Крокі па апусцелай зямлі

№ 11 (344) 01.11.2011 - 00.00.0000 г

Чарнобыльскі цыкл Сяргея Брушко

/i/content/pi/mast/50/858/48.jpg

Сяргей Брушко. З чарнобыльскага цыкла. 1987—2000.

Станаўленне Сяргея Брушко адбывалася ў вельмі плённы для развіцця фатаграфіі, у тым ліку і рэпартажнай, час. Галоснасць, перабудова патрабавалі вастрыні тэм і нечаканых ракурсаў — у літаральным і метафарычным сэнсах. З’явілася канкурэнцыя паміж выданнямі і аўтарамі. Гэта быў узлёт фотажурналістыкі — не пастановачнай, адрэтушаванай, а па-сапраўднаму прафесійнай, дакладнай.

Фатографы прызнаюць, што Сяргей Брушко першым моцна і паслядоўна ўвасобіў чарнобыльскую трагедыю. Тэма катастрофы стала адной з асноўных у яго творчасці, яна пачалася ў 1987 годзе з першых паездак у зону і анкалагічны дыспансер і завяршылася ў 2000-м, калі ён накіраваўся ў камандзіроўку за два месяцы да смерці ад невылечнай хваробы.

У Брушко ёсць і вельмі эфектныя драматычныя кадры: лялька ў святочным строі, забытая на бруднай дарозе, палёт буслоў над закінутай вёскай, пустыя вачніцы разбураных хат. Выявы проста крычалі пра няшчасце.

Самыя моцныя і ўражальныя кадры яго чарнобыльскай тэмы — не сляды запусцення, а ўвасабленне лёсаў людзей. Невыносна бачыць позіркі дактароў на спакутаванае цела падлетка, вочы маці, што не можа аблегчыць сынаў боль, простую геаметрыю ліній на галаве дзіцяці — так хірургі размячаюць месца будучай аперацыі... З’яўляецца пытанне: «Навошта паказваць такое?» На яго хутка прыходзіць адказ: «Трэба». Тады нараджаецца другое пытанне: «Хто можа гэта здымаць?» Сяргей Брушко мог. Меў права. Не таму, што прычынай яго ўласнай хваробы маглі быць радыяцыя ці ператамленне, стрэс ад бясконцых камандзіровак... А таму, што яму быў дараваны талент адметнага кшталту — асаблівае бачанне. Асаблівае разуменне. Родныя і блізкія Сяргея згадваюць, што ён быў чалавекам вельмі закрытым і прапускаў усё праз сябе. Таму, відаць, рэдка быў староннім і абыякавым назіральнікам.

Сяргей Брушко здымаў дзень адсялення вёскі Новая Ельня (1993), і гэтая серыя — больш, чым дакументальная хроніка. Псіхалагічны аповед з выверанымі сюжэтнымі лініямі, каларытнымі тыпажамі — атмасфера пазачасавасці зацягвае цябе ў свой сюррэалістычны водаварот. Вось самотныя постаці людзей у разбуранай хаце. Прыселі перад дарогай? Пусты кут з палічкай — святое месца ў доме, там вісела ікона. Сімвал часу — паласаты матрац. Дзіўныя эмоцыі — радасць, адчай, шкадаванне, сум, турбота на тварах людзей, якіх адсяляюць... Драўляныя масніцы хаты занесены пяском, адзінокая жанчына са скрыжаванымі рукамі, што нібы зраслася з гэтым месцам, за яе спінай фотапартрэты — старых і малых, бацькоў і дзяцей. Час спыніўся, і з’яўляецца ўражанне: яна нікуды адсюль не пойдзе...

Серыя здымкаў прысвечана Радаўніцы: людзі вярнуліся ў зону наведаць памерлых продкаў. Шыбы ў іх хатах ужо выбіты, яны турбуюцца пра гэта, быццам спадзяюцца вярнуцца. Пастановачны здымак дзяцей, якіх фатограф зняў у пустых вокнах-вачніцах вялікай хаты. Дзецям смешна, для іх усё — гульня. Над кожным акном — пара галубоў — сімвал кахання, толькі адзін галубок пахіліўся — дэталь, якая адразу кідаецца ў вочы.

Так, ракурс, кампазіцыя, святло выдатна згарманізаваны, але галоўнае тут — злавіць тую долю секунды, калі трэба націснуць затвор. Нездарма любімым фатографам Сяргея Брушко быў Карцье Брэсон — геній фатаграфіі вырашальнага моманту. Сяргееў сын Дзмітрый, які пайшоў па слядах бацькі, згадвае, што той вучыў яго фатаграфаваць з халодным розумам і гарачым сэрцам. Ніяк не наадварот.

Р.S.У 1998 годзе была выдадзена сумесная праца фатографаў Хуга Егі і Сяргея Брушко «У пошуках Беларусі. 12 гадоў пасля Чарнобыля».

Алеся Белявец