2011: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Кіно

/i/content/pi/mast/51/862/8.jpg

«Рыжык у Залюстроўі». Рэжысёр Алена Турава.

На пачатку года заўсёды складаюцца самыя розныя планы, у якіх больш бесклапотнай урачыстасці, чым сапраўднага ўяўлення пра рэальнасць... Цікава параўнаць мажорную бравурнасць планавання на пачатку і мінорную расчараванасць у канцы года. Штосьці падобнае адбылося не толькі ў нашым агульным эканамічна-фінансавым жыцці, але і ў такой вытворча-мастацкай прасторы, як беларускі кінематограф.

У студзені шмат гаворкі вялося пра маючыя быць здзяйсненні: і пра прэм’еру сацыяльна-гламурнага «Ціхага дома», і пра гістарычную драму «Талаш», і пра сіквел «Ілюзія палявання», і пра патрыятычна-гераічнага «Немца», і пра ваенна-прыгодніцкага «Тунгуса», і пра меладраму «Усё, што нам патрэбна», і пра маштабныя экранізацыі класікі «Шляхціц Завальня» і «Каласы пад сярпом тваім». Планаў было столькі, што даводзілася канстатаваць: спадзяёмся толькі на цуд.

Мастацкая падзея — такая з’ява, што калі недзе штосьці адбываецца, то інфармацыя распаўсюджваецца хутка і ў розныя бакі, кранаючы слых, зрок і нават свядомасць тых, хто да падзеі непасрэднага дачынення не мае. Каб усё тое, пра што гаварылася, сапраўды адбылося, то ў Беларусі, напэўна, здарылася б нацыянальнае свята. У студзені запланавалі — у лістападзе ці снежні падрахавалі. Але выявілася: на сёлетні Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» з беларускай ігравой праграмы нічога канкурэнтаздольнага і па-мастацку сапраўднага прадставіць немагчыма. Праўда, акрамя дзвюх стужак — дзіцячай і дакументальнай. Але пра тое ніжэй.

Якая дзіўная рэч — мары! Можна памарыць пра далёкія краіны, сусветнае прызнанне, міжнародны кінарынак, чырвоную дарожку. Часам мары быццам бы збываюцца. Сёлета ў маі Каны, Мекку кінапрафесіяналаў, наведала беларуская дэлегацыя. Гістарычная падзея адбылася: падчас Канскага кінафестывалю адкрыўся Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь. І ўсё ж такі, нягледзячы на ўзнёсласць падзеі, хочацца задаць вельмі прыземленыя пытанні. Калі адкрываецца павільён не дзе-небудзь, а на кінарынку, ды яшчэ такога ўзроўню, то, напэўна, ён мусіць прадстаўляць кінааблічча сваёй краіны? А калі так, дык — якімі фільмамі? Наконт стужак нічога больш-менш уцямнага пачуць не давялося. А калі не было «тавару», то што канкрэтна прадстаўляў беларускі павільён? Мабыць, проста каардынаты «Беларусьфільма», кантактныя нумары і інфармацыю: ёсць такая краіна, у якой здымаецца кіно. А яшчэ надзею, што з цягам часу можна будзе горда ўсклікнуць: «Ёсць кантакт!» Мо і сапраўды здарыцца так, што дзякуючы адной гэтай павільённай інфармацыі захочуць працаваць разам з беларускай кінастудыяй знакамітыя кінапрадзюсары і дыстрыб’ютары... Як бы там ні было, аднак падаецца важным прывезці на Лазурны бераг не толькі глянцавую прома-прадукцыю, але і рэальныя прапановы ў выглядзе канкурэнтаздольных фільмаў.

А мары сапраўды збываюцца. Самай гучнай кінапрэм’ерай года стала казка Алены Туравай «Рыжык у Залюстроўі». Гэты фільм можна лічыць і нашай «Алісай...» у аднайменным каралеўстве, і нашым Гары Потэрам. Здаецца, гатовая карціна для прагляду ў фармаце 3D: столькі там казачных пераўтварэнняў, падарожжаў, прыгод. Адчуванне, што менавіта гэтай стужкай «Беларусьфільм» перакрывае ўласныя тэхналагічныя хібы. Алена Турава яшчэ ў папярэдняй карціне «Навагоднія прыгоды ў ліпені» паспрабавала асвоіць новую тэхніку для стварэння такіх спецэфектаў, якіх раней у нашым кіно не было. «Рыжык...» — карціна сакавітая, яркая, са сваім «намёкам», які заўсёды бывае ў казках. Напрыканцы года менавіта гэтую стужку можна назваць сапраўдным кіназдабыткам. Алена Турава — пакуль адзіны рэжысёр, які сёння працягвае традыцыі (зусім нядаўна яны здаваліся страчанымі) вядомага на постсавецкай прасторы беларускага дзіцячага кіно.

Калі з беларускім кінамастацтвам звязваць паняцце «здабыткі», то гэта больш за ўсё тычыцца анімацыйнага і дакументальнага кіно. У гэтых відах кінематографа сапраўды ёсць развіццё: асвойваюцца новыя дэталі кінамовы, прадстаўляюцца новыя формы, праз якія адбываецца адкрыццё чалавека ў непарыўнай сувязі з лёсам, у няпростых стасунках з самім сабой і са светам. Кожны раз прымушае гаварыць пра сябе новая дакументальная карціна Галіны Адамовіч. Сёлета такі інтарэс у гледачоў розных краін выклікала «Інакіня». Для гэтага рэжысёра заўсёды галоўнымі застаюцца пытанні, дзеля чаго чалавек пражывае жыцце, як ён спраўляецца з цяжкасцямі, калі ён можа быць шчаслівым? «Інакіня» — фільм пра жанчыну, якая, змяніўшы сацыяльны статус (вядомы кампазітар Ірына Дзянісава прыняла манаскі пострыг), змяніла звычкі, светапогляд, жыццё. «Перамена долі» абярнулася пераменай лёсу. Галіна Адамовіч сродкамі дакументальнага кіно прадстаўляе экзістэнцыяльную сутнасць чалавека, яго ўнутранае змаганне за самога сябе.

У 2011 годзе нас спасціглі і страты. Кожная з іх — пэўная мяжа. У сакавіку памёр Валерый Рубінчык. Яго імя заўжды было знакам высокай культуры ў кінамастацтве, сімвалам сапраўднага кіно, у якім увасабляўся гарманічны сінтэз відовішча і артхаўса. Творчасць Рубінчыка — высокі гонар беларускага кінамастацтва. У чэрвені не стала Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай — чалавека, што заснаваў уласную навукова-творчую школу — школу кінакрытыкі. Калі гэтае паняцце раскрыць на шматлікіх публікацыях, кнігах, асобах вучняў, то атрымаецца тая плынь, без якой беларускае кінамастацтва выглядала б няпоўным. Не стала людзей, што дбалі, стваралі нацыянальнае кінамастацтва вышэйшай пробы. Можа, гэта знак, а можа — напамін...

 Людміла Саянкова

 

Што выклікае дыскусіі?

Сярод яркіх уражанняў мінулага года — з’яўленне шэрагу цікавых фільмаў. У першую чаргу трэба назваць доўгачаканага «Рыжыка», які набыў новую і вельмі прывабную назву «Рыжык у Залюстроўі». Магчыма, наш кінематограф будзе не толькі час ад часу звяртацца да дзіцячай тэмы, але зноў заваюе і ўтрымае за сабой славутую некалі нішу беларускага дзіцячага кіно. Рэжысёр Алена Турава здолела стварыць адметную стужку, якая мае і нядрэнную камп’ютарную графіку. Карціна будзе цікавая і маленькім, і дарослым гледачам. Так што сямейнае кіно — як жанр і як працяг справы дынастыі Туравых — дае добрыя вынікі.

Дакументальны і анімацыйны жанры таксама прынеслі пазітыўныя ўражанні. «Драўляны народ» Віктара Аслюка быццам працягвае роздум майстра нашай дакументалістыкі пра сённяшняе існаванне беларускага этнасу. Побач са сталым прафесіяналам яго тэму працягваюць маладыя. Кацярына Махава ў стужцы «Званар» з павагай і зацікаўленасцю адлюстроўвае постаць і лёс старога званара. Напэўна, ужо класікай можна лічыць стужку Галіны Адамовіч «Інакіня» — той класікай, што выклікае дыскусіі і спрэчкі. Міжнароднае журы дакументальных карцін «Лістапада», у якое ўваходзіла і я, таксама спрачалася і неаднаразова абмяркоўвала фільм, і ў выніку дало стужцы дыплом «За яскравае адлюстраванне духоўнага шляху чалавека».

Напрыканцы года выйшла ў свет кніга «Экран і культурная спадчына Беларусі», у стварэнні якой прынялі ўдзел многія аўтары. Гэта сур’ёзнае даследаванне, зробленае айчыннымі кіназнаўцамі, але выданне спатрэбіцца і шматлікім аматарам кіно. Кнігу аздабляюць фатаграфіі, на якіх паўстаюць рэжысёры, акцёры, кадры з фільмаў.

Калі ж разважаць пра сумнае, дык гэта і арганізацыйныя, і творчыя паразы. Кінематаграфісты страцілі ўласнае памяшканне ў Доме кіно, і цяпер Саюз беларускіх кінематаграфістаў павінен існаваць у адзіным пакоі на студыі «Беларусьфільм». Крыўдна таксама, што не былі ажыццёўлены вельмі перспектыўныя і значныя праекты. Напрыклад, фільмы «У суботу» Аляксандра Міндадзэ і «Паляўнічы» Бакура Бакурадзэ працягваюць атрымліваць розныя прызы на міжнародных фестывалях, а мы не скарысталіся магчымасцю бачыць у цітрах гэтых цікавых аўтарскіх стужак назву «Беларусьфільм».

Антаніна Карпілава

 

 

«Рэстаўрацыя» душы

Самай значнай з’явай кінагода стаў для мяне фільм «Інакіня» Галіны Адамовіч. Не толькі таму, што аўтар — таленавіты рэжысёр, а тэма — унікальны духоўны свет асобнага чалавека, не толькі таму, што на працягу доўгага часу гэтая стужка выклікае і, упэўнена, будзе і надалей выклікаць спрэчкі ў кінематаграфічным асяроддзі і па-за ім. Зразумела, не таму, што «Інакіня» адзначана на шматлікіх міжнародных кінафорумах. Фільм стаў часткай і маёй духоўнай біяграфіі. На пачатку года я прадстаўляла яго на прэм’еры, арганізаванай Свята-Елісавецінскім манастыром. Прысутнічалі манашкі, вернікі храма, звычайныя гледачы. Тады, мне здавалася, было відавочна, што пакора і творчасць цалкам сумяшчальныя ў прасторы фільма, і разам з аўтарам і, магу думаць, гераіняй я нібыта спрачалася са знакамітым філосафам Мікалаем Бярдзяевым, які сцвярджаў адваротнае. Крыху пазней, на Міжнародным кінафестывалі «Залаты Віцязь» у журы разгарэліся не абы-якія спрэчкі вакол стужкі «Інакіня», было крыўдна, што абараніць наш фільм не атрымалася: дужа прынцыповым аказаўся старшыня журы. Спрэчка ішла пра ступень умяшання, пра яго недарэчнасць, немагчымасць уваходу шырокага гледача ў таямніцы царкоўнага жыцця.

Прайшло яшчэ паўгода, і на «Лістападзе» ў конкурснай праграме дакументальных фільмаў я пабачыла «Спас-камень» Валянціны Гуркаленка, рэжысёра з Санкт-Пецярбурга. У яе сціплай, няхітрай карціне таксама распавядалася пра ўнікальнасць і непрадказальнасць чалавечага лёсу, пра рэстаўрацыю Храма, а шырэй — пра «рэстаўрацыю» душы. Мімаволі ўспомнілася «Искусство без искуса» Марыны Цвятаевай. «Паміж небам духу і пеклам роду мастацтва-чысцец, з якога ніхто не жадае ў рай». Упершыню за многія-многія гады захацелася запярэчыць: не, хоча, жадае! «Спас-камень» зроблены такім чалавекам. Вось толькі мастацтва гэта ці штось большае? Простыя-няпростыя пытанні не пакідаюць у спакоі.

Назваць расчараваннем падзеі, якія не здарыліся, было б няправільна. Крыўдна, што ў праграме ігравых карцін «Лістапада», дзе звычайна прысутнічае хоць адзін беларускі фільм, на гэты раз такога не аказалася. «Рыжык у Залюстроўі» ўзрадаваў гледачоў дзіцячага конкурсу. А так хочацца, каб быў рэалізаваны хоць адзін нацыянальны праект...

Вольга Мядзведзева