2011: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Выяўленчае мастацтва

/i/content/pi/mast/51/860/4.jpg

Артур Клінаў. Тайная вячэра. Інсталяцыя. 2011.

Парушэнні ў сістэме каардынат

Год 2011-ы дакладна не ўвойдзе ў гісторыю як пераломны ў нашым мастацтве, аднак ён запачаткаваў шэраг плённых ініцыятыў. Галоўная з іх — гэта спроба прадставіць нашых творцаў, актуальныя канцэпцыі і ідэі ў шырокім міжнародным кантэксце.

Афіцыйны (першы, арганізаваны на дзяржаўным узроўні) удзел у Венецыянскім біенале можна лічыць падзеяй года і каталізатарам змен у мясцовай сістэме каардынат, выхад яе за межы адной асобна ўзятай краіны павялічвае маштаб ацэнкі творчых дасягненняў прынамсі да еўрапейскага ўзроўню. Наш узровень адпавядае, што пацвярджаецца шэрагам узнагарод. Напрыклад, на 24-м Міжнародным UBE Biennale ў Японіі Канстанцін Селіханаў заняў 3-е месца ( і чаму ў цэнтры Мінска сёння ставяць нягеглых гуманоідаў, а не такога кшталту аб’екты, як «Man» Селіханава?..), на 2-м Міжнародным кірмашы сучаснага мастацтва «ART VILNIUS`11» праект «Яна не можа сказаць НЕБА», прадстаўлены галерэяй сучаснага мастацтва «Ў», быў прызнаны лепшай экспазіцыяй, падрыхтаванай замежнай галерэяй. Спецпраектам «Унутраныя ландшафты», праграмай перформансу «penAtra(c)tion» і шэрагам больш дробных падзей краіна прапісалася і на 4-м Маскоўскім біенале.

Уласнымі «інтэрвенцыямі» ў сусветную мастацкую прастору цалкам можна быць задаволенымі, што да міжнародных паказаў унутры краіны — іх відавочна было недастаткова. Той жа «Дах» адбыўся гэтым разам у Берліне. «АСТРА-ДАХ-15» распавёў пра «гісторыю нашай Зямлі, чыім паветрам мы дыхаем, чыя вада жывіць нас ад нараджэння да самай смерці...». У сферы перформансаў страту «Даху» кампенсавала дзясятая сустрэча LPM — Live Performers Meeting — чатыры дні аўдыя-відэа перформансаў і VJ-інгу, семінараў, дыскусій, прэзентацый новых тэхналогій і софту.

«Зорнай» экспазіцыяй магла б стаць «Музыка нявысветленага паходжання» — выстаўка графічных твораў удзельніка сёлетняга Венецыянскага біенале Зігмара Польке, каб яна не прэзентавала толькі кароткі адрэзак творчасці майстра.

У 2011 годзе Польшча старшынюе ў Еўрасаюзе, з гэтай нагоды была створана ўнікальная культурная праграма, мерапрыемствы якой, распрацаваныя Інстытутам Адама Міцкевіча сумесна з польскімі і замежнымі партнёрамі, прайшлі ў вядучых галерэях, тэатрах і клубах Лондана, Берліна, Мадрыда, Токіа, Пекіна, Бруселя, Парыжа, Масквы, Кіева і Мінска. У межах праграмы адбыліся Міжнародны фестываль графічнага дызайну «Дызайн дыялогу/ Dialogue Design» і творчая майстэрня па сучасным рамястве, была паказана творчасць Зоф’і Хамянтоўскай (аднаго са значных польскіх фатографаў дваццатага стагоддзя), якая нарадзілася і пэўны час жыла на Піншчыне.

Летась адбылося сімвалічнае вяртанне творцаў, што жывуць за мяжой: выставы Заборава, Залознай і Цішына экспанаваліся ў вядучых музеях краіны; гэтым годам ініцыятыву ўзялі прыватныя ўстановы. Так, у галерэі «Ў» Эвеліна Домніч (беларуска па паходжанні) прэзентавала работы Амстэрдамскай лабараторыі «OPTOFONICA». Там жа прайшла лекцыя Андрэя Дурэйкі пра беларускіх мастакоў, якія жывуць і працуюць у Заходняй Еўропе.

Працягваючы гаворку пра плённыя ініцыятывы, нельга не згадаць праект «Арт-горад» — конкурс твораў мастацтва ў гарадскім асяроддзі (моцная альтэрнатыва згаданым гуманоідам каля ЦУМа). Удзельнікам было прапанавана стварыць арыгінальную арт-інсталяцыю, якая магла б размясціцца ў скверы Сімона Балівара ў Мінску. Пераможцам быў прызнаны Алесь Кудрашоў з інсталяцыяй у выглядзе люстэркавага пакоя, што рассыпаецца.

Мінску катастрафічна не хапае як даследчых, так і адукацыйных арт-праектаў. Сумясціць два кірункі мела на мэце праграма Інстытута імя Гётэ «На шляху да сучаснага музея-2011». Конкурс маладых арт-крытыкаў і мастацтвазнаўцаў быў закліканы апрабаваць новыя формы прэзентацыі творчасці мастакоў і дыялогу з гледачом, садзейнічаць развіццю ў Беларусі інстытута арт-крытыкі. У рамках мерапрыемства ўдзельнікі-канкурсанты (большасць з якіх — студэнты) правялі шэраг сустрэч з мастакамі, напісалі крытычныя артыкулы і падрыхтавалі відэапрэзентацыі. Акрамя конкурсу, былі арганізаваны 2 «круглыя сталы», паказаны 23 нямецкія фільмы пра сучаснае мастацтва, прайшлі творчыя сустрэчы з 28 беларускімі мастакамі. Я б вызначыла гэтую праграму як лепшую сёлетнюю падзею — і па ўзроўні творчай актыўнасці, і паводле даследчай вартасці.

Саюз мастакоў правёў шэраг грунтоўных аглядаў розных відаў мастацтва, надзвычай прадуктыўных для аналізу (малюнка і скульптуры, маладзёжнай творчасці, графікі, плаката, ДПМ і габелена), але найбольш удалай атрымалася выстава манументальнага мастацтва: дзякуючы сур’ёзнай падрыхтоўцы і ўдалай экспазіцыі.

Менавіта на фоне «зборных салянак» — вялікіх аглядаў розных відаў мастацтва — выгадна вылучаюцца куратарскія праекты. Перафарбаваць сцены Палаца мастацтва ці размясціць сучасныя творы сярод класікаў мінулых стагоддзяў — усё гэта ў агульным кантэксце выглядала радыкальным жэстам. Не надта многія праекты былі адметныя сваёй неардынарнай канцэпцыяй. Куратары выставы «ЧЭНТА. (ДЭ)фрагментацыя» даследавалі праблемы інтэртэкстуальнасці, перанёсшы літаратурны метад у сферу выяўленчага мастацтва, «Cinematograf» быў закліканы прасачыць узаемаўплывы розных відаў мастацтва. У Нацыянальным мастацкім музеі Руслан Вашкевіч стварыў уласны «Музей», здзейсніўшы інтэрвенцыю ў класічную прастору.

У 2011-м мы яшчэ раз згадалі знакавую постаць беларускага незалежнага мастацтва — Людмілу Русаву. Яе выстава «Бесцялеснае» была прымеркавана да дня нараджэння творцы.

Аналізуючы падзеі года, можна зрабіць несуцяшальны прагноз: праз адсутнасць развітой інфраструктуры самыя цікавыя праявы нашага мастацтва хутка будуць адбывацца па-за межамі краіны. Прынамсі, пляцоўкі для беларускіх творцаў там больш адэкватныя.

Алеся Белявец

 

 

Зважаць на гледача

Вядома, што ўсе выстаўкі робяцца найперш для гледача. І што б там ні казалі некаторыя крытыкі, тры экспазіцыі манументальнага мастацтва, якія прайшлі ў Нацыянальнай бібліятэцы, Палацы мастацтва і Акадэміі мастацтваў, — выдатная з’ява 2011-га.

Па-першае, яны далі магчымасць наведвальнікам зразумець, што было створана за апошнія 20 гадоў у гэтай галіне на тэрыторыі ўсёй краіны (і не толькі). Па-другое, узнялі важнае пытанне: у якім «манументальным абліччы» мы ўбачым заўтра нашу радзіму? І ў гэтым плане аказаўся вельмі важным і карысным «круглы стол» на тэму перспектыў развіцця беларускага манументальнага мастацтва з удзелам знакамітых дзеячаў культуры, арганізаваны ў рэдакцыі газеты «Культура» сёлета ў лістападзе.

Сярод адмоўных вынікаў года назаву наступную тэндэнцыю: на выставах Саюза мастакоў ужо даўно назіраю вельмі нізкую глядацкую актыўнасць. У чым прычыны? Іх шмат. Напрыклад, у штаце Палаца мастацтва няма пасады мастацтвазнаўцы з адпаведнай адукацыяй, экскурсавода, як гэта калісьці было; да арганізацыі экспазіцый рэдка далучаюцца куратары... Мала развесіць творы на сценах — на выставу трэба прафесійна працаваць.

Барыс Крэпак

 

Разарваныя контуры

Паняцце «выстава як падзея» ў сучасным інфармацыйным свеце мае на ўвазе не толькі вызначаны грамадскі рэзананс, інтэрактыўны дыялог з гледачом, а таксама з мастацкай крытыкай, якая завяршае «культурны контур» таго, што адбылося. Такая выстава — гэта заўсёды фокус, арыгінальны мастацкі вобраз, выяўлены экспазіцыйнымі сродкамі. З гэтага гледзішча ніводная з беларускіх выстаў 2011 года (незалежна ад іх мастацкай якасці) не можа ў поўнай меры прэтэндаваць на статус «культурнай падзеі». Асабіста для мяне «падзеяй са знакам мінус» (ці, хутчэй, характэрным сімптомам стану нашага мастацкага асяроддзя) з’яўляецца праект «Беларускі нацюрморт. 1960–2010». Пры наяўнасці найбагацейшага матэрыялу і прывабнай для гледача тэмы ён стаў відавочным увасабленнем сённяшніх праблем у беларускай выставачнай практыцы — інерцыйнасці мыслення, недахопу прафесіяналаў, здатных ажыццяўляць адбор экспанатаў і прасторавыя рашэнні ў адпаведнасці з экспазіцыйна-эстэтычнай канцэпцыяй.

Безумоўна станоўчай падзеяй мінулага года, нягледзячы на неадназначнасць куратарскіх стратэгій, спосабаў адбору і рэпрэзентацыі мастацкага матэрыялу, стаў факт паўнапраўнага ўдзелу нашай краіны ў Венецыянскім біенале. Была выканана галоўная задача — выкарыстанне магчымасцей вялікага арт-форуму для свайго роду «прамоўшэну» нашага мастацтва як часткі еўрапейскай культуры і інтэрнацыянальных працэсаў. Гэта каштоўны досвед, які спрыяе вяртанню беларускай культуры на міжнародную арт-сцэну.

Марына Эрэнбург

 

Фармат міжнародны і правінцыйны...

Сёлетні год для беларускага мастацтва выдаўся біенальным.

Тыповае сучаснае біенале ладзіцца перадусім для таго, каб прыцягнуць мастацтва з усяго свету ў нейкі канкрэтны пункт зямнога шара, развіць «тутэйшы» мастацкі кантэкст, сінхранізаваць яго з бягучымі інтэрнацыянальнымі тэндэнцыямі. Абавязковымі ўмовамі біенальнага праекта з’яўляюцца як прысутнасць «топавых» замежных творцаў, так і ўдзел у ім мясцовых аўтараў. Істотна, што біенале — не толькі выстаўка ці нізка выставак, яно ўключае ў сябе канферэнцыі, семінары, майстар-класы, варкшопы, якія ствараюць прастору для камунікацыі не толькі паміж лакальнай і сусветнай арт-супольнасцямі, але таксама і паміж вытворцамі мастацтва і яго спажыўцом — гледачом.

Менавіта такой «вялікай падзеяй» стаўся ІХ Нацыянальны фестываль архітэктуры «Мінск-2011» (3–5 лістапада). Сярод іншага, фестываль уключаў у сябе ХV Рэспубліканскі конкурс на лепшы архітэктурны твор 2010–2011 гадоў, IV Мінскае міжнароднае біенале маладых архітэктараў «Леанарда-2011», XIX Міжнародны агляд-конкурс на лепшы праект (пабудову) года на тэрыторыі СНД, XIX Каардынацыйны Савет Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА), выставы і майстар-класы вядучых замежных архітэктараў. Я не буду пералічваць усяго, што было, — скажу толькі, што гэта было добра. Брава арганізатарам-архітэктарам, якім удалося стварыць у Мінску сапраўднае біенале!

І, нарэшце, «Другое беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры» (якое не дацягнула пяць дзён да 2011 года, зачыніўшыся 25 снежня 2010-га) аказалася шараговай калектыўнай выстаўкай Саюза мастакоў. Біенальнай толькі па назве і двухгадовым алгарытме правядзення. Паводле сучасных мерак, жывапіс, графіка і скульптура ў назве і намінацыях — гэта атавізм, характэрны для першых біенале васьмідзясятых. Ніякай прапаганды сучаснага мастацтва не здарылася, інтэрнацыянальнай камунікацыі не адбылося, нясмелыя спробы намацаць нейкі кантакт хаця б з гледачом праваліліся — вынікі галасавання наведвальнікаў «біенале» так і не былі агучаны, а прызы мастакі раздалі сабе самі.

Павел Вайніцкі