Маўклівыя спадарожнікі

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Памяці Уладзіміра Гераўкера

 /i/content/pi/mast/48/825/ge.jpg
 Уладзімір Гераўкер з калегамі
Людзі, якія жылі ў 1970-я, памятаюць, што на гарадскіх задворках сярод смецця можна было ўбачыць выкінутыя жалезныя ложкі, разьбяныя крэслы з натуральнага дрэва, моцныя сталы з дубу і нават дыхтоўныя шафы з мудрагелістым арнаментам на дзверцах. З жыцця ціха, прыраўнаваныя да хламу, сыходзілі нечыя верныя спадарожнікі, памочнікі і сведкі. Час абрынуў звыклае і спакушаў новым, не паклапаціўшыся растлумачыць што да чаго. І вось цяпер, праз дзесяцігоддзі, прыйшла неабходнасць асэнсаваць мінулыя і сённяшнія мэблевыя парадоксы...

Спецыялісты ведаюць, што свет рэчаў, матэрыяльнае асяроддзе, у тым ліку і мэбля, нясуць у сабе важную інфармацыю пра жыццёвы ўклад людзей, узровень іх культуры, эканомікі і тэхнічнага развіцця, пра стыль эпохі. Развітой свядомасці ўжо не здаецца чыстай фантазіяй прысутнасць нябачных феноменаў, уласцівых рукатворным рэчам. Чалавек-стваральнік надзяляе свой выраб асаблівасцямі жывой істоты — думкай, настроем, характарам, што і з’яўляецца сутнасцю любой творчасці.

Сфера вытворчасці мэблі не лічыцца прэстыжнай, не пакідае імёнаў і рэдка паважае аўтарства. Адной з нядаўніх падзей, што збольшага аднаўляюць справядлівасць у адносінах да аўтараў малых архітэктурных формаў, як смела можна назваць мэблю, з’явілася маштабная выстава «ColdWarModern: Design 1945—1970», падрыхтаваная Музеем Альберта і Вікторыі (Лондан, Вялікабрытанія) і прадстаўленая публіцы ў 2008 годзе. Дызайн мэблі стаў важнай часткай выставы, упершыню быў асэнсаваны і пададзены ў магутным культуралагічным кантэксце, рэабілітаваны як сфера крэатыўнага праектавання нароўні з «вялікай» архітэктурай. Нягледзячы на высілкі куратараў выставы, у іх поле зроку патрапілі далёка не ўсе дасягненні савецкіх распрацоўшчыкаў мэблі. Праекты ўнікальнага майстра з Мінска Уладзіміра Гераўкера, шырока вядомага ў вузкім коле спецыялістаў, годна і арганічна ўпісаліся б у тыя часткі экспазіцыі «ColdWarModern: Design 1945—1970», якія былі прысвечаны эксперыментальнаму праектаванню.

 /i/content/pi/mast/48/825/Untitled-1.jpg
 Набор «Крынічка». Варыянты размяшчэння.
Уладзімір Гераўкер амаль 40 гадоў аддаў сур’ёзнай творчай працы ў мэблевым дызайне і пакінуў творы, што нясуць у сабе рысы часу, яркі аўтарскі почырк і выразна выяўленыя эстэтычныя прынцыпы. Як здаўна водзіцца, толькі сыход мастака з жыцця становіцца штуршком да ўсведамлення каштоўнасці гэтага чалавека для грамадства, момантам абуджэння інтарэсу да яго дзейнасці.

Амаль уся тыпавая школьная мэбля, што функцыянуе ў краіне (у тым ліку абсталяванне розных школьных лабараторый і кабінетаў), мэбля для дзіцячых садоў і для груп падоўжанага дня — то-бок парты, сталы, крэслы, шафкі, ложкі, якімі нашы дзеці і ўнукі карысталіся ў апошнюю чвэрць стагоддзя і якія служаць дасюль, — усё гэта нарадзілася ў галаве Уладзіміра Гераўкера.

Распрацоўку самых складаных і сацыяльна важных праектаў і вынаходстваў для наступнага ўкаранення іх у масавую вытворчасць cаюзнае міністэрства лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці даручала менавіта яму, вядучаму мастаку базавага прадпрыемства «Мінскпраектмэбля».

Праекты жылой мэблі Гераўкера атрымлівалі ў свой час залатыя і срэбныя ўзнагароды на ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах і выставах. Ён праектаваў ці прымаў сур’ёзны ўдзел у стварэнні мэблі і абсталявання для шматлікіх значных аб’ектаў краіны, такіх як гасцініцы «Планета», «Сталіца», «Еўропа», Палац моладзі, Палац Рэспублікі, Нацыянальная бібліятэка, Мірскі замак...

Работам Гераўкера ўласцівыя рацыянальнасць, бездакорны густ, пачуццё і дух часу, элегантная прастата, максімальная функцыянальнасць і яшчэ шмат добрых якасцей, спалучаных з тэхналагічнасцю і зручнасцю для масавай вытворчасці.

Паспяховая праца Уладзіміра Гераўкера пачалася ў 1970-я гады і супала з перыядам бурных змен у сусветнай архітэктуры, што ў сваю чаргу прывяло да перамен і ў сферы «малой архітэктуры» — мэблі. Наяўнасць прыродных здольнасцей і мастацкай і архітэктурнай адукацыі (дыпломы архітэктурна-будаўнічага тэхнікума і тэатральна-мастацкага інстытута) дазваляла яму разглядаць мэблевы дызайн позіркам мастака і архітэктара, канструктара і філосафа. Асаблівай яго якасцю было тонкае пачуццё стылю, якое не дапускала фальшу і кампрамісаў.

Малагабарытныя кватэры-«хрушчоўкі» 1960–1970-х гадоў сталі савецкім варыянтам «функцыяналізму» — стылю, народжанага яшчэ ў 1920–1930-х гадах і звязанага з ідэямі ўсеагульнай роўнасці і дэмакратыі. Часткова з-за вострай патрэбы ў жыллі гэты стыль стаў сцягам сусветнай архітэктурнай думкі. Ён спарадзіў сваіх геніяў — Ле Карбюзье, Міс ван дэр Роэ з іх шэдэўрамі дойлідства, а ў сваіх крайніх праявах прывёў да стварэння абязлічанага будаўніцтва. Савецкая архітэктура, кіруючыся высакароднымі ідэямі служэння масам, рэалізавала іх як «роўнасць у галечы». У выніку шырокія масы працоўных СССР былі забяспечаны танным жыллём з мінімальнымі выгодамі.

Старая мэбля, якая захавалася ў камуналках паваеннага часу і ў «сталінскіх» элітных кватэрах, ні па габарытах, ні па абліччы не адпавядала новай архітэктуры. Патрабаваліся іншыя формы, дэмакратычныя і недарагія. Старая мэбля павінна была сысці — як увасабленне мінулага, а новая станавілася прадвеснікам і знакам светлай будучыні. Выкінутыя на звалку прадметы побыту, часта дыхтоўныя і па сённяшніх мерках нятанныя, былі сведчаннем такіх настрояў. Стыль, прадыктаваны ідэямі дэмакратыі і сучаснай архітэктурай, сцвярджаўся як выражэнне свайго часу, ён шукаў увасаблення ў іншых формах.

Аднак савецкая эліта ўжо тады імкнулася набываць імпартную і якасную мэблю, якая несла ў сабе іншыя стылявыя павевы. Ва ўмовах міру і заможнасці на Захадзе развілася патрэба ў большай мастацкай свабодзе, большай чалавечнасці жылля і інтэр’ера. Шараговаму жыхару СССР падобнае было недаступна. Задачай айчынных спецыялістаў было стварэнне годнай альтэрнатывы мэблевай прадукцыі.

Сумясціць творчую свабоду з цвёрдымі рэаліямі савецкага грамадства было амаль немагчыма ў сілу агульнай беднасці, татальнага дэфіцыту і тэхнічнай адсталасці галіны. Сітуацыя патрабавала ад аўтараў знайсці аптымальны кампраміс, каб спалучыць максімальную функцыянальнасць, эканамічнасць, прастату ў вытворчасці і эстэтычнасць.

Узніклі два варыянты рашэння задачы. У першым на ўзроўні наяўных абмежаванняў (то-бок пры «непрасунутых» тэхналогіях, няякасных матэрыялах і безграшоўі масавага спажыўца) стваралася імітацыя, ілюзія багацця і самога прадмета, і яго ўладальніка. Эксплуатацыйныя якасці такой мэблі былі далёкія ад чаканага, эстэтычныя — сумніўныя, але гэта фальшывая раскоша знаходзіла водгук у стомленага галечай насельніцтва. Нашчадкі тых тварэнняў ці, як іх называюць спецыялісты, «бурбалкі» — квітнеюць і ў наш час. Імітацыя стала звычайнай справай. Дарэчы, не толькі ў мэблі.

У другім варыянце шукаецца гарманічнае спалучэнне рэальных магчымасцей вырабу, рацыянальнасці, выгаднасці і сучаснай эстэтыкі. Іншымі словамі, знаходзіцца рашэнне, пры якім адбываецца сапраўдная гарманізацыя сітуацыі. Спажыўца не ашукваюць, а імкнуцца зрабіць яго жыццё лепшым, заклаўшы ў праект магчымасць рэалізаваць шматлікія жаданні карыстальніка, уключаючы патрэбнасць у камфорце і прыгажосці. Па сутнасці, менавіта духоўныя (значыць — абумоўленыя адказнасцю перад Богам і людзьмі) уласцівасці асобы стваральніка мэблі аказваліся вызначальнікамі каштоўнасці яго работ.

Апошні падыход надзвычай ярка дэманcтруе набор мэблі для жылога пакоя «Крынічка», створаны Уладзімірам Гераўкерам. Тут спалучыліся і дух часу, і выразнасць стылю, і гранічная функцыянальнасць, і павага да права чалавека на свабоду выбару. У сваім рашэнні аўтар выкарыстоўвае ідэю «модуля» і гульні з ім, якую ў архітэктуры вызнаваў вялікі Ле Карбюзье. Напрыклад, модулем жылля японца было «татамі», спальнае месца, цыноўка памерам 90 на 180 см. Жыллё праектавалася з улікам гэтага модуля. У СССР стандартам спальнага месца быў памер 60-70 на 200-210 см. Гэта стала адпраўной кропкай для Уладзіміра Гераўкера ў стварэнні мэблі для шматфункцыянальнага жылога пакоя. Ён гуляў з модулем 70 на 70 нібы дзіця з кубікамі — як мастак, канструктар і як фантазёр. Разам з тым педантычна, рацыянальна пралічыў усе варыянты, якія адкрыліся ў гэтай гульні. Абмежаванні сталіся для яго штуршком, рычагом для рашэння новых ідэй. Гэта дазволіла знайсці варыянты трансфармацыі пакоя, ператварэння яго то ў кабінет, то ў спальную, то ў гасціную.

Неабходнасць такіх ператварэнняў дыктавалася галечай сярэдняга савецкага грамадзяніна і сілкавалася ідэямі роўнасці ў беднасці. Мастак, завязаны ў прафесіі з усім комплексам цяжкай рэальнасці, змог знайсці аптымальнае рашэнне пры мінімуме сродкаў і прыдумаў унікальны ў сваім родзе камплект, як адпавядаў усім патрабаванням спажыўца, вытворцы і сучаснай эстэтыкі.

У 1983 годзе набор «Крынічка» атрымаў другую прэмію і срэбны медаль ВДНГ СССР. Паводле сведчанняў калег, набор адназначна быў варты залатой узнагароды і не атрымаў яе толькі таму, што не ўпісаўся ў расклад маскоўскіх мэтраў: ну не маглі яны саступіць першынство «правінцыі», Мінску.

Набор створаны для невялікай сям’і, якая жыве ў адным пакоі (звычайная справа ў 1970–1980-я). Ён унікальна сумяшчае ў сабе магчымасці захоўвання рэчаў, умовы для працы, для адпачынку і для прыёму гасцей. Яго складнікі могуць трансфармавацца ў залежнасці ад жыццёвай сітуацыі ў мностве варыянтаў. Спальнае месца можа быць і вялікай двухспальнай тахтой, і дзвюма канапамі, і банкеткамі для сядзення, і спалучэннем гэтых прадметаў. Усярэдзіне знаходзяцца ёмістасці для рэчаў. Складзеныя рознымі спосабамі, паліцы мяняюць вышыню, аб’ём, могуць стаяць каля любой (правай ці левай) сцяны, утварыць і з шафай, і без яе цэласную канструкцыю, накшталт секцыі... Яны змяшчаюць дастаткова сур’ёзную колькасць кніг, посуду і іншых прадметаў ужытку. Тумбы са скрынямі для бялізны выконваюць ролю падставак для паліц, але практыка паказала, што і тут ёсць выбар. Стол у паўсядзённым варыянце зручны як пісьмовы і працоўны, а для гасцей раскладаецца і разам з банкеткамі ўтварае набор для гасцінай. Шафа мае вялікую антрэсоль, якая мяркуе многафункцыянальнае выкарыстанне.

Пры любым варыянце расстаноўкі набор мае простае, яснае і адначасова элегантнае аблічча (праектам прадугледжвалася і эксклюзіўная аўтарская фурнітура), якое ніяк не намякае недасведчаным пра закладзеныя ў гэтую мэблю выгоды і магчымасці. Апошняя акалічнасць у спалучэнні з некаторымі іншымі адыграла негатыўную ролю ў далейшым лёсе «Крынічкі»: нягледзячы на гатоўнасць Масквы купляць усё, што будзе выраблена, вытворчасць была згорнута. Адзін з былых калег Уладзіміра Гераўкера, які быў сведкам распрацоўкі і поспеху «Крынічкі», разважае: «Стваральнік падобнай мэблі мусіць быць адкрытым свету. Вольны ўнутрана, мастак жадае знайсці і для сябе, і для іншых рашэнне, у якім была б закладзена пэўная свабода, хоць бы і ў зададзеных рамках. Знайсці, а пасля падараваць усім сваё адкрыццё. Такі майстар шчаслівы, калі яму гэта ўдаецца, калі разам з ім шчаслівыя іншыя... “Крынічка” — замкнёны аб’ект, які дазваляе шматстайна трансфармаваць жылы пакой і многафункцыянальна яго выкарыстоўваць. І сёння гэты праект вельмі сучасны. Рэалізаваны больш за чвэрць стагоддзя назад набор па стылі супадае з прадукцыяй сучаснай швецкай фірмы “Ikea”, якая спалучае функцыянальнасць, тэхналагічнасць, дэмакратычнасць з эстэтычным аспектам, якая адрасавана людзям з сярэднім дастаткам, а значыць — большасці. У “Крынічцы” ўсё гарманічна, усё галоўнае. Там ёсць арганічная сувязь чалавека і прадметнага свету, рацыянальнага пачатку і выявы, што магло ажыццявіцца толькі дзякуючы ўнікальнаму сінтэзу рацыянальнага, эмацыйнага і творчага ў асобе аўтара».

Уладзімір Гераўкер сапраўды здолеў стварыць нешта жыццесцвярджальнае і нават у нейкім сэнсе забаўляльнае. Таму што яно хавала ў сабе заклік гуляць далей і далей... Людзі, якія ўжо чвэрць стагоддзя маюць у сябе дома «Крынічку», са здзіўленнем і задавальненнем працягваюць выяўляць у ёй новыя пазіцыі і якасці.

Гісторыя «Крынічкі» паўтарае лёс многіх вынаходак, якія апярэдзілі свой час і, хоць былі ацэнены спецыялістамі, не атрымалі шырокага распаўсюджання з прычыны залежнасці ад густаў грамадства і ўлад. Выбітная нямецкая школа «Баўхаўз», чыімі ідэямі сілкаваліся перадавыя архітэктары і дызайнеры мэблі ХХ стагоддзя, была зачынена пасля прыходу да ўлады фашыстаў як «шкодная для культуры» ўстанова. Яе майстры пазней узбагацілі сваімі адкрыццямі архітэктуру і культуру Амерыкі. Прадукцыя знакамітых прадпрыемстваў «Венскія майстры», «House & Garden», якая мела ў 1920—1930-х гадах поспех на міжнародных выставах, сустрэла абыякавасць венскага грамадства, што прывяло да спынення дзейнасці прадпрыемстваў. Майстры эмігравалі ў іншыя краіны, іх справа была працягнута, а ідэі паспяхова ўвасабляюцца ў жыццё і ў наш час.

«Крынічкай» захапляліся сапраўдныя знаўцы, але для шырокай публікі яна была нібыта... праставатая, ёй бракавала знешняга шыку, як кажуць мэбельшчыкі, «пудры». Аўтарская арыгінальная фурнітура з замшы, якая надавала цеплыню і вытанчанасць, у вытворчасці была заменена звычайнай металічнай. Гэты мэблевы набор быў падобны на аўтара — вонкава сціплы і стрыманы. І поўны ўнутраных добрых якасцей, якія ніякім чынам не дэманстраваліся падчас продажу, бо гэтага не было прынята ў гандлёвай практыцы, як не было і рэкламы. Самі прадаўцы не мелі паняцця пра закладзеныя ў канструкцыю магчымасці, але тыя, у каго ўжо быў гэты набор, глядзелі па тэлебачанні папулярную ў той час перадачу «Погляд» з Лісцьевым, Захаравым і Любімавым і з задавальненнем бачылі ў студыі нашу «Крынічку».

Спіс іншых вынаходстваў і праектаў Уладзіміра Гераўкера, у якім зафіксаваны далёка не ўсе ягоныя здабыткі, налічвае дзясяткі найменняў. Многія з гэтых вырабаў былі запушчаны ў вытворчасць, увайшлі ў нашу штодзённасць і ціха спадарожнічаюць нам, не абцяжарваючы думкамі пра бескарыслівую працу іх аўтара, яго талент і лёс.

Значэнне асобы мастака Уладзіміра Гераўкера выразна акрэсліваецца менавіта цяпер, пасля яго адыходу — і не толькі ў дызайнерскай творчасці. Засталося каля сотні акварэльных пейзажаў, ён быў адораны ў музыцы і іншых відах мастацтва. Але гэта шырокая тэма выходзіць за рамкі публікацыі, мэта якой — прыцягнуць увагу да таленавітай і шчодрай працы майстра, плён якой узбагаціў і ўпрыгожыў жыцці многіх людзей нашай краіны.

 Ларыса Іванчыкава