Першы з «Вянкоў»

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Да юбілею паэта

/i/content/pi/mast/52/878/13.jpg

Юрый Хілько. Ілюстрацыя да верша Максіма Багдановіча «Пагоня». Акрыл. 2011.

Маштабным праектам «Вянок Максіму» галерэйна-выставачны комплекс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі распачаў шэраг мастацкіх выстаў, што ладзяцца па ўсёй краіне з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Гэтае мерапрыемства аб’яднала ў сабе пяць асобных праектаў: біяграфічная фотавыстава, прысвечаная асобе паэта (галерэя «Атрыум»), выстава мастацкіх твораў з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (галерэя «Ракурс»), зборная выстава напісаных за апошнія гады твораў айчынных аўтараў (галерэя «Лабірынт») і персанальная выстава фота і жывапісу Віктара Данілава «Ракуцёўшчына» (галерэя «Мабільная»).

Усю экспазіцыю можна падзяліць на дзве часткі: вялікую рэтраспектыўную і малую сучасную. Праект засведчыў, што, на жаль, лірыка Багдановіча хвалюе мастакоў нашмат менш, чым у ранейшыя дзесяцігоддзі. Прычына, відаць, і ў адсутнасці заказаў, тэматычных пленэраў, новых ілюстраваных выданняў. Таму сталыя аўтары прадстаўляюць на выставы творы, што закранаюць багдановічаўскую стыхію апасродкавана, а маладыя мастакі ў такіх праектах удзельнічаюць мала.

Зусім іншую сітуацыю засведчыла эпоха нацыянальнага адраджэння 1980–90-х гадоў. Творы гэтага часу і фарміруюць асноўную частку экспазіцыі. Тады з’яўляліся буйнафарматныя, амаль манументальныя жывапісныя палотны, скульптура з бронзы, багата распрацаваная кніжная графіка. Але, каб пазбегнуць ідэалізацыі, зазначым, што далёка не ўсе работы роўныя паводле сваёй мастацкай каштоўнасці. Так, спісаныя з фотаздымкаў партрэтныя выявы паэта (сямейныя партрэты Уладзіміра Кожуха і Аляксандра Ксяндзова, партрэт Уладзіміра Сулкоўскага і іншыя) глядзяцца даволі стэрэатыпна, просталінейна і не раскрываюць непаўторнай творчай індывідуальнасці літаратара. Не без пафасу, але ўжо на значна больш прафесійным узроўні выканана палатно Монаса Манасзона «Змітрок Бядуля і Максім Багдановіч у Мінску ў 1916 годзе». Работа адпавядае лепшым традыцыям рэалістычнага жывапісу: у аснову кампазіцыі пакладзена рэзкае супрацьстаянне святла і ценяў, што ўвасабляе барацьбу супярэчнасцей, — цьмянае фонавае асяроддзе асвятляецца скупым агнём печкі-буржуйкі, а сам смяротна хворы паэт ахоплены прагай творчасці і захоўвае валявую паставу, нягледзячы на афарбаваную ў кроў насоўку, якую ён трымае ў руцэ. Усё гэта ўзмацняе трагізм мастацкай задумы. Увага аўтара да дэталей, дакладна ўзноўлены гістарычны інтэр’ер, псіхалагічная глыбіня партрэтаў скіроўваюць да класічнай творчасці Юрыя Пэна.

У рабоце Леаніда Дударэнкі «Перад навальніцай» паэт паўстае ў нязвыклым для яго вобразе рэвалюцыянера-дэмакрата. Малады чалавек выяўлены на фоне бунтоўных працоўных мас, што запаўняюць вуліцы Мінска. Нягледзячы на, здавалася б, вульгарна-ідэалагічную скіраванасць, твор жывапісца можа быць сёння прачытаны па-новаму. Лірык, што прыціскае да сэрца свой адзіны прыжыццёвы зборнік, выглядае самотным сярод грознай рэвалюцыйнай плыні, і аўтар нібы падсвядома яго ад яе дыстанцуе.

Тонкае адчуванне паэтычнага слова, разуменне вобразнага свету паэзіі Багдановіча, перадача яе нацыянальнага каларыту ўласціва работам Мікалая Апіёка, Уладзіміра Гоманава, Рыгора Таболіча. Палатно «Ад родных ніў, ад роднай хаты» Мікалая Апіёка прасякнута меладычнай, песеннай стыхіяй. З увагай да дробязей у ім паслядоўна ўзноўлены змест верша «Слуцкія ткачыхі» (так, няўлоўна для вока выступае «край зубчаты бора» ў вакенцы на заднім плане). Казачным, фальклорным гучаннем поўніцца вобраз дзяўчыны ў вышытай кашулі на карціне Уладзіміра Гоманава «Крыніца». Кранальным пачуццём прасякнута работа «Маці паэта» Рыгора Таболіча. Выяўленая ў вобразе мадонны Марыя Апанасаўна, якая трымае немаўля Максіма на руках, адпавядае таму вобразу Жанчыны (дзяўчыны-прыгажуні і жанчыны-маці), што сустракаецца ў шматлікіх творах Багдановіча.

Важнае месца ў агульнай экспазіцыі займае яраслаўскі цыкл палотнаў Барыса Аракчэева. Увасабляючы мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю беларускага паэта ў далёкім волжскім горадзе і ваколіцах, жывапісец ужыў прыём стылізацыі, і некаторыя з краявідаў выглядаюць такімі, якімі б яны маглі быць на пачатку ХХ стагоддзя.

Адным з нешматлікіх аўтараў, хто сёння ўсур’ёз узяўся за тэму Багдановіча, стаў Юрый Хілько. Мастак аформіў шматмоўнае сувенірнае выданне, дзе да кожнага з вершаў стварыў разгорнуты шэраг ілюстрацый. На выстаўцы «Вянок Максіму» былі прадстаўлены ілюстрацыі да твораў паэта «Пагоня» і «Слуцкія ткачыхі». Нягледзячы на спад хвалі культурніцка-адраджэнскіх працэсаў у грамадстве, гэтыя знакавыя выявы, што закранаюць свет нацыянальных сімвалаў-архетыпаў, атрымалі ў аўтара глыбокае і высокамастацкае вырашэнне. Калі гадоў пятнаццаць таму такія работы былі б пазначаны выразным сацыяльна-палітычным падтэкстам, то сёння мастак здолеў пазбегнуць гучнага грамадзянскага пафасу, узняўшы на першае месца мастацкія вартасці працы. Культурныя канцэпты Багдановіча атрымалі ў Хілько філасофскае і гістарычнае асэнсаванне з пазіцый агульначалавечых каштоўнасцей. У графічных варыяцыях на тэму «Пагоні» праступае матыў Грунвальда, супрацьстаяння крыжакам, узняты рыцарскія ідэалы служэння Айчыне. Што да выявы самога легендарнага вершніка, увасобленага на гербе Вялікага Княства Літоўскага, то яна атрымлівае блізкае да драздовічаўскага вырашэнне. Алюзіі на творчасць класіка асабліва заўважныя ў аркушы, дзе вершнік скача праз касмічныя прасторы, а на яго шляху пралягаюць арбіты планет (згадваецца радок верша «У бязмежную даль вы ляціце...»). Спакойны, ураўнаважаны настрой характарызуе ілюстрацыі Юрыя Хілько да верша «Слуцкія ткачыхі», дзе паўабстрактныя пейзажныя замалёўкі знітаваны з абрысамі архітэктурных помнікаў.

Адмыслова для выставы куратар праекта Фёдар Ястраб падрыхтаваў работу «Вераніка», якая відавочна выбіваецца з шэрагу ранейшых прац мастака. Ірваны рытм палатна, кідкая мазаічная структура сведчаць пра эксперымент аўтара з колерам і фактурай. Калі б не ледзь прыкметная постаць дзяўчыны з веерам і некаторыя элементы навакольнага пейзажу (абрысы старадаўняй сядзібы, дрэў), гаворка магла б ісці пра чыста фармальную кампазіцыю. Такі прыём мастака ўдала імітуе матыў успамінаў, што з’яўляецца цэнтральным у аднайменнай паэме Багдановіча.

Два новыя пейзажы прадставіў акварэліст Мікола Аўчыннікаў. Першы з іх узнаўляе сучасны віленскі краявід («Крыгаход у Вільні»), а другі («Камяні ля дарогі») — месца, дзе пахаваны паўстанцы Кастуся Каліноўскага, — ля вёскі Плябань, па суседстве з памятнай мясцінай паэта Ракуцёўшчынай.

Значны ўнёсак у рэалізацыю праекта «Вянок Максіму» зрабіў Віктар Данілаў, што здзейсніў творчую экспедыцыю ва ўжо згаданую вёску Ракуцёўшчына, дзе паэт гасціў некалькі месяцаў летам 1911 года, стварыўшы шэраг вядомых твораў (там цяпер дзейнічае філіял літаратурнага музея яго імені). Вынікам вандроўкі Данілава сталі тры жывапісныя работы і шэраг фотаздымкаў мясцовых краявідаў у асеннюю пару. Менавіта гэтае спалучэнне жывапісных эцюдаў і фота ў межах творчасці аднаго аўтара дае цудоўную магчымасць параўнання розных інструментаў мастацкай рэпрэзентацыі. Калі ў акрылавых работах мастака адчуваецца гарманічны, блізкі да прыроды, пазачасавы характар жывапіснага мастацтва, то фотаздымкі хутчэй выяўляюць няўлоўную сутнасць канкрэтнага моманту.

Калі ставіць нейкую ацэнку праекту «Вянок Максіму», можна заявіць, што першы «Вянок» не стаўся комам, а юбілей выбітнага паэта знайшоў свой водгук у сэрцах беларускіх мастакоў, асабліва старэйшага пакалення. Хоць было і відавочна, што работ, прысвечаных непасрэдна творчасці Багдановіча, сёння ствараецца нашмат менш, чым гэта было ў папярэднія гады.

Алесь Сухадолаў