Арт-горад

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Часовыя інсталяцыі ў адкрытай прасторы

/i/content/pi/mast/49/829/5.jpg

Наталля Пагаранская. Інсталяцыя з расстаўленымі чырвонымі дзвярамі на ўваходах у сквер.

Праект «Арт-горад», ініцыяваны і падтрыманы Інстытутам імя Гётэ, ярка заявіў пра сябе яшчэ мінулай восенню, калі здзіўленыя мінчане маглі назіраць, напрыклад, вялізную галаву Леніна, зробленую са скотчу, што спакойненька шпацыравала на танюткіх ножках па засыпаных лісцем дарожках непадалёк ад Музея-майстэрні Заіра Азгура. Варкшоп, у выніку якога горад «атакавалі» дзіўныя арт-інтэрвенцыі, і семінар для мастакоў і прадстаўнікоў гарадской адміністрацыі, прысвечаны праблемам паблік арта, склалі першы этап праекта. Другім яго этапам стаў конкурс «Мастацтва ў адкрытай прасторы Мінска»: жадаючыя маглі прапанаваць і рэалізаваць (няхай сабе і на планшэце, а калі пашанцуе — то і «ў матэрыяле») свае ідэі арт-інсталяцыі для сталіцы. Далучэнне грамадскай прасторы да сучасных сацыяльных практык у мастацтве адбывалася не толькі ў Мінску, але і ў яшчэ сямі буйнейшых гарадах былога СССР (Алматы, Кіеў, Масква, Новасібірск, Санкт-Пецярбург, Ташкент, Тбілісі) — індустрыяльных цэнтрах, колькасць насельніцтва якіх перасягае мільён чалавек.

Усе выдаткі, што вымагала праца па падрыхтоўцы праекта (ганарар аўтара, дызайн, праектаванне, вытворчасць, транспарціроўка, мантаж, страхаванне, дэмантаж аб’екта пасля заканчэння конкурсу і інш.), трэба было ўмясціць ва ўяўны бюджэт. Плошчай для арт-эксперыментаў стаў сквер Сімона Балівара: мастакі павінны былі ўлічваць архітэктурны асяродак сквера, асаблівасці ўжо існуючых там будынкаў і помнікаў, але пры гэтым...

— ...Адзін з асноўных прынцыпаў сучаснага паблік арта — яго арыентаванасць на ўзаемадзеянне з людзьмі і іх супольнасцямі, — падкрэслівае куратар праекта, мастацтвазнаўца і скульптар Павел Вайніцкі. — У гэтым плане сквер Сімона Балівара — складанае месца, бо там суіснуюць некалькі розных кам’юніці: халадзільны камбінат з яго працоўнымі; работнікі раённай адміністрацыі — яе будынак знаходзіцца тут жа; мінакі і жыхары навакольных дамоў, якія хочуць адпачыць у парку. І гэта яшчэ не ўсё, бо непадалёк праходзяць ажыўленыя транспартныя артэрыі, у двух кроках сімвалічны цэнтр Мінска — плошча Перамогі... Менавіта сутыкненне людзей з розных супольнасцей і робіць сквер месцам выключна цікавым і прадуктыўным для паблік арта.

Сярод канкурсантаў былі і навучэнцы Акадэміі мастацтваў, і прафесійныя мастакі. Некаторыя фіналісты, напрыклад, Вольга Крупянкова, Таццяна Гомза і Карола Цітовіч, бралі ўдзел у мінулагоднім варкшопе.

/i/content/pi/mast/49/829/6.jpg

Аляксандр Кудрашоў. Калідор вечнасці.

На падрыхтоўку давалася каля двух-трох месяцаў. Аўтары працавалі самастойна, без кансультацый і стваралі свае праекты, зыходзячы з уласных уяўленняў пра грамадскае мастацтва. Адборам займаўся Інстытут імя Гётэ, і не ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у канчатковым конкурсе перад журы. Да фіналу дабраліся 10 праектаў. Мастакі прэзентавалі іх на вялікіх лістах паперы — на іх былі змешчаны выява рэалізацыі задумы ў гарадской прасторы, кароткі тэкст, у якім творца тлумачыў сваю ідэю, і чарцёж з прадстаўленай канструкцыяй ці неабходнай тэхнікай. Журы, у склад якога ўвайшлі дырэктары мінскіх музеяў Наталля Шаранговіч, Валянціна Кісялёва і Аксана Багданава, скульптар і куратар Павел Вайніцкі, начальнік упраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну Аляксандр Андрончык, намеснік дырэктара Інстытута імя Гётэ ў Мінску Дзмітрый Клячко і (завочна) нямецкі скульптар Георг Цай, ацэньвала мастацкае наватарства ідэі, яе інтэграцыю ў гарадскую прастору, здольнасць аб’екта ўзаемадзейнічаць з гледачом, а таксама тэхнічную і фінансавую магчымасць рэалізаваць праект.

Стрыт-артыст Андрэй Бусел прадставіў інсталяцыю з жывымі кветкамі сланечніка, якія фарміравалі б максімальны кантраст паміж гарадскімі сценамі і «дзікай» энергіяй прыроды. Карола і Данііл Цітовічы прысвяцілі ўсім жыхарам Беларусі чырвоныя кілімавыя дарожкі на тратуарах сквера: гэты праект звяртаецца да звычайнага чалавека, і кожны, адправіўшыся ў шпацыр па дарожцы, можа адчуць сябе медыйнай «зоркай». Анастасія Юркевіч мяркуе «ўдыхнуць новае жыццё» ў дрэвы, асуджаныя на знішчэнне. Абстрактны вобраз яблынь у квецені можа быць створаны з дапамогай палімернага шпагату. Андрэй Хадзякоў прыдумаў інсталяцыю з полым неонавым аб’ектам, падвешаным над зямлёй, Яўгенія Юрчык — інсталяцыю з вясёлкай і павуціннем. Вольга і Юрый Крупянковы прадставілі конкурсную працу «Animal» — інсталяцыю з размаляванымі сілуэтамі жывёл.

Наталля Пагаранская працавала над праектам інсталяцыі з чырвонымі дзвярамі, што павінны былі размяшчацца на ўваходах у сквер. Такі аб’ект прымушаў наведвальнікаў задумацца пра катэгорыі адкрытасці-даступнасці — закрытасці-ізаляванасці, межы пераходу паміж імі і ролю чалавека ў гэтым працэсе. Свае каментарыі людзі маглі б пакідаць у адмысловай урне для скарг і прапаноў.

Скульптар Канстанцін Селіханаў абапіраўся на метафару горада як гіганцкай птушкі. Інсталяцыя «Гняздо» — гэта пяць імправізаваных вялікіх яек-крэслаў са шклопластыку, эмалі і жалеза. Седзячы ў такім яйку, «птушаняты»-мінчане змогуць адхіліцца ад гарадскога соцыуму і засяродзіцца на ўласных адчуваннях.

Таццяна Гомза, Алена Атрашкевіч і Алена Чэпелева падрыхтавалі праект «А ля Балівар». Аўтары вельмі ўважліва паставіліся да асобы самога Сімона Балівара і ў сваім аб’екце звярнуліся да папулярнага ў Лацінскай Амерыцы вобраза знакамітага военачальніка на кані. На фанерным коніку-гушкалцы мастачкі прапанавалі размясціць умоўны сілуэт палкаводца — металічны стрыжань з эпалетамі і капелюшом. Мінакі не павінны ведаць, можна ўскараскацца на коніка ці не. Насамрэч канструкцыя задумана такім чынам, што забрацца на аб’ект будзе даволі цяжка, ды і прыемна правесці час побач з уяўным Баліварам таксама не атрымаецца — сядзець на тонкай фанеры не вельмі зручна.

А пераможным стаў праект Аляксандра Кудрашова — інсталяцыя ў выглядзе люстэркавага пакоя, які рассыпаецца на часткі. Выбар журы можа паказацца даволі неадназначным. «Калідор вечнасці» закліканы прымусіць гледачоў задумацца пра вечнасць і пра тое, што ў ёй застануцца толькі прырода і чалавек з яго шчырымі пачуццямі і думкамі. Некаторая абстрактнасць і залішняя філасафічнасць, нават надуманасць, робяць аб’ект хутчэй музейнай працай, у якой, дарэчы, так і засталася не ўлічанай грамадская прастора канкрэтнага сквера. Але, у любым выпадку, пабачыць свой адбітак ў люстэркавых сценах «Калідора вечнасці» можна будзе ўжо ў 2012 годзе. Аб’ект «пражыве» ў скверы Сімона Балівара каля месяца і канчаткова рассыплецца на часткі, пакінуўшы сам-насам чалавека і прыроду, — а гэта якраз тое, чаго і хацеў аўтар...

Увогуле мастацкія інтэрвенцыі і творы публічнага мастацтва часта аказваюцца праектамі, разлічанымі на некалькі месяцаў. Такая абмежаванасць існавання ў часавай прасторы нібы падтрымлівае негатыўнае меркаванне аб тым, што паблік арт падобны на фастфуд, які спажываеш на хаду, не задумваючыся асабліва над смакам і сэнсам... Так, ёсць аб’екты, разлічаныя на мімалётнае ўспрыманне, ёсць працы, якія самі па сабе вельмі недаўгавечныя і жывуць некалькі хвілін ці нават секунд. Але, нягледзячы на сваю кароткатэрміновасць, яны могуць быць вельмі сур’ёзнымі.

— Тут можна ўзгадаць творчасць Кшыштафа Вадзічкі — польскага мастака, які жыве ў Канадзе, — каментуе Павел Вайніцкі. — Пры дапамозе моцных пражэктараў ён ненадоўга, але радыкальна змяняе гарадскую прастору, ператвараючы архітэктуру і манументы ў эфемерныя «контр-манументы» — крытычныя і правакатыўныя. У 1980-я гады ён праецыраваў выявы жабракоў на нью-ёркскія помнікі, а выявы савецкіх і амерыканскіх ядзерных ракет — на Трыумфальную арку ў Парыжы. Адна з самых пранізлівых і адначасова мімалётных прац Вадзічкі атрымалася быццам бы выпадкова: мастак рабіў дазволеную праекцыю ў Лондане і на некалькі хвілін накіраваў пражэктар з выявай фашысцкай свастыкі на пасольства Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, дзе ў той час былі сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека... Праекцыя праіснавала ўсяго некалькі начных гадзін, пакуль не ўмяшалася паліцыя. Аднак наступным днём гэта свастыка апынулася ў газетах, часопісах, на тэлебачанні і выклікала бурныя дыскусіі. У канадскую амбасаду нават была накіравана афіцыйная нота пратэсту ПАР, на што канадцы слушна адказалі: пункты гледжання асобнага канадскага грамадзяніна і канадскага ўрада могуць і не супадаць. Такім чынам, маленькая круглая светлавая бляшка «зніштожыла» велізарны пампезна-ўрачысты будынак, патрапіўшы заадно ў падручнікі па гісторыі мастацтва. Праекцыя «спрацавала», хоць і была вельмі нечаканай і мімалётнай.

Зразумела, аб’ект паблік арта не павінен абавязкова тычыцца палітычных тэм. Увасабленне гэтай тэматыкі ў гарадскім асяроддзі таксама можа быць дэкаратыўным і бессэнсоўным: красамоўны прыклад таму — пантэон Леніных у нашых гарадах і райцэнтрах. Наўрад ці каго-небудзь цяпер турбуюць кананічныя выявы правадыра, як, зрэшты, і паўтор збітых палітычных выказванняў у нейкім іншым выглядзе. Асаблівасць паблік арта — жывая камунікацыя з гледачом. У мастака, які працуе ў грамадскай прасторы, ёсць магчымасць не толькі рэпрэзентаваць свае эстэтычныя, філасофскія і іншыя перакананні, але і ўступіць у дыялог, зрэшты — зацікавіць і справакаваць.

Магчыма, нашы людзі занадта стрыманыя ў выяўленні сваіх эмоцый і не пойдуць на кантакт? Бо ўзаемадзеянне з аб’ектам паблік арта мае на ўвазе, што яго можна даткнуцца і даследаваць. Напрыклад, драўляны двухметровы конік з умоўнай фігуркай Сімона Балівара: здаецца, калі б праект быў рэалізаваны, наўрад ці хто асмеліўся б узлезці на яго і паспрабаваць уседзець...

— У расійскім мастацтвазнаўчым дыскурсе існуе такое паняцце, як кантактная скульптура: дазволена ўзаемадзейнічаць з творам, у якога няма п’едэстала, глядач можа падысці і літаральна ўзяць аб’ект «за нос». Гэта добры зрух пасля помнікаў, паднятых на недасягальную вышыню і ізаляваных ад соцыуму пастаментамі, — тлумачыць Павел. — З іншага боку, хоць сучасная скульптура выгадна адрозніваецца сваёй стыхійна ўзніклай кантактнасцю, але ўзнікае пытанне: «Навошта гэты кантакт патрэбны?» Недастаткова проста пакласці цыгарэту ў бронзавую руку аб’екта ці пацерці халодную каленку з-за якойсьці забабоны. У паблік арце кантакт можа быць накіраваны ў нейкае рэчышча, ім можна гуляць ці маніпуляваць. Вернемся да таго ж коніка «а ля Балівар». Тут усё мае сэнс: чалавеку прапаноўваецца літаральна ўявіць сябе помнікам. Калі на Камароўцы чалавек сядзіць на бронзавай кабылцы проста дзеля забавы — гэта адно, а калі ён лезе на няўстойлівага драўлянага каня, каб заняць месца «героя», і пры гэтым адчувае сябе няёмка (правільнае пачуццё!) — тое зусім іншае.

На думку Паўла, запінка ў актыўным распаўсюджванні публічнага мастацтва ў Беларусі звязана зусім не з чыноўніцкімі абмежаванасцю і ўпартасцю. Галоўная прычына — у адсутнасці ініцыятывы з боку прафесійных творцаў, якія маюць даволі традыцыйнае ўяўленне пра мастацтва ў гарадской прасторы.

— Калі мы і далей будзем думаць, што магчыма ўстаноўка толькі рэалістычных помнікаў ці жудасных дэкаратыўных штучак у дварах, то ніякага руху не адбудзецца, — упэўнены Вайніцкі. — Умовы для стварэння аб’ектаў паблік арта ў нас існуюць. У гарадах ёсць адпаведная запатрабаванасць у мастацтве, існуе інфраструктура для ажыццяўлення гэтай патрэбы. Але няма прапаноў, якія маглі б пэўным чынам пацясніць тыя традыцыяналізм і арнаментальшчыну, што пануюць на нашых вуліцах. У гэтых абставінах «Арт-горад» — свайго роду падзея. Калі б такія ініцыятывы былі не адзінкавымі, а сістэмнымі, штосьці б насамрэч змянілася.

Што тычыцца фінансавых пытанняў (бо ўсіх цікавіць, за чые ж грошы будзе рэалізаваны аб’ект паблік арта), то можна арыентавацца на вопыт прагрэсіўных амерыканскіх і еўрапейскіх гарадоў, у якіх існуюць праграмы кшталту нью-ёркскага «Працэнта для мастацтва»: пэўная частка бюджэту ад новабудоўлі ідзе на стварэнне арт-аб’екта для гэтага будынка ці на навакольнай тэрыторыі. Але тут ёсць і свае падводныя камяні, якія вымагаюць кантролю грамадскасці і прафесіяналаў.

— Непадрыхтаваныя людзі цалкам здольныя ўспрыняць грамадскае мастацтва. Хоць і дапускаю, што спачатку яно можа справакаваць раздражненне — як і ўсе новаўвядзенні, — лічыць Павел. — Нязвыкласць да такога кшталту мастацтва часам выклікае негатыўныя эмоцыі нават у прасунутых інтэлектуалаў.

Як у такім выпадку змагацца з местачковым эстэтычным прынцыпам «зрабіце мне прыгожа»?

— Вам падабаюцца гэтыя бронзавыя штучкі? — пытаецца Вайніцкі, маючы на ўвазе шматлікіх балерын, паштальёнаў і дворнікаў. — А многім падабаюцца. Каля іх фатаграфуюцца, назначаюць спатканні... Такі твор ператвараецца ў лэнд-марк для месца, дзе ён усталяваны, у камунікатыўны аб’ект памяці. І гэта добра. Праблема, на мой погляд, у плоскасці адукацыйнай, асветніцкай. Элементарны лікбез па сучасным мастацтве патрэбны не толькі ў нашай невялікай мастацкай супольнасці (хоць і ў ёй, вядома ж, таксама) — уяўленне пра мастацтва закладваецца ўжо тады, калі школьнік адкрывае падручнікі і ў якасці ілюстрацый бачыць, у асноўным, працы «перасоўнікаў» — а на падобных малюнках і пачынае фарміравацца густ. Менавіта таму звычайнаму, не абцяжаранаму спецыяльнай адукацыяй чалавеку потым падабаюцца толькі пейзажы з бярозкамі. А калі ён сутыкаецца з нечым, што выходзіць за рамкі імітацыі, падабенства, — гэта не здаецца яму мастацтвам. Такім чынам, лекцыі, семінары, прэса і тэлевізійная прапаганда (у добрым сэнсе гэтага слова) па праблемах сучаснага мастацтва проста неабходны. Думаю, якасныя творы паблік арта маглі б таксама зрушыць сітуацыю ў лепшы бок. Проста было б няблага, калі б з’явіліся не толькі дзяржаўныя, але і грамадскія ініцыятывы ў гэтай галіне.

Кіраўніцтва Інстытута імя Гётэ даволі рашуча настроена на працягванне праекта. Наступнымі крокамі маглі б стаць міжнародная навуковая канферэнцыя з удзелам замежных спецыялістаў і практычны сімпозіум, дзе запрошаныя спецыялісты па паблік арту супрацоўнічалі б з мясцовымі аўтарамі. Такая камунікацыя можа даць моцны штуршок у развіцці грамадскага мастацтва на тэрыторыі Беларусі.

Алена Каваленка