Нагода для ўласнага руху

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Дэфрагментацыя ў Палацы мастацтва

/i/content/pi/mast/49/837/22.jpg
 
Ідэя арт-праекта «ЧЭНТА. (ДЭ)фрагментацыя», зладжанага куратарамі Ірынай Герасімовіч і Зояй Луцэвіч, складалася ў пераносе літаратурнай тэхнікі чэнта (стварэнне новага твора са слоў і сказаў іншых тэкстаў) у сферу выяўленчага мастацтва.

Для Ірыны Герасімовіч гэта быў другі куратарскі праект у Мінску. Папярэдні — выстава «“ЛІТÄRA”. Візуальныя даследаванні паэзіі» — выклікаў рэзананс, дзякуючы выразнай канцэпцыі і ёмістай аўтарскай рэалізацыі. Беларускім мастакам былі прапанаваны вершы сучасных нямецкамоўных паэтаў у арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову. Выбраўшы адзін альбо некалькі тэкстаў, удзельнікі праекта паспрабавалі раскрыць іх сродкамі выяўленчага мастацтва.

Як нараджаліся праекты і рэалізоўваліся ініцыятывы? Як успрымалі куратарскую ідэю мастакі, а экспазіцыйная прастора напаўнялася творамі і сэнсамі? Пра гэта — гутарка з куратарам Ірынай Герасімовіч.

— Мне складана адказаць на пытанне, як я стала куратарам. Заўсёды вызначала сферу дзейнасці максімальна канкрэтна, напрыклад, займаюся пэўнай выставай ці гастролямі тэатра. Вельмі часта, калі канцэнтруешся на тэме, зададзенай у праекце, даводзіцца пераходзіць межы нейкай адной галіны дзейнасці, і праект робіцца міждысцыплінарным. Паводле адукацыі я выкладчык нямецкай мовы і літаратуры, пазней у Германіі стажыравалася ў рамках праграмы фонду Роберта Боша. Мне здаецца не зусім правільным наўпрост звязваць адукацыю чалавека з тым, што ён робіць у жыцці. Калі сустракаюся з прафесіяналам, мне не важна, якую навучальную ўстанову ён скончыў. Да сябе гэтак жа стаўлюся. Не памятаю таго моманту, калі мне прыйшла ў галаву думка пра куратарства, я займалася літаратурным перакладам, таму так натуральна паўстаў міждысцыплінарны праект «ЛІТÄRA», у аснове якога — пераклад.

Што стала імпульсам для падрыхтоўкі выставы?

— Гутарка з дырэктарам Інстытута імя Гётэ Катрын Оствальд-Рыхтэр, якая сказала, што яны хацелі б бачыць у сваіх сценах больш літаратурных мерапрыемстваў. Такім чынам, поле дзейнасці было акрэслена даволі шырока, а мяне заўсёды цікавіла праца на перасячэннях, напрыклад, літаратуры і візуальнага мастацтва. У Дрэздэне я рабіла праект, у якім распісвала манекены тэкстамі, прычым на целах былі размешчаны арыгінальныя тэксты, а на адзежы — пераклады. Манекены «падарожнічалі» па ўсім горадзе, сядзелі ў кінатэатрах і кафэ... Каб убачыць арыгінальны тэкст, трэба было крыху іх распрануць. Праект прайшоў з вялікім поспехам, таму досвед працы ў прасторы «паміж» у мяне ўжо быў. Паміж нечым і нечым... Я мяркую, што менавіта на гэтай тэрыторыі існуе больш шансаў для нараджэння новага. З цягам часу колькасць міждысцыплінарных праектаў — такіх, дзе цяжка вызначыць, з літаратурай працуе аўтар ці з выяўленчым мастацтвам, — будзе толькі памнажацца. Насамрэч, самае важнае — гэта думка, новае веданне. І паводле майго прагнозу, творчыя людзі будуць больш смела абыходзіцца са сродкамі для выражэння сваёй думкі. Што мы сёння ўжо назіраем.

Арганізоўваючы мастацкія праекты, вы нібы правяраеце мясцовае арт-асяроддзе на якасць, падатлівасць і плённасць. Якія далі б яму ацэнкі?

— Сёння, калі няшмат часу прайшло пасля завяршэння праекта «Чэнта», мне здаецца, што за наступны вазьмуся не хутка. Праблема ў тым, што падчас падрыхтоўкі гэтай выставы я сустрэла даволі шмат людзей, якія не разумеюць каштоўнасці ідэі. Ідэі як прадукту, глебы, базы для таго, каб пачаць нешта рабіць. Са многімі мастакамі мне было камфортна працаваць, бо адчувала: тое, у якім кірунку яны думаюць, адпавядае галоўнай задачы. Але частцы ўдзельнікаў складана было растлумачыць, пра што ідзе размова.

Ідэя выставы — гэта мэтавыказванне, якое павінна аб’яднаць у пэўны тэкст выказванні асобных аўтараў. І няма сэнсу задаваць нейкія «правілы гульні», калі пасля іх не прытрымлівацца. Мне было незразумела, калі часам творцы не прымалі, не развівалі, не заглядалі ў глыбіні галоўнай канцэпцыі — яны ж пагадзіліся ўдзельнічаць! Ніхто іх да гэтага не змушаў. Таму такое нежаданне мастакоў рухацца паводле вызначанай стратэгіі сталася галоўнай цяжкасцю.

У чым ідэя праекта «Чэнта» і як яна ўзнікла?

— Імпульсам паслужыла просьба Зоі Луцэвіч зрабіць у межах Саюза мастакоў асаблівую выставу — не такую, як звычайна. З аднаго боку, па фармаце гэта можа быць чарговая выстава секцыі жывапісу, але падрыхтаваць яе трэба неяк па-іншаму. Вось з гэтага няпэўнага жадання чагосьці новага, інакш арганізаванай экспазіцыйнай прасторы і нарадзілася мая ідэя. Я ўжо ведала, што метад міждысцыплінарнасці заўсёды спрацоўвае выдатна. Мяне цікавяць літаратурныя тэксты, зробленыя ў тэхніцы чэнта, таму я і прапанавала яе выкарыстаць. Задума спадабалася Зоі, старшыні секцыі жывапісу Леаніду Хобатаву і нарэшце — кіраўніцтву Саюза мастакоў. Асабліва каштоўным уяўлялася тое, што адна ідэя магла аб’яднаць многіх, а гэта вельмі падыходзіла для арганізацыі выставы цэлай секцыі. Да таго ж Саюз мастакоў прыняў рашэнне: ядро праекта складуць творцы, якія атрымалі ўхвальныя галасы ад сваіх калег на апошнім біенале жывапісу і скульптуры. Выбраныя творцы і склалі аргкамітэт: яны маглі прапанаваць іншых мастакоў, якіх лічылі арганічнымі для праекта. Гэта ж відавочна адразу: бачыць сябе чалавек у гэтай тэматычнай прасторы ці не. Калі бачыць, то яму даецца магчымасць поўнай самарэалізацыі. Тыя, хто не бачыў сябе ў тэме, не уключаліся ў гэты працэс.

Падчас працы асаблівых абмежаванняў я не адчувала. Вяла доўгія размовы з усімі мастакамі. Паколькі існаваў гэты пачатковы этап сумоўя, то потым выключыць кагосьці з праекта ўжо было немагчыма. І тады ўзнікла праблема: той-сёй з мастакоў не стаў дзейнічаць паводле вызначаных правілаў.

У чым жа карані праблемы? У пасіўнасці творцаў? Ці многія мастакі гатовы былі мяняць нешта ў сваім метадзе або стылі, каб...

— Нічога мяняць не патрабавалася. На пастаўленае пытанне я хацела атрымаць адказ, зроблены тымі выразнымі сродкамі, якімі мастак карыстаецца пастаянна.

Вы лічыце, што куратар павінен быць тыранам?

— Так, канешне. У куратара амбівалентная пазіцыя, ён, магчыма, і тыран для мастакоў, але служка ідэі. Менавіта куратар нясе адказнасць за тое, каб яна ўвасобілася. Калі ж гэтая ідэя сутыкаецца з мноствам творчых задум, вось тады часам даводзіцца быць тыранам.

Такім чынам, у вас была ідэя, якую вы пусцілі ў масы... Не падбіралі мастакоў пад канцэпцыю, а прапанавалі ідэю, з разлікам на тое, што творцы знойдуць ці створаць арыгінальныя работы?

— Работы для зыходнай экспазіцыі я падбірала сама. Калі вызначыўся спіс удзельнікаў, я была ў кожнага ў майстэрні, мы глядзелі і абмяркоўвалі. Я падбірала работы пад тэму фрагментацыі і дэфрагментацыі...

Вы вырашылі, што гэтымі працэсамі — фрагментацыяй і дэфрагментацыяй — займаецца кожны мастак? Гэта адзін з творчых метадаў?

— Не кожны твор падыходзіць пад тэму, але менавіта падчас падрыхтоўкі да выставы я зразумела, што мы так і ўспрымаем рэчаіснасць: разбіваем штосьці на фрагменты, каб лепш разгледзець, прааналізаваць, а пасля зноў збіраем фрагменты ў цэльны вобраз.

«Чэнта» мела некалькі раздзелаў...

— Так. На першым этапе рэалізацыі праекта былі адабраныя жывапісныя творы, прысвечаныя такім феноменам, як фрагмент і цэлае.

Мастацкі праект Зоі Луцэвіч, напрыклад, фрагментуе жыццё мастака, выкарыстоўваючы вельмі звыклую адзінку вымярэння часу — дзень. Кожная з работ серыі прадстаўляе адзін этап творчага пошуку, у якім ёсць і моманты надзвычайнай насычанасці, і паўзы. Цэнтральная работа выстаўлена на падрамніку яшчэ не напісанага палатна, менавіта гэта і надае праекту Зоі Луцэвіч такую своеасаблівую экзістэнцыяльную глыбіню. Становіцца відавочна, што мастак не толькі актыўна ўспрымае і перапрацоўвае знешні, бачны намі свет, але і выпраўляецца ў нейкія свае ўласныя лабірынты. З гэтых лабірынтаў паходзіць і такое моцнае мастакоўскае выказванне, як «Я — скура пустэчы». Упершыню ўбачыўшы гэты твор у майстэрні Зоі, я адчула моцнае фізіялагічнае пачуццё, пра якое няёмка было сказаць аўтарцы. Але яна здагадалася: «Што, цягне на ваніты?»

Палотны Зоі Літвінавай складаюцца з фрагментаў колераў. Колер, як вядома, базавая адзінка ў мове жывапісца. Выказванне, якое фармулюе мастачка ў сваіх працах, можна перакласці так: чалавек у стане ствараць новую, сваю ўласную прыгажосць, што не з’яўляецца простым адлюстраваннем прыроднай.

Аляксандр Барташэвіч паказаў серыю «Сумо №1 — №4». Яна складаецца з палотнаў, падобных да кінакадраў. Героі гэтага мастака рэалістычна выпісаныя ў поўны рост. І ты нібыта адчуваеш сябе ўнутры дзеяння. Рытм запавольваецца, і адбываецца метамарфоза: барацьба пераўтвараецца ў такі незвычайны танец.

Героі прац Аляксандра Некрашэвіча цалкам адпавядаюць тэхніцы «чэнта» — гэта істоты з тых часоў, калі мяжа паміж зверам, чалавекам і бажаством была надзвычай размытай, умоўнай, так што фрагменты ўсіх трох сутнасцей вандравалі з адной у другую: чалавек рабіўся зверам, звер — богам, бог — чалавекам і г.д. Нібыта прырода тут не да канца вырашыла, дзе канец чалавека і пачатак жывёлы.

Працэсы фрагментацыі і дэфрагментацыі можна было знайсці на выставе ў вельмі розных па стылі і метадах выканання творах. Напрыклад, у колеравых кампазіцыях Настассі Хобатавай і Сяргея Сялецкага, у выразных гульнях Станіслава Гурскага з колерам і формай, у абстракцыях Віталя Герасімава, у роздумах Рыгора Таболіча пра мінуўшчыну і традыцыйную культуру, у пяшчотных нацюрмортах Святланы Катковай і ў канцэптуальных калажах Антаніны Слабодчыкавай.

На выставе, акрамя зыходнай, была і другая частка экспазіцыі…

— Фотаздымкі твораў, што ўвайшлі ў асноўную экспазіцыю, былі падзеленыя на часткі. Кожны ўдзельнік праекта выбраў адзін альбо некалькі фрагментаў і на іх падставе стварыў новую працу. У новых работах мяне цікавіла стаўленне да фрагмента як такога. То-бок галоўнае было адказаць на пытанні: «Што такое фрагмент? Як ён спрацоўвае ў новым мастацкім творы? Як і чаму на яго падставе ствараецца штосьці іншае?» Праз вырашэнне гэтай задачы аўтары выявілі і свае адносіны да творчасці калег.

Цікава прасачыць, як мастакі падышлі да справы. Станіслаў Гурскі і Сяргей Сялецкі выкарысталі розныя мадэлі інтэграцыі фрагмента ва ўласную жывапісную працу. Сяргей Сялецкі многа разоў цытуе фрагмент з працы Настассі Хобатавай «Тask», па-іншаму камбінуючы прапанаваныя мастачкай абстрактныя сімвалы, а фрагмент працы Станіслава Гурскага ён ужывае як зыходную кропку для далейшага руху колеру і формы.

Станіслаў Гурскі ў сваёй працы «Кафеін 1» інтэгруе фрагменты чужых работ ва ўласную, пры гэтым ён іх не змяняе, а стварае сітуацыю, калі чужыя фрагменты вельмі цяжка ўбачыць адразу.

Мне блізка тое, што зрабіла Таццяна Кандраценка ў сваёй рэакцыі на працу Алеся Сушы «Адпачынак». Гэта чытаецца як яе развагі пра развіццё мастацтва: і мастацкая тэндэнцыя, і асобны твор на пэўным этапе могуць быць закансерваваныя. Зоя Літвінава прадстаўляе серыю сваіх эскізаў да работ Зоі Луцэвіч: такім чынам яна аналізуе творчы працэс калегі і ў той жа час вядзе з ёй вельмі інтэнсіўны дыялог.

Генадзь Козел выкарыстоўвае ў якасці фрагмента подпіс зноў-такі Зоі Луцэвіч: ён павялічвае яго і пераўтварае ў самастойнае палатно.

Аб’ект Настассі Хобатавай — гэта адначасова і дзіцячая гульня ў «сакрэцікі», і філасофскае назіранне: чорнае тло раз-пораз расхінаецца, адкрываючы і мапы гарадоў, і жывапісныя фрагменты: усе візуальныя элементы роўныя ў сваёй функцыі — падаваць інфармацыю пра свет.

Антаніна Слабодчыкава перамешвае фрагменты работ сваіх калег і твораў вялікіх мастакоў, ствараючы «аправы» для ўласных калажаў. Такім чынам яна аналізуе сітуацыю асобнага мастака: з аднаго боку, чужыя працы намячаюць абрысы ўласнага вобраза, з іншага — менавіта там, дзе чужога няма, застаецца месца для свайго выказвання. Аляксандр Барташэвіч параўноўвае ўздзеянне жывапісу з ўздзеяннем віна: яно можа несці і асалоду, і небяспеку.

Усе інсталяцыі, аб’екты, калажы, графічныя і жывапісныя работы, што атрымаліся ў выніку інтэлектуальнай гульні, выяўляюць энергетыку складаных узаемаадносінаў мастакоў, даюць магчымасць зазірнуць за кулісы творчых працэсаў і тэматызуюць ролю мастацтва ў справе пазнання свету.

Вельмі цікавую рэалізацыю атрымала на выставе ідэя Зоі Луцэвіч. Разам са Святланай Катковай яны ўзялі жывапісныя работы апошняй, а таксама Зоі Літвінавай, і перавялі іх на сукенкі. У выніку гледачы маглі прыйсці і прымерыць жывапіс на сабе.

Якім чынам гэта ўпісалася ў канцэпцыю?

— Калі мы з фрагментаў альбо на аснове фрагментаў зноў ствараем цэлае, гэта вельмі важны працэс. Па сутнасці, любы мастацкі твор паўстае на аснове фрагментарных уражанняў мастака ад рэчаіснасці. Пры рэалізацыі нашай канцэпцыі не было ніякіх абмежаванняў для аўтараў. Можна было перапісваць нечы твор ці выкарыстоўваць ужо гатовыя фрагменты.

Сакуратар выставы «Чэнта» — Зоя Луцэвіч. Якім чынам адбывалася арганізацыя экспазіцыі?

— Яе пасыл — мая рэакцыя. Мы не дзялілі кола абавязкаў. Усё нараджалася ў творчым працэсе.

Калі была выбудавана экспазіцыя, ці атрымалі вы той вынік, на які спадзяваліся?

— На самай справе я разлічвала, што будзе больш моцных, выразных і смелых рэчаў, ніхто ж не абмяжоўваў творцаў ні ў форме, ні ў сродках. Ад мастакоў чакала большай глыбіні і больш сур’ёзных адносін.

Хацелася ўбачыць нараджэнне новай думкі. І яна была, напрыклад, жывапісныя работы на сукенках — гэта новая думка. Мне вельмі падабаецца, калі мы назіраем ілюстрацыю працэсу, які адбываецца ў рэальнасці. Калі мы адгукаемся альбо не рэагуем на нейкі мастацкі твор — гэта таксама прымерка.

Для куратара важная самадысцыпліна. У нейкі момант варта прыпыніць размовы, не навязваць свайго бачання. Толькі тлумачыш, і калі ёсць гатовы прадукт, трэба прасачыць ход думак аўтара, упісаць адказ мастака на пастаўленае пытанне ў агульную экспазіцыю. І важна гэты адказ як мага лепш зразумець.

Выстава выклікала рэзананс. Мне давялося чытаць артыкул, дзе мастакоў і куратараў дакаралі за адсутнасць злабадзённасці, увасабленне пустэчы, эскапізм...

— Сам артыкул, які з’явіўся на партале «Арт-актывіст», не маю ніякага жадання абмяркоўваць. На маю думку, гэта проста нізкапробная журналістыка. Дарэчы, тут відавочна праявілася вялікая праблема нашай арт-прасторы. Пасля кожнага праекта чакаеш рэфлексіі звонку, менавіта рэфлексіі, а не пафасных суб’ектыўных (але з поўнай адсутнасцю маркіроўкі гэтай суб’ектыўнасці) замалёвак. Але па каментарыях да артыкула я зразумела, што многім хацелася ўбачыць у гэтай экспазіцыі рэакцыю на рэальныя праблемы рэальнага жыцця. Жаданне цалкам легітымнае, але яно не мае ніякага дачынення да нашага праекта. Ніякага. Урэшце, «Чэнта» — чарговая выстава Саюза мастакоў, прадукт у сярэднім звяне.

Дзіўна, што, распачынаючы крытыку, многія не ў стане выйсці за межы свайго маленькага свету. Пустата — страшна і цяжка, але чаму нельга даследаваць феномен пустаты? Мне здаецца, гэта вельмі захапляльная тэма, якая тычыцца кожнага з нас. І я цешуся, што мастакі ў маім праекце адважыліся заняцца такой экзістэнцыяльнай праблемай.

Мастакоў папракнулі эскапізмам? Эскапізм быў, ёсць і мае права існаваць. Гэты феномен назіраўся на розных этапах развіцця культуры ў розных краінах і як спосаб узаемадзеяння творцы і асяроддзя ўяўляе сабой не менш важную і цікавую тэму для даследчыкаў, чым адкрыта палітычнае мастацтва. Гэта проста розныя звёны аднаго ланцуга. Задача мастацтвазнаўцаў — не дзяліцца сваімі думкамі наконт таго, што яны хацелі б бачыць у творах, а зразумець, чаму наша мастацтва менавіта такое, якім яно ёсць.

Многія жадаюць, каб творца іграў функцыі громаадвода, каб ён выяўляў нашы страхі і памкненні. Але мастак не абавязаны гэтага рабіць. На выставе ў многіх творах прагучала моцнае выказванне пра чалавечую існасць. Хіба гэта — не актуальна?

Агаленне метаду стварэння працы — адна з цікавых мастацкіх стратэгій. Для мяне каштоўнасць выставы менавіта ў тым, што мастакі і прааналізавалі этапы стварэння ўласнай работы, і выявілі рэакцыю на творчасць калег...

— Так, своеасаблівы мастакоўскі самааналіз быў відавочна ўвасоблены ў экспазіцыі. Як чалавек ставіцца да канструявання сваёй работы, да работ іншых? На выставе праявіліся розныя метады працы з фрагментам. Ён можа быць і часткай твора, і нагодай для ўласнага руху. Выстава «Чэнта» вымагае ўважлівасці ад гледача, яе трэба разглядаць, у яе трэба гуляць — а не проста прыйсці і ўбачыць выключна эстэтыку або шукаць і не знайсці надзённасці.

Алеся Белявец