Тэатру Холінай — vivat!

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Пластычныя інтэрпрэтацыі Талстога

 /i/content/pi/mast/52/887/35.jpg
 «Ганна Карэніна». Тэатр танца Анжалікі Холінай. (Вільнюс).
Адным з яркіх уражанняў «Панарамы» стаўся прыезд з Вільнюса трупы Тэатра танца Анжалікі Холінай. Літоўцы прапанавалі досыць нечаканую пластычную версію «Ганны Карэнінай».

Задумаемся, якія пісьменнікі, сюжэты і героі мінулага часцей прывабліваюць харэографаў і кінарэжысёраў, пастаноўшчыкаў у драматычным, оперным і лялечным тэатрах? Сярод іх абавязкова будуць Чэхаў, Дастаеўскі і Талстой. Напэўна, імі акрэслены такія канфлікты і вобразы, у якіх і больш як праз стагоддзе пастаноўшчыкі знаходзяць спажыву для эмоцый і інтэлектуальнага пошуку. Актуальнае і сугучнае цяперашняму часу. Што датычыць толькі Льва Мікалаевіча, дык восенню 2010-га мы бачылі харэаграфічную інтэрпрэтацыю «Ганны Карэнінай», прадстаўленую трупай Барыса Эйфмана, падчас апошняга фестывалю «Лістапад» — двухсерыйную кінастужку «Ганна Карэніна» расійскага рэжысёра Сяргея Салаўёва. Нарэшце, літоўскі спектакль...

Чым здзівіла гэта версія «Карэнінай»? Неспадзяванае ўражанне, калі ніякіх сюрпрызаў ты ад пастаноўкі не чакаеш, заўжды мацней. Пра Анжаліку Холіну, рэжысёра і харэографа спектакля, мы фактычна нічога не ведалі. Хоць балетаманы — асобы ўсюдыісныя, падзей у харэаграфіі мала (калі не сказаць, што іх няма), таму інфармацыя пра штосьці насамрэч адметнае распаўсюджваецца хутка.

Холіна скончыла Вільнюскую харэаграфічную вучэльню (адсюль дасканалае веданне класічнай лексікі, на якой будуецца спектакль), далей былі Масква і вучоба ў ГІТІСе. Анжаліка паспяхова ставіць не толькі ў сваёй трупе, але і ў Вільнюскім тэатры оперы і балета (там ідзе яе спектакль «Барбара», прысвечаны гісторыі кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста; пакуль айчынныя кампазітары і харэографы доўга збіраліся, літоўцы ўжо зрабілі!). У бліжэйшы час «Карэніну», якую мы пабачылі, Холіна будзе пераносіць на сцэну маскоўскага Вахтангаўскага тэатра. Пра адукацыю харэографа я згадала не выпадкова. Яна тлумачыць абраныя сродкі выразнасці, свабоду пластычнага выказвання, сапраўдную віртуознасць рэжысёрскай працы.

У якасці асновы абрана музыка Альфрэда Шнітке — розныя сачыненні, з’яднаныя ў адну тканіну. Прызнаюся шчыра: упершыню за шмат гадоў фанаграма ў харэаграфічным спектаклі не раздражняла. Мо таму, што дужа нязвыклае спалучэнне — сюжэт і героі ХІХ стагоддзя, а музыка кампазітара апошняй трэці ХХ-га. Але выбар надзвычай дакладны! Сама харэограф лічыць: «Да твораў Шнітке трэба дарасці. Калі табе 20 гадоў, яго сачыненні ўспрымаюцца як набор гукаў, а калі маеш большы жыццёвы вопыт, дык разумееш, што іх вострая і экспрэсіўная форма адлюстроўвае ўнутранае жыццё духу». Трывожнае, напружанае, небяспечнае. Не толькі свядомасць, але і падсвядомасць... І тады пакутлівыя маналогі гераіні Талстога, якія памятаем з рамана, стыль і настрой музыкі, пластычныя характарыстыкі герояў (найперш Ганны) яднаюцца надзвычай моцна.

Холіна прапанавала грунтоўнае прачытанне рамана. Вільнюскі спектакль ідзе амаль дзве з паловай гадзіны. У ім шмат персанажаў, дэталяў, падрабязнасцей. Балетмайстру спатрэбіўся землеўладальнік Левін (праўда, з філосафа-зануды ён ператварыўся ў тыповага рускага памешчыка-п’янтоса, які сусветную тугу залівае гарэліцай, але, як ні дзіўна, такое побытавае вырашэнне вобраза яго і Кіці — нібы супрацьвага душэўнаму трымценню і няпэўнасці грамадскага статусу Ганны). Спатрэбіліся княгіня Бэтсі Цвярская (яе трыа з мужам і каханкам — красамоўная пластычная характарыстыка велікасвецкага асяроддзя). Спатрэбіліся Долі са Сцівам, Кіці, маці Уронскага. Яны ўсе ствараюць прастору драмы, у цэнтры якой нават не любоўны трохкутнік (як у балеце Эйфмана і фільме Салаўёва), а тэма экзістэнцыйнай адзіноты жанчыны і немагчымасці гармоніі і шчасця.

Спектакль вырашаны ў цёмных тонах, але глядзіш яго і атрымліваеш невыказную эстэтычную асалоду ад глыбіні разумення харэографам і выканаўцамі вобразаў, ад ёмістасці і шматпланавасці пластычных выказванняў. Цікава: у тэатры Холінай усе жанчыны маюць класічную балетную адукацыю, а мужчыны — акцёры драматычнага тэатра, якія выдатна рухаюцца. Міжволі думаеш: спачатку нараджаецца рух, і толькі потым — слова! Лапідарнасцю вызначаюцца сцэнаграфія Марыюса Яцоўскіса, касцюмы Ёзаса Статкявічуса. На сцэне нічога лішняга! Фактычна «чорны кабінет», толькі ў прасторы прамавугольная канструкцыя, якая нагадвае то вакзал, то велікасвецкі пакой, то кабінет Карэніна-мужа. Віртуозна і па-мінімалісцку вырашана балетмайстрам і сцэнографам сцэна скачак. А той ёмісты сэнс, які набываюць шматлікія крэслы?! На іх сядаюць госці на вяселлі Кіці і Левіна, гэта і сімвал высокага сацыяльнага статусу Карэніна, нарэшце ўвасабленне пагарды грамадства, якое напрыканцы (а зусім не цягнік!) забівае гераіню.

Вядома, у цэнтры спектакля — вобраз Ганны. Цяжка ўявіць, што Беату Малітэ, выканаўцу партыі, Холіна знайшла ў адным з невялікіх музычных тэатраў Літвы, дзе тая танцавала нязначныя партыі. Балерына выразная, віртуозная, надзіва пластычная. Яна ўвасабляе драму, а мо і трагедыю жанчыны, што адышла ад звыклага сацыяльнага асяроддзя з яго крывадушнасцю і двайнымі стандартамі. Але і не знайшла душэўнай раўнавагі і шчасця ў каханні да Уронскага. А ён, чалавек па сутнасці свецкі, не ў стане вытрымаць той вір эмоцый, які з галавой паглынуў Ганну. Арыгінальна будуе харэограф адзін з апошніх фрагментаў спектакля — сцэну ў тэатры, дзе нечакана і пераканаўча ўспрымаецца ўрывак з оперы «Яўгеній Анегін»: пісьмо Таццяны. Тэкст Пушкіна нібыта дае праекцыю на ўнутраны стан Ганны. І гэта не выпадкова: гераіні Пушкіна і Талстога аказваюцца перад аднолькавым выбарам — абавязак або страсць, голас розуму ці сэрца. Толькі шляхі выбіраюць розныя...

Знаёмства з трупай Анжалікі Холінай аказалася для мінскіх балетаманаў такім нечаканарадасным, што хацелася б абавязкова пабачыць іншыя спектаклі гэтага харэографа. «Ганна Карэніна». Тэатр танца Анжалікі Холінай. (Вільнюс).

Таццяна Мушынская