«Апокрыф» як мюзікл-прыпавесць

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Прысвечана Максіму Багдановічу

/i/content/pi/mast/52/879/15.jpg

Ян Жанчак  (Музыка).

Напрыканцы мінулага года, у снежні, Беларусь шырока адзначала 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, класіка беларускага прыгожага пісьменства. Гэтай падзеі былі прысвечаны выхад грунтоўнай энцыклапедыі «Максім Багдановіч» і выданне новых кніг з ягонымі вершамі і перакладамі на мовы народаў свету, мастацкія выставы і музычныя імпрэзы. Адной з такіх — яна ладзілася якраз у дзень нараджэння песняра — сталася прэм’ера мюзікла-прыпавесці Ларысы Сімаковіч «Апокрыф», паказаная ў вялікай зале Белдзяржфiлармонii.

Цікавасць айчынных кампазітараў і вакалістаў-выканаўцаў да творчасці Багдановіча заўсёды была не проста паслядоўнай, а выключнай. Сярод найбольш важкіх здабыткаў варта назваць оперу «Зорка Венера» Юрыя Семянякі, якая была пастаўлена ў нашым Оперным тэатры ў 1970 годзе. Рок-оперу «Максім» напісаў у свой час Ігар Палівода, з вялікім поспехам яна была паказана ў нашай філармоніі з нагоды 100-гадовага юбілею паэта.

Інтарэс айчынных кампазітараў да паэзіі нашага нацыянальнага генія, думаецца, трэба шукаць у прыродзе самой паэзіі Багдановіча — узвышанай, эстэцкай (у лепшым сэнсе слова) і адначасова трагічнай. Водсвет надзвычай яркага і кароткага жыцця (усяго 25 гадоў!) беларускага паэта, які вырас у рускамоўным асяроддзі, стаў адным з пачынальнікаў новай айчыннай літаратуры і пакінуў нам непараўнальныя паэтычныя шэдэўры, ляжыць на кожным яго радку. Вядомыя, праграмныя, класічныя вершы хвалююць сэрца і розум кожнага беларуса і да сёння. Нібы кожны кампазітар і выканаўца зноў і зноў імкнецца спасцігнуць «высокую красу», увасобленую ў вобразах паэта.

Але больш канкрэтна пра «Апокрыф». Ларыса Сімаковіч — як кампазітар і рэжысёр, як харэограф і мастацкі кіраўнік ансамбля «Госьціца», як чалавек паслядоўна беларускамоўны — карыстаецца вялікай павагай у нашай культурнай прасторы. Асабліва — у асяроддзі моладзі і творчай інтэлігенцыі. Ёю захапляюцца, яе паважаюць за нязменнасць пазіцыі, арыгінальнасць мыслення. Мастацкія праекты Сімаковіч выклікаюць велізарную цікавасць публікі, перадусім яе адукаванай і інтэлігентнай часткі. І таму, што яна заўжды бярэцца за тэмы маштабныя, шукаючы ў партытурах або сюжэтах мінулага вострую актуальнасць, водгулле сучасных думак і настрояў. І таму, што свае праграмы не «пракочвае» шмат разоў — часцей за ўсё гэта адзінкавыя, разавыя паказы, якія трэба абавязкова ўбачыць.

Памятаю ранейшыя праекты Сімаковіч, паказаныя на працягу апошніх гадоў у вялікай зале філармоніі. «Вяселейка» прываблівала смеласцю звароту да адной з самых складаных партытур Ігара Стравінскага. У спектаклі Сімаковіч выступала пераважна як рэжысёр усяго відовішча і пастаноўшчык харэаграфічных сцэн, эмацыйна і эфектна ўвасобленых «Госьціцай».

Праект «Дзень Максіма Багдановіча» вабіў маштабнасцю задумы, арыгінальнасцю бачання асобы паэта (а гэта выяўлялася найперш у сцэнарна-драматургічных вартасцях і ў адмысловай рэжысуры). Ролю Паэта нечакана пераканаўча выканала купалаўская актрыса Святлана Зелянкоўская.

Напрыканцы 2010 года ў філармоніі была паказана музычная паэма «Гусляр», асновай якой зрабіліся араторыя Ігара Лучанка «Курган» (напісаная паводле аднайменнай купалаўскай паэмы) і рок-араторыя «Гусляр», увасобленая шмат гадоў таму ансамблем «Песняры». Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля таксама выступіла Ларыса Сімаковіч. Партыі Гусляра і Князя, герояў-антаганістаў, спявалі Пётр Ялфімаў і Ян Жанчак. А сам «Гусляр» прывабліваў і інтрыгаваў сучасным прачытаннем купалаўскага твора, а таксама заўжды актуальнай тэмай узаемаадносін мастака і ўлады.

І вось «Апокрыф»... Тут задача яшчэ больш складаная. Бо ўся дзея грунтавалася на партытуры самой Сімаковіч, яе ўвасаблялі Нацыянальны аркестр народных інструментаў імя Жыновіча (пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца), Дзяржаўны камерны хор (галоўны дырыжор Наталля Міхайлава), фальклор-тэатр «Госьціца», а таксама салісты. Ларыса выступіла і рэжысёрам пастаноўкі.

Увогуле апокрыф — гэта некананізаваная рэлігійная легенда. Да такога жанру паэт звярнуўся незадоўга да смерці. У канцы 1916 года Багдановіч прызнаваўся: «Задумаў твор на тэму біблейскага міфа. Гэтую тэму падказалі мне вайна, гібель мільёнаў і мой уласны лёс». Твор паэта, які стаўся асновай музычнага сачынення і спектакля, надзвычай глыбокі і філасофскі. Як сведчыць кампазітар, «Апокрыф» — «гэта роздум беларускага генія пра сутнасць і сэнс чалавечага існавання, пра немагчымасць жыцця без духоўнага здабытку. Гэтай канцэптуальнай ідэі паэта прытрымліваюцца стваральнікі спектакля... Прарокі прыходзяць на зямлю тады, калі чалавек забываецца на свае галоўныя каштоўнасці. Адмераны ход жыцця народа, дзе матэрыяльнае перамагае духоўнае, парушаецца сыходжаннем Хрыста з апосталамі на абраную зямлю...»

Што да вызначэння жанру... Твор акрэслены як мюзікл-прыпавесць. Думаю, па сутнасці гэта не зусім дакладна (хоць аўтар мае права назваць уласнае сачыненне менавіта так, а не іначай). Мяркую, перад намі хутчэй за ўсё араторыя з ярка выяўленымі элементамі тэатралізацыі, таленавіта зробленая кампазітарам, які мысліць па-сучаснаму. Варта ўлічыць, што наша публіка ніколі і ні пры якіх абставінах масава не пойдзе на твор, напісаны ў жанры араторыі або кантаты. Мо таму, што гэтыя жанры ў слухачоў асацыююцца з сачыненнямі мінулых дзесяцігоддзяў ці стагоддзяў, з празмернай узнёсласцю і нават напышлівасцю, якія мала стасуюцца з сучаснай іранічнай інтанацыяй і прагматычнай рэальнасцю. А вось на мюзікл-прыпавесць пойдуць, бо спалучэнне тоіць у сабе загадку!

«Апокрыф» варта ўспрымаць як працу шмат у чым эксперыментальную. Надзвычай складана арганічна паяднаць такія розныя пласты, як жывое гучанне аркестра народных інструментаў і «мікрафонныя» спевы, хор і пластычныя фрагменты. Інакш кажучы, традыцыі народныя, акадэмічныя і эстрадныя. Магчыма, на мяне і пакрыўдзяцца тыя фанаты творчасці Багдановіча, якія лічаць, што ўся музыка, напісаная на ягоныя словы, кангеніяльная створанаму паэтам, але асабіста я больш высока цаню Сімаковіч як рэжысёра і харэографа. А можа, справа ў тым, што ў канцэртных праграмах мы рэдка чуем музычныя творы самой Ларысы, мала ведаем яе стыль, каб параўноўваць ранейшыя і апошнія па часе сачыненні? Або вуха не прызвычаілася да складаных гармоній і трэба не адзін раз пачуць, каб ацаніць сачыненне як след?

Прэс-рэліз і выказаныя кампазітарам думкі пра будучы твор абяцалі, на мой погляд, нешта большае за тое, што было ўбачана насамрэч. Чаму? Прычыны як мінімум дзве. Па-першае, філасофскія тэксты вельмі нялёгка спяваюцца (хоць асобныя вакальныя фрагменты, у дадатак шматкроць паўтораныя салістамі, — кшталту «босыя ногі Хрыста», — робяць вельмі моцнае ўражанне). У багдановічаўскім «Апокрыфе» ўвесь час адчуваецца эпічнасць і няспешная біблейская размеранасць, якая супраціўляецца надзвычай рытмічнай і эмацыйнай экспрэсіі партытуры і таму далёка не заўжды паддаецца перакладу на мову музыкі. Па-другое, магчыма, справа ў тым, што досыць часта тэксты, якія ўзнаўляў хор, «прападалі» ў музычнай стыхіі: на пляцоўцы было шмат выканаўцаў (аркестр, «Госьціца», салісты), а хор стаяў далёка. Калі не разумееш, пра што спяваюць (гэта вам не паказ італьянскай оперы ў тэатры з тлумачэннем у «бягучым радку»!), нітка сюжэта і зместу губляецца.

Узаемаадносіны слова і ўласна музыкі ў вакальна-інструментальных творах, іх гармонія або яе адсутнасць — праблема глабальная. І датычыць не толькі «Апокрыфа». Як дасягнуць, каб слова арганічна ядналася з музыкай, каб разам яны стваралі штосьці непараўнальна больш моцнае, чым кожны з гэтых складнікаў паасобку, — пытанне, якім заклапочаны амаль усе кампазітары. Цікава, што музыказнаўцы, якія прыйшлі на прэм’еру, не былі аднадушнымі ў сваіх меркаваннях. Хтосьці сцвярджаў, што партытура надзвычай прадуманая і ўсё ў ёй на месцы. Хтосьці вылучаў у якасці больш удалых асобныя фрагменты. Напрыклад, фрагменты вакалізаў хору, якія ідуць у суправаджэнні аркестра, або вынаходліва перададзеныя народнымі інструментамі гукі зямлі.

Кранальна ўвасабляла Наталля Салава, салістка аркестра імя Жыновіча, нябачную, але трапяткую Душу. Фарсава-сатырычныя фарбы пераважалі ў музычнай характарыстыцы Гаспадара, якога спяваў Уладзіслаў Даніловіч. Саліст оперы Аляксандр Жукаў (апостал Юр’я) прывабліваў вакалам, а таксама паглыбленасцю ў эмацыйны стан героя. Але сапраўдным адкрыццём «Апокрыфа» стаўся малады спявак Ян Жанчак, які надзіва пераканальна выканаў партыю цэнтральнага героя — Музыкі, якога можна ўспрымаць увасабленнем і творцы ўвогуле, і Максіма Багдановіча ў прыватнасці. Такога спевака хацелася б бачыць і чуць непараўнальна часцей: у яго моцны голас выключна прыемнага, мяккага тэмбру, рамантычная знешнасць, бясспрэчная артыстычныя харызма. Вакальныя сола Музыкі, а таксама надзвычай моцны фінал («У краіне светлай...»), паўтораны па патрабаванні публікі на «біс», бясспрэчна, належаць да самых уражальных, маштабных і пранікнёных фрагментаў «Апокрыфа». Яны, як кажуць, «прабіраюць» да самай глыбіні.

У другой палове праграмы ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца прагучалі вакальныя шэдэўры, напісаныя на вершы паэта. Вядомыя, славутыя, шмат разоў чутыя, але ад таго не менш любімыя. І лучанкоўская «Вераніка», якая ў свой час адкрыла эру Багдановіча на эстрадзе. І паліводаўскія «Па-над белым пухам вішняў», «Скірпуся» і «Сцяжынка». І мулявінскія «Слуцкія ткачыхі», «Вянок» і «Лявоніха». Іх выконвалі Наталля Салава, саліст ансамбля «Сябры» Аляксандр Камлюк, гурт «Дыямант»… Хацелася бясконца слухаць і ўсё таго ж Яна Жанчака, без перабольшання, новую эстрадную зорку. Шкада, што ён так мала і рэдка выступае на эстрадзе, дзе дэфіцыт інтэлігентных і адухоўленых твараў (і менавіта мужчынскіх) востры як ніколі.

Снежаньскія музычныя прынашэнні Максіму Багдановічу ўдаліся на славу. Зала на паказе «Апокрыфа» была перапоўненая. Атмасфера святкавання юбілею вялікага нацыянальнага паэта атрымалася сапраўды святочнай і ўзнёслай. Багдановіч аб’яднаў усіх — сталых творцаў і «зялёную» моладзь, прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, людзей з рознымі поглядамі, творчых асоб, якіх у прынцыпе немагчыма сустрэць на адных і тых жа імпрэзах. Аб’яднаў, узняў, далучыў да пытанняў вечных і заўжды актуальных. Бо ў параўнанні з ягоным талентам і веліччу разыходжанні ў поглядах і непрымірымыя дыскусіі падаюцца не такімі ўжо і істотнымі. Можа, гэта і было галоўным?..

Таццяна МУШЫНСКАЯ