Валерый Раеўскі

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Сорак дзён пасля...

/i/content/pi/mast/51/863/10.jpg
 
Смерць Валерыя Раеўскага балюча ўразіла. Падчас жалобных дзён думалася шмат пра што. Многае паўставала зусім у іншым святле. Акрэслівалася пэўна. Набывала метафарычны сэнс. Нібыта паводле геніяльнай п’есы Чэхава, зноў і зноў узнікаў фантом ссечанага саду. Асабліва дзіўна ў гэтыя дні было бачыць аголены фасад Купалаўскага. Так, неабходная рэканструкцыя, але ж прысутнічала і вострае ўсведамленне таго, што пасля... будзе зусім іншы тэатр. Рэальна скончылася тэатральная эпоха. Так супала. Відаць, на кожны вішнёвы сад маецца свой Лапахін. Дый хто ведае, як лепш: чакаць, пакуль вішнёвыя дрэвы ссохнуць самі па сабе, альбо рашуча ляснуць сякерай па каранях. У новую эпоху варта крочыць з аптымізмам. Прынамсі, Міжнародны фестываль «Панарама», які распачаўся ў гэтыя сумныя дні, абышоўся без хвіліны маўчання. Памяць майстра на фестывалі, да якога, будучы мастацкім кіраўніком Купалаўскага, ён меў непасрэднае дачыненне, не была ўшанавана. Show must go on... Хоць неяк не па-людску атрымалася, бо амаль палову глядзельнай залы займалі тэатральныя людзі, сярод якіх было шмат купалаўцаў. Выснова напрошвалася сама сабой: Раеўскі не змог жыць без тэатра.

Гэта даводзіцца канстатаваць, нягледзячы на тое, што ведаю, як ён любіў жыццё. У натуральных прыродных праявах. Воляю лёсу чвэрць стагоддзя таму нашы лецішчы апынуліся амаль побач на вялізных глыбоцкіх прасторах. Мы збіралі грыбы ў адным лесе, вудзілі рыбу на адным возеры, і нашы стасункі набывалі асаблівае адценне. Цікава было бачыць Раеўскага ў нязвыклым атачэнні, у асаблівых абставінах, натхнёна будуючым плот, да прыкладу. Магчымасць набыць вясковы дамок паміж азёрамі Івесь і Шо, паблізу ад Галубіцкай пушчы, з’явілася, калі ён атрымаў Дзяржаўную прэмію за спектакль «Радавыя». Такім чынам тэатр і прырода ўсё роўна звязаліся для яго ў неразрыўны ланцуг. З горада ён імкнуўся на Глыбоччыну, з Глыбоччыны — у Купалаўскі. Жыхары бліжэйшых вёсак з павагай называлі яго «дырыжорам», бо дакладна не ведалі, што такое «рэжысёр». А ён не быў абыякавым да іх праблем. Дапамагаў, як мог. Памятаю, з гонарам распавядаў, як абараніў палеткі каля вёскі Шо ад апрацоўкі ядахімікатамі. Бачыла, як частка спісанай «лімаўскай» бібліятэкі перакачавала ў мясцовую вясковую школу. З асаблівай зацятасцю вырошчваў бульбу, пяшчотна прамаўляючы пры гэтым: «жоўценькая». На пытанне: «Дзе грыбы?» — стрымана адказваў: «У лесе...» Дарэчы, свае баравішчы ахоўваў самааддана.

Думаю, неверагоднай раскошай ягонай чалавечай сутнасці была здатнасць заўсёды заставацца самім сабой. Пры розных абставінах — у аднолькавай іпастасі. Ён ніколі нікому не імкнуўся адпавядаць, таму што заўсёды быў шчырым, адкрытым і нібыта адхіленым адначасова. Валодаў надзвычай рэдкай якасцю: чалавечы і творчы таленты ў ім былі непадзельныя і толькі дапаўнялі адзін аднаго. Адсюль акрэсленая адметнасць: ён быў паэтам не толькі ў жыцці, але і ў рэжысуры. Здаецца, усё ў ім падпарадкоўвалася асаблівым унутраным рытмам. Памятаю, як дажджлівым жнівеньскім днём, седзячы ў лесе, у невялікім летніку, ён паўтараў, пазіраючы на мокрыя сасновыя галіны ў акне, штораз са здзіўляючай настойлівасцю: «Нават у непагадзь тут добра...» Паэзія для рэжысёра — дакладныя рытмы і спосаб мыслення. Стакроць узмоцненая фраза і выяўленая думка, асаблівы эмацыйны лад... Мабыць адсюль — рытмічная акрэсленасць ягоных знакамітых франтальных мізансцэн, за якія часам даставалася ад крытыкаў. А ён проста мізансцэніраваў графічнымі шэрагамі. Ягоная рэжысура — нібы лініі ў прасторы. Затое сабраныя разам сэнсы выстрэльвалі метафарамі, здатнымі выйсці на высокае абагульненне. Самыя важныя маналогі абавязкова спрацоўвалі ў патрэбны момант у патрэбным месцы, станавіліся прыдатнымі для ўспрымання. Калі згадваць спектаклі Раеўскага, успамінаюцца менавіта такія эпізоды, вызначальныя для герояў і ўсяго спектакля. Дый ягонае жыццё ў мастацтве — нібы спрэс паміж радкамі паэзіі. Той, хто ведаў Раеўскага, неаднойчы чуў, як ён чытае вершы. Часам блытаючы словы, нават перамешваючы розных аўтараў.

«Што той салдат, што гэты», «Трыбунал», «Пагарэльцы», «Аптымістычная трагедыя», «Рэвізор», «Плач перапёлкі», «Бура», «Парог», «Радавыя», «Страсці па Аўдзею» — выштукоўвалі стыль майстра. Ён быў рэжысёрам вялікай літаратурнай эпохі. З абсалютным літаратурным слыхам. Здатнасцю да метафарычнага мыслення і публіцыстычнага выказвання. Спектаклі ягоныя не бывалі пустымі, утрымлівалі важны і просты для чалавека сэнс, а ў лепшых праявах сваіх сягалі за зямныя аблокі. Дарэчы, ён любіў гаварыць пра космас. Але сёння немагчыма згадаць іншага рэжысёра, які б так моцна і пераканальна рэалізаваўся менавіта праз беларускую драматургію. Ён усё рабіў правільна. Ды толькі ў раннія і больш сталыя гады Андрэй Макаёнак і Аляксей Дудараў для яго былі тым жа, чым у больш позні перыяд зрабіўся Барыс Герлаван.

Для мяне самым уразлівым спектаклем Раеўскага сталі «Страсці па Аўдзею». Гаворка пра выяўлены на падмостках, даведзены ва ўсіх элементах да дасканаласці стыль. Згарманізаваныя прастора, пачуцці, сцэнаграфія, моўная і зместавая выразнасць. Спектакль — не проста адбітак жыцця, люстра эпохі, краіны, уздыбленай на касмічных скрыжаваннях. Так выходзяць на сэнсавыя абагульненні. Здатнасць убачыць, адчуць, зразумець і перадаць, быць пераканальным для легіёна гледачоў — якраз тое, што з дыхтоўнага майстра робіць выдатнага мастака. Раеўскі працаваў з асноватворнымі складнікамі. Галоўнае, запаветнае ён перадаваў са сцэны штораз. Згарманізаванае да музычнай зладжанасці — толькі ў «Страсцях па Аўдзею». Неадлучнай часткай ягонага таленту была эмацыйнасць, якая моцна ўплывала на гледачоў. Зрабілася своеасаблівай «умовай гульні». Прынамсі, абыякавым пасля ягоных спектакляў ніхто не выходзіў. Ён умеў быць адданым акцёрам і ўмеў запальваць зоркі. Валодаў дарам сатворчасці, партнёрства, быў здатны аддаваць і выпраменьваць разам —з драматургам і мастаком. Мабыць таму позні Раеўскі неадрыўны ад творчасці Барыса Герлавана. Апошнія дзесяцігоддзі яны складалі свае сцэнічныя паэмы разам. І ніколі не здрадзілі адзін аднаму. Калі выйшаў альбом «Барыс Герлаван. Сцэнаграфія», меркавалася, што наступным будзе выданне пра Раеўскага. Ён пэўны час выношваў тую ідэю, казаў: «Гэта дзеля сына». А калі не склалася, не атрымалася, проста прамовіў: «Там таксама пра мяне, на кожнай старонцы». З асалодай брала ў Раеўскага інтэрв’ю. Таму што ён пры гэтым абавязкова выкладваўся. Прамаўляў фразы, вартыя агранкі. Адно выказванне хочацца працытаваць: «Рэжысёр — гэта мастак, які малюе карціны жывымі людзьмі. Вера ў розум — і ёсць вера ў чалавека. Для творцы — гэта не песімістычны шлях, а цяжкая драматычная дарога з каласальнай надзеяй на будучыню. Толькі здаецца, нішто не застаецца ў Прасторы. Таму што Прастора выбірае, нават знішчаючы тую або іншую сістэму не толькі касмічнага, але і інтэлектуальнага парадку». Асабістае і творчае жыццё, з усімі праблемамі і перыпетыямі, стварала сацыяльны і грамадскі кантэкст у ягоных спектаклях. Што натуральна для творцы такога маштабу. Ён ніколі не быў абцяжараны побытам у яго звычайным, прыземленым сэнсе. Але менавіта паэтычным дарам асветлены ўсе апошнія пастаноўкі Раеўскага. Іх кідкая візуальнасць — таксама спосаб паэтычнага мыслення, паводле акцэнтаванай у сучаснай беларускай драматургіі сузіральнасці. «Чорная панна Нясвіжа», «Князь Вітаўт», «Чычыкаў», «Эрык ХІV» замацавалі ва ўяўленні публікі аблічча Купалаўскага тэатра напрыканцы адыходзячага — на пачатку новага тысячагоддзя. Хоць пошукі духоўнай змястоўнасці ў апошніх пастаноўках адбываліся на чужым гістарычным полі.

Паказаны падчас першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі спектакль Гомельскага абласнога тэатра «Хросная маці» па п’есе М.Горкага «Васа Жалязнова» адкрыў нам іншага Раеўскага. У акрэсленай і выяўленай вонкавай строгасці актыўна пульсавала думка, пазначаныя драматургам канфлікты і сітуацыі былі выведзены ў сучасную плоскасць. Пасланне мудрага, спазнаўшага жыццё чалавека і рэжысёра, здатнага ў свабодным палёце з болем і любоўю распавесці праўду пра свет і пра людзей. Яшчэ ніхто не ведаў, што гэта развітанне...

Неяк падчас чарговага юбілею тэатра, у прыватнай размове мы строга спыталіся ў Раеўскага, што ён пакіне ў прафесіі пасля сябе. «Тэатр», — адказаў рэжысёр. Без тэатра ён відавочна адчуваў сябе разгубленым. Так сталася, Валерый Раеўскі тэатр пакінуў.

 

Людміла Грамыка