Акцэнты верасня

№ 11 (344) 01.11.2011 - 00.00.0000 г

Юбілейная выстава ў Палацы мастацтва

/i/content/pi/mast/50/856/43.jpg

Ірына Лобач. Тэрыторыя нябачнага. Акварэль. 2011.

Нягледзячы на тое, што дваццацігадовы юбілей творчага аб’яднання «Верасень» быў адсвяткаваны яшчэ ў 2009-м, сёлетні год таксама можна лічыць юбілейным: выстава аб’яднання, якая праходзіла на пачатку восені ў вялікай зале Палаца мастацтва, — ужо дзясятая. Акрамя таго, 2010–2011 гады былі багатыя і на персанальныя юбілеі мастакоў «Верасня» (Георгія і Наталлі Паплаўскіх, Мікалая Казлова, Наталлі Суставай, Мікалая Рыжыкава, Уладзіміра Шнарэвіча, Міхася Сенькіна, Віктара Кліменкі, Пятра Лысенкі, Тамары Чарнышовай). Іх імёны не з’яўляюцца адкрыццём для гледача: гэтыя майстры даўно і трывала займаюць годнае месца ў сучасным беларускім мастацтве, таму паказаныя на сумеснай выставе працы не толькі ўвасобілі пошукі кожнага з іх, шлях, па якім ішло развіццё аб’яднання, але і далі нагоду для разважання пра лёсы графічнай творчасці.

Цягам мінулага, смутнага для айчыннага мастацтва дваццацігоддзя на адрас «Верасня» з розных бакоў перыядычна выказваліся папрокі ў адсутнасці выразна выяўленай стылістычнай агульнасці, адзінага магістральнага кірунку творчай дзейнасці яго сяброў. Сапраўды, іх мастацкая мова і стылістыка надзвычай разнастайныя, што, аднак, не перашкаджае ўсім выставам «Верасня» мець акрэсленае і яснае для зацікаўленага гледача аблічча, якое адрозніваецца, да таго ж, «неагульным выразам». Ужо адным сваім парадкавым нумарам цяперашняя справаздачная выстава (яны праводзяцца раз у два гады) прадэманстравала трывалую традыцыю, што дазваляе мастакам не толькі ўбачыць працы сваіх сяброў па аб’яднанні, але і паглядзець на ўласныя творы ў іх атачэнні іншым поглядам. Можна сказаць, што «Верасень» адносіцца да тых нешматлікіх сённяшніх згуртаванняў, для якіх галоўнымі былі і застаюцца не самарэклама і суправаджальная калятворчая дзейнасць, а асаблівае стаўленне да мастацтва, засяроджанасць і нетаропкасць уласнай працы. Магчыма, менавіта таму, нягледзячы на рэгулярны ўдзел у розных біенале і пленэрах, рэспубліканскіх і міжнародных выставах кнігі, прызнанне і высокую ацэнку (шматлікія дыпломы і прэміі), удзельнікі аб’яднання (за выключэннем, мабыць, Георгія Паплаўскага) усе гэтыя гады заставаліся як бы па-за межамі мастацтвазнаўчых класіфікацый і нячаста былі прадметам паглыбленага персанальнага аналізу.

У 1989-м ядром «Верасня» сталі мастакі-графікі, працаваўшыя пераважна ў галіне кніжнай ілюстрацыі, яны ўжо выявілі сябе ў айчынным мастацтве як сталыя майстры, што валодаюць уласнай творчай індывідуальнасцю, высокай графічнай культурай, тонка адчуваюць спецыфіку кнігі. За плячыма ў кожнага былі пэўны досвед працы ў кнізе, трывалыя ўяўленні пра мастацкія задачы, асабісты круг прыхільнасцей. Агульнымі былі і прынцыпы творчасці — стаўленне да рэчаіснасці, спалучэнне жывога ўспрымання сучаснай выяўленчай мовы з культываваннем мастацкіх традыцый рускага, беларускага і сусветнага мастацтва, тонка ўспрынятая сувязь з нацыянальным фальклорам. Увага да традыцыі ва ўсіх «вераснёўцаў» арганічная і натуральная і з’яўляецца нечым, што само сабой разумеецца, без дэкларатыўнасці і праграмнасці. Вялікае ўздзеянне на аблічча аб’яднання аказалі погляды народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага, нястомнага вандроўніка, даследчыка і рамантыка, майстра глыбокай пластычнай і жывапіснай культуры, незвычайна патрабавальнага да прафесійнага майстэрства. З іншага боку, гэта аблічча вызначалася і значнай вагой у групе прадстаўнікоў іншай выяўленчай школы — маскоўскай (Мікалай Казлоў, Наталля Сустава, Віктар Кліменка, Ірына Лобач, Таццяна Царова, Іван Андрыянаў, Юрый Зайцаў), якія прыўнеслі не толькі ў «Верасень», але і ў беларускую кніжную ілюстрацыю ў цэлым адмысловую «маскоўска-паліграфічную» вынаходлівасць і вывераную элегантнасць выканання. Можна сказаць, што ў «Верасні» сабраліся мастакі, якія вызнаюць рамантызм у самых розных яго праявах, увабраўшыя як эмацыйнасць і рэалістычны пафас сваіх настаўнікаў, так і любоў да знакаў і метафар, характэрную для 1960–1970-х гадоў. Літаратурныя і культурныя асацыяцыі ў майстроў гэтай групы арганічна ўваходзяць у вобраз, прычым ні адна форма мастацкага мыслення не ўзяла верх над іншымі — усе аказаліся раўнапраўнымі. Варта адзначыць і ўласцівае «вераснёўцам» жаданне (як гэта пафасна ні гучыць сёння) падкрэсліць маральную і эстэтычную каштоўнасць увасобленых сюжэтаў і з’яў, захаваць уяўленне пра кніжную графіку як пра мастацтва самакаштоўнае, нават унікальнае. І зусім не выпадковым падаецца іх імкненне да кансалідацыі ў той складаны перыяд, калі перад творцамі было адкрыта мноства шляхоў, не ўсе з якіх спрыялі выжыванню. Гэта спроба абараніць свой «свет мастака», усведамленне высокай значнасці індывідуальнага творчага пачатку маюць вытокі ў «калектыўнасці», характэрнай для стаўлення да свету і мастацтва ў папярэднюю, савецкую эпоху.

/i/content/pi/mast/50/856/43-.jpg

Уладзімір Шнарэвіч. Кветкі палявыя. 2010

Апошнім часам надзвычай вострымі становяцца пытанні, што тычацца экспазіцый групавых выстаў, шмат гаворыцца і пішацца пра неабходнасць канцэптуальнага адбору твораў. Справаздачныя выставы «Верасня» ўжо шмат гадоў паказваюць, што магчымы і іншы шлях: пісьменна выбудаваныя экспазіцыі проста якаснай графікі і жывапісу, без іерархіі ўзростаў і званняў, не патрабуюць канцэптуальных апраўданняў і куратарскіх высілкаў. На жаль, адсутнасць у айчынным мастацкім працэсе (паводле шматлікіх соцыякультурных і эканамічных чыннікаў) прадуманых і доўгачасовых выставачных стратэгій прыводзіць да таго, што выставы, якія не прэтэндуюць на «канцэптуальнасць» і «элітарнасць», прыцягваюць незаслужана мала ўвагі з боку крытыкі (адна з задач якой — фарміраваць густы і інтарэсы гледача). Цэласнасць падобных экспазіцый будуецца не на аснове проціпастаўлення і кантрасту розных манер, а на ўзаемным дапаўненні. Пры гэтым кожны мастак прадстаўлены не адзінай «візітнай карткай», а даволі значнай колькасцю твораў, што часам утварае некалькі міні-выстаў у рамках агульнай экспазіцыі. Такім чынам можна атрымаць уяўленне пра асобнага мастака і лягчэй успрыняць усю выставачную прастору. У 2009 годзе такой персанальнай «экспазіцыяй у экспазіцыі» сталі дваццаць жывапісных прац прадстаўніцы малодшага пакалення «вераснёўцаў» Ілоны Касабукі. Сёлета экспазіцыйна значных блокаў было некалькі — работы юбіляраў сям’і Паплаўскіх, Мікалая Казлова і Наталлі Суставай, Тамары Чарнышовай, рэтраспектыва да 80-годдзя Пятра Лысенкі, серыя «Эмоцыі» Сяргея Волкава. Не менш прыкметная рыса ўсіх выстаў «Верасня» — адчуванне агульнай культурнасці экспазіцыі, у якой важныя не канкрэтныя сувязі з тымі ці іншымі імёнамі і кірункамі ў мастацтве, а супольны ўзровень, адсутнасць крыклівай густаўшчыны, фарсіраваных экспазіцыйных інтанацый.

Падобная «бесканфліктнасць» выставачнай драматургіі не выключае наяўнасці ў ёй ярка выяўленых акцэнтаў: у гэтым годзе імі сталі даволі шырокія, розныя па энергетычнай насычанасці і выяўленчай мове, размешчаныя адна насупраць другой экспазіцыі, прысвечаныя памяці нядаўна памерлых Мікалая Казлова і Пятра Лысенкі. Прадстаўленне на справаздачных выставах прац калег, якія пайшлі з жыцця, — яшчэ адна важная для «Верасня» традыцыя: такім чынам з’яўляецца магчымасць паказаць, няхай і ў сціслым выглядзе, іх творчасць, аднаўляючы тым самым сувязь пакаленняў. Зусім па-новаму прагучалі станковыя аркушы з серыі «Тонда» Мікалая Казлова, які аддаў шмат гадоў супрацоўніцтву з выдавецтвамі «Юнацтва» і «Мастацкая літаратура» і аформіў больш за 150 кніг. Нягледзячы на тое, што гэтыя творы нядаўна экспанаваліся на персанальнай выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, іх паказ у вялікай зале адзіным блокам з выдатнымі кніжнымі працамі яго жонкі Наталлі Суставай і ілюстрацыямі да «Казак з гербарыя», зробленымі сумесна з ёй, надаў ім зусім іншае вымярэнне. Стыль каляровых ілюстрацый Казлова і Суставай, якія вылучаюцца празрыстасцю і чысцінёй колеру, — крыху мудрагелісты і ў меру стылізаваны пад манеру мастакоў «Свету мастацтва», вытанчаны і артыстычны. У станковых кампазіцыях Казлова, фрагментарных і дынамічных, старанна вывераная кампазіцыйная структура злучаецца з тэмпераментам і воляй, утвараючы зусім іншую графічную манеру — імправізацыйную, імпэтную і ўскладненую. Яна з вялікай сілай выяўляе надзвычай рэдкі ў сучаснай беларускай графіцы стыхійна-эмацыйны пачатак — нібыта дзіцячыя кнігі выклікалі да жыцця чараду выяў-знакаў, што жывуць незалежным ад мастака жыццём. Рэтраспектыва Пятра Лысенкі па-свойму «рэканструявала» спецыфіку эпохі панавання рэалізму і тыя выдатныя каштоўнасці, якімі яна была багатая. У яго сціплых, старанна і з вялікай любоўю напісаных акварэльных і алейных пейзажах, партрэтах, фігуратыўных кампазіцыях паўстае цэлы свет душэўных вобразаў, сагрэтых шчырым пачуццём аўтара, прывабных простасцю і цеплынёй інтанацыі. Паміж гэтымі двума полюсамі мастацкага мыслення — традыцыйна-рэалістычным і сучасным — размясціўся ўвесь спектр індывідуальнасцей «вераснёўцаў», пацвярджаючы вядомую ісціну: графічнае мастацтва цікавае найперш сваёй шматстайнасцю, а змена матэрыялу толькі абвастрае ўспрыманне мастака. Пры цяперашнім павальным захапленні друкаванымі тэхнікамі відавочнай становіцца вернасць сяброў аб’яднання падкрэслена рукатворнай графіцы — алоўку, пяру,акварэлі... Побач з някідкімі апавядальнымі працамі Пятра Лысенкі, эмацыйны лад якіх ціхі і спакойны, графічныя аркушы Віктара Кліменкі здаюцца асабліва насычанымі нервовай энергіяй — формы ў іх пераходзяць адна ў другую, рэзкія зробленыя пяром рыскі ў «афортнай» манеры суседнічаюць з рухомымі лініямі і празрыстымі акварэльнымі мазкамі. Багатая разнастайнымі магчымасцямі тэхніка акварэлі (асабліва манера працы «па мокрым») цэніцца многімі мастакамі. Рамантычныя выявы Ірыны Лобач перагукваюцца з лірычнай недаказанасцю акварэляў у духу «Свету мастацтва» Таццяны Царовай, яны цікава і нечакана спалучаюцца з яе архітэктурна выбудаванымі кніжнымі працамі. Тамара Чарнышова, Яўген Жылін, Яўген Саковіч, Мікалай Рыжыкаў, Лідзія Ліхадзед ставяцца да акварэлі традыцыйна — як да матэрыялу, што валодае лёгкасцю, празрыстасцю, перацяканнем колеру, а гэта дае магчымасць вольнай трансфармацыі натуры ў пейзажы ці нацюрморце. Лізавета Пашчасцьева выкарыстоўвае гэту тэхніку ў традыцыйным жанры архітэктурнага пейзажа, выкананага ў духу старадаўніх часопісных ілюстрацый. Такой жа індывідуальнай своеасаблівасцю вылучаецца і малюнак. Выразная і дакладная манера малюнка сепіяй і пяром Уладзіміра Пашчасцьева зусім не падобная на энергічную працу сангінай і вугалем Мікалая Рыжыкава. Сяргей Волкаў, які заўсёды вылучаўся сваёй увагай да ўнутранага свету чалавека, выставіў серыю «Эмоцыі». Адзначаныя гумарам і вострай характарнасцю, пластычна паўнакроўныя жаночыя выявы выкананы ў тэхніцы класічнага алоўкавага малюнка, да якога мастак захоўвае сталую прыхільнасць. Апроч кніжнай і станковай графікі, многія «вераснёўцы» рэалізуюць сябе ў жывапісе. І калі прадстаўнік старэйшага пакалення Міхась Моўчан працуе ў рэалістычнай манеры, то малодшая генерацыя аб’яднання, жывапісцы з рознай, але пазнавальнай манерай — Наталля Марчанка, Улада Белавусава-Кірыенка, Ілона Касабука, не парываючы з традыцыйнай жывапіснасцю, больш увагі надаюць пошукам у сферы сучаснай мастацкай мовы — умоўнай трансфармацыі форм, фактуры, дэкаратыўнай арганізацыі палатна. Міхаіл Сенькін, які гэтым летам паказаў сябе на персанальнай выставе выдатным фантастам і казачнікам, тут выставіў стрыманы жывапіс, які апелюе да розных пластоў еўрапейскай культуры — ад Лежэ і Пікасо да геаметрычнай абстракцыі. Для Уладзіміра Шнарэвіча, чый стыль блізкі імпрэсіянізму, і Юрыя Зайцава, сюжэты якога літаратурныя і сімвалічныя, праца алеем стала натуральным развіццём акварэльнага жывапісу, захаваўшы ранейшую яркасць і чысціню колеру.

Удалым рашэннем аказалася асобнае размяшчэнне (на выгарадцы) прац Георгія і Наталлі Паплаўскіх, якія адзначаюць сёлета сваё 80-годдзе, і іх дачкі Кацярыны. Георгій, мастак магутнай энергетыкі, шчыры і праўдзівы, належыць да ліку майстроў старэйшага пакалення, для якіх тэма вайны стала асновай творчасці. Аддаючы даніну памятнай даце — 70-годдзю з яе пачатку, ён выставіў работы з серый «Час доўгіх нажоў» і «Памяць», эталонных па глыбіні мастацкага асэнсавання тэмы, маральным пафасе, выразнасці думкі і майстэрстве валодання тэхнікай літаграфіі. У выставачнай зале, таксама як і ў жыцці, побач з ім была Наталля Паплаўская — адзін з самых абаяльных майстроў беларускай дзіцячай кнігі. Яе працы розных гадоў вылучаюцца жыццярадасным светапоглядам, лірычнасцю выяў, багаццем дэкаратыўнай выдумкі, мяккай гармоніяй каларыту, заснаванага на тонкім разуменні беларускага народнага мастацтва (успрынятага не просталінейна, а праз суадносіны ліній і колераў). Апасродкаваны ўплыў выразных сродкаў абодвух мастакоў (прастата формы, манументальнасць,стрыманасць колеру) можна прасачыць і ў творах Кацярыны Паплаўскай, адзначаных своеасаблівай дэкаратыўнасцю, строгіх па пабудове урбаністычных пейзажах.

У адрозненне ад жывапісу апошніх двух дзесяцігоддзяў — даволі цяжкага для сістэматызацыі кангламерату стыляў і кірункаў, якія на ўсе лады імкнуцца пазбавіцца ад «цяжару» акадэмічнай адукацыі, беларуская графічная школа здолела не толькі захаваць высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, але і дамагчыся вызначанага прызнання і ўстойлівай рэпутацыі за межамі краіны. У гэтым ёсць і немалая заслуга мастакоў «Верасня» — многія з іх займаліся і займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю. Графічныя часткі рэспубліканскіх выстаў, як правіла, вылучаюцца цэласнасцю, больш роўным, у параўнанні з жывапіснымі раздзеламі, узроўнем прафесійнага майстэрства экспанентаў. Аднак на выставах прыкметныя не толькі бясспрэчныя дасягненні, але і наяўныя праблемы: ператварэнне (сярод малодшага пакалення) знаходак вядомых майстроў у штампы, звядзенне мастацкай канцэпцыі графікі да нейкай сумы рамесніцкіх догмаў, падмена жывога пачуцця разумовым «канструяваннем» на зададзеную тэму. Кідаюцца ў вочы дыспрапорцыя паміж назапашваннем у маладых мастакоў прафесійнага досведу і яго канкрэтным выкарыстаннем, другаснасць і стэрэатыпнасць творчага мыслення; сумнае багацце разнастайных гратэскава-сімвалічных форм часта суседнічае ў экспазіцыях з адкрытым «салонам» розных жанраў, у якім больш за ўсё шануецца рамесніцкае майстэрства выканання. Хоць для таго, каб здзівіць, недастаткова адной толькі тэхнічнай абсталяванасці, і сіла мастацкага выражэння зусім не залежыць ад зробленасці «да ўпору». Досыць часта віртуозныя паводле тэхнічнага выканання аркушы застаюцца ўнутрана халоднымі, нават пустымі, нясуць выразны камерцыйны налёт пры вонкавай «актуальнасці» мастацкай мовы. Апошняя выстава малюнка красамоўна паказала зніжэнне самастойнага значэння ўнікальных графічных тэхнік, страту ў моладзі цікавасці і густу да малюнка як паўнавартаснага спосабу творчага самавыражэння.

Магчыма, пры распаўсюджанасці тэндэнцый, згодна з якімі прафесійнае ўменне знарок хаваецца ці адкрыта дэманструецца, выстава «Верасня» можа здацца камусьці залішне традыцыйнай, нават кансерватыўнай, аднак яна не з’яўляецца «замшэлым анахранізмам». Справа ў тых прынцыпах мастацкасці, якія абралі сябры аб’яднання, у адказнасці мастака за тое, што ён нясе сваімі працамі. Пры ўсёй разнастайнасці тэхнік і фактур, вядомых графікаў сёння няшмат; на фоне некаторай абезасобленасці сучаснай графікі «вераснёўцы» выглядаюць жывымі індывідуальнасцямі. Яны працягваюць годна развіваць традыцыі рускай і беларускай графічнай школы, не прытрымліваючыся той яе лініі, якая ў апошні час найболей папулярная ў большасці мастакоў сярэдняга і маладога пакаленняў. Як справядліва заўважыў на адкрыцці Георгій Паплаўскі з нагоды акварэляў Пятра Лысенкі: «Хай моладзь здолее так зрабіць». Гэтыя словы датычаць усіх мастакоў творчага аб’яднання «Верасень».

Марына Эрэнбург