Плаціць жыццём -- ці зарабляць на жыццё?

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

«Каб дасягнуць поспеху, спявачка павінна мець твар Венеры, розум Мінервы, вытанчанасць Тэрпсіхоры, постаць Юноны і скуру насарога», -- сцвярджала некалі амерыканская актрыса Этэль Барымор. Апошні пункт, напэўна, спрэчны, але тое, што спявачка павінна мець цвёрды характар, -- неабвержаная ісціна. Неаднойчы пераконвалася ў гэтым на працягу свайго творчага жыцця.

…80-я гады. Я -- салістка оперы. Якраз тады Беларусь мела магчымасць накіраваць сваіх маладых спевакоў на тры месяцы ў «Ла Скала» -- назіраць за майстрамі і вучыцца. Такіх кандыдатаў аказалася двое. На жаль, майго прозвішча ў спісе не было. Прасцей за ўсё скласці крылцы і здацца. Але ж трапіць у Італію, у «Ла Скала» -- запаветная мара кожнай опернай спявачкі!

 /i/content/pi/mast/4/88/Placic-zhyccem1.jpg
 "Трубадур" Д.Вердзі. Т.Траццяк (Леанора).

Даведалася, што Міністэрства культуры СССР з усіх оперных тэатраў Саюза адбірае чатырох спевакоў на чатырохгадовую поўнамаштабную стажыроўку ў «Ла Скала». Паехала ў Маскву. Журы, якое ўзначальвала славутая І.Архіпава, разгледзела сорак кандыдатур. І я ўвайшла ў запаветную чацвёрку!
А калі ўжо апынулася ў Мілане, на мяне звярнула ўвагу сапраўдная зорка сусветнай оперы Джульета Семіяната. Яна падрыхтавала са мной праграму міжнароднага конкурсу, які ладзіўся ў г.Павія, старажытнай сталіцы краіны. На конкурсе мяне ганаравалі 1-ай прэміяй.
Урокі «Ла Скала» не забываюцца ніколі. І цяпер сваім вучням я імкнуся перадаць сакрэты італьянскай школы. Ганаруся тым, што ўдасканальваю прыроду чалавечага голасу. І хоць у нас у краіне ўжо склаўся цэлы «клас» спевакоў (бо кожны, хто ўзяў у рукі мікрафон, лічыць сябе спеваком), гэтым непаўторным мастацтвам авалодалі адзінкі.
Ганаруся, што
два дзесяткі маіх «зорачак» засвяціліся на вакальным небасхіле. Мае вучні -- гэта мой гонар, пакуты, мая радасць і надзея. Сёння ў беларускай оперы спяваюць шасцёра маіх выхаванцаў. Гэта лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Т.Траццяк, А.Масквіна, Т.Гаўрылава, А.Сіняўская, П.Елісеева, Э.Мартынюк.
Калі ў Беларусі ладзіўся І Міжнародны конкурс імя Л.Александроўскай, Т.Гаўрылава стала лаўрэатам 1-ай прэміі. На фоне буйных, часам «сценабітных» галасоў яна прадэманстравала філігранную тэхніку, бездакорны густ, валоданне багатай палітрай штрыхавой культуры.

 /i/content/pi/mast/4/88/Placic-zhyccem2.jpg

«Іаланта» П.Чайкоўскага. Э.Мартынюк (Вадэмон).

Ужо заявіла пра сябе на еўрапейскіх сцэнах салістка народнага аркестра імя І.Жыновіча Л.Лазарчык -- каларатурнае сапрана з бліскучай тэхнікай. Яна -- таксама мая выхаванка.
Мяркую, што «в
акальная школа» -- паняцце абстрактнае. Бо нават у італьянскай вакальнай культуры кожны спявак індывідуальны і непаўторны. Таму ў кожнай школе галоўнае -- прыгажосць голасу, тэмбральная непаўторнасць і тэхнічнае майстэрства. Гэтыя якасці ў рознай ступені ёсць у многіх беларускіх спевакоў. Толькі ў нас -- як у футболе: рукі, ногі, галовы ёсць, але да сусветных стандартаў не дацягваем.
На маю думку, д
ля выхавання ўласных зорак неабходна мець непарыўны ланцужок: музычная школа -- сярэдняя спецыяльная ўстанова -- ВНУ. У цяперашні час у школах, за рэдкімі выключэннямі, вакальная праца з дзецьмі вядзецца непісьменна. Вучэльні працуюць «на экспарт» і, напэўна, тым ганарацца. А «прадукт» іх сыходзіць, як вада ў пясок, без карысці для краіны...
Маленькі прыклад, які сведчыць, што арганізацыйныя і творчыя моманты ў вакальным мастацтве трывала звязаны. Некалі ў нас ладзіўся конкурс «Убельская ластаўка». Ён збіраў студэнтаў і выпускнікоў-вакалістаў з вучылішчаў, і мы мелі магчымасць заўважаць з’яўленне самых таленавітых, каб браць іх потым у Акадэмію музыкі. Цяпер конкурсу няма. І нашы патэнцыяльныя таленты з’язджаюць. За межы краіны, у Маскоўскую, Санкт-Пецярбургскую, Адэскую кансерваторыі выпраўляюцца лепшыя! Бо горшых туды проста не возьмуць…
А на вакальную кафедру акадэміі прыходзяць інструменталісты, тэарэтыкі, харавікі і недавучаныя ў вучылішчах вакалісты. Калі гэтую стыхію не ўтаймаваць, вакальнае мастацтва пазбавіцца неабходнага асяроддзя, а дзяржава будзе выкідваць велізарныя грошы на вецер.
«Вялікія плацяць за мастацтва жыццём, маленькія зарабляюць ім на жыццё», -- геніяльная думка Эміля Кроткага дапасоўваецца да творцаў усіх часоў і народаў. Той, хто адпавядае першаму запавету, -- сапраўды зорка...

                                                                                                                  Людміла КОЛАС