З разумным чалавекам і пагутарыць цікава

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Валерый Шушкевіч выконвае «Братоў Карамазавых»

/i/content/pi/mast/52/882/20.jpg
 
...Выказванне Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага цалкам датычыцца і ягоных раманаў, калі яны з’яўляюцца на сцэне і знаходзяць у глядзельнай зале тых, хто хоча ў тэатры адшукаць адказы на свае глыбока прыхаваныя пытанні.

Монаспектакль «Дастаеўскае пытанне» — не толькі споведзь рускага пісьменніка-філосафа, але і ягонае ўяўленне пра свабоду духу, пра насілле супраць чалавека і ўвогуле пра будову чалавецтва. Пісьменнік прайшоў доўгі, складаны і пакутлівы шлях пошукаў адказу на ўсяленскія пытанні пра месца чалавека ў свеце, пра сэнс чалавечага быцця. Біблія і асоба Хрыста заўсёды з’яўляліся для яго адным з галоўных духоўных арыенціраў. Хрысціянскі міф і біблейскі кантэкст актыўна ўдзельнічаюць у фарміраванні мастацкай структуры рамана «Браты Карамазавы», асабліва ў главе пра Вялікага інквізітара, якую пастаянна імкнуліся не заўважаць і выкідвалі з перавыданняў як занадта супярэчлівую. І вось сёння маналог брата Івана пра Вялікага інквізітара, прызначаны брату Алёшу, гучыць для нас, жывучых у ХХІ стагоддзі.

Дастаеўскі з уласцівай яму глыбінёй падыходу да мастацтва не верыў у поспех інсцэнізацыі сваіх раманаў: «Ёсць нейкая таямніца мастацтва, паводле якой эпічная форма ніколі не знойдзе сабе адпаведніка ў драматычнай. Я нават веру, што для розных форм мастацтва існуюць і адпаведныя ім рады паэтычных думак, так што адна думка не можа ніколі быць выяўлена ў іншай, не адпавядаючай форме».

Зрэшты, ён не адмаўляў спробы стварэння самастойнага драматычнага твора на аснове ягонай літаратуры. Няхай нашмат больш сціплага паводле маштабу і ахопу падзей, па колькасці дзейных асоб і сцэн, але затое ўнутрана цэльнага і завершанага, скончанага па думцы і пабудове. Як паказала практыка пераносу Дастаеўскага на сцэну, менавіта гэты шлях аказаўся больш плённым. Такім шляхам пайшлі рэжысёр Уладзімір Матросаў і акцёр Валерый Шушкевіч, акрэсліўшы разам з тым найбольш драматычныя моманты «Братоў Карамазавых».

Акцёр Шушкевіч, рэжысёр і сцэнограф Матросаў, кампазітар Залётнеў дамагаюцца шалёнай спавядальнасці маналогаў. Гэтая кампанія вядомая ў тэатральным свеце нечаканымі акцыямі па выдатнай літаратуры.

Такія творчыя саюзы сустракаюцца рэдка. Гэтым разам саюз расцягнуўся на цэлае жыццё. Рэжысёр Уладзімір Матросаў і акцёр Валерый Шушкевіч ужо не адно дзесяцігоддзе робяць спектаклі на поўным і безнадзейным энтузіязме. Часцей за ўсё гэта камерныя або монаспектаклі, у якіх яны імкнуцца паказаць тое, чаго не ўбачыш у рэпертуарным тэатры. Важка рэалізаваць свае творчыя магчымасці і дасягнуць максімальнага самавыяўлення.

Год таму на малой сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага для невялікага кола знаёмых упершыню было паказана «Дастаеўскае пытанне». Спектакль запрасілі на Міжнародны фестываль «Смаленскі каўчэг», потым на свята Дастаеўскага ў Ніжні Ноўгарад. Валерый Шушкевіч вярнуўся з прэстыжнымі ўзнагародамі.

Былі яшчэ фестывальныя паказы за межамі Беларусі. Паўсюль поспех. Хацелася, канешне, каб спектакль трапіў у рэпертуар роднага тэатра, але чамусьці не атрымалася. Дзякуй хоць, што далі магчымасць сыграць на малой сцэне. Цяпер акцёру і рэжысёру паступаюць званкі: калі можна ўбачыць вашу работу? Між іншым, гэта азначае — у тэатральнай прасторы Мінска здарылася штосьці адметнае.

Матросаў і Шушкевіч ніколі не разлічваюць на гледачоў, якія знаходзяцца на інтэлектуальнай узбочыне. Як творчыя асобы, яны могуць атрымаць маральнае задавальненне, разважаючы пра карэнныя праблемы быцця. Тэатр заўсёды складаней, чым іншыя віды мастацтва, і сучаснаму гледачу становіцца ўсё цяжэй рабіць абагульняючыя высновы. Ён хоча смяяцца і плакаць, не надта зважаючы на сусветныя праблемы. Валерый Шушкевіч не шкадуе сябе, каб дастукацца да гледачоў. Не заўсёды яму гэта ўдавалася на малой сцэне. Не заўсёды — на вялікай. Але ж вось адбыўся прынцыповы прарыў — і, што радуе, на вельмі няпростым матэрыяле.

Разам з рэжысёрам акцёр ладзіць падрабязны разбор душэўных абставін (ах, як гэта несучасна!) і даследуе ўнутранае жыццё (ах, як гэта сумна!) чалавека, які жадае наблізіцца да ісціны. Іранізую свядома, бо на сцэне адбываецца дыялог з нябачным суразмоўцам. Спектакль — як пошук разумеючай цябе душы. Акцёр звяртаецца да хлопчыка Алёшы, які нібыта сядзіць у зале, і пастаянна ўступае ў дыскусію з ім. У Дастаеўскага брат Алёша Карамазаў — фігура супярэчлівая і вельмі важная для пастаноўкі агульначалавечых пытанняў.

У першым варыянце спектакля рэжысёр дзеля зручнасці нават пасадзіў у зале роставую ляльку. Потым ад такога ходу адмовіліся, бо больш важна знайсці спачуванне і разуменне ў жывога субяседніка. І такі Алёша сярод гледачоў, канешне, знаходзіцца. Магчыма, нават не адзін.

Шушкевіч прапануе вельмі дакладны рэцэпт рускага характару, у якім спалучаюцца скамароства, юродства і шчырая сляза. Як ён ставіцца да сваіх герояў? Іх у яго некалькі. Над некаторымі іранізуе. Іншымі пагарджае. Калі ж адкрыта гаворыць з Алёшам, усё ў ім балючае, нервовае, нават страшнае. То мякка, то ўсмешліва, то зласліва, то з хуткім ацэньваючым позіркам прагаворвае артыст свае адносіны да таго, што непакоіць. Маналог як у трызненні гарачкі, як споведзь на краі жыцця. Герой адзінокі і замкнёны ва ўласным трагічным свеце, дзе пануе непаразуменне. І, відаць, хворы. Хворы не на фізічную, а на душэўную хваробу, якая магчыма толькі — пры наяўнасці душы. Шушкевіч старанна хавае сваю душу. Знешне ён як бы зацэментаваўся, але нервовая энергія вырываецца вонкі.

Грамадства сёння не надта турбуюць праблемы маральнасці. Пра іх палка разважаюць старэйшыя пакаленні. Ідэолагі прамаўляюць правільныя словы. Словы ляцяць у пустэчу, а прагматызм дыктуе свае законы. Спектакль Шушкевіча і Матросава ў гэтым сэнсе старамодны.

На адным з праглядаў вопытная і паспяховая актрыса Алена Унукава шчыра пазайздросціла майстэрству акцёра, споведзь якога не суправаджалася сцэнічнымі эфектамі. Я хадзіла на спектакль са сваімі яшчэ не абстралянымі, нявыпрабаванымі ў тэатральных баталіях студэнтамі і бачыла іх палаючыя вочы, задумлівае маўчанне, магчыма, няпоўнае разуменне ўбачанага.

Аднак іх адназначна зачапіла. Зачапіла зусім нямодная, але характэрная асаблівасць мыслення і творчасці Дастаеўскага. І феномен рускіх хлопчыкаў. І адказы на пытанне: «Ператвары камяні ў хлеб — і людзі пабягуць за табой». Ці ўсе пабягуць? Накармі, тады і патрабуй дабрачыннасці. Лепш парабаціце, але накарміце.

Гучаць знакавыя тэксты Дастаеўскага пра слязінку дзіцяці, пра генерала, што на вачах маці зацкаваў сабакамі яе сынка. І толькі фармальна акцёр звяртаецца да Алёшы. Ён не чакае адказу.

Зрэшты, адбываецца дзіўнае. Слова пісьменніка ў інтэрпрэтацыі акцёра прымушае кожнага сур’ёзнага гледача мысленна ўступаць у дыскусію.

Сцэна аформлена скупа. Чорныя сцены і дзве крыж-накрыж нацягнутыя струны. Гэтыя тонкія струны, здаецца, раптам пачынаюць гучаць. У руках артыста часам з’яўляецца тонкая ўказка. Ён рассякае ёю паветра, як мячом. Некалькі грэцкіх арэхаў выцягвае з кішэні, кідае на падлогу. Абыходзіць акуратна. У нейкі момант маналога наступае і раструшчвае. Плод грэцкага арэха вельмі нагадвае чалавечы мозг. Мозг, думка, інтуіцыя, выбух інтэлекту.

Шушкевіч робіць слова Дастаеўскага амаль матэрыяльным. І толькі ў дакладна выбудаваныя рэжысёрам моманты ён пачынае мітусіцца па сцэне, гучыць музыка, з’яўляецца злая іронія. Увесь астатні час акцёр амаль нерухомы, зрэдку сядае на край сцэны. Не ў ляманце, а ў маўчанні праступае знакамітая руская самота.

Мы часта гаворым пра пошук новых форм у мастацтве. Старыя формы (а монаспектакль мае вялізную гісторыю) ужо забытыя і незнарок успрымаюцца як штосьці зусім новае. За шалёнай і бесшабашнай весялосцю шоу-бізнесу мы развучыліся чуць слова і паглыбляцца ў чужыя думкі. Тут, у спектаклі «Дастаеўскае пытанне», мноства ўлюбёных пісьменнікам пытанняў, убітых у свядомасць, як цвік. Аб уладкаванні чалавецтва, напрыклад. Рэдкі выпадак, калі экспансія іншага культурнага асяродка ўспрымаецца як пранікненне ва ўласны свет.

Тэатр для многіх з нас — магчымасць пагутарыць з тым, каго не бачыш побач з сабой. Гэта спроба зразумець сябе і пражыць сваё жыццё ўсвядомлена. Магчыма, я памыляюся, але так хочацца ў гэта паверыць і спадзявацца.

Таццяна Арлова