2011: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Тэатр

Тэктанічныя зрухі

Што адбывалася з нашым тэатрам сёлета? Ці падуладнае гэтае самае «што» хоць нейкай сістэматызацыі? Ці акрэсліваецца яно агульнымі рысамі? І што, урэшце, засталося ў памяці? Згадваючы мінулагоднія падзеі, прэм’еры, набыткі і страты, бадай упершыню за доўгі перыяд прыкмячаю сімптомы зруху. Яны — нібыта адчувальныя падземныя штуршкі. Не думаю, што ў бліжэйшы час адбудзецца дзевяцібальны землятрус, які прывядзе да заўважнай змены айчыннага тэатральнага ландшафту. Але, спадзяюся, нас чакае пэўная рэвізія каштоўнасцей. І многія вартыя ўвагі творцы нарэшце выйдуць з ценю, нейкім чынам прымусяць з сабой лічыцца. Прынамсі, і гэтага хопіць для таго, каб абрысы нашай тэатральнай рэчаіснасці пачалі трансфармавацца.

Тысячу разоў на ўсіх магчымых узроўнях было пацверджана: ёсць праблемы з рэжысурай. 2011-ы пазначаны маштабным сыходам: пайшлі з жыцця Рыд Таліпаў і Валерый Раеўскі. Пакінулі тэатры Генадзь Мушперт і Якаў Натапаў. Страты істотныя. Натуральна ўзнікае пытанне: хто замест? Як ні дзіўна, з’яўляюцца новыя імёны. Іх пакуль па пальцах можна пералічыць. Затое кожны, хто праз вялікія намаганні застаецца ў прафесіі, нечага варты. Хоць, спадзяюся, усе разумеюць, што нават збіўшы каленкі ў кроў, не заўсёды можна разлічваць на перамогу. Сярод тых, хто ўпарта з пераменным поспехам працягвае нешта даказваць сабе і гледачам, — Кацярына Аверкава. Трапятліва-ўзважаная «Ганя» паводле Генрыка Сянкевіча, увасобленая з дыпломнікамі Беларускай акадэміі мастацтваў, і менш удалы спектакль «Падзея» па п’есе Уладзіміра Набокава, пастаўлены сёлета ў Магілёве, толькі ўзмацнілі цікавасць да персоны рэжысёра. І пацвердзілі яе намеры займацца тэатрам сур’ёзна. З-пад крыла Аляксея Ляляўскага эфектна выпырхнуў Аляксандр Янушкевіч. Ягонае «Вянчанне» па п’есе Вітольда Гамбровіча на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек зрабіла сапраўдны фурор і безумоўна засталося ў шэрагу самых выбітных мінулагодніх тэатральных падзей. Яўген Карняг і Вольга Скварцова ў сваіх прафесійных амбіцыях не проста пераканальныя, а выклікаюць захапленне.

Шкада, што паступова сышлі на нішто творчыя неспадзяванкі з боку маладых купалаўцаў. Прынамсі, ужо даўнавата нічога нечаканага ды яскрава таленавітага яны не паказвалі. Яшчэ больш шкада, што і ў нашых акадэмікаў — у Рускім і Купалаўскім — ніводнага буйнога сцэнічнага твора сёлета так і не з’явілася. Буйнога не з гледзішча сцэнічнага часу, габарытных сцэнаграфічных трансфармацый і, так бы мовіць, капіталаўкладанняў, а па глыбіні думкі і маштабе пастаўленых мастацкіх мэтаў.

Сярод нешматлікіх мінулагодніх заваёў — спектакль «Сонечка» паводле Фёдара Дастаеўскага ў РТБД. Моцны спектакль, які адначасова пазначыў і нейкі прафесійны рубеж. Калі дадаць да гэтага яшчэ і дачныя эксперыменты Валерыя Анісенкі, ягонага «Дзядзьку Ваню», паказанага пад раскідзістым арэхавым дрэвам у няшчадных промнях чэрвеньскага сонца, сыгранага ў прапанаваных абставінах з праніклівасцю і шчымлівай душэўнасцю, атрымаецца, што 2011 год для РТБД стаўся даволі выніковым. Шкада толькі, што колькасць прэм’ер тут прыкметна зменшылася, а таксама і рэзананс ад дзейнасці лабараторыі рэжысуры і драматургіі.

Сярод мінулагодніх прэм’ер варта вылучыць спектакль «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы ў пастаноўцы Уладзіміра Савіцкага ў Брэсце, які выразна акрэсліў почырк гэтага рэжысёра, ды спектакль Новага драматычнага тэатра г. Мінска «Шанец, якога чакаеш усё жыццё» паводле Вудзі Алена.

Цікава, што на само паняцце «тэатральны працэс» усё мацней уплываюць фестывалі, якіх у Беларусі (і, у прыватнасці, увосень у Мінску) прайшло больш, чым звычайна. Пры маларухомасці — праз адсутнасць дастатковай колькасці новых спектакляў — мінскіх рэпертуарных афіш надвор’е ў сталіцы вызначалі проста добрыя спектаклі, сабраныя з усяго свету. Адчуванне бурлівага тэатральнага жыцця было стопрацэнтнае. Гэтаму шмат пасадзейнічала і першая Нацыянальная тэатральная прэмія, якая раскрыла перад публікай і айчыннымі тэатральнымі дзеячамі агульнабеларускую сцэнічную прастору. І на падставе атрыманых уражанняў падаравала надзею. На тое, што наш тэатральны патэнцыял зусім не абмяжоўваецца Мінскам, тым больш — не вычарпаны да дна.

Людміла Грамыка

 

/i/content/pi/mast/51/859/2.jpg

«Вянчанне» Вітольда Гамбровіча. Цімур Муратаў (Хенрык). Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

Інтэлектуальныя медытацыі, або Гульні з пераборамі

Летась спектакль «Драй швэстэрн» у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек вызначыў для мяне сучасны сэнс бессмяротнай п’есы Чэхава «Тры сястры» і чулы дыялог мастака з публікай. Сёлета эстафету паважанага парушальніка спакою Аляксея Ляляўскага падхапіў малады рэжысёр Аляксандр Янушкевіч са спектаклем «Вянчанне» Вітольда Гамбровіча. Гэта прымушае звярнуць асаблівую ўвагу на жыццё тэатра, які ўмее стварыць атмасферу для маўклівага сузірання свету наўкол, сябе ў свеце і свету ў сабе.

Самае вялікае расчараванне года — два апошнія спектаклі Мікалая Пінігіна ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы: «Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл» і «Ноч на Каляды». Схільнасць рэжысёра да шоуменства — з’ява цалкам сучасная. Нічога благога ў гэтым няма. Ён аматар яркай выразнай формы, запатрабаванай сённяшняй публікай, якая жыве ў свеце рэкламнай індустрыі, КВЗ, шоу-паказаў і гульняў на выжыванне. На гэтым можна добра зарабіць. І дзякаваць Богу.

Бянтэжыць у апошніх па часе работах Пінігіна іншае — страта той асаблівай, уласнай культуры, што заўсёды была ўласцівая Купалаўскаму тэатру. Гэты адмысловы арганізм са складанымі зашыфраванымі сэнсамі спектакляў, у якіх можна было знайсці абсалютна ўсё, раптам імгненна разбалансаваўся і пакаціўся ў бок народнага тэатра мінулага стагоддзя. У такіх спектаклях, як «Тутэйшыя», «Ідылія», «Сымон-музыка», «Пінская шляхта», поруч са злой іроніяй і парадыйнасцю прысутнічала ідэя спагады да той зямлі, на якой мы ўсе жывем. Смех прабіваўся скрозь слёзы ў цалкам зразумелым мастацка-гістарычным кантэксце. Дзякуючы гэтаму частка беларускай інтэлігенцыі пачала вяртацца ў тэатр. Не было сумна, не было сорамна. Камяк захрасаў у горле ад споведзі, якая ішла праз іронію і сатыру. І раптам сур’ёзная творчасць саступіла месца адкрытай «разлюлі-маліне». Перабольшанні і пераборы «Уршулі...» і «Ночы на Каляды», хоць і названы фарсамі, абсалютна нічога не даюць для розуму. Калі б гэтыя спектаклі, зробленыя для касы, былі антрэпрызнымі і згубіліся ў рэпертуарнай афішы — не бяда. Але яны падаюцца як дасягненні, вельмі дарагія ў вытворчасці і прэтэндуюць на акрэсліванне перспектывы галоўнага драматычнага тэатра краіны. З такімі цяжкасцямі адыходзіў гэты тэатр ад побытавай вясковай камедыі — і вось зноў набліжаецца да небяспечнай рысы, за якой няма акцёрскай школы, эталонаў, добрага густу, а ёсць толькі правакатыўныя сродкі ўздзеяння, ужо растыражаваныя шоу-бізнесам.

Таццяна Арлова

 

/i/content/pi/mast/51/859/3.jpg

«Сонечка» паводле Фёдара Дастаеўскага. Андрэй Бібікаў (Раскольнікаў), Надзея Цвяткова (Соня).Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Брама неўміручасці

Паступовае фарміраванне новага пакалення і новай генерацыі тэатральных рэжысёраў — працэс, які немагчымы ў рамках аднаго каляндарнага года, але надзвычай яскрава праявіўся акурат сёлета. Яго адметнасцю сталася тое, што маладыя творцы нарэшце не толькі паверылі ва ўласныя сілы, але і не пабаяліся прадэманстраваць іх, не чакаючы для сябе якой-кольвек падтрымкі ў выглядзе паблажак ды скідак на маладосць. Стварэнне Карняг-тэатра і «Спектакль № 7» Яўгена Карняга, «Вянчанне» Вітольда Гамбровіча ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек у рэжысуры Аляксандра Янушкевіча — гэта толькі самыя значныя і знакавыя эпізоды станаўлення новага творчага мыслення на прасторах айчыннага тэатра. І важна, што ўзніклі яны менавіта як акты творчага волевыяўлення маладых рэжысёраў, а зусім не ў выніку «ўгнаення» творчых палеткаў «біядабаўкамі».

Тэзіс пра пошукі маладых талентаў сёння становіцца неактуальным, у першую чаргу, з прычыны адсутнасці сур’ёзных перашкод для ўласнага самавыяўлення. А на змену яму прыходзіць іншая ідэя — павышэння прафесійнасці, пошукаў тых базавых навыкаў і метадаў працы, якія дазволяць людзям, што працуюць у тэатрах, станавіцца ў рэшце рэшт акцёрамі і рэжысёрамі не толькі згодна з запісам у дыпломе, але і ў рэальнасці.

З іншага боку, нягледзячы на тое, што пэўная колькасць творчых радасцей і прафесійных падзей усё ж адбылася, агульны фон тэатральнага жыцця ў 2011 годзе нагадваў сюжэт, апісаны яшчэ ў мінулым стагоддзі класікам беларускай драматургіі Кандратам Крапівой у яго п’есе «Брама неўміручасці». Складваецца ўражанне, што ў чаканні паабяцанага, а апошнім часам ізноў адкладзенага на няпэўны тэрмін канца свету, айчынныя тэатральныя дзеячы разам рынуліся да гэтай самай брамы, каб паспець-такі ўпісаць уласныя імёны ў неўміручую гісторыю айчыннага тэатра. Навыперадкі адзін з адным, яны намагаюцца патлумачыць і давесці ўсім навокал, што робяць гістарычна важную і важкую справу, а «хто не з намі — той супраць нас». І забываюцца, што адзіны крытэрый неўміручасці, які прызнае гісторыя, гэта не дыялектычная колькасць, а — якасць.

Таццяна Команава