Непажаданыя

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Non grata напрыканцы 1980-х

/i/content/pi/mast/47/807/49-----.jpg

Уладзімір Парфянок. Будучы мецэнат. З серыі «Persona non grata». 1988–1992.

Серыя фатаграфій Уладзіміра Парфянка «Persona non grata» («Непажаданая асоба») была распачата ў 1988 годзе і пазначала цалкам канкрэтныя рэаліі: вобразы маладых людзей, умовы іх жыцця, становішча ў сацыяльнай іерархіі. Але праз дзесяцігоддзі другі план гэтых здымкаў і праекта ў цэлым стаў больш яркім. Ён нават дамінуе:
мы ўжо ведаем працяг асабістых гісторый і развіццё сацыяльнага асяроддзя, якое, зрэшты, не завершана. А значыць, фінал у дадзенага праекта пакуль адкрыты.

Але вернемся да кантэксту 1980-х і яго персон нон грата. Ведаючы, што адбылося з імі за прамінулыя гады, ловіш сябе на нелінейных дзеяннях: з кожным героем нібыта разгойдваешся як маятнік — то азіраешся на два дзесяцігоддзі назад, то рухаешся наперад, у пачатак наступнага, XXI стагоддзя.

Не ўпэўнена, ці былі сярод нон грата лідары андэграўнду, але ў серыі ёсць аўтапартрэт, ёсць выява калекцыянера і дызайнера Уладзіміра Сварцэвіча, фатографа Ірыны Сухій, беларускага «міцька» Ігара Корзуна. У асноўным, гэта сябры Уладзіміра, але выбіраліся і выпадковыя людзі. Цікава, што яны пазбаўлены імёнаў: подпісы толькі фіксуюць — «Малады спецыяліст», «Самотная дзяўчына з інтэрната», «Незалежная асоба», «Будучы мецэнат», «Прыхільніца Мадзільяні». У працэсе стварэння з адзінкавых кадраў суцэльнай серыі яны перастаюць быць прыяцелямі аўтара — у новым праекце гэта ўжо вызначанае асяроддзе, сацыяльная страта. Затое здымкі аголенай натуры фатограф лічыў індыкатарам шчырасці сваіх персанажаў перад камерай, бачыў у гэтым жэсце момант спавядальнасці. З часам, на мой погляд, падобнае раскрыццё, адмова мадэлей ад вонкавых абалонак сталі прачытвацца як безабароннасць, уразлівасць перад сістэмай, у якой яны жылі і пагрозу якой выразна адчувалі.

Імёны і прафесійныя кар’еры многіх персанажаў — вядомыя. Па словах Уладзіміра, усе занялі сур’ёзныя пазіцыі ў грамадстве.

Вяртаючыся зноў у канец 1980-х, разумееш, наколькі гэта была драматычная гісторыя: маладыя людзі, што жывуць у інтэрнаце; з незадаволенасцю і творчымі амбіцыямі, але без надзей на іх рэалізацыю; якія свядома адмовіліся ад каштоўнасцей савецкага істэблішменту і як антыгероі, з асабістым пратэстным пафасам прад’яўляюць сябе гледачу. Эмацыйны градус прэзентацыі калектыўнага партрэта можна растлумачыць прадчуваннем змен: і сапраўды, што б з імі было, каб не перабудова?

Акрамя галізны персанажаў, абвостранасці сюжэтаў, плакатнай шчырасці партрэтаў, пазбаўленых фатаграфічных вынаходстваў, напружанне гэтым выявам дае ручное таніраванне чорна-белых кадраў — складаная і непрадказальная тэхналогія. Менавіта яна стварае неспакойную эстэтыку: эфект прарванага колеру ўзмацняе нервовасць, характэрную публіцыстычнасць здымкаў, робіць іх непаўторнымі і асабліва каштоўнымі.

Адрэзак часу, калі здымалася першая частка партрэтаў, прыкладна адзін і той жа: 1988 — 1992 гады. Але прастора яго паступова пашыралася: ад трынаццаці герояў аўтар дайшоў да дваццаці, сягнуўшы ў нулявыя новага стагоддзя.

Першым серыю «Persona non grata» адзначыў фінскі куратар; яе радыкальнасць была зразумелая заходнім галерыстам і выдаўцам у іх пошуках «новай савецкай фатаграфіі». Амерыканскія куратары ўбачылі праект пазней, і ўслед за іхнімі ацэнкамі пайшлі выставы, публікацыі, фестывалі ў Х’юстане і Балтыморы, альбом «Photo Manifesto», выдадзены ў Нью-Ёрку. У гэтыя ж гады першыя шэсць фатаграфій былі прадстаўлены як самастойны праект на выставе «Пачатак» у тагачасным Доме кіно, пасля якой нарадзіліся аб’яднанне фатографаў «Правінцыя» і нефатаграфічны «Беларускі клімат».

У поўным фармаце «Persona non grata» паказалі ў Фінляндыі (1998), да яго ж звярнуліся праз дваццаць гадоў у Галандыі.

Вяртаючыся цяпер у той час, нельга не аддаць належнае аўтару, які знайшоў у класічнай тэме non grata спачатку актуальны савецкі змест, а пасля нешта большае за тое, што навідавоку.

Любоў Гаўрылюк