Дызайн у дыялогу

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Інтэрнацыянальны праект

/i/content/pi/mast/49/830/7.jpg 
 Кшыштаф Бяловіч. Польшча. Музычны фестываль. Плакат. 2011.
Беларуска-польскі фестываль графічнага дызайну «Дызайн дыялога» распачаў сваю працу ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Асноўная ідэя мерапрыемства ўвасобілася ў слове «дыялог» — камунікацыя, абмен досведам паміж польскімі і беларускімі творцамі. Фестываль зладжаны Цэнтрам сучаснага мастацтва з горада Торунь у супрацоўніцтве з Польскім інстытутам у Мінску і Беларускім саюзам дызайнераў.

У памяшканні музея былі прадстаўлены лагатыпы вядомых беларускіх і польскіх дызайнераў, а на плошчы Якуба Коласа на працягу месяца адбывалася пленэрная выстава плакатаў на культурную тэматыку. Частка праекта праходзіла ў Нацыянальнай школе прыгажосці: інтэрактыўная інсталяцыя «WordNet Instrument» Паўла Яніцкага (Польшча) давала магчымасць ахвотным паўдзельнічаць у творчым працэсе. Галоўны яе элемент — праекцыя на падлозе. Гледачы рухаліся па своеасаблівым экране, змяняючы размяшчэнне графічных элементаў, паводле задумы аўтара, рэкадзіруючы залежнасці паміж значэннямі слоў на якасць аўдыявізуальнай кампазіцыі.

Адной з падзей фестывалю стаў мультымедыйны канцэрт, таксама своеасаблівы дыялог, на гэты раз — паміж польскім ві-джэем і дызайнерам Міхалам Межвам і беларускім электронным музыкантам Паўлам Амбіётам.

«Дызайн дыялога» ў Мінску праходзіў на працягу месяца і ўключыў у сябе семінары і лекцыі польскіх дызайнераў; ён працягнецца ў горадзе Торунь, дзе замежныя калегі і жыхары горада змогуць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх аўтараў.

Арганізатар фестывалю з польскага боку Кшыштаф Бяловіч, куратар аддзела дызайну і новых медыя, расказвае, што торуньскі Цэнтр сучаснага мастацтва — адзін з самых маладых нацыянальных інстытутаў падобнага кшталту. З 2008 года ў ім праводзяцца два фестывалі — «Поле бачання» і «Пластыр», сфера апошняга — плакат і тыпаграфіка. «Дызайн дыялога» адбыўся на базе «Пластыру». Па-польску і па-беларуску слова гучыць амаль аднолькава. Як і ў гэтага медыцынскага сродка, мэта плаката — дэзынфекцыя і рэгенерацыя раны, а пасля яе зажыўлення пластыр здзіраецца. Але арганізатары імкнуцца, каб пасля гаючага ўздзеяння эстэтычная форма працягвала сваё існаванне, таму выданне каталогаў — абавязковы суправаджальны момант любога фестывалю, у тым ліку і польска-беларускага.

«Дызайн дыялога» праходзіць у рамках польскага старшынства ў Еўрапейскім Саюзе ў 2011 годзе. З шэрагу гарадоў, прапанаваных арганізатарам для правядзення культурных праграм (сярод якіх — Токіа, Берлін, Лондан), быў выбраны Мінск, своеасаблівая terra incognita для нашых суседзяў. «Мне падаецца, што Мінск — самы складаны горад для правядзення падобных праектаў, — расказвае Кшыштаф. — Нягледзячы на блізкае размяшчэнне, мы пра вас амаль нічога не ведаем. Мне, як дызайнеру, блізка і цікава ўсё, што тут адбываецца».

Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі называе «Дызайн дыялога» нечаканым праектам для нашага горада, у якім, паводле яго слоў, практычна адсутнічаюць тэатральныя і культурная афішы — яны існуюць толькі ў малых і невыяўленчых формах. «Прапанова торуньскага Цэнтра сучаснага мастацтва, — працягвае Дзмітрый Сурскі, — падалася заманлівай і цікавай, тым больш што такія праекты знаходзяцца ў рэчышчы асноўных ініцыятыў Беларускага саюза дызайнераў — прасоўвання калекцыі беларускага плаката і Інтэрнэт-крыніцы “Знак-лагатып”. А парытэтнае партнёрства з польскімі плакатыстамі, прызнанымі лідарамі жанру, абяцае зрабіць фэст падзеяй у мастацкім жыцці сталіцы. Праект дазваляе даць адказы на актуальныя пытанні: ці размаўляем мы на агульнай мове, наколькі мы адэкватныя і зразумелыя гледачу, наколькі нашая камунікацыя кантэкстна гарадскому асяроддзю і сучасным тэндэнцыям графічнага дызайну...»

Кшыштаф Бяловіч лічыць, што нашы мастацкія школы — цалкам адрозныя. Польскія плакаты — абстрактныя і сінтэтычныя, з перавагай працы рукі, а беларускія — больш літаральныя і больш выкарыстоўваюць фатаграфію. Пленэрная выстава на плошчы Якуба Коласа ўключала 60 твораў — па трыццаць ад кожнай краіны. Такое сіметрычнае прадстаўленне дазволіла зрабіць параўнанні. Безумоўна, што польская школа плаката аказала вялікі ўплыў на творчую мову шэрагу беларускіх дызайнераў. Экспрэсіўная каліграфія, парадокс і метафара праяўляюцца ў многіх аркушах.

Камунікатыўнае мастацтва функцыянуе непасрэдна ў публічнай прасторы і ўступае ў актыўнае ўзаемадзеянне з гледачом, яно стварае не толькі эстэтычныя, але і сацыяльныя каштоўнасці. Выстава плакатаў на адной з цэнтральных плошчаў горада — падзея для нас нязвыклая, аднак яна дазволіла ўбачыць, што беларускія плакатысты маюць вельмі значны патэнцыял для стварэння актыўнага камунікацыйнага асяроддзя. Аднак ён не заўсёды запатрабаваны. Многія плакаты, выстаўленыя на плошчы, — дыпломныя работы выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, і пасля абароны гэтыя працы не знаходзяць сабе прымянення.

Як і плакат, графічны знак, лагатып выкарыстоўвае метафару, візуальны парадокс — дзеля стварэння ёмістай пластычнай формы. Тут ужо складана гаварыць пра нацыянальныя школы, больш актуальныя — ідэі глабалізацыі.

Майстэрства і крэатыў праявіліся ў абедзвюх частках міжнароднай экспазіцыі, акрэсліваючы станоўчы адказ на пытанні Дзмітрыя Сурскага пра актуальнасць і адэкватнасць нашай школы графічнага дызайну.

Алеся Белявец