Уладзімір Кур’ян

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Той, які смяецца да слёз

/i/content/pi/mast/49/836/19.jpg

Дырыжыруе Уладзімір Кур’ян.

Нагодай для размовы з кампазітарам стала сёлетняя прэм’ера ягонай оперы «Фантазія» (паводле Казьмы Пруткова), якая пастаўлена студыяй Беларускай акадэміі музыкі. Але шмат гадоў таму я ўпершыню пачула яго Канцэрт для цымбалаў з камерным аркестрам. Потым напаткала гэты твор на сайце прэстыжнага Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах «Кубак Поўначы», што ладзіцца ў Чарапаўцы (Расія).
Як не ганарыцца — у іншай краіне сачыненне нашага кампазітара зрабілася абавязковым конкурсным творам! (Між іншым, гэты канцэрт надзвычай папулярны і выкладзены на добрым дзясятку музычных сайтаў.) Дзікунская рытмічная энергетыка новых, нечакана выкарыстаных цымбалаў прынукае імгненна ўлюбіцца і ў сам інструмент, і ў нязмушаную фантазію аўтара.

Убачанае і пачутае падчас прэм’еры опернай «Фантазіі» прымусіла смяяцца да слёз. Гумарыстычнымі аказаліся не толькі сюжэт і мова герояў. Гумар быў адлюстраваны ў кожнай прыдуманай кампазітарам інтанацыі, рытмічнай фігуры, тэмбравым спалучэнні, якімі ў партытуры характарызаваліся героі пікантнай сітуацыі: шасцёра жаніхоў сабраліся ў доме старой «дамы з сабачкам», каб тая выбрала мужа для пляменніцы Лізанькі.

Аўтары пастаноўкі — кампазітар Уладзімір Кур’ян, рэжысёр Ганна Маторная, дырыжор Іван Касцяхін і маладыя выканаўцы — на працягу 40-хвіліннай дзеі неаднаразова спрытна разыгралі гледача. Першы раз падманутым адчуваеш сябе на пачатку, калі высвятляеш, што пад мілагучнай назвай «Фантазія» хаваецца не рамантычны жанр, а мянушка калматай балонкі. Другім разам слухача разам з Лізанькай падманвае сама Аграфена Панкратаўна, якая вырашае аддаць пляменніцу замуж за таго, хто знойдзе яе згубленую ўлюбёнку. У трэці раз ашуканымі аказваюцца жаніхі, якія сыходзяць ні з чым, нягледзячы на прывабнасць прыведзеных сабак розных парод і памераў (асобная ўдзячнасць Ірыне Багданавай, аўтару смешных лялечных звяроў). Нарэшце, калі адгучаў апошні такт фіналу, а абяцаная прыгажуня Лізанька так і не з’явілася на сцэне, нібы той Гадо, у чаканні якога знаходзіліся персанажы абсурдысцкай драмы Бэкета, пачынаеш адчуваць сябе героем аднаго вялікага мадэрнісцкага розыгрышу. Ад аўтара оперы, у якой столькі нязмушанага гумару, захацелася даведацца пра яго творчае крэда.

Гумарыстычнае стаўленне да жыцця і мастацтва — ваша свядомая пазіцыя ў творчасці?

— Калі ў мяне дрэнны настрой, я не дзялюся ім. А дзялюся добрым. Вядома, кантрасты патрэбныя, але ўсё негатыўнае знікае ў працэсе музычнага развіцця. Наогул, нават у сваім дэбютным кансерваторскім сачыненні я хацеў прыдумаць нешта «гэткае», асаблівае. Бо люблю здзіўляць і здзіўляцца сам. Калі паказваў першы ўласны твор для цымбал — «Перазвоны», — мой старэйшы калега Андрэй Мдывані сказаў: «Гэта Айвз». Я тады падумаў: што такое Айвз? Гэта дзеяслоў або нешта іншае? Высветлілася — амерыканскі авангардыст-наватар.

Але ваша першая «наватарская» прэм’ера адбылася задоўга да паступлення ў кансерваторыю. Тады вы былі яшчэ кампазітарам-аматарам...

— Так, прэм’ера атрымалася гучная. Пасля арміі я завочна вучыўся ў педагагічным інстытуце. І разам з сябрамі-студэнтамі, таленавітымі музыкантамі, увасобілі на сцэне актавай залы рок-оперу «Масфан», якую я пісаў два ці тры гады. Там усё маё — і тэкст, і музыка. Да гэтага часу ў мяне былі ўжо два сшыткі песень, але галоўным штуршком да творчасці стала рок-опера Уэбера «Ісус Хрыстос — суперзорка». Яна агаломшыла мяне. Слухаў яе на бабінным яшчэ магнітафоне і разумеў, нават не ведаючы мовы: гэта дрэнны персанаж, гэта добры... Накупіў шмат каробак з цукеркамі, каб улагоджваць вахцёрку, і яна дазваляла нам па начах заставацца ў інстытуце і рэпеціраваць. Поспех быў шалёны. Мы сталі героямі. На прэм’еру прыйшлі Уладзімір Кандрусевіч, Радаслава Аладава, Галіна Гарэлава. Я не забуду іх аднадушнае меркаванне — трэба ісці прафесійна вучыцца кампазіцыі. Нікога з кампазітараў тады не ведаў, але Кандрусевіча паважаў, ён для мяне з’яўляўся аўтарытэтам з дзяцінства. Гэта быў час, калі ўсе рвалі струны на гітарах ля пад’ездаў, каб спадабацца дзяўчынкам, а Кандрусевіч быў ужо вядомым рок-музыкантам, лідарам гурта «Пані-брацця».

Не сакрэт, што прафесія кампазітара і яе перспектывы звычайна не выклікаюць даверу ў бацькоў. На выбар вашага шляху ў жыцці неяк паўплывалі старэйшыя члены сям’і?

— У падлеткавым узросце я пяць разоў кідаў музычную школу, дзе займаўся па класе баяна. Дзякуй маме, прымусіла скончыць. Аднойчы кажа: «Вова, праз тыдзень іспыты ў музычную вучэльню, пойдзеш здаваць». Як паслухмяны сын, пайшоў і здаў іспыты ў вучылішча — тады, у 1969-м, яно знаходзілася на месцы цяперашняга гатэля «Еўропа». Пасля экзамена дырэктар вучэльні мне чамусьці кажа: «Вы прынятыя, можаце ісці ўзрадаваць маці». І толькі праз некалькі гадоў, ужо пасля арміі, калі я паведаміў маме, што паступіў у кансерваторыю на аддзяленне кампазіцыі, яна дзіву далася: «Сынок, якая кампазіцыя?! Ты ж і на баян паступіў па блаце!» Так яна прызналася, што хадайнічала за мяне.

Чаму ж вы так рэдка пішаце для баяна?

— Мабыць таму, што ён для мяне найперш сябар па «заробках». Недаўна купіў карту Беларусі і паставіў сцяжкі ў месцах, дзе «іграў вяселлі» — у маладосці так зарабляў. Што такое маршы, вы ведаеце? Гэта калі ў канцы вяселля кожнаму госцю асобна выконваецца марш і пад яго збіраюцца грошы «на хлопчыка» ці «на дзяўчынку». Так было прынята, асабліва ў Заходняй Беларусі. Сцяжкі накрылі ўсю карту — не менш за 1000 вяселляў правёў разам з баянам.

Прыкмячаю, што вы асабліва любіце цымбалы…

— У іх спалучаецца выразнасць меладычных і ўдарных інструментаў. Люблю рытм, і мелодыю таксама люблю. Андрэй Бандарэнка, мой старшы калега па класе Дзмітрыя Браніслававіча Смольскага, жартам казаў: націсні на педаль раяля, сцісні рукі ў кулакі, выцягні па пальцу і іграй — вось табе «цымбалы». Сапраўды, існуе такая манера і на цымбалах — двума малаточкамі па незаглушаных струнах. Але, як ні дзіўна, цымбалы могуць усё…

Як вы думаеце, што сёння скажа настаўнік пра свайго вучня Уладзіміра Кур’яна?

— Раней мною быў задаволены. Курс аказаўся таленавітым — я вучыўся разам з Эмілем Наско, Аляксандрам Рашчынскім, Сяргеем Хвашчынскім.

Цяжка ўявіць, што малады аўтар рок-оперы і песень пад гітару пісаў фугі…

— Пісаў, і нават падвоеныя. Тыя ж «Перазвоны» — падвоеныя варыяцыі са злучэннем дзвюх тэм у фінале. За іх я ў Маскве ў 1985 годзе атрымаў дыплом Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў за подпісам Ціхана Хрэннікава.

Ці не ўшчувалі вас за сюжэт «Фантазіі»? На пачатку 1980-х запаветы «рэалізму» і «народнасці» ў мастацтве яшчэ ніхто не адмяняў.

— Не. Усім спадабалася. «Фантазію» напісаў на пятым курсе кансерваторыі, гэта была мая дыпломная праца. Здарылася так, што я спазніўся на «Гісторыю КПСС» і вырашыў не ісці, а замест таго сеў у скверы ля кансерваторыі з кніжкай Казьмы Пруткова і не адрываючыся прачытаў камедыю «Фантазія». Такія ёмістыя афарызмы застануцца на ўсе часы! І ў мяне з’явілася думка: чаму б не напісаць такую оперу, дзе шэсць жаніхоў з розных канцоў свету прыйшлі і дзеляць непадзельнае — нявесту, якой няма? Некаторыя характары падгледзеў у калег з іншых рэспублік, якія прыязджалі ў Дом творчасці ў Іванава. Юрый Фартунатаў, геніяльны іванаўскі кансультант, дапамог мне ў пэўных дэталях.

Першую частку оперы мы паставілі ў кансерваторыі з вялікім поспехам. Я дырыжыраваў, дакладней — як мог — «танцаваў». А другую частку, у якой усе жаніхі вярнуліся з рознымі сабакамі, я пазней скончыў спехам, абы атрымаць сваю пяцёрку па спецыяльнасці на дзяржаўных іспытах. Так опера і ляжала з 1984 года. А калі паступіла прапанова ад Ганны Маторнай паставіць яе ў опернай студыі Акадэміі музыкі і я пачаў «маляваць» партытуру на камп’ютары, зразумеў, што трэба ўсю другую палову перарабляць. І зрабіў для пастаноўкі новы варыянт на 40 хвілін.

Калі меркаваць па вашых творах, не існуе «чыстай музыкі»...

— А гэта што? Музыказнаўчыя прыдумкі… Я працяглы час выношваю ідэю — з чаго будзе складацца твор. А ўвасобіць яе ў гуках — справа хуткая. Вытокі ідэі часта могуць не мець адносін да музыкі. Вось маё першае кансерваторскае сачыненне — сюіта для фартэпіяна «Жартоўны тыдзень». Доўга думаў, чым бы здзівіць. І прыдумаў вершаваныя эпіграфы да сямі п’ес — па колькасці дзён тыдня. Атрымалася нечакана. Толькі Дзмітрый Браніслававіч паўшчуваў: занадта доўга пісаў — месяц. Трэба было «Панядзелак» напісаць у панядзелак, «Аўторак» — у аўторак і гэтак далей.

А чаму вы любіце «няправільныя» рытмы — 5-дольныя, 7-дольныя?

— Не ведаю. Але магу пісаць і па-іншаму. Вось, убачыў аб’яву: адбудзецца конкурс на лепшую песню ў гонар юбілею Таварыства ратавання на вадзе (ОСВОД). Пішу дзве песні — усё стандартна, рытмы «нармальныя». Абедзве на ўласныя вершы, але першую адпраўляю ад свайго імя, а другую — ад імя сябра-фізіка з суседняга пад’езда. Я атрымліваю першую прэмію, ён — другую. Шчыра пасмяяўся, калі ён аслупянеў. Дарэчы, абедзве песні запісаны з сімфанічным аркестрам Барыса Райскага.

У «Фантазіі» шмат алюзій на вядомыя мелодыі. Не баіцеся, што слухач не прачытае іх?

— Не баюся. Многія з тэм выдатна пазнаюцца: «Сабачы вальс», «Чыжык-пыжык» Чайкоўскага.

Як Чайкоўскага?!

— Так, Чайкоўскага. Поўны збор сачыненняў, опус 1.

Ёсць і больш «высакародныя» спасылкі на класіку: на хор «Цішэй, цішэй» з «Рыгалета» Вердзі, «Вальс» Мендэльсона, выхад Графіні з «Пікавай дамы»...

— Графіню не я прыдумаў. Рэжысёр Ганна Маторная таленавіта прачытала мае задумкі і дадала ад сябе. Інтэлектуальны рэжысёр, мне пашанцавала...

А ў чым адметнасць супрацоўніцтва кампазітара з драматычным тэатрам?

— На жаль, музыку да драматычных спектакляў, кіно, мультфільмаў называюць «прыкладной». Яна нават пералічваецца асобна — у канцы спіса іншых твораў. Несур’ёзная нібыта, ці што? Не, так не лічу. Ад яе часта залежыць, ці адбудзецца спектакль, ці атрымаецца стварыць патрэбны настрой. Я «захварэў» тэатрам адразу, як толькі прапанавалі працаваць у ім. На той час быў «важным чалавекам» — галоўным дырыжорам-кансультантам пры гарвыканкаме Мінска. Курыраваў музычныя калектывы ўсіх рэстаранаў горада. Уявіце, прыходзіў у любы рэстаран, мяне дзяўчынкі танчыць запрашаюць, а я адмаўляюся, бо — «на працы». Але прапанову ўзначаліць музычную частку Купалаўскага тэатра прыняў без доўгага роздуму. Бо тэатр — гэта маё! І з гонарам кажу пра сваю «прыкладную» музыку. Гэта музыка да спектакляў «Ідылія», «Таполевая завея», «Смак яблыка», «Віват, імператар», «Маэстра», «Тутэйшыя». На жаль, «Тутэйшыя» ўжо не ідуць...

За гэты спектакль вы атрымалі ў 1992 годзе Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. А які свой твор лічыце лепшым?

— Не так проста адказаць. Але не магу не ўзгадаць кантату «Беларуская калыханка» на словы Васіля Віткі. Чаму яе напісаў? Спачатку проста спадабаўся зборнік вершаў Віткі ў кнігарні, там вельмі шмат вобразаў — і Кастусь Каліноўскі, і касманаўты, і вершы для дзяцей... Калыханка — гэта вобраз мамы. А калі ёсць мама — павінны быць бацька і сын, ужо тры часткі. Далей, адабраў сцэну праводзін у рэкруты і светлы фінал. Атрымалася адметная гісторыя, якой ганаруся. Першы раз кантата выконвалася ў 1979 годзе, таксама ў педінстытуце. На прэм’еры прысутнічаў сам паэт. На канцэрце да ўласнага
50-годдзя я зноў дырыжаваў гэтай кантатай, сабраў цікавы калектыў: камерны аркестр філармоніі, джазавы ансамбль «Apple tea», хор храма Аляксандра Неўскага, саліст, духавы ансамбль. Крыху пакрыўдзіўся, калі ў радыёперадачы да 100-годдзя Васіля Віткі ні слова не сказалі, што была такая музычная прэм’ера — можа, самая буйная — на яго словы.

Якой вам бачыцца будучыня класічных музычных жанраў?

— Яна будзе такой, якой мы захочам яе зрабіць. Напрыклад, даўно мару напісаць канцэрт для аркестра і саліруючых... талерак.

Цікава, эфектны ўдарны інструмент...

— Кіньце стэрэатыпы! Бываюць і іншыя талеркі — не толькі музычныя. І яны могуць выдатна гучаць...

■ ■ ■

Інтрыга? Так. Ды толькі ведаючы творы кампазітара, я магу спадзявацца, што такі канцэрт з’явіцца. Як з’явілася першая на Беларусі рок-опера, пачаўшы найбольш сучасны жанравы кірунак у айчыннай музыцы. Як з’явіўся канцэрт для цымбалаў са струнамі, перавязанымі стужкай, на якіх трэба граць не толькі палачкамі, але і ключом для настройкі. Як з’явіўся і скарыў выканаўцаў-валтарністаў твор «Залатая ліхаманка», у якім музыкантам давялося выкарыстоўваць валторны… у якасці «сіта» для золата. Як з’яўляюцца ўсе творы Уладзіміра Кур’яна — фантазійныя, энергетычна няўрымслівыя, усмешлівыя. Яны прыйшлі да нас па адной з невядомых дарог мастацтва.

 

Даведка

Уладзімір Кур’ян. Адзін з найбольш значных і адметных сучасных беларускіх кампазітараў. Аўтар рок-оперы «Масфан» і оперы «Фантазія», вакальна-інструментальных паэм «Памяці маці» і «Беларуская калыханка», сачыненняў для камернага і народнага аркестраў. Некалькі дзесяцігоддзяў паспяхова працуе ў галіне камерна-інструментальнай музыкі, удала эксперыментуе з жанрамі, стылямі, сродкамі выразнасці. Кампазітар натуральна спалучае ў сваіх сачыненнях фальклорную і сучасную музычныя інтанацыі. Творчасці Уладзіміра Кур’яна ўласцівыя эмацыйная і дэкаратыўная яркасць, выкарыстанне гукавых эфектаў, плённыя пошукі ў галіне рытмікі, нечаканыя інструментальныя і тэмбральныя спалучэнні. Шмат гадоў загадвае музычнай часткай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Яркая тэатральнасць сачыненняў Кур’яна выявілася ў музычным вырашэнні многіх купалаўскіх спектакляў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Алена Лісава