Зіма 1991 года, калі ў Мінску чакалі прыезду Прэзідэнта Расіі Барыса
Ельцына, была снежнай і марознай.
Я працаваў фотакарэспандэнтам АПН па Беларусі. З Масквы патэлефанаваў галоўны рэдактар фотаінфармацыі АПН Канстанцін Пятровіч Слюсарэнка і сказаў, што пасылае ў Мінск Рэваза Гарышвілі з новай, толькі набытай апаратурай «Ліфакс», якая дазваляе перадаваць каляровы негатыў па тэлефоннай сетцы, і выпрабаванне «Ліфакса» будзе ў Мінску.
Ельцын выступіў на сесіі Вярхоўнага Савета ў Доме ўрада. У перапынку пасяджэння нехта сказаў: «Быццам заўтра ў Белавежскую пушчу едуць».
Я да прэс-сакратара Саўміна Васіля Драгаўца:
— Едуць?
— Ніхто нікуды не едзе, — адмахнуўся сакратар.
Я да міністра замежных спраў:
— Едуць у пушчу?
— Хто сказаў? Не!
Але нешта таямнічае лунае ў паветры. А тут яшчэ і Рэваз з «Ліфаксом». Нешта не так, думаю.
Гляджу, старшыня Савета Міністраў Кебіч ідзе.
Я да яго, і не пытаюся, а ўпэўнена:
— Вячаслаў Францавіч, вазьміце з сабой у Пушчу!
Ён паглядзеў на мяне, ацэньваючы.
— А што? Паехалі!
— А як?
— Скажыце кіраўніку спраў.
— Напішыце запіску.
— Э, не, пісаць нічога не буду.
Кіраўнік спраў Саўміна, выслухаўшы мяне, паглядзеў на гадзіннік:
— Праз гадзіну вылятаем з аэрапорта Мінск-1.
Хапаю таксі, імчуся ў Беларускае аддзяленне АПН на Ленінскі праспект, 55, тэлефаную ў Маскву шэфу, Слюсарэнку:
— Лячу ў Белавежскую пушчу. Мабыць, царскае паляванне будзе.
— Выдатна, скажы Рэвазу, каб чакаў цябе.
На гэтым жа таксі — у аэрапорт. Самалёт ЯК-40 ужо шуміць рухавікамі. Убягаю ў салон, а там — Якаў Аляксейчык, генеральны дырэктар БелТА, Вадзім Біцан і Уладзімір Андронаў з Беларускага тэлебачання і Валерый Драздоў з «Народнай газеты». Усе з беларускіх СМІ, адзін я — маскоўскі.
Самалёт прызямліўся на ваенным аэрадроме ў Пружанах.
Зіма, мароз, мы стаім на полі аэрадрома, чакаем прылёту астатніх.
Прылятае ТУ-154 з Краўчуком і Шушкевічам.
Чакаем Ельцына. Цямнее. Угаворваем кіроўцаў аўтамабіляў стаць у шэраг і асвятліць фарамі самалёт з Прэзідэнтам Расіі. Ельцын, усміхаючыся, спускаецца па трапе.
Здымаем сустрэчу. Нягледзячы на мароз, беларусачкі у летніх нацыянальных строях падносяць хлеб-соль.
Картэж выбудаваўся і памчаўся ўдалячынь. А мы засталіся. Бачым «рафік». Мы да кіроўцы:
— Паехалі за імі!
Кіроўца кажа, што ён са старшынёй райвыканкама і нікуды не паедзе.
Шукаем старшыню, кажам, што адсталі ад картэжу. Той давёз нас да гасцініцы ў Камянюках. Гэта ўскраіна Белавежскай пушчы, а Віскулі (у самалёце мы даведаліся, што ўсе едуць у Віскулі, паляўнічую рэзідэнцыю, пабудаваную ў часы Мікіты Сяргеевіча Хрушчова) — у глыбіні Пушчы.
Размяшчаемся ў нумарах. Генеральнаму дырэктару БелТА прапаноўваюць люкс, а нам, чацвярым, нумар з чатырма ложкамі. Батарэі ледзь цёплыя. Захутваемся ў коўдры і грэемся... гарэлкай. Праз некалькі хвілін уваходзіць Аляксейчык. У яго нумары вокны без шкла. Наліваем Якаву Якаўлевічу гарэлкі, ссоўваем ложкі і, не распранаючыся, укладваемся спаць.
Раніцай пачынаем тарабаніць па тэлефонах, дамагаемся аўтамабіля. Прыязджае той самы «рафік» і адвозіць у Віскулі. Нас кормяць цёплай ежай. З’яўляецца прэс-сакратар Драгавец і паведамляе, што хутка нас запросяць у рэзідэнцыю. Рэзідэнцыя — двухпавярховы домік з вежкай на даху. Уваходзім. Прасторны хол, па сценках — мяккія лаўкі. З двухстворкавых дзвярэй выходзіць Кебіч. Мы да яго. Вячаслаў Францавіч ідзе на ганак. Глядзіць на неба.
— Не ляцяць?
Я наіўна пытаюся:
— Хто павінен ляцець?
Кебіч махнуў рукой.
Далейшае апісана ў падручніках па найноўшай гісторыі.
Фотаздымкі з дапамогай вышэйзгаданага «Ліфакса» мы з Рэвазам Гарышвілі адправілі ў Маскву ў ноч з 8 на 9 снежня 1991 года.
Газеты ўсяго свету выйшлі з фотаздымкамі АПН.
Мой сябар Станіслаў Міхайлавіч Казак, прадстаўляючы мяне сваім знаёмым, кажа: «Рэкамендую, гэта ён разваліў Савецкі Саюз!»
Юрый Іваноў