20x20

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

«Маляваны экватар» вандруе па свеце

/i/content/pi/mast/49/832/10.jpg

Андрэй Смолак. Калі квітнеюць ружы. Алей. 2010.

Пяты год запар па гарадах і краінах свету падарожнічае мастацкі праект з назвай «Маляваны экватар». Яго мэта — стварыць глабальны арт-форум удзельнікаў, прадстаўнікоў розных культур і прафесій, якія актыўна пазіцыянуюць сябе праз творчую працу.

Аўтарам канцэпту «Маляванага экватара» з’яўляецца Андрэй Смолак, мастак і галерыст з Браціславы. У кастрычніку 1993 года ён адкрыў экспазіцыйную плошчу ў славацкім горадзе Сніне ў якасці філіяла Галерэі МІРО (Берлін). Да 2004-га яна дзейнічала ў Славакіі ў двух гарадах — у Сніне і ў Браціславе — пад назвай «Галерэя Андрэя Смолака». З лютага 2008 года і майстэрня Андрэя Смолака дзейнічае ў Браціславе ў якасці прыватнай галерэі.

Гэты творца — актыўны арганізатар шматлікіх арт-праектаў, напрыклад — штогадовага Міжнароднага мастацкага фестывалю. Да сённяшняга дня было прадстаўлена каля 400 мастакоў з 43 краін свету — аўтараў больш як 4000 твораў мастацтва, значная частка якіх знайшлі свайго гледача ў Славакіі і ўзбагацілі яе культурнае жыццё. Творчасць Андрэя Смолака была ацэнена Еўрапейскай прэміяй Франца Кафкі (1998), Прэміяй Еўрапейскага Саюза мастакоў (2000) і Сусветнай прэміяй Сальвадора Далі (2003), Ганаровай прэміяй за мастацтва Асацыяцыі мастацтва і культуры ў італьянскім горадзе Марыльяна (2005), Трэцяй спецыяльнай прэміяй міжнароднага журы ў італьянскім Порта Сант’Эльпідыа (2008), Сярэбраным ордэнам за Службу мастацтву ад Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва ў Маскве (2009) і іншымі знакамі прызнання.

Сённяшняя задума славацкага майстра — стварэнне сімвалічнага ланцужка з 40 075 карцін — менавіта столькі кіламетраў налічвае зямны экватар. Сабраныя карціны будуць захоўвацца ў Славакіі ў Галерэі Андрэя Смолака.

Праглядаючы экспазіцыю «Маляванага экватара» ў Полацкай мастацкай галерэі, я згадала вядомага мастака і даследчыка Васіля Кандзінскага, які ў сваім артыкуле «Мова форм і фарбаў» акрэсліў тры містычныя неабходнасці, якія з’яўляюцца абавязковымі элементамі мастацкага твора: індывідуальны элемент, элемент стылю, які складаецца з мовы эпохі і мовы сваёй нацыянальнасці, і элемент чыста і вечна мастацкага, які праходзіць праз усіх людзей, праз усе нацыянальнасці і часы. У кожнай працы праекта (а іх ужо больш за 1300) выразна вылучаюцца аспекты культурна-візуальных характарыстык твораў мастакоў розных краін, то-бок індывідуальны творчы почырк мастака з элементамі нацыянальнай культуры. Далучаныя да праекта працы беларускіх аўтараў выявілі своеасаблівы зрэз беларускага мастацтва. Каля сямідзесяці творцаў выканалі міні-карціны памерам 20х20 см, і гэты невялікі фармат паспрыяў выяўленню сутнасці стылю кожнага з іх. Сярод удзельнікаў такія знаныя майстры, як Зоя Літвінава, Уладзімір Савіч, Гаўрыіл Вашчанка, Георгій Паплаўскі, Сяргей Цімохаў, Ілона Касабука, Зоя Луцэвіч, Рыгор Сітніца, Юрый Хілько, Аляксандр Канавалаў, Васіль Сумараў, Анатоль Бараноўскі, Аксана Аракчэева, Валерый Шкаруба, Алесь Шатэрнік, Святлана Каткова і іншыя. У праекце прынялі ўдзел і вядомыя дзеячы культуры, навукі і спорту, увасобіўшы ў невялікіх палотнах свае ўласныя творчыя пасланні.

Да праекта пастаянна далучаюцца новыя гарады. Іх ужо трыццаць (з дванаццаці краін). У Беларусі мерапрыемства падтрымана Пасольствам Славацкай Рэспублікі і асабіста Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Славакіі Марыянам Серваткам. Куратары ад Беларусі — графік Рыгор Сітніца і жывапісец Ілона Касабука. Дзякуючы іх зацікаўленасці прайшлі выставы ў Мінску, Гомелі, Полацку.

Як складнік праекта на выставах дэманструецца серыя аўтарскіх прац Андрэя Смолака, якая ўключае трыццаць тры палотны. Выява жанчыны ў каларыстычных інтэрпрэтацыях аўтара раскрывае надзвычай тонкія нюансы чалавечых эмоцый. Жывапісныя працы выкананы з ужываннем тэхнікі манатыпіі, а вынік тут, як вядома, непрадказальны. Спантаннасць выканання ўзмацняе эфект недаказанасці і неадназначнасці трактоўкі абранай тэмы. Андрэй Смолак вядомы сваімі карцінамі, поўнымі філасофскіх і вобразных пасланняў, а таксама акварэльнымі пейзажамі і занатоўкамі.

Менавіта дзякуючы актыўнасці такіх асобаў, як Андрэй Смолак, адбываецца супрацоўніцтва творчых саюзаў, паўстаюць міжнародныя праекты, мацнее ўзаемасувязь паміж людзьмі розных краін. Якой бы фрагментарнай ні была гісторыя эвалюцыі культуры кожнай краіны, мастацтва дазваляе зразумець логіку агульначалавечага развіцця.

Ларыса Лысенка