Беларуская версія «Рускіх сезонаў»

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Грузінская драма і арабскія казкі

/i/content/pi/mast/51/864/12.jpg

«Тамар». Алег Турко (Візір).

На пачатку лістапада Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь прадставіў публіцы дзве новыя харэаграфічныя работы. Гэта аднаактовыя спектаклі «Тамар» на музыку Мілія Балакірава і «Шахеразада» на музыку Мікалая Рымскага-Корсакава. Цікава, што абодва пазначаныя балеты мы пабачылі спярша ў выкананні гастралёраў, маскоўскай трупы «Крамлёўскі балет». «Тамар» — напрыканцы сёлетняга кастрычніка, а «Шахеразаду» — восенню мінулага года. Абедзве гастрольныя вандроўкі адбываліся ў межах праекта Андрыса Ліепы «Рускія сезоны ХХІ». Такім чынам, ёсць падставы для параўнання і аналізу.

Сучасным прадзюсарам, якія працуюць у сферы акадэмічных жанраў, варта павучыцца ў Андрыса Ліепы ўменню маштабна і эфектна падаць зроблены прадукт: калі прэс-канферэнцыя перад гастролямі — дык у прадстаўнічых будынках «Дома Масквы» або Пасольства Расійскай Федэрацыі; калі рэкламная прадукцыя — дык аб’ёмныя буклеты (і ў колькасці, каб хапіла ўсім журналістам). Адначасова з тэатральным паказам ладзіцца яшчэ мноства мерапрыемстваў і імпрэз, што пашыраюць аўдыторыю і розгалас з’явы (напрыклад, персанальныя выстаўкі мастакоў, сустрэчы са студэнтамі харэаграфічнай і мастацкай вучэльняў і г.д.).

Але ж «Рускія сезоны» сапраўды былі маштабным праектам! Нагадаю: у 1909-м Сяргей Дзягілеў упершыню прэзентаваў Еўропе рускі оперна-балетны сезон. Штогадовыя праекты доўжыліся за мяжой да 1913-га. Дзякуючы ідэям Дзягілева, буйнейшага рускага імпрэсарыа таго часу, нарадзіліся многія балеты Стравінскага, Пракоф’ева, Дэбюсі і Равэля. З «Рускімі сезонамі» супрацоўнічалі Аляксандр Бенуа, Леў Бакст, Мікалай Рэрых, Аляксандр Галавін, Мсціслаў Дабужынскі. Балеты ставілі Міхаіл Фокін, Вацлаў і Браніслава Ніжынскія, Леанід Мясін, Джордж Баланчын.

Ёсць у гэтым пераліку і імёны, цесна звязаныя з нашай зямлёй. Бацька Ігара Стравінскага, славуты бас Марыінскага тэатра, родам з беларускага Палесся. Леў Бакст — ураджэнец Гродна. Браніслава Ніжынская наогул нарадзілася ў Мінску, значыць і яна — наша! Так што «Рускія сезоны ХХІ» маюць відавочныя беларускія адценні.

Не хачу быць абвінавачанай у мясцовым патрыятызме, але павінна канстатаваць: у выкананні нашай трупы «Тамар» і «Шахеразада» выглядалі больш прадстаўніча і цікава. Прычын тут некалькі. І тое, што спалучэнне салістаў розных тэатраў з кардэбалетам іншай трупы не заўжды аказваецца арганічным. І тое, што гастралёры былі вымушаны танцаваць пад інструментальную фанаграму, а гэта заўжды зніжае градус пачуццяў (наш аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора Віктара Пласкіны надзвычай дакладна і эмацыйна ўзнаўляў і нязвыклае для вуха сачыненне Балакірава, і раскошу даўно знаёмых мелодый Рымскага-Корсакава).

Як вядома, сюжэт і героі балета «Тамар» прыйшлі на сцэну з балады Лермантава «Тамара». Па яе матывах Балакіраў напісаў сімфанічную паэму, а Фокін паставіў «харэаграфічную драму ў адной дзеі», аўтарам лібрэта і мастаком якой быў Леў Бакст. Першымі выканаўцамі «Тамар» сталіся Тамара Карсавіна, яркая зорка рускага балета пачатку ХХ стагоддзя, і таленавіты танцоўшчык Адольф Больм.

Унікальныя дэкарацыі і касцюмы Бакста для сучаснага спектакля адноўлены мастакамі Ганнай і Анатолем Нежнымі, яны сапраўды ўзрушаюць. Харэаграфічны тэкст, прыдуманы Фокіным, не захаваўся. Таму «Рускія сезоны ХХІ» звярнуліся да літоўскага пастаноўшчыка Юрыуса Смарыгінаса, які, калі верыць праграмцы, прадставіў гледачу ўласнае бачанне балета.

Напэўна, самае яркае ўражанне спектакля — Марына Вежнавец, выканаўца партыі Тамар, артыстка надзвычай абаяльная, адна з самых харызматычных асоб нашай сцэны. Яна выконвае ролю ракавой красуні, «грузінскай Клеапатры», не толькі з відавочным задавальненнем, а, як кажуць, «купаецца» ў ёй. Жаноцкая, прывабная, спакушальная... Вытанчаны кожная лінія, кожны паварот постаці.

Калі ў Лермантава Тамара «прекрасна, как ангел небесный, как демон, коварна и зла...», дык у спектаклі яна ад пачатку і да канца застаецца анёлам, а вось функцыі дэмана аддадзены Візіру (партыю пераканаўча выконвае Алег Турко). Гэты персанаж дадуманы пастаноўшчыкам, напэўна, каб узмацніць драматургічнае напружанне. Візір (увесь у чорным) кіруе аховай, клапоціцца пра бяспеку сваёй гаспадыні, знаходзіць для царыцы ахвяру ў выглядзе чарговага маладога і прывабнага падарожніка, потым яго і забівае... Так што рэпутацыя царыцы выглядае бездакорнай, а вось ці разумее яна сама, што здарылася, асабіста мне — незразумела.

Ёсць да спектакля і пытанні. Наўрад ці можна параўноўваць маштаб і ўзровень талентаў Міхаіла Фокіна і Юрыуса Смарыгінаса. Веру салістам, якія ў інтэрв’ю часопісу «Партэр» дружна радуюцца новым партыям і харэаграфіі. Але... Масавыя скокі аховы замка, хоць выглядаюць візуальна эфектна, дужа нагадваюць пластыку тых народных ансамбляў танца, якія прыязджалі да нас з Грузіі. Далей. Любоўны дуэт герояў разгортваецца ці між марскімі хвалямі, ці на хвалістым воблаку (пэўна, намёк на райскія пачуцці?), ролю якога выконвае белая тканіна. Але такую ж мізансцэну мы бачылі больш за 10 гадоў таму ў купалаўскім спектаклі «Чорная панна Нясвіжа». Што да любоўных уцех, дык шырокі і прэзентабельны двухспальны ложак, вакол якога будуюцца пластычныя сцэны, за апошнія два ці тры дзесяцігоддзі з’явіўся на нашай балетнай сцэне ўпершыню.

А калі ўсур’ёз, дык не зусім зразумелы пачатак і фінал спектакля. Гераіня абдымаецца са скаламі (ці скалы абдымаюць яе?), і гэта сімвалізуе яе цвёрды, як граніт, характар ці жаночую адзіноту? Але навошта тады скідаць чарговую ахвяру ў цясніну? А сам спектакль — драма femme fatale, алюзіі на загадкавыя і дэманічныя жаночыя вобразы эпохі мадэрну? Ці намёк на сучасных эмансіпаваных асоб, якія дзеля самасцвярджэння гатовы прынесці ў ахвяру прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва?

Аднаактовая «Шахеразада», увасобленая на нашай сцэне Андрысам Ліепам, пакідае непараўнальна больш цэласнае і яскравае ўражанне. Магчыма, прычына ў надзвычай папулярнай музыцы Рымскага-Корсакава? А мо ў тым, што балет, створаны па матывах арабскіх казак «Тысяча і адна ноч», прасякнуты атмасферай Усходу і пластычнага арыенталізму? Невыпадкова харэаграфічных версій «Шахеразады» шмат, але адна з найбольш знакамітых — тая, якую ў 1910 годзе Міхаіл Фокін ажыццявіў для дзягілеўскіх «Рускіх сезонаў» (на шчасце, ягоная харэаграфія захавалася). Надзвычайны, аглушальны поспех пастаноўкі шмат у чым тлумачыўся маштабам талентаў яе стваральнікаў (сцэнарый Аляксандра Бенуа, сцэнаграфія і касцюмы Льва Бакста) і выканаўцаў — Іды Рубінштэйн (Забеіда) і Вацлава Ніжынскага (Залаты Раб).

Калі ўздымаецца заслона, мы бачым пакоі Шахрыяра, ягоны гарэм. Уражваюць кантрасты цёмна-зялёных, аквамарынавых і фіялетавых колераў у драпіроўках. Сцэнаграфія Льва Бакста ўзноўлена Ганнай і Анатолем Нежнымі. Улюбёным прыёмам Бакста было спалучэнне жывапісных пано з аб’ёмна-пластычнай архітэктурай і скульптурай. Застаецца ў памяці багацце сцэнічных касцюмаў, незвычайных па канструктыўным рашэнні і суадносінах колераў. Глядзіш — і верыш: так і было! Ты дакрануўся да сапраўднага рарытэту.

Балетная трупа з ахвотай і вялікім энтузіязмам працавала над «Шахеразадай». Танцы не проста добра вывучаны — яны выконваюцца з драйвам, імпэтам, увесь час захоўваецца імклівы рытм, які нарастае і адлюстроўвае плынь любоўнай жарсці. Сапраўдная ўдача — Вольга Гайко і Дзяніс Клімук, якія танцуюць партыі Забеіды і Залатога Раба. Артысты тонка і дакладна адчуваюць эмацыйны стан адно аднаго. Шкада, што ў апошнія сезоны яны танцавалі мала новай харэаграфіі (думаю, цікава было б убачыць сумесны творчы вечар дуэта). Вольга Гайко можа паўставаць па-царску велічнай і арыстакратычна халоднай, але можа быць і іншай — «гарачай», палкай, пачуццёвай. Запаміналася і магутная пластыка Залатога Раба. Пырскі эмоцый, страсці ляцелі ва ўсе бакі, як толькі дуэт выходзіў на сцэну! Шчыра кажучы, Гайко ў абліччы Забеіды пераконвае нашмат больш, чым знакамітая Ілзэ Ліепа: летась у «Шахеразадзе» ёй відавочна перашкаджаў «нардычны» прыбалтыйскі тэмперамент.

Вяртаючыся да сёлетняй гастрольнай праграмы «Рускага балета ХХІ», згадаю: у ёй быў прэзентаваны нумар, які ўразіў больш, чым шматлюдныя пастаноўкі з вялікай колькасцю дзейных асоб і маляўнічымі дэкарацыямі. Пустая сцэна, пустое крэсла. Танцоўшчык у звычайным рэпетыцыйным адзенні, да пояса аголены. Але які танцоўшчык! Фарух Рузіматаў, былы прэм’ер Марыінкі. Цяпер яму блізка да 50-ці. Фізічная форма — амаль бездакорная. Пластычны, гнуткі, інтэлектуальны саліст. Падобнага ўзроўню мы за апошнія гады бадай што не бачылі (побач можна паставіць хіба Ігара Колба, цяперашняга прэм’ера той жа трупы).

Нумар, а дакладней — невялікі аднаактовы балет «Адажыета» на музыку Малера, прысвечаны Дзягілеву. У харэаграфіі шмат сэнсаў, дзе-нідзе — вядомыя пластычныя цытаты з пастановак, ініцыяваных прадзюсарам: з «Пятрушкі», «Прывіду ружы» і г.д. Клас і ўзровень харэаграфіі відавочныя. Пакутлівая думка: хто ж гэта?! Балетмайстра ў пачатку не аб’явілі. Прамовілі напрыканцы — Марыс Бежар! Зала амаль застагнала, загула, выбухнула эмоцыямі і апладысментамі, выказваючы захапленне, якога даўно не мела. Вось што значыць сучасная харэаграфія! Тады ідэя, экспрэсія, пачуццё, пластыка яднаюцца незразумелым чынам. Яны адрасаваны і тым, хто пазнае цытаты і пластычныя алюзіі, і тым, хто пакуль не пазнае. Хацелася б часцей бачыць салістаў і харэаграфію такога ўзроўню...

Калі глядзела на Фаруха Рузіматава, які танцаваў не на музыку, а менавіта музыку Малера, згадвала: у рэпертуары нашага тэатра некалі быў аднаактовы балет «Адажыета», пастаўлены Валянцінам Елізар’евым, у якім выступалі Людміла Бржазоўская і Юрый Траян. Чаму б не вярнуцца да гэтых скарбаў?

І на заканчэнне. Назіраючы за дзейнасцю Андрыса Ліепы і за тым, як яго праект разгортваецца ў часе і ў нашай культурнай прасторы, міжволі думаю: а якія імёны і творы беларусы як нацыя могуць прапанаваць суседнім краінам і ўсяму свету ў якасці брэндаў, неацэннай мастацкай каштоўнасці? З класікамі літаратуры (Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам і Уладзімірам Караткевічам), здаецца, усё зразумела. А ў галіне музыкі, тэатра, жывапісу? Шчыра захапляючыся мастацтвам суседзяў, горача і нястомна прапагандуючы імёны лепшых прадстаўнікоў брацкага народа, ці не адсоўваем мы на другі план (свядома або непрыкметна) дасягненні ўласных творцаў? Ці таму захапляемся, што сваіх, роўных гэтым, у нас няма? А можа, сваіх сапраўдных дасягненняў проста саромеемся? Або павінна прайсці не менш як сто гадоў, каб культурнаму грамадству і яго лепшым прадстаўнікам зрабілася зразумела, каго трэба вяртаць, прапагандаваць і ўслаўляць, каго рабіць брэндам і прасоўваць у блізкія і далёкія краіны?..

Таццяна Мушынская