Экзотыка і стыль

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Гранды еўрапейскага тэатра. Гжэгаж Яжына

Галавакружная кар’ера

Ён яшчэ малады і вельмі знакаміты. Носіць мехавую шапку ў «рускім» стылі. Містыфікатар. Час ад часу выпускае спектаклі пад псеўданімамі, мудрагелістымі ці ўвогуле жаночымі (ягонае ўласнае прозвішча ў перакладзе азначае «гародніна»).

Узлёт польскага рэжысёра, які нарадзіўся ў 1968 годзе, насамрэч імклівы. У 1995-м ён ужо асісціраваў свайму настаўніку Крысціяну Люпу, падчас пастаноўкі «Лунацікаў» Германа Броха ў «Старым тэатры» Кракава, у 1997-м паставіў свой першы спектакль — «Трапічнае вар’яцтва», у 30 гадоў стаў мастацкім кіраўніком Тэатра «Размаітошчы», цяпер самага папулярнага ў краіне сярод моладзі. За кароткі тэрмін атрымаў некалькі Гран-пры на прэстыжных фестывалях.

Перш чым стаць рэжысёрам Яжына працаваў турыстычным гідам у краінах Акіяніі і цяпер ахвотна выкарыстоўвае азіяцкую музыку ў сваіх спектаклях. Ён вывучаў філасофію ў Ягелонскім універсітэце, рэжысуру ў Вышэйшай тэатральнай школе Кракава — культурнай сталіцы Польшчы. Усе спектаклі Яжыны маюць велізарны поспех у публікі і высока ацэньваюцца крытыкай. Моцна ўразілі «Трапічнае вар’яцтва» Станіслава Віткевіча, «Івона, прынцэса Бургундская» Вітольда Гамбровіча, «Князь Мышкін» паводле Фёдара Дастаеўскага і «Доктар Фаустус» паводле Томаса Мана. Сярод апошніх работ — «Урачыстасць» (сцэнічная версія фільма Томаса Вінтэрберга) і «4.48. Псіхоз» па п’есе Сары Кейн. Замест прозвішча рэжысёра ў афішы «Урачыстасці» стаіць таямнічае Н7, а «Псіхоз» падпісаны знакам +.

Складанне або адніманне?

Не, галоўнае ў «Псіхозе» не складанне (арыфметычнае дзеянне, выяўленае знакам +), хоць рэжысёр падпісаўся менавіта так, а адніманне. Манатонны, пазбаўлены эмоцый голас дыктара цягам спектакля перыядычна раняе лічбы: «100, 93, 86...» — і гэтак далей, да двух. Кожная наступная лічба на сем меней за папярэднюю. Такога роду адніманне — тэст, які праводзіцца ў клініцы для душэўнахворых. Чым лягчэй пацыент можа здзейсніць адваротны лік, тым больш у яго шанцаў на вяртанне да нармальнага існавання. Аднак убываючая паслядоўнасць лічбаў у «Псіхозе» вядзе гераіню не да выздараўлення, а да смерці. Гэта само жыццё меншае, выцякае ў нікуды. Працэс няўмольны і немінучы.

Часам лічбы праектуюцца на экран. Іх бясконцая плынь сцякае па сцяне — уніз, уніз, у пустату — неверагодна жудаснае і прыцягальнае відовішча.

Яжына ўзяў для пастаноўкі складаны тэкст: трагічны дзённік паглыблення чалавечай душы ў багну вар’яцтва. Усё — на мяжы, на апошняй рысе, усё — боль і адчай. Тэкст здаецца бязладным, гэта плынь хворай свядомасці, пакутлівы ўнутраны маналог. Майстэрскай рукой Яжына ператварае яго ў дасканалы сцэнічны твор.

У цемры слаба высвечваецца твар, падобны на маску; ён прыгожы і жудасны адначасова, ён палохае некантралюемым напорам эмоцый, што рвуцца вонкі. Не адвесці позірк, не схавацца...

Яжына дае гераіні суразмоўцаў: нечакана матэрыялізуюцца яе сябар, каханка, урачы, як выспы рэальнасці ў акіяне трызнення... Ёсць яшчэ два персанажы, таксама прыдуманыя аўтарам спектакля: гэта двайнікі гераіні — маленькая хворая дзяўчынка і старая хворая жанчына. Дзяўчынка з’яўляецца на сцэне, калі гераіня жменямі глытае таблеткі, запіваючы іх балгарскім віном. Яны сядзяць разам на шкляной падлозе, у якой усё адбіваецца, як у люстэрку, абедзве ў белых дзіцячых маечках з вішанькамі, вакол раскіданыя таблеткі. Недзе бестурботна спявае Мэрылін Манро, мелодыя паступова аддаляецца, яна нібы сціхае ў адурманенай свядомасці. Дзяўчынка потым прыйдзе яшчэ раз — усё ў тым жа адзенні, але з забінтаванай галавой.

Старая жанчына ідзе па калідоры і моўчкі сядае на крэсла. Сівізна, акуляры, недарэчна ружовы стары халат, бальнічныя пантофлі... Яна стамілася і пакарылася лёсу, яна ўжо нічога не адчувае. У фінале маладая гераіня кідаецца ў істэрыку, заходзіцца крыкам, а аголеная маўклівая старая павольна праходзіць уздоўж сцен, нібыта так ідуць у газавую камеру. (У тэксце Сары Кейн ёсць сцвярджэнне, што гэта менавіта яна душыла яўрэяў газам, — жудаснае, непазбыўнае пачуццё віны за ўсе жахі, здзейсненыя людзьмі). Спакутаваная, напаўаголеная, у крыві, са слядамі парэзаў на руках дзяўчына (актрыса Магдалена Чэлецка) мітусіцца па краі сцэны і бясконца паўтарае перадсмяротную просьбу:

Пацвердзі мяне

Падмацуй мяне

Убач мяне

Кахай мяне

Запальваецца святло, голас дыктара ўсё цішэй і цішэй вымаўляе апошнюю лічбу: «Два... два... два... два...».

Яшчэ адна дэталь: акцёры не выходзяць на паклоны.

Стылізацыя мінулага

Гжэгаж Яжына ўдачлівы ва ўсім, але быць модным яўна не імкнецца. Тонкае пачуццё стылю дазваляе рэжысёру з аднолькавым бляскам звяртацца як да дня сённяшняга, так і да мінулых эпох. П’еса класіка польскага авангарда Станіслава Віткевіча «Містар Прайс, або Трапічны бзік» (1920, у сааўтарстве з Яўгеніяй Дунін-Баркоўскай) цалкам можа быць аднесена да лёгкага жанру. Мастак Сідні Прайс у імкненні заняцца каланіяльным бізнесам звязваецца з буйнымі дзялкамі, але яго спакушае і атручвае проста ў ложку жонка боса. Потым Прайс уваскрасае, усведамляе марнасць страсці да грошай і знікае ў ночы. Спектакль «Трапічнае вар’яцтва» (2003) унікальны не толькі з тэхналагічнага боку, які забяспечвае сцэнічныя эфекты, але і па стылі, і па акцёрскім існаванні.

Яжына валодае рэдкім дарам — падпарадкоўваць акцёрскую прыроду стылістыцы спектакля. Акцёры лёгка і ўпэўнена існуюць у гэтай экзатычнай пародыі на меладраму і містэрыю. Вось жанчына-вамп, манерная і какетлівая, яна напаказ сексуальна. Ёй дазволена ўсё, і яна можа ўсё. Або містар Прайс, які балансуе на мяжы здаровага розуму і вар’яцтва, ягоныя твар і жэсты дакладна перадаюць гэтую шторазовую «разбалансаванасць» свядомасці...

Мізансцэны змяняюцца вытанчана і таямніча, як у наркатычным напаўсне. Хтосьці сядзіць за столікам, хтосьці ўваходзіць і выходзіць, недзе размаўляюць, але ўхапіць словы немагчыма, хоць здаецца, што гэта вельмі важна... Наступная «карцінка», яшчэ адна... Яжына выбудоўвае на сцэне новую рэальнасць, нейкі паралельны свет, надзвычай падобны да рэальнага, але ўсё ж у нечым няўлоўным зусім іншы (успомнім фільмы Дэвіда Лінча). Ірацыянальнасць, сатканая з паветра звычайнага жыцця...

«Тэатр павінен быць адначасова прадуктам і мастацтвам. Інакш ён губляе сэнс, — кажа Яжына. — Для мяне тэатр — месца, дзе сустракаюцца ўсе галіны чалавечай думкі. Гэта цудоўны кіпячы гаршчок. Задача — знайсці добрага кухара, які спалучыць інгрэдыенты і прыгатуе смачную страву. Як кухар, я магу прапанаваць крышачку радыскі, крышачку капусты і шмат іншых смачных рэчаў».

Усё добра,
цудоўная маркіза...

Старая сядзіць у інвалідным крэсле і слухае радыёпрыёмнік. Адтуль ліецца: «Даўным-даўно, калі свет жыў па боскіх законах, на свеце былі адны палякі. Палякі ў Францыі, палякі ў Германіі і ў Бразіліі... Потым у нас аднялі Францыю, Бразілію, Германію, Амерыку. Апошняй аднялі Расію і навучылі яе насельніцтва такой дзіўнай мове, каб мы яе не разумелі...» У старой жанчыны ёсць дачка і ўнучка, яны жывуць у аднапакаёвай кватэры са старой мэбляй — практычна на звалцы — і ўсім задаволены. Дачка варыць суп «з какашак», чытае мінулагодні часопіс са сметніцы (яна стаіць тут жа, у куце сцэны). Унучка носіць гэткі ж белы парык з коскамі, як і бабулька. А старая чакае, што вось-вось пачнецца Другая сусветная вайна, і згадвае, як у парку з ёю пазнаёміўся нейкі ветлівы немец па прозвішчы Альцгеймер...

Гэты бліскучы спектакль па п’есе Дароты Маслоўскай «У нас усё добра» Гжэгаж Яжына паставіў у Тэатры «ТР–Варшава» (2009). Кожны новы паварот тэксту моцна сціскае спружыну спектакля і шырока рассоўвае яго рамкі: тут і ўся Польшча, і больш за... Нарэшце на сцэну ўрываецца «глядачка»: «Я рада, што ёсць хтосьці, каму жывецца горш, чым мне!..»

Белыя сцены пакоя становяцца экранамі: на іх узнікаюць то кадры ваеннай хронікі, то бягучы конь... Гратэск нарастае, часам ператвараецца ў абсурд. Акцёр, які дае інтэрв’ю, проста ў кадры нюхае какаін; красоўкі ўнучкі набываюць кольцы... І, нарэшце, унучка заяўляе: «Я не полька, я еўрапейка!» Яна засвоіла, што палякамі быць сорамна.

І тут... пачынаецца тая самая Другая сусветная, пра якую гэтак часта згадвае бабулька. Дачка, што не паспела трапіць у бамбасховішча, гіне, і толькі яе адбітак застрае ў люстэрку, а ўнучка на каленях просіць у бабулькі кавалак хлеба.

Кажуць, смяяцца з сябе — адзнака мудрасці і жыццёвай сілы....

Прынамсі, Яжыну хапіла для гэтага смеласці і таленту.

«Тэарэма» без доказу

Фільм класіка італьянскага кіно Паола Пазаліні выйшаў на экраны якраз у тым годзе, калі Гжэгаж Яжына нарадзіўся, — у 1968-м. А спектакль «Т.Е.О.R.Е.М.А.Т.» паводле фільма быў створаны ў Тэатры «ТР-Варшава» роўна праз сорак гадоў, у 2008-м. Сюжэт застаўся ранейшым, але ссоўванне акцэнтаў змяніла ўсё. Замест клічніка з’явілася шматкроп’е.

Вось два водгукі на спектакль заходніх рэцэнзентаў. На думку Хэлен Шоу (часопіс «Time Out New York»), «на Яжыну ўплывае кінематограф у шырокім дыяпазоне: у прэсе ён згадвае “Бягучага па лязу брытвы”; перанасычаныя колеры спектакля нагадваюць Піцера Грынуэя; гіганцкі трус-галюцынацыя — прывітанне ад “Доні Дарка”, а элітарны эстэцкі хорар — чыстай вады Гільерма дэль Тора». Софі Горман у газеце «The Irish Independent» адзначае: «Гэты спектакль часам захапляльна цудоўны, часам дзіўным чынам спакуслівы, а часам напоўнены нечаканым гумарам. У спектаклі ёсць некалькі рэдкіх момантаў, калі акцэнт на стылі крыху адсоўвае канцэпцыю ў цень, а ідэя надта “ператрыманая”. Але гэтыя моманты амаль незаўважныя ў рабоце, што зачароўвае як сваёй мэтай, так і спосабам яе дасягнення».

У элегантнай буржуазнай гасцінай 1960-х з’яўляецца загадкавы незнаёмец. Ён надзвычайна сексуальны і таямніча прывабны, і гэта адчуваюць усе члены сям’і. Спакушэнне непазбежнае, і яно змяняе кожнага. Сын становіцца мастаком, дачка страчвае цнатлівасць, маці купляе маладых каханкаў, а галава сям’і аддае сваю фабрыку рабочым і сыходзіць. Незнаёмы знікае, пакінуўшы пасля сябе руіны калісьці добрапрыстойнай сям’і.

Пазаліні спачуваў камунізму і лічыў, што буржуа ніколі не мае рацыі, якія б добрыя намеры ні кіравалі ім... Для Яжыны камуністычныя ідэалы — не цудоўная будучыня, а смутнае мінулае. Таму галоўны герой (вядомы польскі акцёр Ян Энглерт) на пачатку спектакля ўпэўнена адказвае на пытанні залы аб грамадстве, маральнасці і рэлігіі, а ў канцы не можа адказаць ні на адно.

Прыгожаму, стыльнаму спектаклю дадатковую фарбу дадае той факт, што незнаёмца іграе Себасцьян Паўляк — Хрыстос з «Вавілона» Маі Клячэўскай. Зрэшты, для Яжыны, здаецца, зусім неістотна, кім пасланы нячысты спакушальнік — сіламі дабра ці зла.

Адказаў на галоўныя пытанні сёння няма — вось што важна.

 

Ніна Мазур