«Эдып» антычны і сярэднявечны

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Інтэрпрэтацыі Барыса Луцэнкі

/i/content/pi/mast/48/812/6.jpg

Руслан Чарнецкі (Эдып), Алена Унукава (Іакаста).

На малой сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага з поспехам ідзе спектакль «Эдып», трагічная гісторыя ў адной дзеі. Рэжысёр Барыс Луцэнка.

Драматург Алена Мінчукова ўзяла за аснову старажытнагрэчаскі міф пра Эдыпа, цара Фіваў — ён забіў невядомага, не здагадваючыся, што гэта ягоны бацька Лай, і ўзяў шлюб з Іакастай, як высветлілася потым, сваёй маці. Асоба цара Фіваў даўно зрабілася вечным вобразам сусветнага мастацтва. Найбольш вядомы зварот да яе — п’есы Сафокла «Цар Эдып» і «Эдып у Калоне». Пасля старажытнагрэчаскага драматурга ў ролі інтэрпрэтатараў міфа выступалі Сенека, Карнэль, Вальтэр і іншыя. У тым ліку кампазітар Ігар Стравінскі, аўтар знакамітай оперы-араторыі на гэтую тэму.

Пераасэнсаванне ў драме антычных матываў не з’яўляецца для беларускага тэатра чымсьці новым. Варта згадаць, напрыклад, «Сёстры Псіхеі» Сяргея Кавалёва, які паспяхова «перасаджвае» на беларускую дзялянку гатовыя сюжэты мінулага. І ўсё ж «Эдып» стаўся шчаслівай магчымасцю для акцёраў Рускага тэатра пражыць і перажыць на сцэне лёсы сваіх персанажаў. Вобразы атрымаліся неадназначнымі і шматпланавымі. Напрыклад, Тэрэсій у выкананні Валерыя Шушкевіча, што прадказаў бацьку Эдыпа яго лёс. Празарлівец імкнуўся папярэдзіць Лая пра небяспеку, якую нясе яму нараджэнне дзіцяці, але словы Тэрэсія міжволі становяцца адной з прычын наступнай трагедыі. Бо калі б прадказанне не прагучала, лёс Лая мог бы скласціся іначай.

Надзіва шырокі эмацыйны дыяпазон уласцівы дуэту галоўных выканаўцаў. Моцнае ўражанне пакідае Іакаста Алены Унукавай, чый вобраз праходзіць эвалюцыю ад шчаслівай, крыху заклапочанай жонкі да няшчаснай маці, што страціла адзінага сына. Але ў цэнтры спектакля, безумоўна, знаходзіцца асоба Эдыпа — цара Фіваў. Руслан Чарнецкі ўжо трэці раз запар — пасля «Распусніка» і «Мачахі» — атрымлівае галоўную ролю ў спектаклях Луцэнкі. Цяпер разумееш, што папярэднія работы можна ўспрымаць як прыступкі да стварэння вобраза Эдыпа. У названых спектаклях Чарнецкі ўвасабляў характары творчых людзей (філосафа Дэні Дзідро і, што асабліва істотна, паэта Фердынанда Маркандаля). Ім абодвум уласціва абвостранае ўспрыманне рэчаіснасці, спалучанае з паглыбленасцю ў сябе, сумненнямі і «капаннем» ва ўласных учынках. Эпізоды, у якіх Эдып дэманструе волю і ўладарнасць, выканаўца мог увасобіць дзякуючы выключна знешнім даным. Але ў сцэнах, дзе адбываецца пошук сапраўднага забойцы Лая і адначасова «раскручваецца» гісторыя злачынстваў мінулага, Чарнецкі дасягае вышэйшай амплітуды ўнутраных перажыванняў.

Сцэнограф Алеся Сарокіна будуе мастацкі вобраз спектакля праз «чорны кабінет». Вельмі ўдалай знаходкай з’яўляецца наяўнасць хору (хормайстар Святлана Буцкая). Ён не толькі надае пастаноўцы большае напружанне і дынамізм, але акцэнтуе ўвагу на спецыфіцы антычнага тэатра, у якім галоўныя героі знаходзіліся між гледачамі і хорам, а апошні ўплываў на развіццё дзеяння праз абагульненні і каментаванне падзей.

Аднак вопратка герояў міжволі прымушае сумнявацца ў прыналежнасці да антычнай эпохі. Калі адзенне Іакасты яшчэ нагадвае лепшыя ўзоры элінскай моды, дык Эдып у сваім аднатонным, грубым «балахоне», падаецца, больш падобны на сярэднявечнага манаха. Пацвярджэннем «сярэднявечнасці» становіцца і выкарыстанне ў спектаклі крыжа, на якім пакутуе пустэльнік (Віталь Быкаў). Вобраз Тэрэсія таксама нагадвае хрысціянскіх мучанікаў і сведчыць пра марнасць існуючага жыцця.

Мэтазгоднасць менавіта «рэлігійнага» вырашэння спектакля бачыцца ў наступным. Пры традыцыйным прачытанні п’есы гледачы сталі б сведкамі вырашэння канфлікту праз катэгорыі антычнага менталітэту. Нездарма ў міфалогіі заўсёды фігуруюць вышэйшыя сілы, ад якіх залежыць чалавек. Значыць, Эдып, што здзейсніў злачынствы па няведанні, ды яшчэ і пасля спробы ўласнага бацькі забіць яго, быў бы вымушаны расплачвацца за свае ўчынкі без шансу на выратаванне.

Своеасаблівым выйсцем з «антычнага тупіка» стаў фінал спектакля. Эдып зусім не па-антычнаму, а па-хрысціянску просіць аб дараванні. Уражвае і дзейства, ажыццёўленае хорам: ён з грукатам кідае на зямлю камяні. Чым не прамая аналогія з учынкам Ісуса Хрыста? Як мы памятаем, калі натоўп спрабаваў закідаць камянямі распусніцу, Хрыстос прапанаваў кінуць першы камень таму, хто сам бязгрэшны. Становіцца зразумела, што антычны хор можна ўспрымаць і як хор нябесны, як хор анёлаў, адпускаючых Эдыпу яго правіны пасля пакаяння. Такім чынам пастаноўка ў інтэрпрэтацыі Барыса Луцэнкі, які паклаў у аснову спектакля хрысціянскую традыцыю, уздымаецца да абагульнення.

Дзеля аб’ектыўнасці заўважу, што ў «Эдыпе» прысутнічаюць моманты, якія ўтвараюць дзіўны кантраст з бясспрэчнымі знаходкамі і выклікаюць пратэст або неразуменне. Напрыклад, героі, што пераважную большасць часу размаўляюць «суровай прозай», беспадстаўна выкарыстоўваюць у асобных фрагментах паэтычныя радкі. Не ідэальна з пункту гледжання стылістыкі гучаць некаторыя фразы. Дзейныя асобы часам ужываюць словы і словазлучэнні, якія адпавядаюць чыста сучасным рэаліям, напрыклад, «правяраць пошту, што прыходзіць на маё імя». Расчароўвае харэаграфія Вячаслава Іназемцава. Сцэны, дзе героі перадаюць праз пластыку любоўныя гульні, больш нагадваюць рытміку заняткаў фізкультурай. Зрэшты, спрэчныя фрагменты кардынальна не ўплываюць на агульную карціну і могуць быць выпраўлены без радыкальных змен у структуры спектакля.

«Эдып» натуральна спалучае традыцыі і наватарства, рэаліі канкрэтнай эпохі і часавую шырыню. Глыбіня задумы і яе ўдалая рэалізацыя даюць падставу ўспрымаць спектакль як бясспрэчны поспех.

Дзяніс Марціновіч