным самаробным веерам. Некалькі крэслаў, паветраных шарыкаў і адзін кавун — складзіце каштарыс, панове! Вось толькі спектакль трэба прыдумаць, сачыніць і вядома ж — увасобіць. Каб акцёры рэжысёра зразумелі і самі зафантаніравалі.

«Магчыма, гэта і ёсць галоўны складнік тэатральнага мастацтва — супольнасць! — лічыць Віктар Рыжакоў. — Астатняе не так важна». Гэта значыць, што прастора, бюджэт, аб’ём святла і дэкарацый ды зручныя крэслы ў глядзельнай зале — не галоўнае. Усе гэта можна сабраць у самым лепшым на зямлі месцы, а тэатра не будзе. А будзе ён там, дзе, паводле Неміровіча-Данчанкі, ёсць дыванок і два акцёры. Тэатр, які нарадзіўся па містычнаму слову: «Хачу так!»

Спектакль «Цырульніца» венгерскага Тэатра імя Міхая Чаканаі дадаў спажывы для роздуму нашым тэатралам яшчэ і таму, што зусім ненавязліва прадэманстраваў: ёсць творы, вартыя ўвагі майстроў і чаляднікаў! І, самае нечаканае, даказаў, што так званая «новая драма» не толькі існуе і гучыць, але — яшчэ як гучыць! Амаль па Дастаеўскаму, і ўжо зусім дакладна — як у падобнай да анёла, але капрызлівай і неталенавітай дзяўчынкі, Ніны Зарэчнай з прыгожа стылізаванай вакханаліі — балтдомаўскай «Чайкі». Яе голас востра і балюча, з выклікам б’е, як птушыная дзюба: «Я — чайка...»

Я — цырульніца! Мне балюча... Людзі, львы, арлы і курапаткі... Я — цырульніца!..

Алена ЛІОПА