Незваротнае чырвонае

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

След мінулага Ігара Саўчанкі

Майсей закрыў твар свой,
таму што баяўся глянуць на Бога.

Біблія. Выхад. 3,6.

 /i/content/pi/mast/48/827/end-text.jpg
 Ігар Саўчанка. З серыі «Без твару». 1989–1991.
Большасць даступных нам інтэрпрэтацый фотасесіі Ігара Саўчанкі «Без твару» звязаны з рэканструкцыяй таго поля сацыяльных падзей, з якімі фотаздымкі генетычна сінхранізаваны. Дадзеныя інтэрпрэтацыі заключаюць у сабе меркаванне пра тое, што візуальная структура адбітка больш-менш адкрыта ўтрымлівае і выяўляе арыгінальны гістарычны код часу паходжання фотакарткі. Гэта здаецца і звыклым: фатаграфія ўспрымаецца як дакументальны сімвалічны архіў знакаў часу, і аналітычна эфектыўным: фотакартка сама забяспечвае нас неабходным знакавым інструментарыем для яе інтэрпрэтацыі. Такім чынам, гэтыя фотавыявы рухаюцца ў трох пластах: перыядах іх арыгінальнага паходжання (сямейныя фотаальбомы перыяду канца 1920-х — сярэдзіны 1960-х гадоў), у часе іх фотарэпрадуктавання Ігарам Саўчанкам (1989–1991 гады) і ў цяперашнім моманце іх глядацкага ўспрымання. Фотаадбітак сваёй матэрыяльнай цэласцю адкрывае гэтыя пласты адзін аднаму.

Але навошта? Навошта нам гэта ўсведамленне часу, у якім нас няма, у якім мы адсутнічаем, які заселены іншымі людзьмі і з’яўляецца іх домам? І як наогул такое ўсведамленне магчыма?

Здаецца, што вастрыё менавіта гэтага пытання Ігар Саўчанка выкарыстоўвае як скальпель, каб правесці аперацыю абезасаблення. Няма ніякага сумнення, што Твар з’яўляецца сімвалічным эпіцэнтрам чалавечага часу і лёсу, канчатковым «рэзервуарам» яго ідэнтычнасці. Абезасабленне ў серыі можна, вядома, тлумачыць у сацыяльным кантэксце — як рэпліку на рэпрэсіўную практыку сацыяльнага мантажу памяці сталінскай эпохі. Але такая прамая карэляцыя, магчыма, адлучае нас ад цікавейшай і фундаментальнай сітуацыі ўзаемадзеяння часоў у фатаграфічнай прасторы. Прыгледзімся яшчэ раз. Ці спыняецца «жыццё» чалавека пасля фатаграфічнага «абезасаблення», ці спыняецца рух гадзіннікавай стрэлкі ў візуальным полі фатаграфіі, ці перастаюць мігацець яго знакі? Здабываючы твар, мы дэцэнтруем, рассейваем знакі існавання на перыферыі малюнка. Можна сказаць і так: тое, што мы сустракаем у гэтых фатаграфіях, — гэта наданне статусу твару ўсёй прасторы. І такое трывожнае пачуццё: як павядзе сябе «цела без твару»? Чым абумоўлена тое, што яно працягвае існаваць, не абапіраючыся на твар як цэнтр свайго развіцця? Дзе, у якім анталагічным прамежку апынуліся абезасобленыя целы, і ці ў стане мы цяпер з імі суадносіцца ў рэжыме чалавечага? Пры першым набліжэнні можна пазначыць тапалагічныя каардынаты прамежку паміж жыццём і смерцю — зазору, дзе толькі і можна спазнаць пра сябе штосьці сапраўды рэальнае.

На некаторых групавых фатаграфіях серыі з’яўляецца «тонкая чырвоная лінія», рух якой стварае і злучае абезасобленае. Гістарычная метафара «тонкай чырвонай лініі» добра вядомая як апошняя лінія абароны, мяжа, страта якой прыводзіць да незваротных змен. Лінія сочыць за знікненнем, уласна, яна і сама ёсць графема знікнення, але ў той жа момант, у якасці выбранай, яна ўтрымлівае сувязь зніклага з тымі постацямі, якія яшчэ супраціўляюцца абезасабленню. Дзіўны эфект: існае і зніклае лагодна суседнічаюць у адным візуальна-часавым інтэрвале, пасылаючы нам трывожныя знакі таго, што адбылася штосьці незваротнае, нейкая фатальная падзея, хваля якой абавязкова дасягне і нас. Знак белага тут выступае ў якасці абсалютнага, лімітавага, найстаражытнейшага знака-колеру. Ён — да і пасля ўсякага Твару.

Верагодна — 1989 год... Фатограф Ігар Саўчанка адкрывае для сябе магчымасць пранікнення ў мінулае і ўзнаўлення з ім унікальнай актыўнай сувязі. Мінулае ў такіх фатаграфіях заўсёды валодае нейкай страчанай для нас энергіяй сапраўднасці, гэта значыць, яно пры такім выпадковым сутыкненні цалкам можа аказацца больш рэальным, чым мы самі. Хіба фатаграфія не вучыць нас разумець, што мінулае — гэта самастойная актыўная сутнасць, якая цікавіцца сваім працягам у будучыні не менш, чым мы?

Дзмітрый Кароль