«Дом»: інтэрвенцыі ірацыянальнага

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Малады фільм Арцёма Лобача

/i/content/pi/mast/48/815/10.jpg

«Дом». Кадр з фільма.

«Дом» — першая сур’ёзная работа Арцёма Лобача ў прафесійным мастацкім кіно: раней малады рэжысёр займаўся кліпамі і дакументальнымі стужкамі. Падчас працы на пляцоўцы хорара «Масакра» Лобач захапіўся атмасферай маёнтка Жалудок і вырашыў зняць там уласны фільм. Разам з аператарам Ягорам Яфімавым і мантажорам Сяргеем Каласоўскім рэжысёр стварыў гісторыю пра беларускую ідэнтычнасць. Галоўныя ролі выканалі студэнты і выпускнікі акцёрскага факультэта Акадэміі мастацтваў Мікола Зіміч, Арцём Курань, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Сяргей Фромічаў і Лідзія Крэмень, удзельнічалі ў здымках і непрафесіяналы.

...Герой фільма «Дом» знаходзіцца ў незвычайным стане — сёння ён вярнуўся туды, дзе ніколі не быў. Разам з сябрамі вырашыў наведаць маёнтак, які належаў яго продкам, але які сам ён не бачыў. Ля старога будынка маладыя людзі ладзяць пікнік з нагоды ад’езду за мяжу галоўнага героя. Унутры гэтага простага сюжэта змешчана ўся метафізічная прастора кароткаметражнай стужкі пра дом.

У фільма складаная структура: перад намі дзве рэальнасці, адна з якіх накладваецца, набягае хвалямі на іншую. Рэальнасць каляровых кадраў агульная для ўсіх удзельнікаў пікніка, тут прысутнічае хада часу, тут няма слядоў мінулага — толькі навісае непазбежнасць надыходзячага «заўтра». Паралельна з гэтай рэальнасцю існуе ўрыўкавая пазачасавая рэальнасць, якая здаецца ці то фантазіяй галоўнага героя, ці то прарывам мінулага ў цяперашні час.

Дзейныя асобы не маюць імёнаў — мы бачым Сябра, Дзяўчыну, Аднакласніцу, Гісторыка, але такая дэперсаніфікацыя не адсылае нас да «тыповасці» персанажаў — проста іх называнне не дадае сэнсу. Навошта тады нагрувашчваць падрабязнасці? Галоўнага героя сябры клічуць то «каралём», то «імператарам», адзначаючы яго як валадара «спадчыны». Гаспадар жа адмаўляецца ад свайго маёнтка — ён не мае намераў аднаўляць вялізны палац, бо патрэбны маштабны рамонт і няма гарантый, што ў рэшце рэшт палац застанецца яго маёмасцю. Дзейнай асобай можна было б назваць дом: ён глядзіць на ўдзельнікаў «балявання» і падаецца галоўнаму герою настолькі жывым, што быццам бы здольны праглынуць людзей, якія зойдуць унутр.

У дзевятнаццаць хвілін «Дома» ўмясціліся і трылер, і прыгодніцкі фільм, і меладрама. Сюжэт не мае выразных канфліктаў, ён складаецца з асобных сцэн, а ў фінале нам адкрываецца, што не сюжэт утварае каркас стужкі. Сама кампазіцыя кінаматэрыялу даносіць да гледача ідэю, рэжысёр выкарыстоўвае апавядальную форму не ў якасці фундамента, а на адным узроўні з іншымі элементамі кінамовы.

Галоўны герой не разважае, з’ехаць ці застацца, — у яго ўжо ёсць квіткі ў адну з еўрапейскіх краін. Канфлікт разгортваецца не як унутраная псіхалагічная барацьба героя, а як інтэрвенцыя ірацыянальнага ў асабістую прастору яго свядомасці. Мы не ведаем папярэдняй гісторыі, якая магла б патлумачыць, чаму менавіта ў стары маёнтак сябры прыехалі адзначаць ад’езд галоўнага героя. Гэтыя чыннікі невядомы і яму самому. Сябра, які, мабыць, найлепш ведае дакладны час авіярэйса, пытае: «Навошта ты з’язджаеш?» Няпростае пытанне выклікае прадказальную рэакцыю — герой абурана кажа: «Мы ж гэта абмяркоўвалі». Хоць ад’езд — справа вырашаная, але, па ўсім відаць, прыняць рашэнне было няпроста. Неўсвядомленасць імкнення застацца і ёсць той чыннік, што прыводзіць героя да дома, якім валодалі яго далёкія продкі. Насамрэч, ірацыянальнае з’яўляецца яшчэ адной дзейнай асобай, але незразумела, дзе яно месціцца: ці то належыць падсвядомасці галоўнага героя, ці то хаваецца ўнутры развалін палаца, або гэта ўвогуле дух балота. Ірацыянальнае ўваходзіць у рэзананс са, здаецца, ужо пераадоленым жаданнем застацца. І як рота вайскоўцаў страявой хадой можа разбурыць мост, так вібрацыі ірацыянальнага руйнуюць сюжэтную рэальнасць.

Сябры галоўнага героя ўтвараюць падабенства мітусні сацыяльнай рэальнасці — але гэта натуральная мітусня людзей на адпачынку. Яны разам гуляюць у квач, фатаграфуюцца, атрымліваюць асалоду ад маляўнічых краявідаў, распальваюць вогнішча і п’юць віно. Хоць мы не ведаем, чым займаюцца гэтыя людзі (за выключэннем сябра-гісторыка), якія адпачываюць на прыродзе ва ўрбаністычным асяродку, можна пэўна сказаць: у іх не працоўныя прафесіі. Лепшы сябра галоўнага героя шкадуе, што палац стаіць пусты — прападае памяшканне, у якім можна было б ладзіць канцэрты і імпрэзы. У касцёр падкладваюцца лісты паперы з творамі Купалы — хіба што філолагі могуць мець патрэбу раздрукоўваць вершы да семінара, каб потым выкарыстаць аркушы для чарнавікоў ці, як у дадзеным выпадку, каб распаліць агонь. Адзін з сяброў паводзіць сябе падкрэслена тэатральна — аўтаматычны працяг ігры «на гледача», што ўласціва прафесійным акцёрам, або проста жаданне рабіць з кожнага моманту жыцця мастацкі твор. Цягам фільма героі забаўляюцца рухомымі гульнямі — можна задаць пытанне, ці гэтае ў рэальнасці робяць людзі на пікніку, ці так і ці аб тым яны размаўляюць насамрэч і адкуль яны ўзялі крэсла. Ізаляванасць ад цывілізацыі і паўсядзённасці — гэта нагода для натуральнай цішыні, у якой чутны крокі, там пяюць птушкі і струменіцца сонечнае святло. Але гэта цішыня сама з’яўляецца адценнем для іншай цішыні, цішыні пакінутага без жыхароў дома — цёмнай і злавеснай.

Сутыкненне з рэальнасцю ірацыянальнага, яго прыход да галоўнага героя рэжысёр зрабіў рухавіком дзеяння ў фільме. У пэўнай кропцы дзея пакідае поле сюжэта, але з самага пачатку мы былі падрыхтаваны да магчымасці гэтага пераходу. Сустрэчы са старым маёнткам папярэднічае ўрывак начнога кашмару, які ўплывае на напружаны і ўзрушаны стан героя падчас наведвання сваёй спадчыны. Сябры фатаграфуюцца перад ганкам, нібы дублюючы рэальнасць старога здымка, успрынятага героем як «прывід дома». Хтосьці знаходзіць у развалінах дзіўную шкатулку, ад якой вее духам містычнага. З тоста «караля»: «За веру ў ідэю, якая дае нам сілы, упэўненасць» — выслізгвае, сплывае той сэнс, які ўкладваўся ім свядома, па перакананні. Маючы на ўвазе ідэю, з-за якой герой з’язджае, ён выяўляе яе нетрываласць і перакуленасць. Усё стане на месца, толькі калі ён прызнае ўкаранёнасць сіл і ўпэўненасць у нечым іншым. У разгар чарговай забавы знойдзеная шкатулка выпадае з кішэні аднаго з сяброў. Гісторык, адкрыўшы яе, бачыць унутры мапу. Заклік шукаць скарб на балоце ўрываецца ў хаду гульні і вядзе ўсіх на пошукі. Галоўны герой застаецца сам-насам з домам — тут і ёсць кропка, калі сюжэт пакідаецца дзеля перамяшчэння ў містычную рэальнасць. Цяпер глядач знаходзіцца толькі ў вобласці сімвалічнага, яго перанеслі ў пазачасавую прастору. Рэжысёр хоча раскрыць у фільме ідэю дома, яе адвечнае вымярэнне.

Лінія кахання выглядвае праз перапляценні дзвюх рэальнасцей. Дзяўчына галоўнага героя побач з ім і ў сюжэце, і ў містычным вымярэнні. Прысутнасць каханых у пейзажах робіць кадры падобнымі да паштовак на Дзень святога Валянціна, у гэтых адносінах усё добра і няма таго, што магло б парушыць іх ідылічнасць. Выпрабаванне пачуццяў героя праз наяўнасць іншай — былой — дзяўчыны нават не падобна на выпрабаванне. Аднакласніца, пра якую мы даведваемся, што яна з’ехала ў Францыю, але потым вярнулася, больш прыдатная да ролі прадказальніцы будучыні: у яе беспаспяховай эміграцыі мы бачым магчымы лёс галоўнага героя, калі ён з’едзе.

Метафарычная прастора фіналу змяшчае ў сабе верш Караткевіча і трансфармаваную рэальнасць дома. З-за канцэнтраванай сімвалічнасці гэта частка парывае з сюжэтнай хадой, яна выглядае як канчатковы пераход героя ў сферу ірацыянальнага, як тое, што персанаж застаўся ў містычным сусвеце. Вокамгненнасць перанясення ў рэальнасць, дзе галоўны герой са сваёй дзяўчынай, але без сяброў, уваходзіць унутр дома, дае падставу для медытатыўнага сузірання вобразаў.

У Беларусі здымаюць няшмат фільмаў; ці ёсць сярод іх такія, якія можна было б назваць «нацыянальнымі», — дыскусійнае і складанае пытанне. Нягледзячы на невялікую працягласць, якая не дала напоўніцу разгарнуцца здымачнай групе, «Дом» можна назваць беларускім фільмам. Чаму? Не толькі таму, што ўсе героі, акрамя аднаго, размаўляюць на беларускай мове, у небе пралятае бусел, а вершы ў фінале — Караткевіча. Аўтэнтычна беларускай з’яўляецца пастаноўка праблемы эміграцыі — з імкненнем застацца, адчуваннем, што нешта трымае менавіта на гэтай зямлі. Адсутнасць роздумаў пра спадчыну ці ваганне на ўзроўні бытавых пытанняў робіць з ад’язджаючага простага эмігранта, такога ж, як літовец, што збіраецца ў Англію, ці француз, які набыў квіток у адзін канец у ЗША. У беларусаў, як і ў галоўнага героя, спадчына віртуальная, магчымая, няспраўджаная — мы не валодалі ніколі сваёй беларускасцю, наша Мекка — сталіца іншай краіны. Адраджэнне мінулага Беларусі — справа няўдзячная, хоць і высакародная. І ці ёсць яно, гэта мінулае, калі, як кажа сябра-гісторык, мы не можам пэўна пераказаць нават гісторыю нашага ўласнага жыцця? Нас пераследуюць прывіды, але ці не галюцынацыі гэта, народжаныя ў нашай змененай таксічнымі выхлапамі горада свядомасці? На ўзнікаючыя пытанні аўтар дае вельмі беларускі адказ, што натуральна вынікае з айчынных рэалій: мы знаходзімся ў ірацыянальным свеце, з варожасцю якога можам прымірыцца, калі суб’ектыўна згодзімся з яго ірацыянальнымі законамі.

Пасля прагляду фільма застаецца шкадаванне, што працягласць стужкі ўсяго толькі 19 хвілін. Напэўна, менавіта гэта перашкодзіла стварыць выразны сюжэт, у якім усе дробязі працавалі б на галоўную ідэю. Часам падаюцца неабавязковымі жэсты, рэплікі, планы, часам яны занадта кароткія, каб стаць значнымі. Канцэптуальнасць фільма, яго непадпарадкаванне класічнай форме апавядання відавочныя — у ім створана комплексная структура, але фінал усё ж такі здаецца недастаткова звязаным з сюжэтнай часткай. Суб’ектыўная камера вельмі добра стварае атмасферу адпачынку, прыроднага спакою і нават ірацыянальнага непакою. Але калі яна ўяўляе «пункт гледжання» дома, засмучае яе прывязанасць да пэўнай кропкі, якая не стасуецца з маштабам будынка. Тканіна фільма мае дзіркі, з-за якіх, нягледзячы на прыгажосць малюнка, глядач будзе мець права сказаць: «Не веру!» Фільм Арцёма Лобача — няхай ён і не пазбаўлены недахопаў — можна назваць значнай падзеяй у беларускім кінематографе. Наяўнасць уласнага стылю і ідэі відавочныя, і нам застаецца з інтарэсам чакаць новых твораў маладога рэжысёра.

Ліна Мядзведзева