Прастора, якая гучыць

№ 11 (344) 01.11.2011 - 00.00.0000 г

«Аз есмь культура»

/i/content/pi/mast/50/855/37.jpg 
 Дырыжор Чэслаў Грабоўскі (сімфанічны аркестр Зеленагурскай філармоніі імя Тадэвуша Байрда).
Традыцыі. Імёны. Адкрыцці. Класіка і сучаснасць. Сінтэз і эксперымент. Гэтыя складнікі зрабіліся асновай грандыёзнай акцыі, што ладзілася ў Мінску ў межах польскай культурнай міжнароднай праграмы.
У яркім калейдаскопе падзей адбывалася галоўнае: крос-абмен культурнымі каштоўнасцямі і ўзаемнае ўзбагачэнне фонасферы — прасторы, якая гучыць.

Cross-Culture

Поліфанічная фактура апошняга гранд-праекта тонкімі ніцямі звязала палярныя геаграфічныя і музычна-стылістычныя з’явы на карце польскай музычнай культуры. Усе заяўленыя праекты прайшлі складаны конкурсны адбор, галоўным крытэрыем якога была ідэя паказу самабытнай, арыгінальнай старадаўняй і ультрасучаснай польскай музыкі, яе ўнікальнага творчага патэнцыялу. Падбор імёнаў кампазітараў сімптаматычны — гэта яркія прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі розных часоў, а сімвалічным гуру акадэмічнай часткі праекта быў абраны Караль Шыманоўскі, асоба, надзвычай адкрытая свету, кампазітар, піяніст, музычны крытык першай паловы ХХ стагоддзя.

Безумоўна, ажыццяўленне такой ідэі патрабуе немалых высілкаў, як фінансавых, так і інтэлектуальна-творчых. Праекты, прадстаўленыя беларускай публіцы, у першую чаргу ўражваюць глыбінёй канцэпцыі і стылявой шматстайнасцю. У гэтай сувязі хацелася б успомніць дэвіз, накрэслены над сцэнай Каралеўскага дацкага тэатра ў Капенгагене — «Ei blot til lyst» («Не толькі для задавальнення»). У наш спажывецкі час панавання брэндавай ідэалогіі часта задаеш сабе пытанне: што можа прыцягнуць слухача-інтэлектуала ў канцэртныя залы? Музыка павінна быць эстэтычна прывабнай, абуджаць думкі і пачуцці, але немалаважнымі (а часам і вызначальнымі) з’яўляюцца рэпутацыя выканаўцаў, арыгінальнасць падачы задумы, якасць інтэрпрэтацыі. І вядома ж, такога роду праекты закліканы адкрываць імёны — кампазітараў, дырыжораў, калектываў, салістаў.

У межах праектаў «I, Culture» кантакты музыкантаў-выканаўцаў, музыказнаўцаў, паэтаў, мастакоў, фатографаў і прадстаўнікоў самага шырокага кола прафесій ператварыліся ў самастойную шматпластовую партытуру, непаўторную па складзе і ўнікальную па гучанні.

/i/content/pi/mast/50/855/38.jpg

«Метраполіі і міфы», праект гурта «Балотныя кавалеры».

Міфалагічная прастора Караля Шыманоўскага

«Гісторыя чалавецтва, — пісаў Шыманоўскі, — гэта гісторыя яго мастацтва. Ягонае таямнічае святло, якое адлюстроўвае існую сутнасць з’явы». Шматзначныя эпітэты, што пацвярджаюць рознаскіраванасць таленту і значэнне дзейнасці Караля Шыманоўскага, належаць Зыгмунту Мычэльскаму, які лічыў кампазітара «грамадзянінам свету». Шыманоўскі апеў нацыянальную культуру і зафіксаваў ва ўласных партытурах ментальную інтанацыю польскага этнасу ў яе адкрытым дыялогу з іншымі народнасцямі. Яго творчасць вытрымала праверку на дарогах часу і ў сучасным мастацкім свеце асэнсоўваецца праз глыбінныя міфалагічныя катэгорыі. Таму так шматмерна і шматжанрава была прадстаўлена музычная паэтыка Шыманоўскага: ад традыцыйнай формы канцэрта, калі беларуская публіка змагла пазнаёміцца з сачыненнямі розных стылявых кірункаў, да мультымедыйных праектаў, што сінтэзавалі розныя віды мастацтва ў адзінай сцэнічнай прасторы.

Музыка Шыманоўскага ўзрушае сваёй вітальнай сілай, яркай эмоцыяй, ці гэта рамантычна-ўзнёслая і драматычная Канцэртная ўверцюра, ор. 12, ці Першы скрыпічны канцэрт, афарбаваны амузычненымі паэтычнымі радкамі «Травеньскай ночы» Тадэвуша Міціньскага і прысвечаны выбітнаму польскаму скрыпачу Паўлу Каханьскаму. Ужо з першых опусаў сучаснікі ўсвядомілі ступень таленавітасці кампазітара і самабытнасць яго стылю, у якім павышаная ўвага надаецца ўнутранай структуры гукавой матэрыі. Увасабляючы шырокі спектр эмоцый, Шыманоўскі вылучае ў якасці метатэмы сваёй творчасці вобраз Прыгажосці, Ідэалу. Пачуцці і перажыванні кампазітара скіраваны на самаспасціжэнне. Музычныя паэмы, дзённікі мастака-паэта, нацыянальныя матывы ў творчасці кампазітара ўяўляюць сабою дзіўны баланс эмацыйнага і інтэлектуальнага пачаткаў, у якіх спалучаюцца традыцыі, досвед папярэдніх пакаленняў і эксперымент (а ён не страціў актуальнасці і сёння) у галіне каларыту, гуказдабыцця, санорнага адчування формы.

Фальклорныя матывы асэнсоўваліся Шыманоўскім на працягу ўсяго жыцця. Цыкл «Шэсць песень курпёўскіх» для змешанага хору a cappella стаў своеасаблівым творчым адказам кампазітара на сустрэчу з Ігарам Стравінскім у 1921 годзе. Выкананне яго «Вяселейка», прасякнутага духам нацыянальнага, зрабілася ў жыцці творцы пераломнай культурнай падзеяй. Як пісаў Яраслаў Івашкевіч, «магчыма, Шыманоўскі хацеў даказаць Стравінскаму, што фальклор продкаў яго бацькі (нагадаем, што Фёдар Стравінскі нарадзіўся ў вёсцы Новы Двор і скончыў мазырскую гімназію) не саступае фальклору краіны яго маці». Польскі кампазітар быў зачараваны «дзіўнай курпёўскай гаворкай» і зусім новым поглядам зірнуў на зборнік «Пушча курпёўска ў песнях» Уладыслава Скеркоўскага, з якога абраў 18 узораў. Беларускай публіцы харавы цыкл быў прадстаўлены ў пералажэнні для інструментальнага ансамбля салістаў Уладзіміра Байдава, які здолеў захаваць асаблівасці харавой фактуры, надзяліўшы вакальнасцю галасы-тэмбры кожнага інструмента.

З нацыянальнымі матывамі з’яднаны і балет «Харнасі» («Разбойнік»), напісаны па матывах старадаўняй гуральскай легенды пра маладога прыгожага разбойніка рабінгудаўскага тыпу («харнасі» — ад кораня «харны», прыгожы), які выкрадае падчас вясельнай урачыстасці каханую, вызваляючы яе ад нежаданага шлюбу. Вакальна-інструментальная партытура балета тонка яднае ў сабе інтанацыйны слоўнік горнай народнасці і ўзнаўляе дух старажытнага вясельнага рытуалу (відавочныя імпульсы Стравінскага і Бартака). У сярэдзіне лістапада балет прагучаў у выкананні Беларускага акадэмічнага сімфанічнага аркестра (дырыжор Раман Рэваковіч).

Адным з яркіх уражанняў канцэртных праграм праекта зрабілася інтэрпрэтацыя Чацвёртай канцэртнай сімфоніі Шыманоўскага з саліруючым фартэпіяна. Гэта адно з апошніх сачыненняў кампазітара, маштабная, вытанчана інструментаваная, віртуозная партытура, складаная па фактуры і рытмічна разнапланавая. Выкананне опуса выдатным польскім піяністам Янам Кшыштафам Броем і толькі што згаданым аркестрам Белдзяржфілармоніі вылучалася ўдумліва-філасофскім прачытаннем, што яшчэ раз пацвярджае высокі выканальніцкі ўзровень айчынных музыкантаў. Толькі ў асобных месцах партытуры душа хвалявалася за медную духавую групу, дый цэласны ансамбль не заўсёды здаваўся арганічным. Аднак высокая планка заяўленага сачынення, безумоўна, натхняла беларускіх выканаўцаў, бо варта нагадаць, што запіс опуса ў інтэрпрэтацыі аркестра Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве (дырыжор Антоній Віта) і піяніста Яна Кшыштафа Броі быў намінаваны на прэмію «Grammy 2010» амерыканскай Фанаграфічнай акадэміі.

Разважаючы пра выканальніцкае прачытанне сімфанічных сачыненняў выдатнага польскага аўтара, адзначу высокі ўзровень сімфанічнага аркестра Польскай Балтыйскай філармоніі імя Фрыдэрыка Шапэна ў Гданьску пад кіраўніцтвам Кая Бумана, які прадставіў праграму «Караль Шыманоўскі, музыка па-за межамі». Адмысловае ўражанне пакінула культура ігры калектыву, якая літаральна заваблівае слухача ў складаную прастору партытуры Першага скрыпічнага канцэрта Шыманоўскага. Перад салісткай, польскай скрыпачкай Агатай Шымчэўскай, стаяла складаная задача данесці да слухачоў дзівосны стылявы сплаў опуса, які яднае рамантычныя традыцыі, элементы імпрэсіянізму і экспрэсіянізму. Віртуознасць партытуры патрабуе ад музыканта выразнага гучання высокіх нот, глыбокай вібрацыі, маляўнічасці тэмбравай палітры, віртуознага валодання смычком. І тут чаканні беларускіх слухачоў былі апраўданы, да прафесійнага майстэрства маладой скрыпачкі дадаліся арганічнае ўслухоўванне ў дыялог з аркестрам, яснае разуменне задумы кампазітара.

Асаблівая энергетыка і градус экспрэсіўнасці, шырокае дыханне і насычанасць гучання вылучалі сімфанічны калектыў Зеленагурскай філармоніі імя Тадэвуша Байрда. Разам з ім на сцэну выйшла яркая скрыпачка Ганна Марыя Сташкевіч, шмат разоў тытулаваная ў міжнародных конкурсах. На нашай філарманічнай пляцоўцы музыканты выступілі пад кіраўніцтвам Чэслава Грабоўскага, дырыжора тонкага, апантанага мастацтвам і ўлюбёнага ў нацыянальную культуру.

Немагчыма не згадаць яшчэ адзін опус Шыманоўскага, які быў пададзены ў арыгінальнай трактоўцы ансамбля «Класік-Авангард» (мастацкі кіраўнік Уладзімір Байдаў), — глыбока філасофскую музыку да пятай дзеі драмы Тадэвуша Міцінскага «Князь Пацёмкін». Як сведчаць гістарычныя факты, задума п’есы змянялася па меры яе публікацыі. Таму ў часопісе «Крытыка» ў 1906 годзе чытачы маглі ўбачыць кур’ёзны падзагаловак, які зусім не сведчыў пра памылку друку: «Князь Пацёмкін. П’еса ў чатырох дзеях. Дзея пятая». У двух фіналах адной п’есы разгортваюцца трагічныя падзеі бунту каманды браняносца «Князь Пацёмкін» у 1905 годзе, а таксама гісторыі мяцяжу на крэйсеры «Ачакаў» пад камандаваннем легендарнага лейтэнанта Шміта. І калі першы фінал, што абапіраўся на дакументальныя факты, быў песімістычным: карабель, як знак вечнага выгнанніка, кружыў у моры і знікаў у змроку, дык у пятай дзеі хвораму лейтэнанту Шміту ў трызненні з’яўляўся вобраз сямігадовага Далай-ламы, знака духоўнай свабоды. Яго спевы развейвалі мглу, і браняносец агінаў рыф. Менавіта да такога ірэальнага фіналу і пісаў музыку Шыманоўскі. Беларускія інтэрпрэтатары, услед за ідэяй Міцінскага, праз стварэнне шматмернага тэксту будуюць дадатковую асацыятыўна-сэнсавую лінію з празаічных і вершаваных цытат з Оскара Уайльда, Фёдара Дастаеўскага, беларускага паэта Зьніча, тыбецкіх і санскрыцкіх мантр. Музычны матэрыял сачынення не пакінуў абыякавымі слухачоў, зачараваных выразнымі інструментальнымі тэмамі і духоўнымі манаскімі спевамі, голасам Далай-ламы (салісты Дзяржаўнага камернага хору пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай).

«Балотныя кавалеры» і мультымедыйныя дыялогі

«Мае творы можна назваць Метопамі, Маскамі, Міфамі, яны могуць быць кепскай ці добрай музыкай — адно не падлягае сумненню: яны напісаны палякам». Гэтыя словы Караля Шыманоўскага музыканты гурта «Балотныя кавалеры» ўзялі ў якасці эпіграфа, назваўшы ўласны праект «SON((O))SPHERE — Метраполіі і міфы». Уласна, ужо назва групы архетыпічнымі ніцямі злучае беларускую і польскую нацыі, у свядомасці выбудоўваюцца даступныя і ментальна зразумелыя сімвалы балота, якія гучаць жывой прыродай.

Праект ахоплівае Берлін, Брусель, Маскву, Мінск і завяршаецца аб’яднаным канцэртам у Варшаве. Форма і дух еўрапейскіх сталіц, іх характар і соцыякультурны кантэкст прадстаўлены, па задуме аўтараў, «праз праекцыю пачуццёвага — дыянісійскага і рацыянальнага — апаланічнага», што афарбавана цытатамі з «Міфаў» Караля Шыманоўскага.

Разам з «Балотнымі кавалерамі», а гэта найбольш адметныя і яркія прадстаўнікі сучаснага польскага мастацтва, выступілі іх беларускія сябры: Сяргей Махаў (флейта), Дзяніс Парэчын (кларнет), Вераніка Прадзед (цымбалы) і кампазітар Дзмітрый Лыбін. Выканаўцы на сцэне па сутнасці ствараюць унікальную гукавую сферу, спалучаючы імправізацыю і зададзеныя кампазіцыйныя межы (сачыненне ўяўляе сабой трохчасткавую тэматычную канструкцыю), электроніку і архаічныя інструменты (у Мінску гэта цымбалы і акарына), візуальныя праекцыі і паэтычныя разважанні, якія агучылі маладыя беларускія паэты. У створанай па прынцыпе «тут і цяпер» сонасферы, «як у лабірынце завулкаў і вуліц гарадоў, ёсць вызначаныя пункты, ёсць і невядомыя шляхі, шляхі да прызначэння і агульнага пачуцця». Прастора, якая гучыць, дае мноства ігравых камбінацый і руйнуе чацвёртую сцяну сцэны, адкрываючы перад гледачом бясконцую перспектыву жывога горада, што дыхае і размаўляе: горад апрануты ў адметныя архітэктурныя і прыродна-ландшафтныя строі, а мудрагелістыя метамарфозы часу афарбаваны выразнымі музычна-рытарычнымі інтанацыямі. Але гэтая ўяўная стыхійнасць мудрагеліста-гратэскава высвятляе постаць Лялькавода, ён дакладна ведае, у які момант крануць патрэбную нябачную нітачку — і ў адно імгненне ты адчуваеш сябе чалавекам, лунаючым над безданню гіганцкага мегаполіса, а ў душы ўзнікае заспакаяльная кундэраўская «невыносная лёгкасць быцця». Падобныя мультымедыйныя праекты-фрэскі пацвярджаюць думку, што «вушы — гэта вочы ўяўлення».

Музычнымі мастамі паміж Польшчай і Беларуссю ўспрымаліся таксама сачыненні сучасных аўтараў дзвюх краін у выкананні ансамбля салістаў «Класік-Авангард». У дыялогу кампазіцыйных тэхнік і стылявых кірункаў прагучалі эфектныя сакавітыя «Летнія мары» Паўла Стшэлецкага (для 14 выканаўцаў і стужкі) і «Класік-Авангард-сімфонія» Дзмітрыя Лыбіна ў чатырох частках. Цікава, што ў апошнім опусе, прысвечаным 275-м угодкам з дня нараджэння Ёзэфа Гайдна, беларускі аўтар на новым вітку асэнсоўвае інтэлектуальную гульню ў духу неакласіцызму з характэрнымі гумарыстычнымі акцэнтамі, жанравымі цытатамі (ад менуэта да савецкага святочнага марша), у якую ён уключае матывы беларускіх народных найгрышаў, а таксама ўжо амаль «класічныя» фрагменты з твораў «Бывайце здаровы» Ісака Любана і «Песня пра Мінск» Уладзіміра Алоўнікава.

Адмысловы акцэнт варта зрабіць і на прэм’еры музыкі для нябачнага кінафільма «Сцэны з Булгакава па-мінску» Ежы Карновіча, старшыні Польскага саюза кампазітараў. Перад выкананнем твора аўтар зазначыў, што важная для яго кніга Булгакава ўтрымлівае смелае перапляценне гратэску з пакутай, абсурду з тугой па самарэалізацыі. І пяшчоту... «Я ўспрымаю яе як смутак па рэальным свеце і як архіпелаг чалавечых мар. А таксама як дыялог з радзімай нашых думак — роднай Еўропай, маючы на ўвазе назву яшчэ адной важнай для мяне кнігі Чэслава Мілаша».

Сустрэчы беларускіх і польскіх сяброў-музыкантаў былі афарбаваны святочнай падзеяй — 20-годдзем ансамбля «Класік-Авангард». Як умее гэты калектыў тонка ўслухоўвацца і чуць голас кожнага аўтара, надзвычай дакладна ставіцца да кожнага штрыха і каментарыя кампазітара, а калі гэта неабходна, то спалучыць у адной асобе музыканта-выканаўцу, акцёра і рэжысёра-драматурга!

А ў ліку гасцей, якія прыехалі на мінскія праекты, выступалі старшыня Польскай музычнай рады Кшыштаф Кнітэль, дырэктар Таварыства сучаснай польскай музыкі Мячыслаў Комінэк, дырэктар Міжнароднага фестывалю «Варшаўская восень» Тадэвуш Вялецкі.

Згадваючы імпрэзы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння нобелеўскага лаўрэата паэта Чэслава Мілаша, трэба назваць мультымедыйнае дзейства, што разгарнулася ў Акадэміі музыкі, — «Вялікае Княства Паэзіі» з удзелам ансамбля «Рацыянальная дыета» і паэтаў розных краін. Агучаныя рыфмаваныя радкі, музычныя кампазіцыі ў фармаце аўдыякнігі (ідэя Андрэя Хадановіча) дазвалялі пачуць новыя інтанацыі і падтэксты твораў Мілаша, «чалавека шматпавярховага».

Nova musica sacra...

У ліку знакавых праектаў, якія прагучалі ў Мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі, назавём музычную містэрыю «Stabat Mater» (і зноў справядлівыя вобразна-стылявыя алюзіі з аднайменным сачыненнем Шыманоўскага) з удзелам Влодэка Паўліка і Грыгарыянскага хору, а таксама канцэрт «У садзе святла» Познаньскага хору хлопчыкаў пад кіраўніцтвам Яцэка Сыкульскага.

Гукавая прастора містэрыі з’яднала арыгінальнае гучанне грыгарыянскага харала (хор Падляскай філармоніі і оперы, дырыжор Віялета Бялецкая) і джазавыя імправізацыі выдатнага польскага кампазітара і піяніста-віртуоза Влодэка Паўліка. Музычная плынь, што існуе па-за гістарычным часам, малітоўны дух храмавых песнапенняў, сярэднявечны, пазаасобасны пачатак, перададзеныя праз харавы спеў, і сучасная інтэрпрэтацыя еўрапейскага джаза — шчыра-лірычная ажурная вязь тэмбру фартэпіяна — нараджалі роздум над канцэпцыяй быццёвага і сакральнага, індывідуальнага і агульначалавечага. Грандыёзны праект раней ужо быў увасоблены на буйнейшых сцэнічных пляцоўках, у тым ліку ў Рыме ў базіліцы Santa Maria in Trastevere; правядзенне імпрэзы ў Беларусі пацвярджае гарачае жаданне польскіх арганізатараў прадставіць блізкім суседзям лепшае ў сваёй культуры.

У канцэрце хору хлопчыкаў панавалі шчырасць, чысціня, найвысокі прафесіяналізм, магнетычная энергія супольных спеваў — яны ўспрымаліся як гімн маладосці і таленту, праява шматгранных эмоцый і пераконвалі, што жыццё без кахання — пустэча. Кіраўнік калектыву працягвае даўнія традыцыі познаньской харавой школы, сцвярджае новыя прынцыпы сучаснага харавога мастацтва. Кампазітар, хормайстар, дырыжор Яцэк Сыкульскі разам са сваімі выхаванцамі стварае сапраўдны спеўны спектакль-вандраванне па розных краінах і эпохах, адмысловую акустычную прастору, музычнае пасланне, якое акумулюе знакі духоўнасці. І гэтая фонасфера прымушае гучаць самыя патаемныя струны душы і сэрцы.

Фолк. Джаз. Рок. І не толькі...

Своеасаблівы музычны марафон быў упрыгожаны яркай джазавай старонкай — выступленнем квартэта «HERA» Вацлава Зімпеля. Дэвіз калектыву: «А што калі дазволіць музыцы проста існаваць, аддаць ёй прастору і чакаць, што адбудзецца?». Адсюль — дух імправізацыі, які пануе на сцэне і стварае непасрэдны кантакт са слухацкім успрыманнем на ўзроўні інтуіцыі. Таму такая важная атмасфера, што атачае выканаўцу падчас канцэрта, яна дазваляе ўвайсці ў музычны транс і разбурыць усе межы паміж сцэнай і аўдыторыяй.

Фінал польскай праграмы быў пазначаны прыездам у Мінск культавай польскай групы музыкантаў-віртуозаў «Zakopower» (ад назвы горада Закапанэ). Лідар групы, скрыпач Себасцьян Карпель-Булецка, спалучае ў сваёй творчасці сучасныя рокавыя гучанні і матывы паўднёвага рэгіёна Польшчы — Падгалля, яго гуральскіх песень і найгрышаў. Неверагодная энергетыка музыкантаў зараджае надоўга, а рытмы іх кампазіцый жыватворна пульсуюць у памяці слухачоў.

У разнапланавых канцэртных праграмах «I, Culture» на беларускай сцэне прагучалі таксама сачыненні Станіслава Манюшкі, Канцэрт для аркестра і Маленькая сюіта Вітольда Лютслаўскага, музыка да кінастужак Войцеха Кіляра (у ліку работ кампазітара назавём экранізацыю «Пана Тадэвуша» Анджэя Вайды, «Піяніста» Рамана Паланскага і інш.). У сапраўднай арганнай «Адысеі» — так называўся праект, ажыццёўлены ў Віцебскай абласной філармоніі, прынялі ўдзел кампазітары з Польшчы, Беларусі, Паўднёвай Карэі, Германіі, Вялікабрытаніі і Украіны. Выкананне арганных опусаў польскім музыкантам Дарыюшам Пшыбыльскім змянялася чытаннем Канстанцінам Яськовым бессмяротнага твора Гамера.

Праекты такога маштабу не могуць не выклікаць сустрэчных пытанняў. Ці магчыма арганізацыя падобных акцый у нас? Што ці каго можна было б прапанаваць сусветнай музычнай супольнасці ў якасці нацыянальнага культурнага брэнда? Аднак перш за ўсё варта павіншаваць нашых польскіх калег і пацвердзіць, што спроба суаднесці і размежаваць праз прызму творчай канцэпцыі «аўтар-свет» адвечныя апазіцыі (а хутчэй, прынцыповыя пазіцыі) «сваё/чужое», «нацыянальнае/інтэрнацыянальнае», «акустычнае/электроннае» безумоўна мела поспех. І ў наасферы зноў актуалізавалася выява героя, які змяшчае ў сваёй прасторы ўсёабдымнае паняцце «культура» і прамаўляе — «I, Culture».

Наталля Ганул