Вяртанне Набокава

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Фестываль памяці кампазітара

/i/content/pi/mast/49/834/13.jpg 
Госць фестывалю Ірэна Святаполк-Мірская, нашчадак князёў Святаполк-Мірскіх, якія валодалі замкам да 1939 года.
Значнасць мастацкай падзеі, што адбылася ў нашай краіне напрыканцы лета бягучага года, будзе ацэнена, бадай, толькі праз некаторы час, на пэўнай храналагічнай адлегласці. Бо нават нам, яе арганізатарам, удзельнікам і сведкам, пакуль яшчэ складана цалкам асэнсаваць гісторыка-культурную існасць і вынікі гэтай акцыі — вяртання ў айчынную арт-прастору творчасці Мікалая Набокава (1903—1978), слыннага, прызнанага ва ўсім свеце кампазітара і музычнага дзеяча родам з Беларусі, які ўсё жыццё памятаў ды марыў пра сваю радзіму і які да скону дзён з гонарам называў сябе беларусам.

У свой час Мікалай Набокаў, стрыечны брат аўтара знакамітай «Лаліты», быў вядомы значна больш за яго. Ён праславіўся ў першую чаргу як аўтар музыкі да балетаў, пастаўленых у 1920-я гады Сяргеем Дзягілевым у Еўропе, а ў 1930-я — Джорджам Баланчыным у Амерыцы (у тым ліку першага амерыканскага балета «Мірны саюз»). Ён аўтар і многіх іншых твораў — сімфоній, араторый, камерна-інструментальных п’ес; яго пяру належыць манаграфія пра Ігара Стравінскага (дарэчы, таксама звязанага трывалымі генеалагічнымі каранямі з Беларуссю), выдадзеная ў Бостане ў 1967 годзе. А яшчэ ў 1950-я — 1960-я Мікалай Набокаў быў арганізатарам музычных фестываляў у Францыі і Італіі, Германіі і Японіі, Амерыцы і Індыі; шмат гадоў узначальваў музычную секцыю ЮНЕСКА ў Парыжы... Вельмі сімвалічна, дарэчы, што менавіта гэтая міжнародная арганізацыя, а дакладней Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА на чале з яе старшынёй Уладзімірам Шчасным, сталася галоўным ініцыятарам імпрэзы, што адбылася ў Міры і Любчы. Арганізатарамі фэсту выступілі таксама Міністэрства культуры, Навагрудскі райвыканкам, Нацыянальны мастацкі музей, Замкавы комплекс «Мір», Нацыянальны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Трайпл».

Чаму фестываль быў наладжаны ў Міры і Любчы? А таму, што менавіта адсюль вёў свой радавод Мікалай Набокаў, чые сваякі Святаполк-Мірскія да 1939 года валодалі Мірскім замкам. Дарэчы, іх нашчадкі — княгіня Ірэна Святаполк-Мірская і яе сям’я, а таксама Марыя Святаполк-Мірская — запрошаныя на фестываль з Германіі і Вялікабрытаніі ў якасці ганаровых гасцей, былі ўражаны не толькі размахам і вынікамі рэканструкцыі замка, але прыгажосцю ўсёй Беларусі і яе сталіцы.

Дзяцінства Мікалая Набокава прайшло ў Любчы, дзе ён нарадзіўся (тамтэйшы замак належаў яго маці) і дзе атрымаў першыя музычныя ўражанні, напоўненыя, па словах самога Набокава, беларускай народнай музыкай... Вяртанне ж яго твораў на Беларусь здзейснілася дзякуючы сучасным беларускім музыкантам — і перш за ўсё вядомаму піяністу, лаўрэату міжнародных конкурсаў Юрыю Блінову, які адшукаў рукапісы камерна-інструментальных твораў кампазітара ў амерыканскіх архівах і ўпершыню, віртуозна і разам з тым пранікнёна і высакародна выканаў іх на радзіме кампазітара. Музыка Набокава ў фестывальных канцэртах гучала і ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксея Фралова (фагот) ды ансамбля «Вытокі», што працуе пад яго кіраўніцтвам у Белдзяржфілармоніі. Апрацоўку ж балетных твораў Набокава зрабіў сучасны беларускі кампазітар Дзмітрый Лыбін.

Разам з музыкай удалося пачуць і «голас» яе аўтара: лаўрэат міжнародных фестываляў артыст Леанід Сідарэвіч гожа прачытаў урыўкі з мемуараў Мікалая Набокава, выдадзеных у 2003 годзе ў Санкт-Пецярбургу. З іх можна было даведацца пра музычнае жыццё свету 1920-х — 1970-х гадоў, пра выдатных дзеячаў культуры і грамадскіх дзеячаў тых часоў — ад Ігара Стравінскага (сябра ды куміра Набокава), Сяргея Пракоф’ева, Сяргея Ясеніна, Мсціслава Растраповіча і Галіны Вішнеўскай да Арнольда Шонберга, Паўля Хіндэміта, Джорджа Гершвіна, Райнэра Марыі Рыльке, Вілі Бранта і нават былога савецкага дыпламата Пятра Абрасімава (як высветлілася, земляка Набокава).

Але самыя пранікнёныя старонкі мемуараў прысвечаны радзіме кампазітара, які напрыканцы жыцця пісаў: «...Белоруссия, нищая и отсталая, полна была неповторимой тихой прелести. В особенности это касается тех мест, в которых жили мы. Из подобных противоречивых чувств выросла моя неизменная любовь к этим местам, особенная, странная любовь, — с привкусом горечи и безнадежности, любовь бесконечно нежная и лишенная горечи... Сам я, что бы ни случилось, до конца дней своих останусь белорусом. Для меня это единственный способ сохранить связь с далёкой и недостижимой землей».

Пакінуўшы гэты край у юнацтве, музыкант жыў, вучыўся і працаваў у розных гарадах — Адэсе і Санкт-Пецярбургу, Берліне і Парыжы, у маленькіх і буйных цэнтрах Амерыкі. Як і іншыя сыны Беларусі, як асобы, каранямі звязаныя з нашай зямлёй (Марк Шагал, Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, Міхаіл Глінка, Станіслаў Манюшка, Дзмітрый Шастаковіч), ён стаўся Асобай Свету, што яднае краіны і народы. Аднак менавіта Беларусь засталася для яго адзінай Радзімай, нязбытнай марай, успамінамі аб якой прасякнуты старонкі не толькі напісанай ім кнігі, але і кнігі ягонага жыцця... Можа таму музыка славутага кампазітара, што нарэшце вярнулася на яго радзіму, успрымалася як яго пасмяротнае пасланне, своеасаблівы тастамент, які пакінуў ён суайчыннікам без усялякай надзеі на сваё вяртанне ў Беларусь.

І ўсё ж тое вяртанне адбылося — няхай не ў фізічным, а ў метафізічным сэнсе, адкрыўшы амаль містычныя мастацкія повязі творчасці кампазітара з нацыянальнай культурай. Не-не, Набокаў не выкарыстоўваў той пласт музычнага фальклору, на якім гадаваўся ў дзяцінстве. Хоць пры глыбокім даследаванні яго творчасці, магчыма, выявіцца і гэта: увекавечыў жа Міхаіл Глінка беларускую «Камарынскую», а Мячыслаў Карловіч — беларускія жніўныя песні; не застаўся ўбаку ад беларускага фальклору і Ігар Стравінскі, а Марк Шагал да канца жыцця маляваў родны Віцебск... І ўсё ж відавочна: у сваёй творчасці на свядомым і падсвядомым узроўнях Набокаў увасобіў каранёвыя, тыпалагічна адметныя, субстанцыянальныя якасці і прыкметы беларускай культуры як культуры высокадухоўнай, плюралістычнай у сваім паядноўванні розных этнаканфесійных плыняў і таму заўжды адкрытай свету. Музыка Набокава ўвасабляе і такую якасць айчыннай культуры, як шчодрасць і ахвярнасць. Яна падаравала сваіх лепшых сыноў мастацкаму свету, ды і ўвогуле — Сусвету. Нездарма нашчадкі Набокава ў адзін голас сцвярджалі, што яго музыка — адкрытая, эмацыянальная і шчырая — такая, як ён сам.

З іншага боку, пэўная інтравертнасць, невыказнасць і сціпласць, як ні парадаксальна, таксама характэрныя для многіх нават тэатральных твораў (балетаў «Ода», «Жыццё Афрадыты», «Мірны саюз», «Жыццё Палішынеля», «Дарэмныя намаганні кахання»), а таксама сімфоній («Біблейская сімфонія» і «Малітва»), элегіі «Вяртанне Пушкіна», кантат і араторый, канцэртаў, уверцюр, твораў для голасу і аркестра на вершы Ганны Ахматавай і Барыса Пастарнака.

Паказальна, што творчасць Набокава наскрозь прасякнута песеннасцю, на тое звяртаў увагу яшчэ выдатны музыколаг Барыс Асаф’еў. Гэтая якасць з’яўляецца прынцыповай для асэнсавання сувязі — прыхаванай, апасродкаванай — творчасці Набокава з айчынным мастацтвам. Справа ў тым, што танцавальную музыку іншых кампазітараў Беларусі — ад Мацея Радзівіла да Восіпа Казлоўскага і Клеафаса Агінскага (узгадайма хоць бы яго папулярны паланэз) — таксама вызначалі песеннасць, напеўнасць, задушэўнасць.

Творчасць Набокава адлюстроўвае яшчэ адну прыкмету айчыннай культуры, што захоўвае традыцыйныя каштоўнасці і не прымае разбуральных эксперыментаў. Здавалася б, музыка кампазітара, які раскрыў свой талент у Еўропе і Амерыцы, павінна ўвасобіць увесь комплекс тэхналогій, уласцівых еўрапейскаму музычнаму авангарду ХХ стагоддзя, творчасці буйных эксперыментатараў, у тым ліку ўзгаданых вышэй калег Набокава. Яна мусіла б значна адрознівацца ад тых кампазіцый, якія выйшлі з-пад пяра яго сучаснікаў, беларускіх аўтараў — прадстаўнікоў маладой нацыянальнай школы — Мікалая Чуркіна і Анатоля Багатырова, Мікалая Аладава і Яўгена Цікоцкага, Уладзіміра Алоўнікава і Яўгена Глебава, многіх іншых класікаў беларускай музыкі, якія пры жыцці Набокава апынуліся з ім як бы па розныя бакі не толькі ідэалагічных, але і мастацкіх барыкад. Але аказалася, што яго творчасць вельмі сугучная па сваім духу і нават па музычнай мове многім сачыненням беларускіх кампазітараў ХХ стагоддзя. Гэта было асабліва відавочна дзякуючы неверагоднаму, але, мабыць, і заканамернаму супадзенню: якраз у той самы дзень, калі ў Любчы гучала музыка Набокава, у Маладзечне, на канцэртах Фестывалю беларускай песні і паэзіі, у інтэрпрэтацыі камерных калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга гучалі творы (таксама забытыя!) майстроў беларускага ХХ стагоддзя — Рыгора Пукста, Аляксея Туранкова, Пятра Падкавырава і Дзмітрыя Лукаса. Мне давялося весці канцэрты і з іх твораў, і з твораў Набокава (падчас іх выканання ў Міры), таму я мела магчымасць адразу параўнаць пачутыя сачыненні. І, паверце, яны аказаліся шмат у чым падобнымі — па сваёй сутнасці, па духоўным патэнцыяле, эмацыянальным субстраце і нават па сродках музычнай выразнасці, пазбаўленых халоднага разліку і фармалізму.

Галоўнае ж заключаецца ў тым, што ўсе музычныя помнікі Беларусі яднае сёння агульны па сваёй інтэнсіўнасці і значнасці працэс узнаўлення айчыннай музычнай спадчыны — у яе розных геаграфічных і храналагічных праявах ды каардынатах. Гэта новая і адметная рэалія нашага жыцця сапраўды становіцца найважнейшым індыкатарам, паказчыкам спеласці, сталасці беларускай культуры, што імкнецца да самапазнання, самазахавання і развіцця — праз памяць пра сваё мінулае і пра сваіх сыноў, што ўзбагачалі, ратавалі і ўпрыгожвалі мастацкі свет.

Вольга Дадзіёмава