Практыкаванні ў дэстабілізацыі

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Недзіцячыя малюнкі Міхаіла Гуліна

/i/content/pi/mast/48/811/5.jpg 
 Dolce morte. Змешаная тэхніка. 2011.
Гэты мастак спалучае ў сваёй творчасці спецыфічнае пачуццё гумару, радыкальнасць з налётам нахабства і просталінейнасць, здольную выклікаць няёмкасць. Менавіта на такім стыку нараджаецца своеасаблівы стыль Міхаіла Гуліна. Яго тры скразныя пазіцыі: імкненне ставіць усё пад пытанне (і ў першую чаргу адэкватнасць уласнай публікі), гумар і любоў да кантэкстных гульняў — з’яўляюцца «правіламі добрага тону» ў сучасным заходнееўрапейскім мастацкім працэсе. У Беларусі ў гулінскім выкананні ўсё гэта, памножанае на адвагу і схільнасць да спрэчных правакацыйных зон, дае проста атрутную выбуханебяспечную сумесь. У персанальнай «Выставе НЕ дзіцячага малюнка» Гулін чарговы раз звяртаецца да тэмы мас-медыя, аналізуе механізмы, законы і рытуалы, што сёння вызначаюць дыстрыбуцыю і рэцэпцыю візуальнай інфармацыі, адначасова падвяргае сумненню самі формы існавання мастацтва.

На выставе ў галерэі «Ў» былі прадстаўлены дзве групы твораў, якія экспанаваліся адпаведна ў дзвюх прасторавых зонах: «Дзіцячая дэманалогія» і «Minimal Seхual».

Паколькі задачай Гуліна з’яўляецца аналіз розных клішэ, стэрэатыпаў і фальшывак, што насяляюць нашу свядомасць, заканамернай з’яўляецца і яго ўвага да дзіцячай тэмы, якая лейтматывам прасочваецца ў творчасці апошніх гадоў. Дзяцінства цікавіць мастака як своеасаблівая «tabula rasa» — перыяд развіцця чалавека, калі з галавакружнай хуткасцю паглынаецца велізарная колькасць візуальнай інфармацыі — тысячы знакаў, выяў, меркаванняў, няпэўных праўд, страхаў, чужых комплексаў і да таго падобнага. З усяго гэтага нараджаецца цэлы мікракосмас, што быццам бы павінен паслужыць для расшыфроўкі свету, значыць — выканаць функцыю, якую на світанку гісторыі здзяйсняла міфалогія. Аднак замест міфаў сучасная культура вытварае нейкі сурагат. Гэта сурагатная міфалогія ствараецца «дарослымі», яна адзначана дрэнным густам і сплятаецца з рознай драбязы, падробак і кічу.

У працах цыкла «Minimal Seхual» Міхаіл Гулін літаральна «выносіць на сцэну» творы іншых мастакоў. Пры гэтым самі па сабе работы геаметрычнай абстракцыі ў меншай ступені прыцягваюць яго ўвагу. Значна больш Гуліна цікавяць арганізаваныя вакол іх новыя прасторавыя, сацыяльныя і тэарэтычныя ўмовы. Відавочна, што статус мастацкіх аб’ектаў залежыць ад кантэксту. Яны захоўваюцца ў музеях, калекцыях, экспануюцца ў рамках буйных міжнародных праектаў і ў сумніўных галерэйках і салонах, выкарыстоўваюцца ў якасці артэфактаў у палітычных дыскурсах... У такіх варунках твор непазбежна змяняе свой статус, прачытваецца па-рознаму, і часта іншы кантэкст дае парадаксальныя вынікі. Даследаванне такога роду парадоксаў разгортваецца ў экспазіцыі «Minimal Seхual». Праз змену назвы Гулін прапануе змену параметраў: ён агаляе аб’ектыўныя механізмы нашага ўспрымання. Карціны Барнэта Ньюмэна і Эль Лісіцкага выхаплены з гістарычнай плыні і экспануюцца пад назвамі файлаў з парнасайтаў. Такім чынам яны атрымліваюць задзірліва красамоўны і агрэсіўны выгляд. У зоне кантакту твора і асяроддзя нараджаецца нешта трэцяе — зманіпуляванае напружанне паміж фактычным зместам і сэнсавым эфектам.

Пульсам усёй выставы выступае задуманая аўтарам кантэкстная гульня. Дзякуючы прадуманаму арганізаванаму ўзаемадзеянню кожнага асобнага аб’екта з яго асяроддзем уся экспазіцыя мае ярка выяўлены сцэнічны характар, які як бы «перакадзіруе» сэнсы асобных экспанатаў. Выстава становіцца адным гіганцкім герметычным творам. А кожны аб’ект сам па сабе не мае значэння, бо ён — толькі пазл, маленькая частка вялікага цэлага.

У паказаных серыях знакавым для гулінскай пазіцыі з’яўляецца распачаты працэс дэстабілізацыі. Мастак выбівае з-пад ног і без таго нетрывалую глебу: прапануючы гледачу нібыта звыклыя і заезджаныя знакі і выявы (ці гэта геаметрыя рускага авангарда, ці вослік Іа з анімацыі Disney), ён адначасова ставіць іх у асаблівыя ўзаемасувязі, выкрываючы вельмі неапетытны сэнс. Агаляецца паранаідальная зацыкленасць грамадства спажывання на глянцы і сексе. І гэты дзіўны дзіцячы гламур, які нараджаецца з іх сумесі, выглядае па-сапраўднаму палохаючым.

Разважаючы пра творчасць Міхаіла Гуліна, не даводзіцца рабіць акцэнт на складанасці дэшыфроўкі, ірацыянальнасці, суб’ектыўнасці, спантаннасці: усе гэтыя метады, звыклыя для айчыннага мастацтвазнаўства і мастацкай практыкі, Гулін выключае. Яго мова, наадварот, падкрэслена выразная, зразумелая і аб’ектыўная: плоскія паверхні, яркія колеры, клішаваныя персанажы. І чым больш дыхтоўна яны зроблены, зымітаваны, тым больш абсурднымі выглядаюць. Пасланні, сфармуляваныя ў творах, не менш просталінейныя, чым мова формаўтварэння. Просталінейнасць наогул не ўласцівая беларускаму мастацтву, але ў Міхаіла Гуліна гэтая якасць выносіцца на шчыт, набывае статус пазіцыі. Можна сказаць, што яна, шматкроць узмоцненая з аднаго боку — агрэсіяй, а з іншага — аптымізмам, ператварае творчасць Гуліна ў беспрэцэдэнтную з’яву актуальнага мастацкага працэсу.

Таццяна Кандраценка