Пачаўшы тварыць, не спыняйся

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Сучаснае рамяство

/i/content/pi/mast/51/867/16.jpg
 
Гэтай восенню ў Мінску працавала Творчая майстэрня сучасных рамёстваў «I, Culture Puzzle» — сумесная работа польскіх і беларускіх дызайнераў, што адбылася ў рамках праекта «I, Culture». Праект выбудаваны як міжнародны — для дзесяці сталіц — і мусіць быць шматжанравым, складаючыся з чатырохсот культурных падзей. Cярод сталіц, дзе ў перыяд старшынства Польшчы ў Савеце Еўропы пройдзе асноўная праца ў культурніцкай сферы, — Масква, Кіеў, Брусель, Парыж, Пекін, Токіа, Мадрыд, Мінск. Для Беларусі важна, што Мінск уключаны ў гэту групу абраных гарадоў; істотным з’яўляецца і той факт, што актуалізацыя рамёстваў прызнана адным з ключавых кірункаў развіцця сусветнай культуры.

Паводле слоў дырэктара Інстытута Адама Міцкевіча Паўла Патарочына, стратэгічна гэта першая настолькі маштабная культурная праграма ў гісторыі інстытута. І несумненна, для Польшчы вялікі гонар аказацца ў ролі «крэатыўнага цэнтра Еўропы».

Быць у трэндзе

Першае пытанне, якое ўзнікае пры знаёмстве з праектам «Майстэрня», гучыць не надта карэктна: «А чаму, уласна, гэта — мастацтва?» Яго я задавала і кіраўніку «Майстэрні» Моніцы Якубяк, але адказ знайшла ў іншым месцы — на Маскоўскім біенале сучаснага мастацтва. З Мінска ў Маскву прыехала і «Майстэрня», па шчаслівай выпадковасці мы сустрэліся і працягнулі гутарку.

Дык вось, куратар біенале Петэр Вайбель, дырэктар Цэнтра мастацтва і медыятэхналогій у Карлсруэ (Германія), сфармуляваў думку, якая тлумачыць суадносіны рамяства і сучаснага арта: «Мы ўступаем у эпоху сацыяльных акцый». Паводле Вайбеля, мастацтва XXI стагоддзя вылучаецца тым, што «ўяўляе сабою адкрытую прастору для практыкі», у якой «дзейнічаюць і мастак, і глядач, і кожны атрымлівае права выказаць сябе». У поўнай згодзе з дэвізам «Перапісваючы сусветы», нашы сучаснікі асвойваюць традыцыі рамёстваў, якія знікаюць. Праект «I, Culture Puzzle» аказваецца сугучным актуальнаму мастацтву і сусветным трэндам: культуры не зліваюцца і не сутыкаюцца адна з адной, мы іх «перапісваем», пераасэнсоўваем, то-бок знаходзімся ў сталым дыялогу.

Як гэта было

Партнёрам польскіх дызайнераў у Мінску стала галерэя сучаснага мастацтва «Ў», якая забяспечыла праекту ўмовы для працы.

На працягу трох дзён група валанцёраў пад кіраўніцтвам Монікі Якубяк (якая падрыхтавала абсталяванне) вучылася, абменьвалася досведам, дыскутавала, працавала над уласнымі вырабамі hand made. Вынікам стала беларуская частка пазл-палатна «I, Culture Puzzle» (паказана ў мінскім Палацы мастацтва).

Падобныя майстэрні Моніка Якубяк да канца гэтага года правядзе ў Берліне, Бруселі, Кіеве, Лондане, Мадрыдзе, Маскве, Парыжы, Пекіне і Токіа. Кожная сталіца стварае свой фрагмент пазла, а ў выніку будзе складзена велізарная інсталяцыя.

Абмеркаванне маральна-этычных каштоўнасцей, якія ляжаць у аснове працы рамесніка, стварэнне атмасферы павагі да традыцыйных і новых матэрыялаў, да якасці ручной працы, да навыкаў, перададзеных з пакалення ў пакаленне, сталі неад’емнай часткай творчай майстэрні. Не засталіся ўбаку і эканамічныя пытанні: наколькі адэкватна ацэньваецца грамадствам праца рамесніка, колькі часу затрачвае майстар на свой выраб, як рамяство змяняе лад жыцця майстра...

У адзін з дзён валанцёры наведалі прадпрыемства «Скарбнiца», дзе ў складзе чатырох груп (ткацтва, нацыянальны касцюм, вышыўка і саломапляценне, абрадавая лялька) пазнаёміліся з народнымі творцамі і ўмовамі іх працы.

Такім чынам, «Майстэрня» ўяўляла сабою тэарэтычную падрыхтоўку і практыку рамяства; з улікам спецыялізацыі Монікі Якубяк гэтым рамяством стала шыццё.

Праз далучанасць да стваральнай атмасферы, эмацыйныя дыялогі і запал валанцёраў паўстала ўнікальная творчая пляцоўка, напоўненая энергіяй, жаданнем засвойваць нешта новае, эксперыментаваць. І, вядома, усіх натхняла ідэя «I, Culture Puzzle» — збіранне культуры, мастацтва і рамесных навыкаў у адзіны, творчы, гуманны ў стаўленні да чалавечай асобы свет.

Матывацыя — вялікая справа!

Адзін з найболей значных складнікаў праекта — матывацыя яго ўдзельнікаў і тое, як яны змаглі яе сфармуляваць, гэта значыць — усвядоміць. Бо ўсякі досвед каштоўны не сам па сабе, а тым, як ён адрэфлексаваны. Дык вось, падчас знаёмства сябры групы спачатку мысленна, а потым услых узнаўлялі пройдзены імі шлях: казалі пра эмоцыі, выкліканыя зносінамі з тканінай, пра рызыку, адчуванне якой прыходзіць ад адной толькі думкі, што хтосьці можа штосьці зрабіць лепш. Некаторыя ўдзельнікі праекта распавядалі пра традыцыю хатняй самаробкі ў сваёй сям’і: у кагосьці яна перарывалася, у некага перадавалася ў спадчыну. Захапленне нестандартнымі ўпрыгажэннямі, памяць пра рана памерлую сястру, любоў да засяроджанай медытатыўнай працы прывялі да рамяства маркетолага, архітэктара, студэнта-філолага, гісторыка музыкі; людзей натхніла магчымасць стварэння інсталяцый у хатнім інтэр’еры, жаданне апрануцца ў нацыянальны касцюм. Адна з удзельніц казала пра персанальны сацыяльны праект па працы з дзецьмі, якіх яна планавала захапіць самаробкай, стварыўшы для гэтага адмысловы дзіцячы цэнтр. Цацкі з поўсці і паперы, распісаныя бутэлькі і ўласнай вытворчасці паштоўкі — стваральнікі ўсіх гэтых вырабаў жадалі праз працу далучыцца да новых тэхналогій, абмеркаванняў, самасцвердзіцца ў асяроддзі, дзе ёсць разуменне і пошук блізкіх каштоўнасцей. Гэтую прагу падзялялі як зусім юныя дзяўчыны, так і дамы пенсійнага ўзросту, чыя прысутнасць у групе асабліва ўзрадавала Моніку. Былі ў групе і мужчыны: адзін меў досвед працы з дрэвам, а другі ўвесь час «падаграваў» аўдыторыю, сумняваючыся ў значэнні рамёстваў, якія саступілі ідэалам кансьюмерызму. Гэтаму чалавеку ўдавалася вельмі своечасова правакаваць дыскусіі і нават надаваць ім вызначаны градус, што толькі ўмацоўвала валанцёраў у іх імкненні асвоіць новае захапленне. Паводле слоў аднаго з іх, «чалавек, які распачаў творчасць, не спыняецца».

Моніка Якубяк: «Людзі адчуваюць сябе часткай культуры»

«Пытанне, дзе заканчваецца рамяство і пачынаецца мастацтва, складанае. Думаю, выразнай мяжы няма. Ёсць людзі, якія не надаюць рамяству і сваім вырабам асаблівага значэння, яны кажуць: “Проста гэта прыйшло мне ў галаву — вось я і зрабіў”. Старэйшае пакаленне майстроў наогул вельмі сціплае.

Хоць я не самы вядомы польскі дызайнер, але — незалежны мадэльер, кансультант праектаў, і так атрымалася, што цяперашні мае яркі адукацыйны кантэкст. Яго можна назваць псіхалагічным, антрапалагічным, этнаграфічным, сацыялагічным, а ўсё разам — гэта такі вялікі перформанс.

Адраджэнне рамёстваў — адзін з пяці буйных кірункаў “I, Culture”. Нароўні з візуальнымі мастацтвамі, літаратурай, музыкай, кіно і тэатрам рамяство патрапіла ў лік прыярытэтаў польскай культуры. Для ўсіх нас гэта надзвычай важна. У кожным горадзе ўсё адбываецца па-свойму, дзякуючы лакальным асаблівасцям праект эвалюцыянуе. Душа праекта — мясцовыя валанцёры.

Можна сказаць, што абмен інфармацыяй і досведам вельмі каштоўны для кожнай краіны. Штораз у нас на вачах нараджаецца маленькая супольнасць людзей, якія прыходзяць у галерэю і шыюць разам. Потым — разыходзяцца, але яны перажылі гэтулькі эмоцый, што — так, мы можам казаць пра мастацтва...

Падчас сустрэч, калі валанцёры пачынаюць разумець, у чым сутнасць праекта, адбываецца наш агульны рух да сваіх каранёў і іх уласнае паглыбленне ў сваё жыццё, якое прывяло іх да цяперашняга рамяства. Зараз яны пачуваюцца часткай гісторыі сваёй сям’і, часткай культуры.

Што да эканамічнага аспекту, дык гэта таксама няпростае пытанне. У фінансавым плане майстру даводзіцца вельмі цяжка: ён павінен купляць незвычайныя матэрыялы, якія часам шукаеш па ўсёй краіне, павінен плаціць падаткі, а ў выніку атрымліваецца эксклюзіўная рэч, якую не кожны можа сабе дазволіць.

Таму я імкнуся нічога не чакаць, не строіць планаў, сустракаючыся з людзьмі. Бо чаканні спачатку цябе ў нечым абмяжоўваюць, а потым ты ў чымсьці расчароўваешся. Я проста цешуся, што людзі добра ўспрынялі “Майстэрню”. Люблю, калі прыходзяць пажылыя жанчыны, мяне захапляе, што прадстаўнікі розных пакаленняў не канфліктуюць, а абмяркоўваюць вельмі шырокія тэмы. Потым яны садзяцца кожны за сваю машынку, але робяць зноў-такі штосьці агульнае...

Многія кажуць, што хацелі б пазнаёміцца з новымі людзьмі. Зараз жа ўсе знаёмствы адбываюцца ў сацыяльных сетках і ствараецца ўражанне, што ў рэальным жыцці ніхто нікому не патрэбны. Але ўдзельнікі праекта атрымалі магчымасць прыйсці сюды, разам штосьці зрабіць, і гэта ў чымсьці змяніла іх жыцці. У іх ёсць патрэба падзяліцца думкамі і пачуццямі, таму я спадзяюся, што праект дае людзям надзею».

Любоў Гаўрылюк