У лепшых традыцыях кнігадрукавання

№ 11 (344) 01.11.2011 - 00.00.0000 г

З калекцыі «Віта Нова»

/i/content/pi/mast/50/849/18.jpg

Уладзімір Смірноў. Ілюстрацыя да кнігі Аляксандра Пушкіна «Казкі». Ляўкас, тэмпера. 2006.

У Нацыянальным мастацкім музеі прайшла выстава кніжнай ілюстрацыі «З калекцыі “Віта Нова”». Было прадстаўлена 338 работ 60-ці сучасных мастакоў. У асноўным гэта ілюстрацыі да розных літаратурных твораў, апублікаваных выдавецтвам
у апошнія гады.

Заснаванае ў Санкт-Пецярбургу ў 2000 годзе выдавецтва «Віта Нова» спецыялізуецца на малатыражных калекцыйных выданнях мастацкай і дзіцячай літаратуры, на паэзіі, біяграфічных і літаратуразнаўчых кнігах. Прынцыповая пазіцыя палягае ў спалучэнні акадэмічнай падрыхтоўкі тэкстаў з лепшымі традыцыямі кнігадрукавання.

Да сваіх праектаў выдавецтва далучае вельмі розных аўтараў, пры гэтым кожны мастак вольны абраць блізкі яму літаратурны твор. У выніку «Віта Нова» сабрала ўнікальную калекцыю кніжнай графікі і з 2004 года займаецца некамерцыйнай выставачнай дзейнасцю. «Справа не толькі ў тым, што ілюстрацыі ўяўляюць самастойную эстэтычную каштоўнасць, параўнальную з каштоўнасцю літаратурнага твора, — лічыць генеральны дырэктар Аляксей Захаранкаў, — але і ў тым, што такая практыка сугучная галоўнай ідэі выдавецтва: кніга — татальны, абсалютны твор мастацтва, ад вокладкі да каментарыяў, ад ілюстрацый да тэксту. За дзесяць гадоў “Віта Нова” перарасла паняцце выдавецтва: цяпер гэта арт-праект, які аб’ядноўвае людзей самых розных мастацтваў».

Беларускаму гледачу былі прадстаўлены творы як арыгінальнай, так і друкаванай графікі. Гэта літаграфіі Барыса Забірохіна (уладальніка прэстыжнага «Залатога яблыка» Міжнароднага біенале ілюстрацыі ў Браціславе), афорты Юрыя Вашчанкі, прызнаныя ў Брытаніі аднымі з лепшых ілюстрацый да твораў Льюіса Кэрала пра Алісу, таніраваная акварэллю сухая іголка Юрыя Штапакова, манатыпіі Валерыя Бабанава... Шэраг творцаў звяртаецца да жывапісных ці нават характэрных для дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва тэхналогій. Напрыклад, ілюстрацыі Алега Яхніна выкананы алеем, а палехскі мастак Уладзімір Смірноў, ілюструючы рускія казкі, прытрымліваецца традыцый іканапісу і лакавай мініяцюры, працуючы тэмперай па ляўкасе. Свайго роду адкрыццём сталі складаныя аўтарскія тэхналогіі, як, напрыклад, парашковая тэхніка з выкарыстаннем молатай кавы, шкла і фатаграфіі Святланы Філіпавай ці надглазурная размалёўка па парцаляне Сяргея Русакова.

Эксцэнтрычны сімвалізм ілюстрацый Міхаіла Шамякіна да кнігі Уладзіміра Высоцкага «Два лёсы» суседнічаў з вясёлым прымітывізмам малюнкаў тушшу Аляксандра Фларэнскага да «Віназахавальніка» Алега Грыгор’ева, рамантычныя хітраспляценні ліній пяра Міхася Гаўрычкова, з якіх нараджаюцца выявы персанажаў Гофмана, — з мужнай архаікай падфарбаваных акварэллю афортаў Юрыя Люкшына да «Калевалы» Эліяса Лёнрата, а лірычны гумар стваральніка мультыплікацыйнага льва Баніфацыя Сяргея Алімава, чыя творчасць прадстаўлена на выставе гуашамі да «Гісторыі аднаго горада» Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, з фантастычным рэалізмам аднаго з найбуйнейшых тэатральных мастакоў Расіі Эдуарда Качэргіна («П’есы» Чэхава).

Ілюстрацыі да кнігі Інакенція Аненскага «Аметысты» пецярбургскіх мастакоў Вячаслава Бегіджанава і Юліі Богатавай — не толькі творы, выкананыя ў розных манерах і тэхніках, але і ўнікальная візуальная інтэрпрэтацыя паэтычнага свету пісьменніка двух вельмі арыгінальных майстроў. Варта адзначыць, што на выставе некаторыя аўтары былі прадстаўлены ілюстрацыямі адразу да некалькіх твораў, таму цікава прасачыць, як вар’іруецца ці, наадварот, застаецца нязменным стыль выканаўцы пры звароце да розных літаратурных арыгіналаў. Так, знакамітыя майстры, якія працуюць пад творчым псеўданімам Г.А.В. Траўгот, браты Аляксандр і Валерый Траўготы — віртуозы вытанчаных ліній, з іх на каляровым або чорным тле, ледзь акцэнтаваныя пастэллю, паўстаюць выявы герояў «Фаўста» Гётэ, «Майстра і Маргарыты» Булгакава, «Крошкі Цахеса» Гофмана.

Нягледзячы на самадастатковасць і завершанасць, паказаныя на выставе працы з’яўляюцца найперш менавіта ілюстрацыямі да літаратурных твораў. Яны прасякнуты духам той літаратуры, з якой мастакі чэрпаюць сваё натхненне. Для любога твора характэрна паглыбленне ў атмасферу часу, у якім жыў пісьменнік: ці то гэта будзе вытанчаны свет «Санетаў» Уільяма Шэкспіра ў малюнках Галіны Лаўрэнка, ці то пранізлівыя выявы «Пецярбурга Дастаеўскага» ў алоўкавых малюнках Андрэя Харшака. Адзначаныя ідылічным настроем ілюстрацыі Веры Паўлавай да «Дзіцячага альбома» Пятра Чайкоўскага ўзнаўляюць сюжэты п’ес, перадаюць атмасферу дваранскага сядзібнага побыту XIX стагоддзя, а выкананыя з ужываннем тэхнікі калажу працы Валерыя Мішына да «Вершаў» Уладзіміра Маякоўскага прымушаюць згадаць плакаты апошняга ў «Вокнах РОСТА».

Экспазіцыю дапаўнялі экслібрысы выдавецтва і выпушчаныя ім кнігі, аўтарскія арыгіналы ілюстрацый да якіх былі прадстаўлены ўвазе гледачоў.

Выстава «З калекцыі “Віта Нова”» ўразіла высокай якасцю твораў, маштабнасцю, нарадзіла жаданне зноў і зноў узірацца ў выявы, каб прасякнуцца атмасферай высокай культуры, якую яны рэпрэзентуюць.

Святлана Пракоп’ева