У снах і наяве

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Сярод спектакляў, прымеркаваных Купалаўскім тэатрам да дня памяці Янкі Купалы і паказаных напярэдадні 7 ліпеня, -- «Паўлінка», «Тутэйшыя» і прэм’ера «Сны аб Беларусі». Рэжысёр спектакля «Сны аб Беларусі» паводле п’есы Уладзіміра Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» -- Уладзімір Савіцкі. Апошнія ягоныя работы «Балада пра каханне» і «Дзікае паляванне караля Стаха», пастаўленыя на Малой купалаўскай сцэне, прыцягнулі ўвагу публікі і тэатральнай грамадскасці, былі ўспрыняты як творчы прарыў. Здатнасць раскрывацца менавіта на беларускім матэрыяле, здольнасць да сціслага метафарычнага мыслення, вастрыня думкі, чалавечнасць надалі абедзвюм пастаноўкам гуманітарны змест. Выклікалі захапленне вытанчаныя і яркія акцёрскія работы, найперш Г.Хітрык і Р.Падалякі. Цікавасць да рэжысёра значна павялічылася. Ягоную новую работу чакалі. Тым больш, што на галоўныя падмосткі У.Савіцкі не выходзіў даўно.

Паставіць спектакль да 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы так, каб не наракалі на кан’юнктурнасць (бо з памяці былых савецкіх людзей яшчэ не зніклі шэрагі так званых «дацкіх» спектакляў), для рэжысёра -- справа прафесійнага гонару. Дый свет літаратуры, які наноў адкрыўся для У.Савіцкага дзякуючы класіку, вялікі і бязмежны. Нагода для роздуму і працы душы. Ці кожны можа дазволіць сабе такую раскошу?. Адна справа -- спяваць і танчыць з нагоды і без. Іншая -- далучыцца да космасу паэзіі нацыянальнага генія і данесці, адкрыць яго гледачам. Асэнсаваць і ўвасобіць, спачатку на літаратурным узроўні, пасля ў сцэнічнай прасторы. Менавіта так, бо гэтым разам рэжысёр адначасова і аўтар інсцэніроўкі.
У.Савіцкі: «Задума спектакля ўзнікла задоўга да юбілею. Хацелася, каб Купалава слова на купалаўскіх падмостках гучала яшчэ часцей. Адчуваў неабходнасць размаўляць з гледачамі на мове паэта, на мове, якой пясняр надаў такую жывую сілу. Уладзімір Караткевіч у п’есе «Калыска чатырох чараўніц» прапанаваў выдатны драматургічны ход: асэнсаваць дар паэта як нейкую рэтрансляцыю з космасу, давесці, што прызначэнне паэта -- гэта не толькі ўменне рыфмаваць, а яшчэ і вялікая адказнасць, пакута, боль. Свой спектакль я дапоўніў вершамі Купалы «Ён і яна», «На папасе», «На куццю», урыўкамі з паэм «Адвечная песня», «Сон на кургане»... Надзвычай цікава было даследаваць, як малады паэт фарміруецца, калі пачынае «чуць галасы», што з ім адбываецца, як сталее свядомасць і як нараджаюцца вершы».

 /i/content/pi/mast/4/84/U-snah-i-nayave1.jpg
 "Сны аб Беларусі". Сцэна са спектакля.

На расхінутай сцэне не існуе патаемных куткоў: гледачам цалкам паказваюць яе вышыню, глыбіню, адкрываюць усё, звычайна схаванае ад старонніх вачэй, жалезнае начынне. Асацыятыўна гэта можна звязаць з лёсам самога Купалы. У ягоным жыцці не засталося невядомых, недаследаваных старонак. Ператлумачаны і вывучаны амаль што кожны эпізод. Ёсць толькі неразгаданая таямніца смерці. Відавочна, што для аўтара інсцэнізацыі У.Савіцкага менавіта яна і з’яўляецца зыходнай падзеяй спектакля. Але галоўнае ў ім -- паэзія, сам факт паэтычнага выбуху. Што дае паэзія душы і розуму, у якіх магнетычных імпульсах нараджаецца -- цікавіць пастаноўшчыка найбольш. Чараўніцы, якія гайдаюць калыску Купалы, -- гэта ад Караткевіча. Прыём даволі сумнеўны для сучаснага тэатра. Вядома, што выдатны пісьменнік не надта ўпэўнена адчуваў сябе на тэатральным полі. І ўсё ж, думаю, менавіта мера даверу да нацыянальных геніяў паўплывала на стылістыку гэтай пастаноўкі.
Дзея адбываецца ў гатэлі «Масква». У апошні дзень жыцця паэта. Дакладней, пасля таго, як ракавая рыса пяройдзена. Мастак В.Цімафееў, з якім У.Савіцкі зрабіў лепшыя свае спектаклі, рэзка трансфармуе гатэльны асяродак. Лесвіца, лесвічная пляцоўка, вялізныя люстры ў вышыні, здаецца, загайдаліся -- ды так і застылі насуперак існуючым зямным законам. Умовы гульні, якія прапануе рэжысёр, таксама незвычайныя. Ён спрабуе ўзнавіць стужку памяці паэта ў апошнія імгненні ягонага жыцця. Уявіць, што прамільгнула перад вачыма за апошнія секунды ракавога палёту. Ці прамільгнула? Пытанне рытарычнае. Сама структура спектакля ўскладнёная і грувасткая. Як цяжар адказнасці, што ўсклаў на сябе пастаноўшчык У.Савіцкі. Як плынь разнастайнай інфармацыі, якую ён спрабуе спалучыць у рэчышчы спектакля. Вядома ж, і для сцэны існуюць рэчы няўздымныя. Але гэтым разам -- удзячна-няўздымныя.
У.Савіцкі: «У Караткевіча п’еса пачынаецца з нараджэння паэта. Гэта падзея неардынарная. Неабходна было зрабіць з яе метафару. Мне падалося, што ў нас паэт нараджаецца... калі памірае. Або гіне. Яшчэ за савецкім часам была такая завядзёнка. Спачатку над паэтам паздзекавацца, давесці да самагубства, да смерці, забіць, а пасля ставіць помнікі, казаць, які ён быў выдатны... А забіваць можна па-рознаму: прыгожа нават, рамантычна, або з-за вугла, або кілішкам гарэлкі. Ды мастак, творца не такі, як усе, не падобны да іншых людзей. Глядзіць на свет адкрытымі вачыма, у яго аголеныя нервы. І ён усё ўспрымае іначай.

 /i/content/pi/mast/4/84/U-snah-i-nayave2.jpg
 І.Дзянісаў (Чаховіч).

Ён трагічны, датклівы, іншым разам смешны... Таму спектакль і пачынаецца з нараджэння-гібелі паэта. Цягам дзеі мы спрабуем давесці гледачам, што пачуццё ўдзячнасці Купалу, Коласу, Багдановічу, Багушэвічу, Караткевічу за тое, што мы атрымалі ад іх у спадчыну, -- бязмежнае. І духоўная спадчына Купалы сёння -- найперш катэгорыя маральная. Калі мы здатныя ганарыцца нацыянальнымі геніямі, з душой у нас усё ў парадку. Вядома ж, гісторыя нацыі не з нас пачынаецца і не намі скончыцца. Таму не трэба забывацца пра аснову асноў, пра фундаментальныя для нацыі і народа рэчы. Класічная музыка, геніяльная паэзія, тэатральнае мастацтва, літаратура дапамогуць уратаваць душу ў наш засмечаны пошлай рэстараннай энергетыкай і непатрэбнай мітуснёй час. Неабходна суадносіцца з паэзіяй Купалы».
Спектакль «Сны аб Беларусі» -- плоць ад плоці сённяшняга Купалаўскага тэатра. Гэта мяне здзівіла найбольш: метка Валерыя Раеўскага ў доўгіх карагодах русалак відавочна прысутнічала. Хоць выкананы яны былі па-іншаму. Работа харэографа і кампазітара Ларысы Сімаковіч вылучаецца нетутэйшай экспрэсіўнасцю і асэнсаванасцю. Нічога не робіцца проста дзеля хараства. Усе пластычныя праходы акцёраў шчыльна ўплецены ў сюжэт. Яго рухаюць, пачуццёва афарбоўваюць. Некаму, магчыма, падаецца, што русалкі танчаць зашмат. Затое на лепшых з іх -- С.Анікей, Г.Хітрык, С.Зелянкоўскую, Я.Русакевіч -- можна глядзець не адрываючыся. Усе акцёрскія работы спакойна вывераныя. Адкрытасцю і чысцінёй запамінаецца вобраз маладога Купалы ў выкананні Міхаіла Зуя. Засяроджанасцю і ўраўнаважанасцю вылучаецца Купала сталы, увасоблены Аляксандрам Падабедам. Асаблівая, няўрымслівая і экспрэсіўная Марыся ў Ганны Хітрык. Мудрая і вытрыманая Маці ў Зоі Белахвосцік. Зместавы пласт «Сноў аб Беларусі» -- насычаны і разнастайны. Часам здаецца, што магутную інфармацыйную плынь гэтага спектакля цяжка адразу ўспрыняць. Але далучыцца да яе абавязкова трэба, каб нешта вельмі важнае для сябе яшчэ раз усвядоміць.

 /i/content/pi/mast/4/84/U-snah-i-nayave3.jpg
 М.Зуй (Янка).

У.Савіцкі: «У спектаклі занята каля сарака выканаўцаў. Выбудаваць трайное паралельнае дзеянне было вельмі складана, але неабходна, каб перадаць не сюжэт, а плынь свядомасці паэта, праз якую праходзяць усе персанажы. Сутыкненні, канфлікты, перыпетыі... Душэўнае напружанне героя, якое то ўзмацняецца, то знікае... Нараджаюцца вершы. Даўно няма паэта, а цяпер і гатэля, дзе адбыліся трагічныя падзеі, не існуе. Засталіся толькі сны. Наш спектакль -- нібы апошні сон Купалы, ноч, цягам якой прамільгнула ўсё ягонае жыццё. Я вельмі ўдзячны акцёрам за іх самаадданасць. Міхаіл Зуй, які імкнецца на працягу дзеяння сыграць любоў, трагедыю, камедыю, здатны быць і прывабным і непрыгожым амаль адначасова. Самаахвярна, з гранічным паглыбленнем у матэрыял існуе на сцэне Аляксандр Падабед. Разам мы спрабуем зірнуць на Купалу крыху інакш, трошкі іншымі вачыма, бо за ягонай асобай, за вобразам замацавалася пэўнае псеўданароднае клішэ. Часам здаецца, нібыта ягоная творчасць пачыналася і скончылася «Паўлінкай». А міма вялікага пласта лірыкі, філасофскіх вершаў многія праходзяць, не заўважаючы. Данесці хоць частку іх да гледачоў, згадаць пра жыццё паэта, пра яго маці, пра бацьку, пра дзіцячыя гады было надзвычай цікава. Нямногія ведаюць, што з маці, ролю якой з такой годнасцю, трапятліва выконвае Зоя Белахвосцік, у яго былі кранальныя адносіны і амаль містычная сувязь. Яна перажыла сына толькі на адзін дзень. Цяжка хворая, апрытомнела ў гадзіну ягонай смерці і сказала: «Ну, майго Яначкі больш няма»... І з каханай у Купалы не ўсё добра атрымлівалася, але ж ён не стаў ненавісніком жанчын і так хораша, прыгожа пісаў пра іх. Усё разам гэта і многае іншае складае змест нашага спектакля. Мы звяртаемся да гледачоў, спрабуючы аднавіць сувязь часін, выразна ўсведамляючы, што любоў і дараванне -- галоўныя каштоўнасці, якія прысутнічаюць у ягонай творчасці».

                                                                                                         Людміла ГРАМЫКА