Скрозь амальгаму рэальнасці

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Віцебскі «Cinematograf»

/i/content/pi/mast/48/814/8.jpg

Дзіна Даніловіч (Кіеў). ХХХ. Трыпціх. Дрэва, папера, залатая паталь. 2009.

З наступленнем эпохі постмадэрнізму паняцці «праект» і «куратар» глыбока пусцілі карані ў выяўленчым мастацтве і аказаліся асабліва прыцягальнымі для віцебскіх творцаў з актыўнай пазіцыяй, эксперыментальнымі схільнасцямі, амбіцыямі наватарства і неардынарнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Ад сярэдзіны 1990-х гадоў у Віцебску з’явіўся цэлы шэраг цікавых актуальных арт-праектаў, сярод якіх сваёй жыццяздольнасцю найбольш вядомыя «Information», «Abstract», «Just now», «Pan-Ton». У ліку ініцыятыў апошніх год і «Cinеmatograf», што аб’ядноўвае мастакоў ужо пяты раз.

Выстава, якая экспанавалася ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, — сапраўды «Выбранае» з вялікага арт-матэрыялу, прадстаўленага на гэтым праекце ў Віцебску ў залах Цэнтра Марка Шагала на працягу 2007–2011 гадоў. «Cinеmatograf» быў заяўлены куратарам (мастачка Дзіна Даніловіч) не проста як агульная тэма — ён паўстаў своеасаблівай паэтыкай прасторы, пэўным кантэкстам, у які прапаноўвалі паглыбіцца яго ўдзельнікам.

Усе пяць выстаў «Cinеmatograf» вылучаліся сваёй адметнасцю, нягледзячы на адзіную тэму і наяўнасць пастаянных аўтараў. Пачынаючы з першых экспазіцый серыйнасць, шматчасткавасць кампазіцый, раскадроўка, элементы фатаграфічнасці сталі вызначальнымі для твораў, якія прадстаўлялі мастакі праекта, незалежна ад іх вобразнай скіраванасці.

Першы «Cinеmatograf» (2007) па колькасці аўтараў быў невялікі. Многае ў экспазіцыі трымалася на фатаграфіях Дзіны Даніловіч і Максіма Рудэнкі, а таксама на выдатнай серыі жывапісных і графічных партрэтаў Леаніда Мядзведскага. Яркімі дамінантамі праекта былі тры вертыкальныя пано Дзіны Даніловіч «Гульня ў хованкі», выкананыя ў яе адметнай аўтарскай тэхніцы. На працягу ўсяго астатняга часу існавання праекта мастачка захоўвае за сваімі творамі ролю сэнсавага і візуальнага камертона ў экспазіцыі, хоць, нягледзячы на сваё куратарства, удзельнічае ў яе фармаванні на парытэтных пачатках.

Колькасць творцаў другога праекта (2008) павялічылася за кошт цэлай групы мастакоў з Латвіі. Свае працы прадставілі Ліга Чыбле, Майрыта Фолкмане, Іво Фалкманіс, Элга Грынвалдэ, Калвіс Грынвалдс, Калвіс Заліціс, Зміцер Лаўрэнцьеў, Інга Юрава. Украіна годна прэзентавала ўсяго аднаго аўтара — Аляксея Цыўлікава. Пашырыўся склад беларусаў, сярод якіх — Наталля Дзямшова, Віялета Някрасава, Максім Осіпаў, Уладзімір Макаркоў.

Незвычайна ўзмацніў гучанне і пластычна выразна зафіксаваў ідэю другога праекта «Стоп-кадр» Іво Фалкманіса, выкананы ў аўтарскай тэхніцы ў метале. Удала ўпісаліся ў тэму і тэкстыльныя кампазіцыі «Эпілог» і «Не плач» Віялеты Някрасавай. Экспазіцыю відавочна ўзбагацілі аб’ект Максіма Осіпава «Vampires prefer brunettes», стылістычна блізкі іранічнаму поп-арту эстэцкі аб’ект Ліга Чыбле «Камень спатыкнення». «Kino» Элгі Грынвалдэ і Калвіса Грынвалдса пад маркай «Kalvis Grinvalds film» стала аўтарскай метафарай загадкавасці і шматграннасці гэтага віду мастацтва. Сярод жывапісных кампазіцый, прадстаўленых у другім праекце, варта адзначыць трохчасткавы твор Аляксея Цыўлікава «Deadman» і працы Інгі Юравай «Лісабон. Фільм I» і «Лісабон. Фільм II».

Трэці праект (2009) запомніўся арыгінальнымі кампазіцыямі Дзіны Даніловіч, Аляксея Цыўлікава, інсталяцыяй Лауры Фелберг, аб’ектамі Максіма Осіпава і вялікай колькасцю жывапісных кампазіцый, пераважна латышскіх мастакоў. У экспазіцыі ўражвала філасафічнасць і амаль сакральная іканаграфічнасць вобразаў у трох вельмі гарманічных і лаканічных працах Дзіны Даніловіч «XXX», якія былі ўдала кампазіцыйна вырашаны ў авальным фармаце, пабудаваным на спалучэнні амаль ляўкаснага арнаментальна-рэльефнага фону і фотарэалістычнага манахромнага малюнка фігуры. Праз прыём раскадроўкі вырашаны дзве пяцічасткавыя фотакампазіцыі Даніловіч «Я нашу свой змрок з сабой», у якіх прасторай прыцемку і ценяў нібы захутаны два персанажы — мужчынскі і жаночы.

Парная кампазіцыя Аляксея Цыўлікава «Рай і пекла» адметная багаццем каларыстычных і пластычных інтанацый. У аналагічным ключы вырашаны і выкананы ў аўтарскай тэхніцы дыптых Цыўлікава «Пляж», умоўна-сімвалічны па вобразным рашэнні і вытанчаны па колеры.

Прастору адной з экспазіцыйных зал амаль цалкам займала эфектная і выразная інсталяцыя Лауры Фелберг «Клубкі». У інтэр’еры былі прадстаўлены і загадкавыя па пластыцы аб’екты Максіма Осіпава «Папялушка: хронікі мезальянсу», у аснове якіх трансфармацыі працоўнай прылады — веніка — вядомага казачнага персанажа  з элементамі фотаграфікі і дэкаратыўнай размалёўкі на асобных плоскасцях і элементах формы.

Сярод жывапісных кампазіцый сваёй фотарэалістычнасцю прыцягвала гледачоў палатно Калвіса Заліціса «Даная», дзе містычнае асвятленне надавала загадкавасць адлюстраванню аголенай у люстэрку з барочнай рамай. Варта адзначыць некалькі жывапісных палотнаў Інэты Фрэйдэнфельдэ («ХХХ», «Асцярожна, валіцца»), дэкаратыўна-сімвалічныя працы Л.Юкшы («Разважанні», «Пастаў сэрца на месца»), іранічна-паэтычныя кампазіцыі Інгі Юравай («Чорна-белыя героі ўвесну I», «Чорна-белыя героі ўвесну II») і жывапісна вытанчаныя гуашы Леаніда Мядзведскага («Падыход да берага ў невядомых морах»). Эфектна глядзелася і жывапісная па колеры і разам з тым мінімалістычная па рытміцы серыя тэкстыльных кампазіцый Віялеты Някрасавай «Узлётная паласа».

У чацвёртай версіі праекта «Cinеmatograf» (2010) дамінантамі экспазіцыі былі пано Дзіны Даніловіч і фотаграфіка Генадзя Меергуса з Ізраіля. Сярод твораў, прадстаўленых на выставе, вылучаліся вобразна і пластычна эфектныя аб’екты Валянціны Ляховіч («Прысвячэнне Фернану Лежэ», «Руды мастак»), знакавыя гуашы-абстракцыі Алеся Мемуса («Смага агню»), маляўнічая «Раскадроўка» Леаніда Мядзведскага, графічнае «Gofro» Алены Толабавай, выразная інсталяцыя «Дыялог» Антаніны Фалей і серыя аб’ектаў Анастасіі Ганчаровай «Другая скура».

Пяты і, на думку куратара, апошні праект «Cinеmatograf» Дзіна Даніловіч лічыць найболей удалым і цэльным; напэўна, гэта сапраўды так. Канцэптуальна яго драматургічны хрыбет склалі працы самой Дзіны, а таксама Аляксея Цыўлікава, Руслана Вашкевіча, Аляксандра Канавалава, Аляксандры Чарняўскай.

Трыпціх Дзіны Даніловіч «ХХХ» — плённы прыклад стварэння выяўленчага вобраза «Яго Вялікасці Кінематографа», сакралізацыі мовы чорна-белага кіно. Яму сугучны і трыпціх Цыўлікава «De cultu sanctorum ignotorum (Аб шанаванні невядомых святых)», кожная з частак якога ў сваю чаргу ўяўляе сабою падзеленую на клеймы кампазіцыю. У кожным з клеймаў з хаосу, колеру, тэксту і элементаў фатаграфічных выяў нараджаецца свая вобразна-пластычная канструкцыя.

Відавочным поспехам праекта стала запрашэнне ў яго Руслана Вашкевіча. Сем графічных аркушаў пад агульнай назвай «Чорная дзірка» характэрны сваёй лаканічнай стылістыкай і пакадравай кампазіцыйнай схемай, злучанай з «рухомым» малюнкам постаці. Выразны па рытміцы вобраз і ў творы Аляксандра Канавалава «3D Animation».

Атакуючы граніцы паміж аўтэнтычнасцю і фікцыяй, польская мастачка Аляксандра Чарняўская ў сваёй інсталяцыі «Дзіга Вертаў. Часовы музей» стварае вольную ад гістарычнай дакладнасці гіпотэзу «рэканструкцыі» працоўнага кабінета вядомага савецкага рэжысёра-дакументаліста. Сама Чарняўская, як і Вертаў, ураджэнка Беластока, і таму яе версія канцэптуальная і накіравана на перадачу атмасферы часу.

Тэма «Cinеmatograf» арганічна прагучала ў фатаграфіях «Кінапробы. Частка 3» Вольгі Хахловай і «Futuro Slider» Генадзя Меергуса. Інтанацыйна і каларыстычна адпавядае праекту работа Алены Толабавай «Разарваныя сувязі».

Некаторыя мастакі прадставілі працы больш вольныя ў сваіх інтэрпрэтацыях тэмы праекта, але не менш цікавыя па пластыцы. Гэта і вытанчаны акварэльны дыптых Алеся Мемуса «Так — Не», і выкананы ў стылістыцы поп-арта «Трэйлер» Максіма Осіпава, і тэкстыльныя аб’екты Анастасіі Ганчаровай «У адкрытую», і «Ню» Уладзіміра Макаркова, і інсталяцыя Антаніны Фалей «Словы і сцэны асабістага жыцця».

Сярод прац гэтага года — серыя кампазіцый Валянціны Ляховіч «І вось яно — жыццё фіялетавае», канцэптуальны тэкст Ігара Саўчанкі «Універсальны віртуальны пераўтваральнік мастацкіх кінастужак у кінастужкі дакументальныя».

Віцебскі «Cinеmatograf» заўсёды суправаджала праграма фільмаў — яна досыць старанна адбіралася куратарам і доўжылася каля месяца. Адмысловае месца ў праграме занялі стужкі і відэаарт беларускіх аўтараў (сярод іх Вольга Сазыкіна, Руслан Вашкевіч, Аляксей Бельскі і іншыя).

«Cinеmatograf» — гэта прарыў скрозь амальгаму рэальнасці ў прастору аўтарскіх ідэй, свет кінематографа і кінаіндустрыі. Гульня ілюзій з эфектнай відовішчнасцю, магчымасцю апеляцыі да мастацкіх вобразаў, сродкаў кіно, яго прыёмаў і стылю мыслення. Важнае месца ў працах было адведзена семіётыцы кіно, асаблівай тэмпаральнасці кінематаграфічнай падзеі. Звычайнымі для мастакоў становяцца традыцыйна постмадэрнісцкая цытатнасць, іронія, гульні з сэнсамі і вобразамі кіно. У якасці ўніверсальнай катэгорыі і ўсеагульнага прыёму ў большасці твораў прысутнічае паняцце мантажу. У першую чаргу гэта прынцыпы мантажу інтэлектуальнага, якія дамінуюць у кантэксце і нясуць у сабе адмысловую паэтыку, шмат у чым, відавочна, праблемную.

Праект «Cinеmatograf» па сваёй сутнасці ў чымсьці блізкі аўтарскаму інтэлектуальнаму еўрапейскаму кінамастацтву: у яго ўдзельнікаў ёсць рэжысёрскія якасці. Творы мастакоў паказваюць, што любая тэма можа быць інтэрпрэтавана бясконца.

Безумоўна, праект блізкі актуальнаму мастацтву, хоць у цэлым наўрад ці ўяўляе яго мэйнстрым. Гэта хутчэй спроба глыбей асэнсаваць сакральны досвед кінематографа і разам з тым рэалізаваць аўтарскія пошукі новых падыходаў да сучаснага матэрыялу.

Сярод арыгінальных стыляў удзельнікаў праекта можна адзначыць шырокі спектр актуалізаваных прыёмаў і традыцый: ад іранічнага поп-арта, метафізікі сюррэалізму і экспрэсіўнай абстракцыі да канцэптуалізму і стылістыкі фотадакументалізму. У аб’ектах, жывапісе, графіцы шмат паралелей з выявамі ігравога і дакументальнага кіно. А актыўная прысутнасць лічбавага фота ўзмацняе візуальны эфект. Усё гэта, а таксама змена ракурсаў і планаў у творах розных аўтараў, спрыяе адлюстраванню прасторы-часу сапраўднага кінематографа.

Міхась Цыбульскі