Матэрыялы для ідэі

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Тэкстыль, кераміка, шкло

/i/content/pi/mast/52/883/22.jpg

Вераніка Багачова. Ян Глябовіч — след мінулага. Лямец, гарачы батык. 2011.

«Прастора і форма» — пад такой назвай у Палацы мастацтва экспанавалася штогадовая выстава майстроў тэкстылю, керамікі і шкла. Па яе выніках прайшла навукова-практычная канферэнцыя на тэму «Сучасны стан ДПМ Рэспублікі Беларусь», прысвечаная 50-годдзю кафедры ДПМ Беларускай акадэміі мастацтваў і памяці заснавальніка школы беларускай парцаляны Віктара Гаўрылава. У складаным комплексе ўяўленняў і аспектаў, злучаных з назвай выставы, бясспрэчна дамінавала форма, іншаму кампаненту — прасторы — для адэкватнага ўвасаблення не хапіла яснай экспазіцыйнай ідэі.

Па сваёй сутнасці дэкаратыўнае мастацтва скіравана на пераадоленне нейтральнасці навакольнага асяроддзя, і форма ў ім неаддзельная ад прасторы, яна з’яўляецца і яе часткай, і спосабам арганізацыі, каардынацыяй мастацкай «рэчы» ў часе і прасторы. Нягледзячы на тое, што ў сучасным ДПМ усё больш прыкметнай становіцца адна з праяў культурнай дысгармоніі — адрыў мастацкай выявы ад асяроддзя, незалежнасць ад строгай функцыянальнасці дае магчымасць знаходзіць цікавыя рашэнні, вызваліцца ад завучанага, звыклага ходу мыслення, у якім габелен асацыюецца найперш з тканай карцінай, а кераміка і шкло — з посудам ці інтэр’ернай скульптурай. Мастакоў сёння цікавіць не столькі ўтылітарнасць, колькі асацыятыўнасць і вобразнасць. Форма становіцца больш энергічнай, нярэдка дамінуе ў рэчы і вядзе яе асноўную тэму.

Тэма «прасторы і формы» дапускае настолькі шматаспектныя тлумачэнні, што ад экспазіцыі з падобнай назвай чакаеш большай адвагі і эксперымента, аднак па сваім фармаце яна мала чым адрознівалася ад леташняй справаздачнай выставы секцыі ДПМ. Тым не менш, працы былі цікавыя і разнастайнасцю індывідуальных стылістычных пошукаў, і ўвасабленнем працэсаў, якія адбываюцца ў сучасным дэкаратыўным мастацтве. Побач з рэчамі відавочна выпадковымі былі працы досыць традыцыйныя, але выкананыя з густам, прафесійнай культурай і на высокім мастацкім узроўні (гладкатканыя габелены Наталлі Сухаверхавай, Валянціны Крывашэевай, Галіны Крываблоцкай, Людмілы Пуцейка, керамічная скульптура Наталлі Яўглеўскай, Тамары Курачыцкай, Фаіны Хамініч). Пра значнасць менавіта традыцыйнага кірунку ў беларускім ДПМ сведчыць той факт, што на Першым Усерасійскім трыенале сучаснага габелена ў Царыцыне, што адбывалася практычна ў той жа час, дыплом «Паэтыка выявы» за шматпланавасць паэтычнай метафары атрымаў класічны гладкатканы габелен «Апостал» (партрэт Васіля Быкава) Святланы Баранкоўскай з Віцебска. Шкада, што віцебская школа габелена (пра яе на канферэнцыі распавядала Наталля Лісоўская), якая апроч класікі цікава развівае такія кірункі, як сінтэз архаікі і сучаснасці, абстрактны габелен, тапісерыя, габелен-аб’ект, мала прадстаўлена на выставах у Мінску. Гэтыя перспектыўныя для беларускага ДПМ пошукі ў сусветнай практыцы найперш злучаны з некананізаваным стаўленнем да тых кампанентаў, якія здаваліся вызначальнымі ў прыкладным мастацтве, — да матэрыялу, колеру, формы. Сёння, нароўні з габеленам-карцінай, у мастацтве тэкстылю (ці, карыстаючыся міжнародным вызначэннем, «мастацтве валакна» — fiber-art) усё большае распаўсюджанне атрымліваюць тэкстыльныя інсталяцыі, двухмерныя і трохмерныя арт-аб’екты ў тэхніках не толькі ручнога ткацтва, але і тых, што асацыяваліся раней з самаробкамі і рамёствамі. У прыватнасці, у тэхніках лямцу, вязання, пляцення, як традыцыйных тэкстыльных матэрыялаў (лён, бавоўна, шэрсць, сінтэтыка), так і сізалю, фольгі, аптычных валокнаў, дроту, поліэтылену, розныя спалучэнні якіх ствараюць эфектныя структуры і фактуры. Выкарыстоўваюцца вольная сістэма перапляценняў, вязанне вузлоў, нераўнамернае ткацтва, жывапісная падача выявы праз фактуру, камбінацыі тэкстылю з дрэвам, керамікай, шклом, металам. Да падобнага кірунку адносяцца, напрыклад, прадстаўленыя на выставе «Саксафон» Марыі Барысенка, «Масленіца» Наталлі Лісоўскай, «Плынь часу» Наталлі Шапавалавай, лаканічныя і графічныя габелены-знакі Валянціны Бартлавай. Яшчэ адна тэндэнцыя — спалучэнне старажытных традыцый ткацтва і вязання, архаічнай сімволікі і архетыпаў з умоўнымі жывапісна-прасторавымі формамі. Варыяцыі на тэму даматканай дарожкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі можна знайсці ў Алы Нечыпаловіч («Калядны вечар»), Вольгі Рэднікінай («Позняя восень»). Прыцягвалі ўвагу дасціпна прыдуманая «лямцавая кераміка» Анастасіі Арайс («Цытата кераміста»), тэкстыльная «скульптура» (вязаныя «Сукенкі для русалак») Алены Обадавай, незвычайнае выкарыстанне тэхнікі гарачага батыку ў Веранікі Багачовай.

Працэсы зрушэння акцэнтаў у бок большай умоўнасці формаў ідуць і ў сучаснай айчыннай кераміцы. Мастакі засяроджваюць увагу на яе асацыятыўна-метафарычным боку, не маскіруючы керамічныя вырабы пад прадметы побытавага прызначэння. Нароўні са складанымі сюжэтна-кампазіцыйнымі рашэннямі (працы Ліліі Нішчык, Анатоля Концуба, Валерыя Калтыгіна) важнымі сродкамі выразнасці становяцца абагульненне, трансфармацыя выяўленчай формы да першаэлементаў — куба, шара, цыліндра («Геаметрыя» Віктара Гаўрылава, керамічныя кветкі і талеркі Ірыны Счаснай, «Горад» і «Адлюстраванне» Валянціны Іваньковай), а таксама падкрэсленая фактурнасць. Керамісты выкарыстоўваюць чыстыя, бездэкорныя рашэнні («Транс-сферы» Івана Хамініча) ці, наадварот, мудрагелістыя абстрагаваныя абрысы («Верталётчык» Максіма Калтыгіна, «Абракадабра» Леаніда Рыжкоўскага), абыгрываюць згодлівую прыроду гліны («Дотык» Яўгена Хамініча), надаюць ёй падабенства з іншым матэрыялам (Алег Ткачоў) і нават агаляюць тэхналагічны працэс («Масы» Ганны Амбросавай).

Шмат выяўленча-асацыятыўных формаў праявілася і ў шкле. Малюнак і каларыт беларускага шкла сфармаваны як зваротам да традыцыі (асацыяцыі з даваенным шклом выклікалі «Метамарфозы» Веранікі Віткоўскай), так і ўражаннямі ад прыроды, яе фарбамі, асвятленнем, азёрамі, дажджамі. На выставе пераважалі лаканічныя і вытанчаныя варыяцыі на тэму круга і шара — формаў, што канцэнтруюць, галоўным чынам у аб’ёме, колерапластычныя ўласцівасці і вобразную шматзначнасць, якія могуць перадаваць паэтычны настрой (Галіна Сідарэвіч, Алена Атрашкевіч, Таццяна Малышава, Алена Ткачова, Ірына Кузняцова, Марына Князева) ці станавіцца крыніцай ярка і пераканаўча выяўленай ідэі («Кансерванты» Вольгі Сазыкінай).

Нягледзячы на тое, што экспазіцыйная прастора была насычана прадметамі цікавымі і разнастайнымі па форме (некаторыя з іх маглі б стаць сапраўднымі арт-аб’ектамі), ёй відавочна бракавала агульнай задумы, вастрыні, тэктанічнага пачатку. Яна ўспрымалася як няўтульная прастата, якая патрабуе запаўнення, абстрагавання формы, выкарыстання яе ў парадаксальнай сітуацыі ці занясення ў мастацкі кантэкст. З-за адсутнасці яснай канцэптуальнай і кампазіцыйнай ідэі працы пачалі «заглушаць» адна адну, адчуваліся пустэчы паміж пластычнымі хадамі асобных аўтараў.

Удзельнікі канферэнцыі па выніках выставы шмат (і вельмі эмацыйна) гаварылі пра праблемы і беды беларускіх прыкладнікоў: пра страту сувязі са шматлікімі вытворчымі базамі; пра бяспраўе мастакоў, што працуюць на вытворчасці, пра адсутнасць у іх умоў для творчай працы, пра незапатрабаванасць, якая ўзнікае з-за немагчымасці рэалізаваць свае задумы; пра абыякавасць да выстаў, насаджэнне сродкамі масавай інфармацыі ў гледачоў (і спажыўцоў) кічавага, самадзейнага вобраза дэкаратыўнага мастацтва. Цешыць той факт, што, нягледзячы на ўсе вышэйзгаданыя праблемы, мастакі працягваюць працаваць і выстаўляць свае працы. Аднак ці цікавыя гэтыя экспазіцыі каму-небудзь акрамя іх саміх (і збольшага — мастацтвазнаўцаў)? Пры гэтым на навукова-практычнай канферэнцыі ніхто і не спрабаваў прапанаваць канкрэтныя захады па пераадоленні сітуацыі, хоць некаторыя з іх проста ляжаць на паверхні. У першую чаргу — гэта асэнсаваны адбор для выставы, у самой назве якой ужо заяўлена вызначаная канцэпцыя, не проста высокапрафесійных работ, а — пластычна ёй адпаведных. Важна не толькі тое, што экспануецца, але і — для каго і як. Зусім відавочна, што мастакам і мастацтвазнаўцам даўно час змяніць стаўленне да выставачнага асяроддзя як да нечага нейтральнага і абязлічанага. Экспазіцыя мусіць быць відовішчнай (вядома, не на шкоду якасці). Няма куратараў у сферы дэкаратыўных мастацтваў? Можна звярнуцца да таленавітых студэнтаў-дызайнераў, прапанаваўшы ім на конкурснай аснове рэалізаваць у зададзенай прасторы экспазіцыйны праект, каб, патрапіўшы на выставу, глядач мог не проста ўбачыць банальна расстаўленыя і развешаныя работы, а адчуць свет дызайнерскіх і мастацкіх ідэй. Чаму б з дапамогай экспазіцыйнага рашэння не паказаць наведвальніку іншыя спосабы ўспрымання дэкаратыўнага мастацтва, разнастайнага стылю акаляючых формаў? У рамках выставы можна праводзіць майстар-класы, якія пры мінімальнай рэкламе заўсёды прывабліваюць шмат наведвальнікаў. Тым самым прафесійным высокамастацкім працам (а не прамысловаму і самадзейнаму шырспажыву) будзе дадзены рэальны шанец зноў стаць высокім спажывецкім стандартам.

 Марына Эрэнбург