Эстрадны фестываль як заваёва космасу

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

«Славянскаму базару» — 20

/i/content/pi/mast/48/808/3.jpg

Фінал канцэртнай праграмы Дня Беларусі на «Славянскім базары».

Кожны «Славянскі базар у Віцебску» мае сваё непаўторнае аблічча. І справа не толькі ў тых канцэртах, выстаўках, спектаклях ды іншых мерапрыемствах, якія яго напаўняюць, але і ў нейкім вобразе, які складаецца падчас свята і становіцца ягоным лейтматывам. У розныя гады гэта былі карабель, коні, паветраныя шарыкі, лялькі... Сёлетні фестывальны вобраз — космас. Што ж, няблага для юбілейнага, ХХ фэсту!

Галоўным «адказным за космас» выступіў знакаміты мастак Зіновій Марголін, які ўжо 12 гадоў запар супрацоўнічае з фестывалем. Менавіта ён ператварыў сцэну Летняга амфітэатра ў гэткі

«сцэнадром».

Захаваўшы святлодыёдныя панэлі і «інтэлектуальныя лябёдкі» (без іх сёння ўжо немагчыма ўявіць эстрадныя канцэрты такога рангу), Марголін спалучыў сучасныя тэхналогіі з тэатральнай асацыятыўнасцю, якая заўсёды была яго каньком. На некаторых канцэртах сцэнічная прастора быццам ператваралася ў вялізны касмічны карабель з панэлямі-люкамі ды патаемнымі «дзвярмі» ў іншае вымярэнне. На другіх — глядзелася крутым «фэнтэзі» з імгненнымі пераўвасабленнямі. Не забыўся мастак і пра невялічкую падкову на шчасце, бачную гледачам партэра, і пра бягучы радок з назвай фестывалю на розных мовах, што адразу кідаецца ў вочы пры тэлетрансляцыі.

А ці памятаеце вы, як на адным з «Базараў» фішкай Марголіна аказаўся трактар з прычэпам, што вывозіў на сцэну народны хор? Ці як на другім форуме сцэна была абвешана саламянымі павукамі-абярэгамі ды выцінанкамі? Цяперашняя касмічная тэма «чыталася» не менш сімвалічна. Тут і намёк на 50 гадоў з дня легендарнага палёту Юрыя Гагарына, і своеасаблівы «рэверанс» у бок французскага гурта «Space» («Космас»), што адкрываў сваім сольнікам цяперашнюю фестывальную праграму. Але я згадала толькі вонкавыя паралелі. Зрэшты, фестываль усе гэтыя гады паступова ішоў да космасу: праз зоркі ў небе (ім давалі імёны эстрадных зорак), праз тэатралізаваныя канцэрты і вулічныя імпрэзы з паветранымі гімнастамі (яны ўвасаблялі «палётных» герояў карцін Марка Шагала), праз папраўдзе «касмічныя» спектаклі Някрошуса, якія адразу ўзнімалі форум на прынцыпова новы ўзровень мастацка-філасофскай канцэпцыйнасці.

Сапраўдная сімволіка была ў іншым. У той час як мы літаральна «ўсім мірам» (а па-беларуску — амаль «талакой») выпраўляем сваіх прадстаўнікоў на «Еўрабачанне» з запаветнай марай перамагчы, віцебскі фэст не толькі трывала запрашае ўдзельнікаў «Еўрабачання» з розных краін да сябе ў госці, але і замахваецца на больш шырокія гарызонты — сусветныя і нават касмічныя.

Вось парадокс! Сёлетні фэст, нягледзячы на сваю юбілейнасць, не паставіў быццам бы ніводнага «касмічнага» рэкорда: ні па колькасці праведзеных мерапрыемстваў, ні па коле ўдзельнікаў, ні па мастацкім узроўні прэзентаваных на ім культурных каштоўнасцей. У адрозненне ад мінулых фестываляў на гэтым не было, на першы погляд, нічога з грыфам «звыш». А з грыфам «упершыню» — хіба канцэнтраванае запрашэнне на імпрэзу беларусаў замежжа. Але ж заяўлены ў сцэнаграфіі «выхад у космас» з усімі яго семантычнымі шэрагамі не выклікаў ніякага сумневу ці жадання аспрэчыць такую сімволіку. У «касмічную тэму» цудоўна ўпісвалася і афіцыйная частка з ушанаваннем народнага артыста СССР і Беларусі кампазітара Ігара Лучанка: ён стаў чарговым уладальнікам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». А колькі сапраўднай «касмічнасці» вышэйшай пробы было ў магічным чараўніцтве шоу барабанаў «Багі рытму», дзе сабраліся лепшыя музыканты-ўдарнікі трох краін: Беларусі, Літвы, Польшчы. Да таго ж, «космас» асацыяваўся не толькі з адным цяперашнім форумам, але і з тымі, што адбыліся раней, — з усёй фестывальнай «дваццаткай», з тым шляхам, які прайшоў фэст, пачынаючы ад першых напаўаматарскіх спроб; ад славянскай еднасці — да адкрытасці ўсяму свету, да згуртавання вакол Беларусі прадстаўнікоў усіх кантынентаў. А яшчэ з тым, што ў «Славянскага базару ў Віцебску» ёсць папраўдзе «касмічны»

цэнтр кіравання палётамі.

Іншымі словамі, ёсць свой Бас, які за гэтыя гады выбудаваў і не стамляецца ўдасканальваць стройную, адладжаную арганізацыйную сістэму фестывалю. Прозвішча дырэктара Дырэкцыі фестывалю даўно стала намінальным. Як у музыцы менавіта бас «адказвае» за гармонію, так і тут Радзівон Міхайлавіч «трымае базар» за ўвесь «Славянскі базар...». Вядома, штогод здараюцца і неспадзяванкі, і сітуацыі, блізкія да канфліктных, але гэта застаецца дзесьці ў закуліссі, бо вырашаецца раней, чым паспявае саспець. Сёлета, дарэчы, у час фестывалю было агучана шмат праблемных момантаў, але яны тычыліся зусім не арганізацыі форуму, а ўласна творчасці, захавання нацыянальнай спадчыны, і абмяркоўваліся не столькі на самім «Славянскім базары...», колькі на Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету, што прайшоў у яго межах, і асабліва на пасяджэнні Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі, калі ў фестывальны Віцебск з’ехаліся, здавалася, усе

беларусы Галактыкі.

Яны ўразілі нас чысцюткай, без акцэнту, беларускай гаворкай. Мы, у сваю чаргу, таксама многіх з іх здзівілі — няведаннем сваёй роднай мовы.

— Каб адчуваць сябе беларусам, — заўважыў Валерый Казакоў, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі», — трэба, найперш, ведаць сваю мову, бо менавіта з гэтага пачынаецца радзіма. У нас, у Сібіры, і зараз ёсць вёскі, дзе размаўляюць выключна па-беларуску. І кашулі вышываюць менавіта па тых узорах і арнаментах-абярэгах, што захаваліся з ХІХ стагоддзя, калі ў выніку сталыпінскай рэформы беларусы ў вялікай колькасці рушылі ў Сібір, дзе і засноўвалі свае паселішчы. Беларуская мова вартая таго, каб шырэй прэзентавацца ва ўсім свеце. Цяпер мы рэалізуем вельмі цікавы праект, які назвалі «У нескладовае». Сутнасць яго ў тым, што «раскручаныя» расійскія артысты спяваюць беларускія песні — выключна па-беларуску. І запісваюць іх на кампакт-дыскі, якія мы потым распаўсюджваем.

На цяперашнім «Славянскім базары...», прынамсі, нам было чым ганарыцца. З кожным новым фестывалем беларускія артысты «адваёўваюць» сабе ўсё больш канцэртных выхадаў, іншых прэзентацый і нават здзіўляюць «зубастую» расійскую прэсу, зарыентаваную на

зорныя войны.

Сёлета такім адкрыццём для замежных крытыкаў сталася «Пінская шляхта» Купалаўскага тэатра. Некаторыя прызналіся, што нанова адкрылі для сябе рэжысёра Мікалая Пінігіна, якога нават лічылі «сваім», бо ён некалькі гадоў працаваў у Расіі. Запамінальнай акцыяй стала прэзентацыя аўтарскага праекта Вольгі і Андрэя Смалякоў «Ажыўшыя карціны», у якім герояў палотнаў мастака ўвасаблялі вядомыя дзеячы айчыннай культуры. Адметнасць беларускага сучаснага выяўленчага мастацтва, яркасць і свабода авангардных памкненняў нашых творцаў былі відавочныя на выставе «ФЭСТ», што з’яднала аўтараў з Беларусі, Латвіі, Украіны. А вось на цудоўным паказе народных касцюмаў Латгаліі, на пранікнёна рамантычнай літоўскай фотаэкспазіцыі «Качачка-мандарыначка» не хапала... беларускіх удзельнікаў. Сапраўды, чаму б не выставіць побач беларускае народнае адзенне такой жа памежнай зоны, выбітныя фотаздымкі таго ж Сяргея Плыткевіча, які, да ўсяго, шмат дапамагаў літоўцам, асабліва калі яны гэтак паэтычна здымалі нашы балоты.

Сваіх на «Славянскім базары...» трэба піярыць яшчэ больш! З асаблівай шчымлівасцю пра гэта думалася, калі на фестывалі сустракаліся так званыя

НЛА і чорныя дзіры.

Ніводны нават самы адладжаны фестываль не можа пазбегнуць з’яўлення на ім «неапазнаных артыстаў» сумнеўнага густу, без якіх можна было б абысціся, мастацкіх прагалаў у выступленнях, здавалася б, «правераных» салістаў і калектываў. Узяць той жа «Хор Турэцкага»: упершыню з’явіўшыся на «Славянскім базары...» дзесяцігоддзе таму, ён стаўся сапраўдным мастацкім адкрыццём. Чаму ж ранейшы вышэйшы пілатаж знік у чорнай тумановасці шоу? Узгадаўся наш арт-гурт «Беларусы» — вось дзе ўзровень! Толькі папулярнасці — непараўнальна меней.

Як звычайна, інтрыгай фестывалю заставаліся конкурсныя праграмы, асабліва дарослая. Бо заўсёды цікава даведацца:

а ці ёсць жыццё на Марсе?

Іншымі словамі, ці ёсць новыя парасткі на эстраднай глебе, у тым ліку ў далёкім замежжы? Сёлетні конкурс у чарговы раз даказаў: на «Славянскім базары...» адбываецца пэўная змена эстэтычных крытэрыяў. Калі на нейкім этапе развіцця конкурсу перавага аддавалася, найперш, моцным галасам шырачэзнага дыяпазону і, адпаведна, песням-баладам, што могуць дапамагчы ўсё гэта прадэманстраваць, дык зараз узнагародамі адзначаюцца натуральныя, «інтэлігентныя» спевы, выкананне кампазіцый, накіраваных на звычайнага слухача-карыстальніка. Нельга сказаць, што сёлетні Гран-пры нашай Алены Ланской, выхаванкі прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», не выклікаў ніякіх сумненняў, асабліва з боку заўсёды прыдзірлівых расійскіх журналістаў. Пікантнасць сітуацыі была і ў тым, што міжнароднае журы, якое аднагалосна выставіла нашай удзельніцы ў другі конкурсны дзень толькі вышэйшыя адзнакі, узначальваў міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Што ж, не бывае такога мастацкага спаборніцтва, вынікі якога задаволілі б абсалютна ўсіх. Але, без аніякіх перабольшанняў, за нашу спявачку сорамна не было. Яна ўзяла за душу шчырасцю выканання, і нават некаторыя свае прафесійныя мінусы, заўважаныя спецыялістамі, змагла ператварыць у плюсы. Не хапае дыхання на працяглую фразу? Затое ўзнікае кранальнае «прыдыханне». Няма ў голасе «трамбонавай» моцы? Затое ёсць цеплыня і абаяльнасць. Гэтыя якасці маладой артысткі, узведзеныя журы на конкурсны п’едэстал, быццам сімвалізавалі

вяртанне на Зямлю.

Але — зусім не да «шэрай прозы». Нават такая звычайна празаічная рэч, як фестывальная статыстыка, узрадавала сёлета добрымі эканамічнымі паказчыкамі. Узнялася планка самаакупнасці фестывалю, была прададзена большая колькасць білетаў, актыўней працавалі на карысць форуму турыстычныя агенцтвы. А калі ў «Базару» нават у сітуацыі сусветнага эканамічнага крызісу наладжваецца фінансавы складнік, гэта — прамы шлях да скарэння новых касмічных вяршынь.

 Надзея Бунцэвіч