Героіка і лірыка

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Арыенціры творчасці Пётры Свентахоўскага

/i/content/pi/mast/51/874/38.jpg

 Роднае. Алей.1976.t

Ёсць творцы, чыё жыццё ў мастацтве ў значнай меры ўвасабляецца ў вучнях. Да такіх належаў Пётра Свентахоўскі — жывапісец, педагог па прызванні, выдатная асоба на ніве беларускай культуры другой паловы ХХ стагоддзя. Ён выхаваў не адно пакаленне адметных творцаў — спачатку ў 1-й гарадской мастацкай школе Мінска, у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Восіпавіча Ахрэмчыка (1966–1971), потым, з 1971-га і да апошніх дзён свайго жыцця, — на кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе працаваў старшым выкладчыкам, а з 1991 года — дацэнтам. Усё жыццё — педагог. Слынныя творцы Уладзімір Вішнеўскі, Уладзімір Крываблоцкі, Вольга Дзёмкіна, Віктар Мікіта, Уладзімір Панцялееў і дзясяткі іншых лічаць за гонар называць сябе яго вучнямі.

Але найперш гэта быў цікавы аўтар з непаўторным светабачаннем і выразнай выяўленчай манерай малюнка і жывапісу

Неаспрэчна, што атачэнне чалавека ў дзяцінстве фарміруе асобу. Большая частка карцін Пётры Свентахоўскага — пра вайну і салдацкае жыццё, пра гераізм абаронцаў радзімы. Усё лагічна — нарадзіўся на Берасцейшчыне, юнацтва праходзіла ў пагранічным Брэсце, дзе скончыў сярэднюю школу, меў магчымасць назіраць жыццё вайскоўцаў і слухаць аповеды пра абарону горада ў часы Вялікай Айчыннай.

Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце адным з аўтарытэтаў для Пятра быў Іван Ахрэмчык — аўтар хрэстаматыйных «Абаронцаў Брэсцкай крэпасці», напісаных у 1958 годзе (у 1960-м Свентахоўскі паступіў у інстытут). Ва ўспамінах пра Івана Восіпавіча Пётра Уладзіміравіч згадвае: «...Мы, студэнты, добра ведалі, што Ахрэмчык даўно адбыўся як выдатны мастак. Мастацкая школа, якую прайшоў Іван Восіпавіч, была ў адукацыйным сэнсе моцная. І з багатымі традыцыямі. Для нас ён быў несумненным аўтарытэтам — творца, што напісаў “Брэсцкую крэпасць”».

Сапраўды, «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» сталі на творчым шляху Ахрэмчыка вызначальнай карцінай. «Абаронцам...» папярэднічаў іншы значны твор — «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935) — мастацкі аповед пра часы Грамадзянскай вайны. З пазіцый сённяшняга дня відавочна, што гэтая, безумоўна значная, карціна была прыступкай да «Абаронцаў Брэсцкай крэпасці» — твора, які атрымаў найвышэйшую ацэнку і годна прадстаўляў Беларусь у 1961 годзе на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы ў Маскве. Галоўным прызначэннем мастака Іван Ахрэмчык лічыў стварэнне вялікай тэматычнай карціны грамадзянскага гучання. У апошнія гады жыцця тэму Брэсцкай крэпасці творца жадаў працягнуць у карціне, прысвечанай жанчынам — удзельніцам гераічнай абароны. Ён жыў думкамі пра яе стварэнне, збіраў матэрыялы, зрабіў шмат эскізаў. Смерць мастака не дазволіла завяршыць працу.

Пётра Свентахоўскі нібы падхапіў ад настаўніка ідэю аповеду пра людзей, што стаялі на варце спакойнага жыцця. Гэта было заяўлена і тэмай дыпломнай работы «Трывога» (1966) — пра падзеі на пагранічных заставах у мірныя часы. Далей што ні год, то карціна: «На далёкай заставе» (1967), «Партрэт старшага сяржанта Бухолда» (1969), «Вартавы» і «Пагранічнікі» (1970), «Салдацкая песня» (1971), «Вартавыя спакою» (1973).

Вынікі першага этапу творчай дзейнасці Свентахоўскага падсумоўваў лірыка-эпічны краявід «Роднае» (1976) — карціна-знак, карціна-сімвал, карціна-песня пра нешта глыбокае і патаемнае: можа, пра нязбытную мару стаць мараком і бясконцую тугу аб водных прасторах, можа, пра ветразі юначых мараў і першае каханне, пра сум расстання з сябрамі дзяцінства, якіх лёс раскідаў па ўсім свеце...

Твор аб’ядноўвае ў сабе тры вялізныя і велічныя прасторы — неба, ваду і зямлю. Кожная з іх — стыхія, што жыве нібыта самастойным, поўным асабістымі падзеямі і зместам жыццём. У карціне іх яднае хвалюючая энергетыка летуценнага палёту фантастычных белых птушак — яны праразаюць і бянтэжаць узмахамі крылаў спакой і раўнавагу навакольнага жыцця. Здаецца, чутны трывожны і надрывісты крык, шоргат крылаў, а самі птушкі зараз вылецяць проста на гледача.

Кропкі над «і» ў разуменні сюжэта і тэмы карціны расстаўляюць ледзь заўважныя выявы бабулькі ў хустцы і маленькага хлапчука — яны, здаецца, вось-вось непрыкметна знікнуць, растануць у прасторы ў правым куце палатна. Іх бялюткія кашулі, што пераклікаюцца, гучаць у адзіным тоне з белымі сілуэтамі імклівых птушак, з вірлівымі зігзагамі энергіі ў прасторах неба, мора і зямлі, — важны, хутчэй за ўсё вызначальны акцэнт або нават кропка адліку ва ўсёй карціне. Постаці старой жанчыны і хлапчаняці — нібы альфа і амега ў вечнасці, паміж імі месцяцца водныя, зямныя і нябесныя з’явы, істоты, само жыццё — дарагая сэрцу мастака формула Радзімы.

/i/content/pi/mast/51/874/41.jpg

Партрэт Ларысы Геніюш. Алей.1984.

Атрымаўшы ў 1966 годзе вышэйшую мастацкую адукацыю, Пётра Свентахоўскі акунаецца ў вірлівае жыццё творчай інтэлігенцыі сталіцы Беларусі. Удзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках ён пачаў прымаць яшчэ ў 1960 годзе, у 1971-м — уступіў у Беларускі саюз мастакоў. У 1977–1980 гадах — адказны сакратар арганізацыі, неаднойчы абіраўся старшынёй прафсаюза.

Але ў найбольшай ступені жыццёвыя арыенціры Свентахоўскага фарміравала сябрына — аднадумцы і паплечнікі. Ад пачатку 1960-х ён меў самыя цёплыя стасункі з Яўгенам Куліком, Аляксеем Марачкіным, Уладзімірам і Міхасём Басалыгамі, Леанідам Шчамялёвым і іншымі выбітнымі дзеячамі беларускай культуры той эпохі. Паміж гэтымі людзьмі былі не толькі прыязныя адносіны, агульныя творчыя інтарэсы і грамадскія справы. Яны нібы жылі адной сям’ёй — радаваліся поспехам і дасягненням адзін аднаго, разам адзначалі агульныя святы, дапамагалі, калі надаралася бяда. А калі ў 1982 годзе ў Цэнтральным доме мастака ў Маскве адбывалася персанальная выстаўка Леаніда Шчамялёва, туды паехала «група падтрымкі» з Беларусі ў складзе 58 чалавек: кожны знайшоў на гэта ва ўласным бюджэце — сродкі, а ў асабістым графіку — час. Сярод завадатараў паездкі быў Пётра Свентахоўскі...

Найважнейшым плёнам такога сяброўства сталася з’яднанасць у справе адраджэння нацыянальных каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры, якія замоўчваліся і скажаліся ў часы таталітарызму. Адна за другой праводзіліся выставы, якія вярнулі Беларусі яе нацыянальнага героя — асветніка Францыска Скарыну, увялі ў гістарычны культурніцкі пласт краіны імя паэта-лацініста Міколы Гусоўскага, прапанавалі новы погляд на жыццё і творчасць Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Максіма Багдановіча, Дуніна-Марцінкевіча і многіх іншых. Самаадданая дзейнасць суполкі мастакоў па вяртанні краіне яе святыняў мела моцны ўплыў на іншых беларускіх аўтараў — як маладых, так і прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

Гэтая плынь напоўніла мастацтва Пётры Свентахоўскага свежым зместам і тэмамі. У яго з’явіўся і новы жанр — гістарычны краявід, да яго можна аднесці такія карціны, як «Палі Міншчыны» (1983), «Царква ў Сынкавічах» (1984), «Старая царква» (1993), «Стары гасцінец» (1998), «Старажытны край» (2005). Часам манументалізаваным гістарычным панарамам з выявамі помнікаў дойлідства надаваўся лірычны або драматычны акцэнт («Вяселле ў Міры» (1984), «Пажар у Мірскім замку» (1989)): літаратурныя імправізацыі мастака на тэмы захавання гістарычных каштоўнасцей прымушалі суперажываць з’явам і падзеям, у нейкім сэнсе разбуралі «сцяну стагоддзяў» паміж сучасным чалавекам і даўняй эпохай. Гэтая ўдалая рэжысёрская знаходка ў папулярызацыі помнікаў дойлідства, якая потым у розных варыяцыях была падхоплена іншымі творцамі, належыць менавіта Свентахоўскаму.

Новыя вобразы з’явіліся і ў партрэтным мастацтве. Калі раней аўтар ствараў дзясяткі выяў вайскоўцаў — тых, хто быў для яго ўзорам у гады дзяцінства, каго ён спяшаўся занатаваць для гісторыі як герояў вайны, з кім давялося правесці час у перыяд кароткай вайсковай службы па заканчэнні інстытута («Танкіст», «Трубач», «Камандзір танка Каршуноў» (усе 1969) і многія іншыя), — то цяпер мастака вабяць вобразы асветнікаў і таямніцы народнай абраднасці. Жывапісец увасабляе карціну жніва і чароўны вобраз беларускага Купалля — «Жніво» (1970), «У купальскую ноч» (2004), піша пранікнёныя партрэты Алаізы Пашкевіч (Цёткі) («Пачатак. Алаіза Пашкевіч» (1978) і «Нас кавала маладосць» (1978)), іншых гістарычных асоб («Еўфрасіння Полацкая» (1980), «Багдановіч у Крыме» (1981), «Цішка Гартны» (1983), «Ларыса Геніюш» (1984)). Партрэты вызначаюцца далікатнай манерай рэалістычнага пісьма, жаданнем максімальна выявіць вызначальныя рысы характару, перадаць мелодыку вобраза. Абмаляваць асаблівасці і духоўныя вартасці свайго героя, а не прэзентаваць перадусім сябе як мастака — праз гэтыя прыярытэты Свентахоўскі адмаўляе ў творчасці любую манернасць, цалкам аддаецца шчыраму і паглыбленаму пранікненню ў характар і пераносіць праўду пачуцця на палатно.

Сярод найлепшых партрэтаў, напісаных Свентахоўскім, — «Партрэт Леаніда Шчамялёва» (1986). У гэтым творы паўстаў велічны вобраз глыбокага ў пачуццях да зямлі, да свайго народа, Радзімы чалавека, які з характэрным для партрэтаванага лёгкім прышчурам уважліва ўзіраецца з палатна ў гледача. Шмат перажытага чытаецца ў гэтым поглядзе. Тут і горыч, і расчараванні. Але не страчана надзея. Таму ўвесь вобраз пранікнуты ўраўнаважанасцю і ўпэўненасцю.

Карціна пабудавана ў традыцыйным стылі параднага партрэта часоў класіцызму — фігура ў тры чвэрці, на героі — касцюм з ордэнамі за подзвігі ў вайне. Постаць падаецца велічна і ўрачыста. На заднім плане замест пышных дэкарацый — сціплы краявід з навіслымі змрочнымі хмарамі над ім. Дзесьці далёка між хмар — невялікі прасвет з ледзь заўважным намёкам на сонца на гарызонце. Знічкай у панараме восеньскай зямлі — адзінокая выява белага коніка: згадка пра кавалерыйскую службу Шчамялёва ў войску і яго любоў да гэтых высакародных і прыгожых істот. Адразу за плячыма партрэтаванага — гронкі рабіны, нібы бліскаўкі на змрочным фоне. Іх святочная чырвань — умоўны салют памяці, годнасці, адданаму служэнню Радзіме.

Пры ўсіх прыкметах параднасці карціна пазбаўлена пафасу. Перад гледачом паўстае яго сучаснік, якому давялося зведаць нямала выпрабаванняў, — усё гэта ўвасобілася ў стомленым поглядзе вачэй. А пра жыццё гэтага чалавека, энергетыку яго асобы і характар выразна кажуць сціплыя дэталі — мовай нюансаў і акцэнтаў.

Партрэт Шчамялёва — безумоўны здабытак і дасягненне не толькі асабістай творчасці Пётры Свентахоўскага. Гэта ўклад у нацыянальную галерэю гістарычных вобразаў дзеячаў беларускай культуры.

Пётра Свентахоўскі шмат і з захапленнем пісаў краявіды Беларусі. Асабліва любіў Полаччыну, вандраваў па ёй разам з жонкай Валянцінай, таксама выдатнай мастачкай. Яго эцюды набывалі вартасць завершаных карцін — столькі ў іх было цэласнага пачуцця, учэпістасці мастакоўскага бачання, умення заўважаць знакі жыцця. Многія з іх — «На ўскрайку вёскі» (1977), «Халоднае лета» (1988), «Ліпеньскі ранак» (1990), «Прастор» (1999), «Зімовы краявід» (2000), «Віркудскія прасторы» (2000), «Азёрны край» (2001), «Восеньскі спакой» (2002) і іншыя — сапраўдныя сімфоніі пра родную прыроду, увасобленыя мовай фарбаў.

З не меншым захапленнем Свентахоўскі пісаў нацюрморты. Тут яму цяжка было спаборнічаць з Валянцінай Свентахоўскай, класікам жанру, тым не менш у Пётры Уладзіміравіча былі ўласныя шчымлівыя і прасветленыя выяўленчыя погляды на «кветкавы рай» палёў і лугоў, садоў і агародаў. Яго букеты ў карцінах «Лілеі» (1991), «Астры» (1995) і «Бэз» (1999) — ветлівы паклон творцы хараству прыроды.

Тэма вайны і яе герояў заставалася значнай для мастака да самага канца яго жыцця. Ён вельмі цікавіўся мемуарнай і гістарычнай літаратурай. Шмат дыскутаваў пра вайну з сябрамі, бачыўшымі яе на ўласныя вочы. Ды і ўспаміны дзяцінства з гадамі не сціраліся... Вайна, якую заспеў сам мастак, страчвала рысы канкрэтнасці, але набыла ў яго свядомасці значнасць філасофскай з’явы, дзе канкрэтыка — толькі масточак да глыбінь у спробах пранікнуцца сутнасцю падзей, зразумець іх значэнне ў гісторыі. Жывапісец піша карціны на тэмы вайсковай славы беларусаў больш далёкай мінуўшчыны. Адна з лепшых і значных сярод іх — «Бітва на Сініх Водах у 1362 годзе» (1981). А яшчэ былі творы пра паўстанцаў Каліноўскага, «Развітанне з маці» (1990) і іншыя.

Апошняя вайна ў новым кантэксце — з пазіцый больш шырокага грамадзянскага погляду на айчынную гісторыю — набывала новыя адценні ўвасаблення. Абаронцы Радзімы цяпер найчасцей інтэрпрэтаваліся Свентахоўскім як абаронцы нацыянальных святынь. Красамоўны прыклад гэтаму — карціна «Нашэсце» (1984): у цэнтры вайсковых падзей у першыя дні вайны апынулася полацкая Сафія.

Апошні твор, напісаны Пётрам Свентахоўскім, прысвячаўся подзвігу невядомага салдата. Ён быў у цэнтры ўвагі на прэзентацыі пасмяротнай выстаўкі мастака ў мінскім Палацы мастацтва 18 красавіка 2007 года. І гэта натуральна, бо карціна ў пэўным сэнсе стала сімвалам жыцця і творчасці мастака — сціплага творцы, што без аглядкі і чакання ўзнагарод увесь свой адведзены Богам век праслужыў людзям і Айчыне.

Творы Пётры Уладзіміравіча Свентахоўскага знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, у фондах Беларускага саюза мастакоў і Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. За дасягненні ў выяўленчым мастацтве і шматгадовую паспяховую педагагічную дзейнасць мастак быў ганараваны нацыянальнай прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

Таццяна Гаранская