І не ідзі, і не глядзі?!

№ 11 (344) 01.11.2011 - 00.00.0000 г

Як пабудаваць адносіны з крытыкай

Даўно збіралася закрануць тэму, якая турбуе і непакоіць не першы год. Тэму ўзаемаадносін мастацкіх калектываў і крытыкі. Тым больш, што жыццё (а яно, як вядома, найлепшы драматург) усё падкідвае і падкідвае новыя сюжэты, новыя сітуацыі. І прымушае рабіць новыя высновы.

На працягу апошніх некалькіх гадоў не магу вырашыць для сябе пытанне: ці патрэбны нашаму глыбокапаважанаму Тэатру оперы і балета журналісты і крытыкі? Да прэм’еры — патрэбны... Безумоўна! Бо яны — прадстаўнікі СМІ — даносяць шырокую інфармацыю да патэнцыйнага пакупніка білетаў. Тэлерэпартаж у прайм-тайм, анонс на папулярным інтэрнэт-партале, нататка ў газеце з велізарным тыражом — лепшая агітацыя. Глядач павінен захацець аддаць часам зусім не малыя грошыкі за квіток — на прэм’еру, спектакль, фестывальны канцэрт з удзелам сваіх і замежных зорак. У дадзеным выпадку журналісты — «зазывалы» і, так бы мовіць, пазаштатныя супрацоўнікі аддзела рэкламы. Яны «прасоўваюць» мастацкую прадукцыю, тавар, які вырабляе тэатр, і дапамагаюць яго прадаць. Гэтым можна патлумачыць актыўнасць, настойлівасць і гасціннасць, з якімі тэатр запрашае прадстаўнікоў СМІ на прэс-канферэнцыі.

О, гэтае ўсёмагутнае слова «піяр»! Журналісты зрабілі сваю працу, дзякуючы і іх намаганням таксама зала на прэм’еры поўная, фінансавы план выконваецца, прэміі супрацоўнікам тэатра на бягучы месяц забяспечаны. Але паўстае іншае пытанне: а тыя журналісты і нешматлікія крытыкі, якія хочуць напісаць пасля прэм’еры, а не да яе, — ці трапяць яны на спектакль? І тут пачынаюцца «блуканні па пакутах». Каб не быць галаслоўнай, прывяду некалькі прыкладаў. Бо крыўда бярэ не толькі за сябе, але і за калег.

Зразумела, святочнае адкрыццё тэатра — падзея і культурнага, і палітычнага жыцця. Урачыстасць шмат у чым пратакольная. Варта на яе імкнуцца ці не — іншае пытанне. Але тым, хто ўсё свядомае жыццё піша менавіта пра оперны тэатр (у тым ліку аўтару гэтых радкоў), паведамілі, што запрашальныя ў іх усё-такі будуць... якраз у дзень, калі адкрыццё і адбылося. Скажыце, калі лепшыя сябры запрашаюць вас у госці, а дакладней, на наваселле, за тры-чатыры гадзіны да ўрачыстасці, вы пойдзеце ці адмовіцеся? А можа, пачняце глыбока сумнявацца, ці сапраўды яны — вашы сябры?

Журналістам і крытыкам далі білеты пераважна без месца і параілі займаць вольныя крэслы. (Калі ты іх, вядома, знойдзеш — заўважу ад сябе.) Я з цяжкасцю, але паспела. А вось Зоя Пярфільева, рэдактар радыё, чалавек, улюбёны ў тэатр, якая не прапускае ніводнай прэм’еры і зрабіла пра тэатр і яго самых яркіх асоб шмат перадач, не паспела. Ніколі не забуду «карцінку»: публіка заняла свае месцы, на прыступках сесці нікому не дазволіла МНС. Зоі няма дзе прыткнуцца, і яна з бельэтажа спускаецца ўніз, каб адправіцца дадому са свята, нічога не ўбачыўшы і не пачуўшы. Можна патлумачыць сітуацыю тым, што адкрыццё тэатра — справа знакавая, рэканструкцыя рабілася доўгія тры гады, на яе выдаткаваны велізарныя сродкі і сюды імкнуцца трапіць усе, каб ацаніць вынікі. Магчыма, і тыя, хто тут ніколі раней не быў...

Але пойдзем далей. Наступная «карцінка». Прэм’ера «Трубадура». Крытыкаў і запрошаных журналістаў пасадзілі ў бельэтаж на прыстаўныя крэслы. Як мага бліжэй да ложы з асвятляльнікамі, прычым у некалькі шэрагаў. Так што добра чуваць, але ўбачыць можна ў лепшым выпадку трэцюю частку пляцоўкі. Мізансцэны ў глыбіні для вока зусім недасягальныя. У антракце гутарым з Таццянай Якушавай. Яна — вядомая радыё- і тэлевядучая, а некалькі апошніх гадоў — дырэктар музычных праграм Беларускага радыё. Адна з тых нешматлікіх асоб, якія вызначаюць музычную палітыку не толькі на радыё, але і ў краіне ўвогуле.

— Таццяна, ці падабаецца спектакль? — пытаюся.

Яна адказвае са смехам:

— Паводле гукавых уражанняў — цікава, але нічога не відаць...

Каментарыі патрэбныя? Вельмі крыўдна. Я тады думала: а можа, так робіцца знарок? Каб палову таго, што адбываецца на сцэне, не ўбачылі? А не разгледзеўшы ўсяго, як жа будзеш пісаць? Дапускаю: людзі, якія размяркоўваюць запрашальнікі, у прынцыпе не чытаюць артыкулаў, не глядзяць тэлеперадач і не слухаюць радыё. Магчыма. Але няўжо рэпутацыя ўласнай установы нічога не каштуе і нічога не вартая? Гэта шкодніцтва наўмыснае або неўсвядомленае?

З наступнай прэм’ерай, операй «Набука», справа аказалася лепшай. Напэўна, работу маскоўскага рэжысёра хацелі прэзентаваць шырокай публіцы, таму музычную і тэатральную грамадскасць пусцілі на генеральную рэпетыцыю. У выніку спектакль можна было ўбачыць з сярэдзіны партэра і ацаніць належным чынам.

Далей горш. Прэм’ера «Тоскі». Пасля яе — абмеркаванне з удзелам пастаноўшчыкаў і крытыкаў. Музыказнаўца Надзея Бунцэвіч на «круглым стале» заўважыла: калі б не паглядзела спектакль на генеральнай, дык пасля прэм’еры наогул нічога не магла б сказаць. Бо ўсіх крытыкаў пасадзілі ў ложу «Б», прычым у яе глыбіню, з якой паловы сцэны зноў-такі не відаць. Ва ўтульным паўзмроку ложы можна паспаць. Можна, прымружыўшы вочы, з задавальненнем слухаць аркестр і спевы, але ж тое можна з не меншым задавальненнем рабіць у Белдзяржфілармоніі (дзе табе чамусьці заўсёды рады) або дома, седзячы за камп’ютарам. Тэатр — яшчэ і візуальнае мастацтва, сюды прыходзяць, каб убачыць вынік намаганняў усёй пастановачнай групы. Ложа — найперш для тых, хто накіроўваецца ў тэатр з прадстаўнічымі мэтамі, па «пратаколе».

На прэм’еру балета «Трыстан і Ізольда» запрашальнік далі, але без месца. Значыць, ідзі і шукай вольнае крэсла — мо і пашанцуе. Улагодзіш уласным красамоўствам капельдынера — дазволіць крэсла бліжэй паставіць. Не ўгаворыш — будзеш, як жырафа, цягнуць шыю праз увесь бельэтаж або бенуар.

Амаль аналагічная сітуацыя атрымалася на прэм’еры «Снягуркі». Чамусьці паступіла каманда: «прэсу на генеральны прагон не пускаць!» Магчыма, штосьці ў спектаклі не было гатовае, магчыма, пастановачная брыгада баялася заўчасных уражанняў і высноў? Але настрой прадчування сустрэчы з высокім мастацтвам быў сапсаваны капітальна. Нягледзячы на забароны, на генеральную рэпетыцыю я ўсё-такі трапіла. І добра зрабіла, бо такім чынам убачыла адзін са складаў выканаўцаў (іх розныя інтэрпрэтацыі могуць моцна змяняць сэнсавыя акцэнты пастаноўкі). А на прэм’еры прэсу і крытыку зноў «запхнулі» ў тую ж ложу, з якой нічога не відаць. Неяк знайшла месца і паглядзела спектакль з цэнтра залы. Уражанні зрабіліся асновай артыкула, які змясціў часопіс.

Калі тэатр ладзіць міжнародныя імпрэзы або на яго сцэне праходзяць фестывальныя спектаклі і канцэрты, трапіць туды — асобная гісторыя. Адкрыццё Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Да нас прыязджаюць славутыя аркестры, зоркі оперы, вядомая на ўвесь свет балерына Ульяна Лапаткіна, якая будзе танцаваць у «Кармэн-сюіце». Як усё гэта ўбачыць? Арганізатары форуму: «Звяртайцеся ў тэатр!» У оперным: «Звяртайцеся да арганізатараў!» На бюракратычнай мове такая з’ява называецца «футбол». У выніку высветлілася: крытыкі і прэса на фестывалі — асобы другарадныя, бо важна, каб канцэрт адкрыцця прыйшлі паслухаць студэнты Акадэміі музыкі — ім у бельэтажы паставяць дадатковыя крэслы. А заадно і крытыкам, якія доўга і нудна намагаліся трапіць туды ж, таксама паставяць некалькі крэслаў. Ну, дзякуй і на тым. Але... было смешна назіраць, як пасля антракту маладыя музыканты, якіх ні Лапаткіна, ні «Кармэн-сюіта» не зацікавілі, радасна збеглі. І дадатковыя крэслы, за якія ішла адчайная барацьба не на жыццё, а на смерць, стаялі ў 2-й дзеі пустыя і сіратлівыя.

Восенню мінулага года ў Мінску адбыліся гастролі «Рускіх сезонаў ХХІ», антрэпрызы Андрыса Ліепы, былога славутага танцоўшчыка, а цяпер паспяховага прадзюсара. Ён прывёз у Беларусь два балетныя спектаклі. Цудоўна, падзея! Яе трэба пэўным чынам асвятляць на старонках часопіса. Гутарку з Андрысам змясцілі ў адным з нумароў. А як жа ўражанні ад выступлення зорак Марыінскага і Вялікага тэатраў?.. Яны так рэдка да нас прыязджаюць!

На спектаклі ўсе білеты распрададзены (досыць дарагія, летась яны каштавалі больш за 400 тысяч рублёў, сёлетняя іх цана перасягнула мільён). Вы не ўяўляеце, якія непрыемныя і нервовыя размовы трэба было весці, каб у рэшце рэшт — у якасці выключэння, з вялікай ласкі! — прэсу і навучэнцаў харэаграфічнай вучэльні пусцілі на прагон. Але калі кіравацца здаровым сэнсам, што там было так надзейна хаваць? На прагоне зрабілі перапынак, падчас яго палова залы ціха сышла. Маё глыбокае перакананне: калі ты — сведка вялікай мастацкай падзеі, дык ніколі не сыдзеш! Банк і фірмы, якія спансіравалі мерапрыемства, выкупілі білеты для ўласных супрацоўнікаў. Атрымаўся і патрэбны, і мастацкі — але «карпаратыў». Тады зразумела, чаму прэсу на спектаклі прынцыпова не хацелі пускаць. Каб раптам хтосьці не напісаў, што кароль... ну не сказаць, каб зусім голы, але і не цалкам апрануты!

У сувязі са знакамітымі гастралёрамі прывяду цікавае назіранне. Летась або пазалетась у Мінск прыехаў з «сольнікам» Дзмітрый Хварастоўскі, знакаміты барытон, якога вельмі люблю і глыбока паважаю. Ягоны канцэрт меўся прайсці ў Палацы спорту. Прэс-канферэнцыі няма, запрашальнікаў — таксама. Калі пасля канцэрта паспрабавала праз інтэрнэт высветліць, а што ж ён спяваў, які быў рэпертуар, якая рэакцыя публікі, дык не знайшла нічога. Як быццам таго выступлення ўвогуле не было. Вось што значыць прэса!

Але скончым з фестывалямі. Прадоўжым хроніку ўзаемаадносін тэатра і крытыка. Крыху лягчэй аказалася трапіць на «Аіду», паказаную напрыканцы мінулага сезона. На генеральным прагоне апошняй прэм’еры, оперы «Севільскі цырульнік», перад пачаткам дзеі прадстаўнікам прэсы настойліва параілі перасесці з партэра ў бенуар — маўляў, тут крытыкі будуць перашкаджаць артыстам.

— Спяваць? — з іроніяй запытала я.

— Не, іграць, — сур’ёзна адказалі мне.

Скажыце, хто і каму можа перашкодзіць у вялікай зале, калі яе аддзяляе ад сцэны немаленькая па памерах аркестравая яміна?! Згасла святло, і месцы крытыкаў ціха і дружна занялі калегі салістаў, занятых сёння ў спектаклі. Вы не паверыце! — ніхто нікому не перашкодзіў. У дзень прэм’еры месца для супрацоўніка «Мастацтва» адшукалі за дзве з паловай гадзіны да пачатку спектакля і толькі... у чацвёртым радзе ложы «Б». Адкуль нават тэарэтычна нічога ўбачыць нельга. Можна, задам сабе і вам, дарагія чытачы, рытарычнае пытанне: калі крытык сябе паважае, ён згодзіцца зноўку адчуваць сябе жырафай? Часам думаю: можа, мы ўсе — персанал раённага Дома побыту? Зрабіў сваю справу, заманіў публіку — і адразу знікні, не круціся пад нагамі, як тая абслуга, якой у п’есах рускіх класікаў ХІХ стагоддзя пан казаў: «Пшёл вон, дурак!»

Але ж як крыўдуе кіраўніцтва тэатра з нагоды бойкіх і неапраўданых «наскокаў» не вельмі дасведчаных аўтараў! І выразы памятаюць, і асобныя пасажы цытуюць! Значыць, кваліфікаваная і добразычлівая ацэнка ўсё-такі патрэбная?

Прапаную вам невялікую матэматычная задачку. Умовы: я напісала пяць кніг (у тым ліку выдала два вялікія альбомы), прысвечаных айчыннаму балету, і друкую рэцэнзіі, творчыя партрэты, артыкулы, нататкі, страшна сказаць, ажно з 1976 года (прычым не толькі ў беларускіх выданнях, але і ў рускіх, польскіх, украінскіх, — болей з сучасных крытыкаў, па-мойму, пра тэатр оперы і балета не напісаў ніхто). Пытанне: колькі яшчэ кніжак і артыкулаў трэба напісаць, каб цябе нарэшце пачалі паважаць? А значыць, каб не трэба было прасіць, клянчыць, вымагаць запрашальнікі на прэм’еру? Можа, на прэм’еры і фестывалі хадзіць са шматстаронкавым спісам уласных рэцэнзій, бо атрымліваецца, што зробленае для тэатра за тры з паловай дзесяцігоддзі — ні для каго не аргумент?

Музычных крытыкаў у нас надзвычай мала. Каму можна сёння заказаць кваліфікаваную рэцэнзію на оперны спектакль? Надзеі Бунцэвіч, Наталлі Ганул, Веры Гудзей-Каштальян, Алене Лісавай. Каму — на новы харэаграфічны праект? Тыя ж прозвішчы, да якіх трэба дадаць Святлану Уланоўскую і Святлану Гуткоўскую. Усё! Заўважце, на амаль 10-мільённую краіну. Але ж калі не лічыцца з такімі асобамі, крытычнае поле будзе змяншацца, як шчыгрынавая скура.

Існуе і такое меркаванне: няхай крытык сам купляе квіткі і ні ад каго не залежыць! Скажу шчыра: часам даводзіцца. На гастрольныя спектаклі Барыса Эйфмана, Раду Паклітару і інш. Бо надакучвае хадзіць, прасіць, весці нервовыя і бессэнсоўныя тэлефонныя перамовы. Але тады атрымліваецца, што я іду працаваць і яшчэ павінна заплаціць за тое грошы! Калі такую логіку доўжыць, дык чаму тады хірург не прыходзіць у аперацыйную са сваім скальпелем і наборам інструментаў? Стаматолаг — з уласным крэслам і апаратурай (бормашына, заўважу, каштуе столькі, колькі добрае замежнае аўто)? Дзеці ў школу няхай выпраўляюцца са сваімі партамі і дошкамі. Ваенны лётчык на выпрабаванні — на ўласным самалёце, а касманаўт у космас — на сваім караблі. Але ж нельга рэальнасць ператвараць у абсурд!

Калі б салісты і рэжысёры, якія дзякуюць за публікацыі і кажуць, што яны дапамагаюць жыць, калі б чытачы часопіса маглі здагадацца, колькі непатрэбных высілкаў трэба прыкладаць, каб табе проста не перашкаджалі рабіць сваю справу! Я ж тэатр услаўляю і рэкламую, адлюстроўваю ягоную гісторыю ў лепшых яе праявах — прычым яму гэта нічога не каштуе. Часопіс «Мастацтва», заснавальнікам якога з’яўляецца Міністэрства культуры (парадокс, але яму падначалены і тэатр!), — выданне каляровае, на дарагой паперы! Навошта, з якой мэтай увесь час устаўляюцца палкі ў колы? На працягу некалькіх апошніх гадоў марна спрабую зразумець: гэта пралікі дробнага клерка ці тэндэнцыя, што адлюстроўвае палітыку тэатра? Прыватныя адносіны ці праява стаўлення да крытыкаў і журналістаў увогуле? Чаму прарывацца на чарговую прэм’еру трэба кожны раз з боем, як у траншэю ворага, праз некалькі шэрагаў глыбока эшаланаванай абароны?

Пры ўсёй гарачай любові менавіта да гэтага калектыву, заўважу: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета знаходзіцца ў сістэме нашай культуры ў прывілеяваным становішчы. І мяркую, на гэта ёсць сур’ёзныя прычыны. У 2011 годзе на новыя пастаноўкі і гастрольную дзейнасць дзяржава (у асобе Міністэрства культуры) выдзеліла тэатру важкую суму — 2 мільярды 869 мільёнаў 395 тысяч беларускіх рублёў. Не будзем зайздросціць, парадуемся: краіна можа выдаткаваць годныя сродкі для элітарнага, «дарагога» мастацтва. Аднак сама сабой прыходзіць думка: аперыраваць такімі сумамі і шкадаваць запрашальнікі для пяці крытыкаў?!

Заўважу, ні ў адным іншым музычным калектыве краіны так да крытыкаў і журналістаў не ставяцца. Ні ў адным! Ні ў Беларускім музычным тэатры, ні ў нашай філармоніі, ні ў Акадэміі музыкі. Толькі прыйдзі, заўваж, напішы! Ведаю, калег, якія займаюцца драматычнай сцэнай, кіраўніцтва абласных тэатраў асабіста запрашае на прэм’еры. Прыедзь, паглядзі, прааналізуй у рэспубліканскім друку. Усе імкнуцца, каб вынік іх творчых намаганняў быў ацэнены. І толькі Тэатр оперы і балета не мае ў тым патрэбы? Можа сапраўды тэатру не цікавыя ні артыкулы, ні рэцэнзіі, ні агляды, ні дыялогі з вядучымі выканаўцамі? Дык скажыце адкрытым тэкстам!

Сітуацыю незразумелых адносін тэатра і крытыкі (яна датычыць і многіх маіх калег) магу патлумачыць найперш недальнабачнасцю. Бо прэса, як ні круці, чацвёртая ўлада, з ёй трэба лічыцца і будаваць стасункі карэктна. На ўсялякі выпадак, каб не абняславілі на ўвесь свет. Пастаўленае раней ці пазней сыдзе са сцэны, а вось напісанае, на шчасце, застаецца!

Магчыма, галоўным і вызначальным для тэатра цяпер з’яўляецца фінансавае пытанне, якому падначалена абсалютна ўсё? Як кажуць, грошы, грошы і зноўку грошы! Але ж прэстыж не купіш за грошы. Аўтарытэт калектыву робіць прэса. Крытыка — люстэрка, якое паказвае і здабыткі, і недахопы, — не ўсведамляць тое ў ХХІ стагоддзі смешна і недарэчна.

А можа, перад намі праява прагі ўласнай недатыкальнасці, прыхаваная няўпэўненасць у сваіх сілах і нежаданне дапускаць прафесіяналаў, якія аналізуюць па сутнасці, а не толькі спяваюць гімны і дыфірамбы? Успамінаю Першы Міжнародны калядны форум, які ладзіўся летась у снежні, і меркаванні маскоўскіх і піцерскіх музыказнаўцаў, выказаныя падчас «круглага стала». Выснова: айчынныя крытыкі яшчэ вельмі далікатныя, яны баяліся пакрыўдзіць і таму падыходзілі мякка, як тэрапеўты, а запрошаныя выступалі як хірургі. Іх ацэнкі аказаліся больш жорсткімі, не надта прыемнымі і тычыліся не столькі канкрэтных опер, колькі стану спраў, перспектыў, эстэтыкі (у шэрагу выпадкаў далёка не сучаснай).

Мяркую, кіраўніцтва запрашала гасцей-музыказнаўцаў, многія з якіх з’яўляюцца членамі экспертнага савета расійскай «Залатой маскі», яшчэ і з прыхаванай надзеяй: а можа, штосьці з нашай творчай прадукцыі ім спадабаецца і будзе паказана ў межах прэстыжнай праграмы? Здагадлівыя госці на маўклівае пытанне адказалі прама: мы шкадуем вашы нервы і эмоцыі, бо пакуль што вам рана разлічваць на поспех.

Але вернемся да тэмы. Міжволі думаю: навошта вырабляць такі тэатральны прадукт, які вы потым баіцеся паказаць? Колькі з’едлівых заўваг і высноў з’яўляецца на старонках друку ці на інтэрнэт-форумах з нагоды прэм’ер у нашых драмтэатрах — і нічога! Пастаноўшчыкі, нават самыя датклівыя і танкаскурыя, цэлыя і здаровыя! А як пішуць маскоўскія і піцерскія крытыкі — востра, яхідна і бязлітасна, не зважаючы на аўтарытэты і рэгаліі, толькі што па сцяне не размазваюць! Нашым тэатрам такі стыль размовы і такія ацэнкі і не сніліся.

Мне б дужа не хацелася параўноўваць цяперашняе і ранейшае мастацкае кіраўніцтва тэатра. Але пяць-дзесяць гадоў таму пытання, як трапіць на оперную ці балетную прэм’еру, ні ў аднаго вядомага журналіста або крытыка нават не ўзнікала! Яно вырашалася роўна за 3 (тры!) хвіліны. Ты хочаш паглядзець новую пастаноўку? Калі ласка, мы заўсёды рады, прыходзь! Дальнабачныя асобы ўсведамлялі: шматлікія візуальныя і слыхавыя ўражанні — аснова будучых артыкулаў, кніг, інтэрв’ю. Прэса дапамагла тэатру перажыць цяжкі перыяд капрамонту. Але хто цяпер пра тое ўспамінае?

У краіне працуе шмат цікавых аркестравых, харэаграфічных, харавых калектываў, пра якія мы не заўжды паспяваем належным чынам расказаць... Усім неабходны прэса, водгукі, аналіз зробленага. Трапіць на старонкі адзінага ў краіне прафесійнага часопіса па мастацтве мараць выдатныя рэжысёры, дырыжоры, салісты. Тэатру оперы і балета не трэба? Ну, што ж... Магчыма, палітыку выдання варта істотна скарэкціраваць...

Глыбока сумняваюся, каб у Варшаве, Празе ці Парыжы ўзаемаадносіны вядучага тэатра і крытыка будаваліся так, як у нас. Зусім не! Апошняму пакідаюць запрашальнік у касе — і ўсё! Далей чакаюць рэцэнзіі. У варунках, якія акрэслены на гэтых старонках, свет даўно ўжо не існуе. І вось упартае, бясконцае змаганне са штучнымі, невядома кім зробленымі перашкодамі з вытанчаным, узнёслым тэатральна-музычным мастацтвам ніяк не стасуецца.

...Калегі, якія шмат гадоў паслядоўна і прафесійна аналізуюць здабыткі драматычнага тэатра, аднойчы прыйшлі на прэм’еру. У спешцы іх размясцілі там, адкуль нічога не відаць. Яны падняліся і сказалі адміністратару: «Калі месцы для нас будуць, тады і прыйдзем. Як вы нас пасадзіце, так мы пра вас і напішам...» І рушылі да выхаду. Сведкі расказваюць: хтосьці з кіраўніцтва ледзь не бег услед па крутой лесвіцы з выбачэннямі — маўляў, не дагледзелі, але цяпер будзе як трэба.

Яшчэ адна «карцінка». Сёлета ў маі ў Мінск прыязджаў Валерый Гергіеў разам з аркестрам Марыінскага тэатра. Выступалі ў вялікай зале філармоніі. Нядзеля, майскія святы, дзённы канцэрт у нязвыклы час — а 12-й гадзіне, але ўсе білеты прададзены. Спачатку — прэс-канферэнцыя са знакамітым дырыжорам, на якую пусцілі і журналістаў, і музыкантаў — усіх, хто вельмі хацеў убачыць славутага маэстра «ўжывую». Пасля «прэсухі» журналістам далі магчымасць прайсці на балкон і заняць месцы на прыступках. Побач са мной сядзела вядомы рэжысёр, ніжэй — не менш вядомы дырыжор, а вышэй на прыступках — дырэктар гімназіі-каледжа. І ўсе былі шчаслівыя, што давялося пачуць знакаміты на ўвесь свет калектыў, які невядома калі прыедзе зноў. Значыць, усё можна зрабіць, калі ёсць мэта і разуменне, для каго ладзіцца дзея на сцэне...

Не прагну я ні крыві, ні арганізацыйных высноў. Але кожнаму цярпенню ёсць мяжа. За 20 гадоў працы ў часопісе «Мастацтва» не памятаю ніводнага выпадку, каб крытыка, які займаецца выяўленчым мастацтвам, паслядоўна імкнуліся не пускаць у Нацыянальны мастацкі музей. Каб кінакрытыка не запрасілі на фестываль ці прэм’еру айчыннага фільма. Або каб іх свядома пастараліся пасадзіць у закутку, адкуль нічога не бачна. Гэта нонсэнс! Дык, можа, не ўсё так, як мае быць, у дацкім каралеўстве?..

Таццяна МУШЫНСКАЯ