Вікторыя Мітрычэнка

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Хрусталь для мары і парцаляна для працы...

/i/content/pi/mast/51/870/23.jpg

Віка Мітрычэнка, Максім Тымінько. Шынуазры. Кінетычная скульптура, шматканальная відэапраекцыя. 2007.

Вікторыя Мітрычэнка нарадзілася ў Мінску, у 1997 годзе скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў. У 2000-м з’ехала ў Галандыю, дзе скончыла Акадэмію мастацтва Герыта Рытвелда, была рэзідэнтам Каралеўскай акадэміі мастацтваў у Амстэрдаме. Сёння жыве і працуе ў Амстэрдаме, выкладае ў Акадэміі мастацтва Герыта Рытвелда. Рэалізуе свае аб’екты ў самых розных матэрыялах, тэхніках і маштабах. Работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях і музеях свету.

У сваёй творчасці ты захоўваеш прыхільнасць да керамікі. А як ты ўвогуле прыйшла ў мастацтва?

— З дзяцінства для мяне было зразумела, што буду мастаком. Шмат малявала і ляпіла, а «запаліла» мяне керамікай Тамара Сакалова. Я працую з рознымі матэрыяламі: паліэстарам, гіпсам, шоўкам, але найбольш падабаецца фарфор. Заварожвае сам працэс: ляпіць, фарбаваць, ставіць у печ. І тут ёсць момант, ад якога многія становяцца залежнымі: работу не ўбачыш, пакуль печ не адкрыеш. Для мяне гэта таксама шмат значыць.

Кераміка праз тысячагоддзі данесла да нас інфармацыю пра старажытныя культуры. Не архітэктура, не жывапіс, а менавіта кераміка захавалася ў выглядзе артэфактаў, астаткаў цывілізацый. Ты ўсведамляеш адказнасць за тое, што твае творы застануцца праз стагоддзі?

— Ніколі не думала пра гэта. Але кераміка дакладна застаецца пасля пажару! У Акадэміі, дзе я працую, быў пажар — згарэла ўсё, захаваліся толькі керамічныя работы студэнтаў. Дасюль усе жартуюць з гэтай нагоды.

Нядаўна я быў у музеі ў Дзюсельдорфе: гістарычны раздзел прадстаўлены добра, а сучасная кераміка робіць дзіўнае ўражанне. Як ты мяркуеш: сёння гэта дзеяздольны матэрыял ці толькі вузкі аспект мастацтва?

— З-за такіх мастакоў, што вы бачылі ў музеі, рэпутацыя яе дастаткова неадназначная, але сам матэрыял — выдатны, ёсць шмат прыкладаў належнага яго выкарыстання. Грэйсан Пэры за свае керамічныя вазы атрымаў Прэмію Цёрнера. Джэф Кунс працаваў з керамікай, і ў адным з інтэрв’ю ён тлумачыць, наколькі пяшчотны гэты матэрыял. Ён рабіў велізарныя фарфоравыя скульптуры. Ай Вайвэй — кітайскі творца, які ў гэтым годзе часопісам «ArtReview» прызнаны самым уплывовым мастаком у свеце, прадставіў у «Tate Modern» вялікую інсталяцыю з фарфоравымі семкамі. А згадаем яго кока-кольныя амфары і кавуны...

Чым адрозніваецца кітайскі фарфор ад еўрапейскага?

— У Кітаі ён гатовы ў зямлі ляжыць, а ў Еўропе яго вынайшлі толькі ў ХVІІІ стагоддзі пасля сотняў стагоддзяў пошуку. Ён складаецца з дваццаці інгрэдыентаў, і рэцэпт фабрыкі трымаюць у сакрэце.

Ты дастаткова паспяховы мастак у Галандыі, але шлях, які ты прайшла, быў складаны...

— У чымсьці — паспяховы, у чымсьці — не... У Галандыі адразу было цяжка: усё незразумелае, веданне мовы амаль нулявое, ды і грошы закончыліся праз тры тыдні... Але нібы ў самім паветры лётала адчуванне магчымасцей і перспектыў, якія ёсць у гэтай краіне. Гэта давала адрэналін, патрэбны для выжывання і працы, — тое, чаго ніколі не было ў Беларусі.

Якая роля мінскага перыяду ў тваім мастакоўскім станаўленні?

— У Мінску я вырасла. Тата хацеў, каб стала мастаком, вадзіў мяне ў мастацкую студыю Леаніда Хобатава. Там пазнаёмілася з вамі і Тамарай Сакаловай і зразумела, што мастакі жывуць не так, як усе, у іх жыцці іншая логіка, незразумелая абывацелю, — мне ўсё гэта вельмі падабалася. Тады і ўсвядоміла, што я таксама — мастак і нічым іншым займацца не змагу.

Якім чынам кантактуеш з калекцыянерамі і галерыстамі?

— Адносіны адначасова і простыя, і складаныя. Простыя, таму што ўсё ясна: я прадаю, яны купляюць. Складанасць у тым, што ад мяне часам чакаюць паўтарэння паспяховага старога. І бывае, што даводзіцца займацца не творчасцю, а прадукцыяй. Амаль ва ўсіх маіх калег, якія супрацоўнічаюць з галерэямі, такая ж праблема.

І гэта накладвае пэўны адбітак на мастака, калі той пачынае працаваць не над якасным, а над колькасным складнікам сваёй творчасці...

— Такое можа і пагубіць. Важна гэта ўсведамляць і знаходзіць спосаб пазбягаць падобных сітуацый. Вудзі Ален неяк сказаў з нагоды ўласнага становішча: «Я сяджу на раскручанай каруселі і не ўяўляю, як з яе саскочыць».

Наколькі я ведаю, Германія і Галандыя знакамітыя тым, што маюць разгалінаваную сістэму грантаў.

— Так, тут спрыяльны клімат — у тым сэнсе, што няма мастакоў-жабракоў. Нідэрланды і многія іншыя еўрапейскія краіны вельмі шмат сродкаў укладаюць у культуру, кепскую ці добрую — няважна. Але найбольш — у некамерцыйнае і эксперыментальнае мастацтва, там і адбываецца самае цікавае.

Хто выдзяляе гранты і як іх разглядаюць?

— У Нідэрландах 80 працэнтаў грошай на культуру дае Міністэрства культуры, 20 працэнтаў — прыватныя арганізацыі і спонсары. Існуе некалькі фондаў, якія размяркоўваюць гэтыя грошы на цікавыя і важныя, на іх думку, выставы і праекты. Фонд запрашае камісію чалавек з дзесяці. Звычайна гэта куратары з музеяў, вядомыя мастакі і мастацтвазнаўцы. Камісіі мяняюцца каля чатырох разоў на год, каб не ўзнікала карупцыя.

Добрая сістэма. У вас ёсць такое ўнікальнае месца — Райкс-акадэмія. Яна не адукацыйная...

— Гэта ўвогуле не акадэмія, а двухгадовая рэзідэнцыя і вельмі прэстыжнае месца. Туды карысна трапіць амбіцыйнаму чалавеку. Да мастака, які там пабываў, асаблівая ўвага з боку куратараў і калекцыянераў. У Райкс-акадэміі ні ад каго не залежыш і ніхто табе не скажа, што твая ідэя невыканальная. Наадварот, будуць думаць, як гэта рэалізаваць, і прафінансуюць праект. Раз на год праходзіць тыдзень адчыненых дзвярэй і пяцьдзясят творцаў паказваюць тое, што яны зрабілі.

У Райкс-акадэміі ты выканала вельмі цікавую работу паводле баек Эзопа.

— Называлася яна «Гадаванцы Эзопа». Пасля гэтага дзяржаўны музей у Дэн Бошы запрасіў мяне зладзіць маю першую персанальную выставу. Для мяне гэта падзея вельмі шмат значыла.

Як яны цябе заўважылі?

— Гэта ўсё ўмомант здарылася. Па прыездзе ў Галандыю я спачатку пяць гадоў мыла посуд, яшчэ два гады была асістэнтам і на ежу грошай ніколі не хапала. А пасля Музей сучаснага мастацтва ў Амстэрдаме купіў у мяне работу «Бабуліны скарбы», пасля чаго адразу ў майстэрню сталі прыходзіць галерысты, якія раней мяне за дзверы выстаўлялі.

У Дэн Бошы на дзесяціметровай сцяне я зрабіла інсталяцыю з трыццаці прадметаў — пахавальных урн з бюстамі жывёл Эзопа. Такія вясёлыя і яркія могілкі маралізму.

Сучаснае грамадства многіх мастакоў абвінавачвае ў амаральнасці. Ці сумяшчальныя гэта рэчы — мараль і мастацтва?

— Мастакі ўвасабляюць стан самога грамадства, але я не ведаю ніводнага добрага творцы, які б займаўся маралізатарствам.

Ты — чалавек веруючы. Хрысціянства ж пабудавана на пэўных маральных канонах. 10 запаведзяў...

— Ёсць вера, а ёсць рэлігія — дзве супрацьлеглыя рэчы. Рэлігія — гэта традыцыя, правілы, абмежаванні, вера — гэта свабода.

Ці магчымы сёння новы рэлігійны канон? Напрыклад, у пратэстантызме? Пратэстанты ж не вельмі ўхвалялі мастацтва...

— Рэлігійны канон наўрад ці магчымы. Тут, у пратэстанцкай Галандыі, моцны дух гуманізму. Асноўная маса людзей — атэісты, яны ненавідзяць рэлігію і вельмі шануюць свой лібералізм. Пратэстантызм праяўляецца толькі як традыцыя: Каляды, Вялікдзень. Сучасныя «пратэстанты» вельмі любяць мастацтва. Калі прайсціся ў Амстэрдаме ўздоўж каналаў і паглядзець у вокны дамоў (фіранак у парадных вокнах няма), то на кожнай сцяне ўбачыш карціны, фотаздымкі, усе віды старога і новага мастацтва.

/i/content/pi/mast/51/870/25-.jpg

Гадаванцы Эзопа. Парцаляна, гіпс, цэмент, шаўкаграфія. 2007.

Твая работа паводле сямейнай гісторыі «Трафеі» яшчэ ў задуме набыла вядомасць і была закуплена Музеем сучаснага мастацтва ў Амстэрдаме. Ідэя мне вельмі падабаецца, спадзяюся, і выкананне будзе такое ж цікавае. Раскажы пра вытокі твора...

— Работа заснавана на маім успаміне пра сямейную гісторыю, гісторыю бацькі. Ён быў надзвычай паспяховым трэнерам. Прыехаў у Мінск з глухой расійскай вёскі, але працаздольнасць, амбіцыі і апантанасць прывялі яго на высокую пазіцыю ў зборнай камандзе па плаванні. Яго выхаванцы перамагалі на алімпіядах, ён атрымаў запрашэнне паехаць трэнерам у Канаду. Аднак абставіны склаліся такім чынам, што ён — у росквіце сіл, поўны ідэй і планаў — быў выцеснены калегамі і зняты начальствам з пасады галоўнага трэнера. Гэта адбылося трыццаць гадоў таму. Цяпер у яго іншыя інтарэсы: ён калекцыянер твораў мастацтва. Раней я думала, што бацька жыве з пачуццём нерэалізаванасці і з думкамі пра тое, што яго мары калісьці не здзейсніліся. Сёння я разумею, што гэта не так. На прыкладзе таты бачу, як рэалізацыя таленту набывае нечаканую форму. Часта мы можам знайсці тое, чаго не шукаем, выйграць там, дзе не спаборнічаем.

Галоўнае — сама магчымасць рэалізавацца, па вялікім рахунку — няважна ў чым. Твой бацька стаў цікавым калекцыянерам, менавіта мастацтва трымае яго ў жыцці. Як ты пластычна вырашаеш гэты твор?

— Гэта серыя «спартыўных» трафеяў: са скульптурамі плыўцоў і надпісамі, якія тлумачаць, за што кожная ўзнагарода выдадзена. Напрыклад, «За тое, што ніхто з калег па спорце не змог пазбегнуць яго лекцый аб прыгожым» ці «За тое, што старанна галіўся і прычэсваўся перад тым як пазіраваць свайму любімаму мастаку С.К.» У цэлым гэтыя трафеі не за прафесійныя дасягненні, а за нейкія невялікія, незаўважныя рэчы, што засталіся ў цяні, але насамрэч, магчыма, намнога больш значныя і важныя.

Па тваіх эскізах бачна, што ў гэтым праекце прысутнічае іронія.

— Так, я вельмі сур’ёзна стаўлюся да гэтай тэмы, увогуле да мастацтва, таму яшчэ і жартую.

Якога памеру будуць твае скульптуры? Гэта ж вялізныя работы. І іх будзе каля сотні?..

— Хачу зрабіць вялікія інсталяцыі, не сотні скульптур, але сотню трафеяў. А памеры будуць розныя.

Ты дастаткова доўга жывеш за мяжой. Як адсюль выглядае сітуацыя з сучасным мастацтвам Беларусі?

— Сітуацыя застаецца складанай: мастакам час вылезці са сваіх нор. Мастацкая сістэма сёння — інтэрнацыянальная, адбываецца пастаянны ўзаемаабмен.

Не перашкаджае творчасці тое, што ты выкладаеш? Я некалі працаваў пару гадоў у вучылішчы, мяне гэта вельмі напружвала.

— Можа — крыху, толькі таму, што час адымае. Але, з іншага боку, я выкладаю ў Акадэміі, дзе вучацца студэнты з усяго свету: у групе 24 чалавекі з 15 краін. Такая атмасфера асвяжае мазгі і не дае застойвацца ў сваім балоце.

Да таго ж, хочаш не хочаш, але пэўныя рэчы даводзіцца для сябе фармуляваць, каб са студэнтам паразумецца. У гэтым карысць.

— Так, канешне. Вучышся ясней выказваць свае думкі. Я не люблю нешта доўга тлумачыць, але тут даводзіцца гаварыць шмат. Вяду заняткі і індывідуальна, і з невялікімі групамі. Мы размаўляем пра мастацтва, абмяркоўваем канцэпцыі работ.

Проста размаўляеш ці паказваеш і нейкія тэхнічныя прыёмы?

— Часам паказваю, але ў нас для гэтага ёсць тэхнолагі.

Важны падзел абавязкаў, які вызваляе педагога ад руціннай работы і дае магчымасць займацца тэарэтычнымі пытаннямі.

— Руціннай работы няма, яна нікому не патрэбная. Мы часта робім сумесныя праекты са студэнтамі і выкладчыкамі. Гэтым годам арганізавалі выставу ў Нідэрландскім банку і ў Міністэрстве фінансаў. Студэнты на практыцы асэнсоўваюць, як функцыянуе мастак. Вучацца арганізоўваць адносіны з публікай, прадаваць работы. Мы супрацоўнічаем і з іншымі акадэміямі Галандыі, кожная з якіх мае сваю спецыфіку.

Разнастайнасць навучальных устаноў спараджае разнастайнасць мастацтва. Калі існуе толькі адна акадэмія на дзесяць мільёнаў насельніцтва — атрымліваецца аднабаковы працэс. Ці не адчувала ты нягнуткасці, зададзенасці навучання, калі была ў Мінску?

— Усё было ў парадку. На аддзяленні керамікі, дзе я вучылася, была больш цярпімая атмасфера, чым, скажам, на жывапісе. З’ехала я толькі таму, што ў мяне была мара. Хрустальная мара... Зараз я разумею, што гэта добра: пакінуць сваю краіну і паглядзець на месца, дзе ты вучыўся, з іншай перспектывы.

У вас было вельмі спрыяльнае асяроддзе, і многія старыя сувязі захавалася дагэтуль. Незвычайна, але больш за дзясятак людзей працягваюць сустракацца, рабіць сумесныя праекты, выставы. У цябе, напрыклад, быў досвед працы з Максімам Тымінько. Якія адчуванні засталіся: ты — мастак індывідуальны або схільны да працы ў групе?

— Сяброў сваіх я люблю і вельмі цаню, але мастак я вельмі індывідуальны. З Максімам было цікава: мы рабілі механічную скульптуру, гэта быў адзіны мой досвед сумеснай працы.

У цябе была работа з тэкстамі. Там з’яўляюцца нейкія новыя медыйныя магчымасці, адчуваеш, што трэба пашыраць поле...

— Вы маеце на ўвазе матэрыял?

Так.

— Я не залежу ад керамікі ці парцаляны. Цяпер, напрыклад, раблю малюнкі, раней працавала з тэкстылем, з цэментам, з паліэстарам. З апошнім больш не буду — плоскі ён нейкі.

Жывапіс для цябе нейкую ролю працягвае іграць?

— Так, ён самы любімы.

А ў гісторыі мастацтваў якія творцы захапляюць?

— Тыцыян.

Тады абавязкова трэба з’ездзіць у Венецыянскую акадэмію, паглядзець раскошныя работы. Венецыянскі жывапіс — цудоўныя старонкі гісторыі...

 

Сяргей Кірушчанка