Формула поспеху

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

ХХIV Міжнародны фэст сучаснай харэаграфіі ў Віцебску

/i/content/pi/mast/52/884/25.jpg

«Метамарфозі-Я». Фрагмент са спектакля «Кропка зборкі». Пластычны тэатр «Бармаглот». Мінск.

Артысты, якія самі выходзяць на сцэну, харэографы, якія выносяць на суд публікі свае творы, абавязкова — свядома або падсвядома — прагнуць поспеху. Асабліва калі гаворка ідзе пра конкурсныя спаборніцтвы. Інакш не працавалі б яны гадзінамі ў балетных залах, шліфуючы выканальніцкае майстэрства, не займаліся бясконца балетмайстарскім эксперыментатарствам.

Самі харэографы, мастацтвазнаўцы, крытыкі і, безумоўна, гледачы шмат спрачаюцца, спрабуючы вызначыць, што забяспечвае поспех мастацкага твора, асобнага выканаўцы ці цэлага культурнага праекта. Ці існуе формула поспеху?

У лістападзе ў Віцебску прайшоў чарговы Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які дае багаты матэрыял для таго, каб паразважаць на гэтую тэму.

Па-першае, сам фестываль адбываецца ўжо 24-ы раз, мае рэпутацыю аднаго з самых прэстыжных і паспяховых форумаў у галіне сучаснай харэаграфіі ў СНД і Еўропе. Па-другое, шмат калектываў, балетмайстраў і выканаўцаў упершыню менавіта тут атрымалі прызнанне, даведаўшыся, што такое сапраўдны поспех.

Апошні фестываль уключаў у сваю праграму як галоўную падзею беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі. Конкурс 2011 года можна назваць камерным: у выніку першага адборачнага відэатура да ўдзелу ў мастацкім спаборніцтве з 14 прэтэндэнтаў былі запрошаны толькі 8 калектываў з Віцебска, Гродна, Мінска і Магілёва. Аднак прафесійны ўзровень беларускіх груп сучаснага танца за апошнія гады настолькі ўзрос, што конкурсныя работы арганізатары фестывалю вырашылі адразу паказаць публіцы. Гэтыя абставіны вельмі паспрыялі асаблівай эмацыянальнасці выступленняў канкурсантаў: прысутнасць гледачоў заўсёды акрыляе артыстаў.

Прадстаўленыя ў конкурсе творы конкурсная камісія ацэньвала па пяці намінацыях. У гэту камісію ўваходзілі прадстаўнікі чатырох краін, а ўзначальваў яе вядомы харэограф, мастацкі кіраўнік тэатра «Кіеў мадэрн-балет» Раду Паклітару (ягоная трупа паказала на фестывалі балет «In pivo veritas» на музыку эпохі Рэнесансу і ірландскую фальклорную музыку, а таксама «Балеро» Марыса Равэля).

Як прадказвалі многія, у намінацыі «Лепшая пастаноўка» перамагла работа «Пра балет» на музыку Сяргея Пракоф’ева, ажыццёўленая Дзмітрыем Залескім у Тэатры сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I», якім ён кіруе разам з Вольгай Скварцовай. Харэаграфічная мініяцюра з ярка выяўленай камедыйнай афарбоўкай адпаведна мастацкай задуме пастаноўшчыка будавалася на наўмысным проціпастаўленні лексікі класічнага танца і шаржыраванай сучаснай пластыкі. На годным узроўні былі ўсе складнікі паказанага твора. З дапамогай цікавага пластычнага малюнка, мноства дасціпных знаходак, смелых поз і віртуозных «па» ствараліся мізансцэны, насычаныя актыўным дзеяннем.

Высокі тэхнічны ўзровень і выразнасць удзельнікаў гэтай трупы былі адзначаны і ў намінацыі «Выканальніцкае майстэрства». Падкрэслім, касцяк калектыву складаюць выпускнікі кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэта не дзіўна, калі ўлічыць, што і сам лідар — выхаванец згаданай кафедры, і што кадры на ёй рыхтуюцца на высокім узроўні: маладыя людзі выходзяць адтуль не толькі ўзброенымі неабходнымі прафесійнымі ведамі і навыкамі, але і са сфарміраванымі мастацкімі поглядамі, адкрытыя для творчых пошукаў і эксперыментаў. Як для спецыялістаў, так і для гледачоў відавочна: у трупе сабраліся аднадумцы. Дадайце да гэтага бясспрэчны талент і майстэрства харэографа. Што можа быць лепей? Магчыма, гэта і ёсць формула поспеху?

Дзіяна Юрчанка, Марына Кушнярова і Сяргей Талкач перамаглі ў намінацыі «Харэограф» — у прадстаўленым на конкурс творы ацэньваліся сцэнічнае ўвасабленне, кампазіцыйнае рашэнне, арыгінальнае харэаграфічнае і вобразнае мысленне аўтараў. Аднаактовы балет «Пераклад» у выкананні Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі з Віцебска быў зроблены на музыку Іагана Себасцьяна Баха і Міхаіла Клімчука. У анатацыі да працы пастаноўшчыкі абмежаваліся толькі вызначэннем паняцця «пераклад». Аўтары не ставілі перад сабою мэты некага здзівіць і стварылі простае, зразумелае для ўсіх дзеянне, у якім арганічна сінтэзаваліся выразныя сродкі танца і драматычнага тэатра. Сапраўдная ігра аднаго героя на акардэоне «пярэчыла» пластычнаму, вытрыманаму ў стылі contemporary dance «выказванню» двух іншых персанажаў, выступаючы важным элементам ва ўвасабленні ідэі і раскрыцці зместу твора. Фінал быў вырашаны вельмі нечакана і дасціпна: цяпер ужо танцоўшчыкі выйшлі з акардэонамі, дайгралі мелодыю і такім чынам «паставілі кропку» ў дзеянні, выклікаўшы шчодры смех глядзельнай залы. Характэрна, што нашы харэографы ўсё часцей працуюць на пазітыўнай хвалі. Безумоўна, яны адчуваюць: гледачы стаміліся ад драмы ў танцы, ад эмацыянальнай напружанасці, якія ўвасабляюць толькі смутак і адчай.

У намінацыі «Артыстызм» перамаглі Ала Пагоцкая і Аляксандр Філіпаў — салісты ансамбля кафедры харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Харызматычныя выканаўцы стварылі ў харэаграфічнай мініяцюры «Давай успомнім» на музыку Алесандра Марчэла пераканаўчыя і шчырыя вобразы. Адточанасць дробных пластычных элементаў і лёгкасць выканання стваралі ўражанне бязважкасці рухаў. Бясконцая кантылена праяўлялася ў пявучай мяккасці пераходаў ад аднаго «па» да іншага. Але самым моцным бокам выканання стаўся дыялог паміж партнёрамі: ён меў прыўзнята-ўсхваляваны характар і гэта вельмі ўзбагачала эмацыйна-эстэтычную сутнасць харэаграфічнага тэксту. Адразу два выдатныя дзеячы беларускага балета маюць дачыненне да гэтай перамогі: вядомы харэограф, галоўны балетмайстар Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра Уладзімір Іваноў з’яўляецца аўтарам прадстаўленага твора, Інеса Душкевіч рыхтавала конкурсны нумар з выканаўцамі. Ім таксама пашанцавала навучацца ў яе класічнаму танцу.

Конкурс выявіў і новыя імёны. Два маладыя айчынныя харэографы адразу былі адзначаны ў намінацыі «Пастскрыптум» і атрымалі дыпломы: Улад Цярэшчанка з Гродна з фармулёўкай «За чысціню стылю» (мініяцюра «Лібер-танга» на музыку Астора П’яцолы) і Ігар Шувалаў — «За экспрэсію і шчырасць» (мініяцюра «Адзінота» на музыку Джона Вільямса). Першы з’яўляецца выхаванцам Дзмітрыя Куракулава і стварыў свой праект у межах групы сучаснай харэаграфіі «Тад», другі кіруе ансамблем танца «Алеся» Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Калі аналізаваць конкурсныя выступленні ўвогуле, нельга не адзначыць: на жаль, дыяпазон творчых пошукаў нашых харэографаў пакуль не вельмі шырокі. Засмучае ў шэрагу работ і адсутнасць зместавай напоўненасці: голая рацыянальнасць кампазіцыі некаторых твораў не выклікае эмацыйнага водгуку гледача і пакідае яго абыякавым. Часам відавочны разрыў паміж фізічнымі магчымасцямі выканаўцаў і тэхнікай танца. Асобныя творы выклікалі слушныя папрокі за недасканаласць тэхнічнага майстэрства танцоўшчыкаў, адсутнасць чысціні і зладжанасці выканання.

Як вядома, у сучасным танцы адбываецца не толькі пошук новых ідэй, форм і прыёмаў арганізацыі пластычнага матэрыялу, але і, так бы мовіць, «лепка» новага цела танцоўшчыка. Таму асаблівую актуальнасць набываюць майстар-класы прызнаных спецыялістаў з розных краін. Удзельнікі фестывалю мелі рэдкую магчымасць павучыцца і ў іспанскіх харэографаў Альвара Эстэбана і Эліяса Агуэрэ, і ў Віктара Квіджада з Канады, і ў расіянкі Марыі Заплечнай. Вельмі каштоўна, што, пазаймаўшыся з імі раніцай, увечары можна было ацаніць асаблівасці творчага метаду замежных харэографаў, паглядзеўшы іх выступленні ў рамках гасцявой праграмы. А паглядзець было на што.

Спектакль пра сацыяльныя праблемы сучаснага грамадства трупы «RUBBERBANDance Group» з Манрэаля на музыку Джаспера Гахунія ў пастаноўцы Віктара Квіджада, назву якога можна перакласці як «Цэнтр цяжару» («Па-за сілай прыцягнення»), пакінуў моцнае ўражанне. Таленавітая харэаграфія, творчы азарт, самааддача і надзвычайная шчырасць выканаўцаў выклікалі адпаведную рэакцыю глядзельнай залы. Балетмайстар стварыў дынамічнае дзеянне без адзінага шва, з моцнымі і нечаканымі камбінацыямі вынаходлівых рухаў. Сплаў у пластычных матывах пяці герояў спектакля лексікі хіп-хопа, contemporary dance і рухаў класічнага танца — яго візітная картка.

Іншая праява свабоды танца выявілася ў іспанскага дуэта, які прадэманстраваў неабмежаваныя магчымасці чалавечага цела ў харэаграфіі, натхнёнай рухамі насякомых, з зашыфраваным глыбокім філасофскім падтэкстам (мініяцюра «Энтома»). Як заўсёды з поспехам выступіў Пермскі дзяржаўны тэатр «Балет Яўгена Панфілава», упершыню ў Віцебску быў прадстаўлены праект Ільі Раманава з Расіі.

Аправай маляўнічай карціны пад назвай «Фестываль» сталі выставы «Сінякі. Мазалі. Кроў. Працоўным будням танцоўшчыкаў прысвячаецца» (надзвычай красамоўная назва!) маскоўскага фатографа Уладзіміра Лупаўскога і «Харэаграфія ў графіцы» студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алёны Махнач.

Але мы разважалі аб формуле поспеху.

Здаецца, надзвычай складана сёння знайсці надзейных спонсараў (генеральным партнёрам фестывалю выступіў «Белвест», партнёрам — «Белінвестбанк»), выхаваць «сваю» публіку, зацікавіць вядучых спецыялістаў, забяспечыць удзел сусветна вядомых калектываў і г.д. Але аўтар ідэі і нязменны дырэктар фестывалю Марына Раманоўская ўпэўнена: іскры новых талентаў, што ўспыхваюць на фестывальнай сцэне, вартыя любых намаганняў.

І калі формула — гэта дакладнае агульнае вызначэнне нейкага правіла, закона, якое ў пэўных умовах можна дастасаваць да ўсіх асобных выпадкаў, то вывесці яе (а мы маем на ўвазе выключна формулу поспеху) у дачыненні да IFMC немагчыма, паколькі гэты фэст — з’ява, безумоўна, унікальная, і пры ўсёй як быццам відавочнасці складнікаў нязменнага поспеху многае ў ёй застаецца загадкавым.

Галоўным жа вынікам XXIV Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі стала выспяванне ідэі стварэння Асацыяцыі беларускіх харэографаў сучаснага танца як грамадскага аб’яднання. Яна горача абмяркоўвалася на тэарэтычным майстар-класе «Беларускі сучасны танец на парозе новага стагоддзя. Праблемы і перспектывы». Спадзяемся, гэта стане «кропкай адліку» і новым этапам у развіцці сучаснага танца на Беларусі. Але заўважу, што надзвычайнае імкненне айчынных харэографаў і выканаўцаў да поспеху каштуе, магчыма, значна даражэй, чым сам поспех...

Святлана Гуткоўская