Уладзімір Пяткевіч

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Пра артхаўс і Сібір

/i/content/pi/mast/47/801/28.jpg

«Слон і чацвёра сляпых». 2003.

Уладзімір Пяткевіч стаў славутым майстрам анімацыі яшчэ падчас працы на Свярдлоўскай кінастудыі ў 1980-я гады. У беларускае кіно ён прынёс новы ўзровень анімацыйнага мыслення, цудоўную пластыку іншасказання і метафар, якія на самай справе з’яўляюцца натуральнымі формамі паэтычнай выразнасці ў мультыплікацыйных стужках. Выява набывае такую якасць, як плазматычнасць (выраз Сяргея Эйзенштэйна), а персанажы вызваляюцца ад наўмыснага праўдападабенства і набываюць новы характар руху, нечакана ўзнікаюць і маскіруюцца дзякуючы каскаду выяўленчых метафар. У стужках Пяткевіча пануе галоўны закон анімацыі: усё можа пераўтварацца ва ўсё.

Уладзімір, віншую з поспехам на сёлетнім Міжнародным кінафестывалі «Залаты Віцязь», які ў чэрвені прайшоў у Курску. Там вы атрымалі бронзавую ўзнагароду за фільм «Ліса і журавель».

— Спакойна да гэтага стаўлюся. Цяпер «Віцязі» ледзь не алюмініевыя... Дадуць іх ці не — для мяне неістотна. Думаеце, я памятаю ўсё, што рабіў? Часам перадаюць дыпломы, якія атрымаў пяць гадоў таму.

Дарэчы, міжволі ўзнікаюць паралелі з вядомымі фільмамі Юрыя Нарштэйна «Чапля і журавель», «Ліса і заяц». Можа, вы аб’ядналі гэтыя назвы?

— Ніякіх паралелей няма. Гэты фільм задумаў пасля разводу, у ім — гісторыя адносін мужчыны і жанчыны. Стылістычна «Ліса і журавель» нагадвае лубок, наколькі гэта атрымалася ў мастака Ганны Емяльянавай. Дарэчы, лубок — вельмі дасканалы жанр, бо адпрацоўваўся стагоддзямі. Ён блізкі і дзецям, і дарослым.

Вы родам з легендарнага пакалення кінематаграфістаў Свярдлоўскай кінастудыі 1980-х...

— Яе ўжо няма. Усё акупавалі «браткі». Неяк мне прывезлі фота — там чыгуннай «бабай» дзяўбуць наш былы прытулак. Ужо гадоў пятнаццаць — дваццаць на месцы кінастудыі стаяць хмарачосы, крутыя буцікі...

Пяткевічы — вядомы шляхецкі род. Адбылося так, што вы вярнуліся на гістарычную радзіму...

— Так, пры Сталыпіне дзед з’ехаў з гэтых мясцін на Урал. Там аселі, колькі гадоў пажылі шчасліва. Потым дзеда абвінавацілі па 58-м артыкуле, далей Варкута і ўсё астатняе. Жылі на рацэ Таўда, рускія і беларускія вёскі сяліліся побач. Так што «здавалі» адзін аднаго па-братэрску. Было шмат радні, з нашай выжылі ўсе, акрамя дзеда. Выраслі нармальнымі людзьмі, напэўна, Урал паўплываў. Там талерантнасць і памяркоўнасць не праходзяць: ты або чалавек, або нябожчык. Другі дзед, Азар Адамавіч, мядзведзя падстрэліў у 80 гадоў…

/i/content/pi/mast/47/801/28-.jpg

 «Месяц». 1993.

А што Беларусь для вас, рэжысёра-аніматара: змена геаграфічнай прасторы або новы этап творчасці?

— Жонка-беларуска, таксама рэжысёр, угаварыла: у нас, маўляў, лепш... (Рэжысёр Алена Пяткевіч. — А.К.) У Свярдлоўску яна адчувала сябе зусім не камфортна. Там на пачатку 90-х было шмат побытавых цяжкасцей і праблем. Напрыклад, у шэсць раніцы ўставалі і ішлі ў краму з бідончыкамі, каб купіць малако. Калі з’язджаў, рэжысёр Аляксандр Пятроў казаў, што такое жыццё не для мяне...

Удакладню: той самы Пятроў, які пачынаў працаваць у Свярдлоўску, а потым атрымаў «Оскар» за свой знакаміты анімацыйны фільм «Стары і мора» паводле Хэмінгуэя.

— Так. У Сібіры больш суровыя ўмовы жыцця і творчасці, тут — лягчэй. Ды і Алег Белавусаў стаў угаворваць, абмалёўваць перспектывы, у Мінску ён адкрыў «Анімацыйны беларускі цэнтр». Мы прыехалі з кантэйнерам — рэчы, мэбля. Але высветлілася: ніхто нічога не абяцае. Добра, што Ігар Волчак перацягнуў мяне на кінастудыю «Беларусьфільм». Далі жыллё, яшчэ калі дырэктарам быў Уладзімір Гарбачоў.

Але вернемся да асобы Пятрова...

— Як ён з’явіўся ў Свярдлоўску? Патэлефанавала рэжысёр Алена Прарокава, сказала, што ёсць цікавы хлопец у Ерэване, бядуе там. Ён прыехаў на агледзіны. Паказаў карцінкі — нядрэнна. Вырашылі пытанне з жыллём, і ён перабраўся ў Свярдлоўск. Шура любіць рэалістычны малюнак, ён скончыў Яраслаўскае мастацкае вучылішча, потым ВГІК. Ён добры малявальшчык, добры танальшчык і класны аніматар.

Спачатку мы працавалі ў тэхніцы камп’ютарнай перакладкі. Потым з дапамогай Алены Вячаславаўны перайшлі на «пясок». На Вышэйшых курсах рэжысёраў і сцэнарыстаў у Маскве я спрабаваў розныя тэхнікі — і графіку, і «дрот». Калі мы з Аленай пазнаёміліся, яна эксперыментавала з кавай як анімацыйным матэрыялам. Аднойчы я нагроб пяску ў пажарнай скрыні і пафарбаваў яго чорнай тушшу — таксама матэрыял. З Пятровым мы зрабілі чорна-белы фільм «Ноч», потым часткова каляровую «Казачку пра Казявачку», ён на гэтых стужках быў мастаком. Чаму «часткова каляровую»? Там зверху на фігурах ішоў чорны контур, а заліўка каляровая, малюнак сілуэтны, акварэльныя фарбы — знізу па шкле. Пасля заканчэння Вышэйшых курсаў Шура зрабіў фільм «Карова» паводле Андрэя Платонава. Я параіў гэты сюжэт, які і лёг у аснову дыпломнай працы Пятрова, адзначанай потым на многіх міжнародных фестывалях.

Вы цяпер падтрымліваеце адносіны?

— Мы амаль сваякі. Я хросны бацька яго сына Дзмітрыя. Але ў нас характары вельмі розныя: ён — яраслаўскі, я — сібірскі, нарадзіўся недалёка ад Цюмені. Кажу тое, што думаю, а Шура — не кажа. Ён чалавек праваслаўны, дыпламат. А я яго зараджаю. Лічу, калі гэта дзярмо, трэба казаць, што дзярмо. Трэба ўмець называць рэчы сваімі імёнамі.

Калі вы перабраліся ў Мінск, міжволі параўноўвалі анімацыйнае кіно Расіі і Беларусі?

— Трэба сказаць, што тут узровень быў ніжэй, чым у Свярдлоўску. Там народ быў больш мазгавіты, і кампанія сабралася годная — Уладзімір Хаціненка, Сяргей Мірашнічэнка, нядрэнныя аператары. Хадзілі адзін да аднаго ў госці кіно глядзець. У Беларусі на той час галоўнай фігурай быў Віктар Тураў, праўда, працаваў ён ужо над апошнімі сваімі стужкамі. Разумееце, традыцыі, дасягненні іншых рэжысёраў не так проста пераносяцца на новую глебу. Кінарэжысёры вучацца не тэарэтычна, не па кніжках. Асабіста мне трэба было прайсці Мар’ін Гай і загартавацца ў атмасферы Вышэйшых курсаў, а таксама ў асяроддзі аніматараў.

Вашы стужкі засведчылі існаванне іншых, новых для айчыннага экрана форм мастацкага мыслення, неабмежаваных магчымасцей анімацыі ў галіне пластычных, гукавых і, адпаведна, сэнсавых метамарфоз і пераўтварэнняў. Памятаю свае ўражанні ад фільма «Месяц», створанага паводле аднайменнай беларускай казкі. Блуканні двух братоў, поўныя драматызму і нечаканасцей, сімвалізуюць два розныя лёсы, дзве жыццёвыя пазіцыі. Адзін з іх увасабляе анёльскі пачатак і спрабуе выратаваць заблуднага брата, якому Цмок падараваў чароўную дудку: хто на ёй іграе, той нясе людзям зло і жахі. У фільме запамінаюцца выразныя фігуры міфалагічных істот — вадзяніка, лесуна, пачвары, а таксама сусветнае дрэва. Вы смела пераасэнсоўваеце архетыповы вобраз народнага музыкі, беларускага Арфея...

— У прынцыпе гэта гісторыя Каіна і Авеля. Адзін дрэнны, другі — добры. Аднойчы на вочы трапілася карыкатура: чалавечак на сцэне грае на дудачцы, да колцаў прывязаныя нітачкі, у яго ляцяць медалі, і нітачкі нарэшце не вытрымліваюць і абрываюцца. Музыка — першы доказ існавання Бога. Але можа здарыцца і адваротнае — музыка здольная ператварыць у чорта. Неяк трапіў на фэст, дзе ігралі ўмельцы-рокеры, вытрываў хвілін сем, ледзь не здох ад грому, вылецеў адтуль і аддыхаўся толькі праз паўкіламетра.

Музыкі шмат і ў вашай стужцы «Сны», дзе чуецца, з аднаго боку, відазмененая і скажоная мелодыя рэвалюцыйнай песні «Варшавянка», а з другога — гукі прыроднага асяроддзя. Тут у сімвалічнай форме, праз сны вясковага хлопчыка, паўстае аўтарскае бачанне трагедыі рускіх рэвалюцый.

— Стужка ўзнікла амаль выпадкова. Рэжысёр Павел Фатахуддзінаў збіраўся рабіць фільм паводле Андрэя Платонава. У ім прадугледжваліся анімацыйныя фрагменты — сны герояў. Пачаліся здымкі, але потым усё ляснула. З частак, што былі створаны, атрымалася асобная стужка. Але нельга казаць пра яе як пра паўнавартаснае кіно...

У рэдкай тэхніцы «фарбаванага пяску» зроблены фільм «Жыло-было дрэва...». Захапляе яго агульная танальнасць — эмацыянальна стрыманая, далікатная і цнатлівая, але радасная. А сюжэт вельмі просты і адвечны. Маленькая дзяўчынка жыве ў доме, ля якога стаіць старая яблыня. Жыццё навакольнай прыроды паўстае разнастайнымі «паветранымі» дэталямі: у гняздзе сядзяць птушка з птушанятамі, авечкі пераўтвараюцца ў аблокі і ляцяць у нябёсы, дзед назаўжды закрывае вочы, і адзінокая яблыня адлятае ў вышыню неба. Бабуля бярэ ката і сыходзіць, жыццё быццам спыняецца. Але застаецца маленькая птушка, якая пераўтвараецца ў дзяўчынку, і тая са смехам ляціць да бессмяротнай яблыні. Калісьці вы казалі, што лічыце «Жыло-было дрэва...» сваім любімым фільмам...

— Тады я яшчэ не моцна паразумнеў. У пэўнай ступені «Дрэва...» — фільм для маленькіх. Так, трохгадовыя, магчыма, і не зразумеюць, але ўсё ж неяк дойдзе да іх гэта кіно. Ці бацькам на душу ляжа... У той час мая дачка Сонька вучылася ў музычным ліцэі. Ездзіў да яе, бачыў, як руйнавалі дамы ля плошчы Свабоды. Пазіраў на дрэвы, тралейбусы, на вуліцы валяліся нейкія лялькі. Цяпер на гэтым месцы стаіць шаснаццаціпавярхоўка. Пачухаў патыліцу, напісаў сцэнарый... Потым гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі казаў, што яго жонка кожны раз плакала, калі глядзела гэты фільм. Некаторыя думалі — стужка пра Чарнобыль, але ніякага Чарнобыля там не было...

Вашы фільмы адзначаны асаблівай увагай да музыкі, адчуваннем яе тонкай матэрыі. Лічу, сапраўдным дасягненнем айчыннай музычнай анімацыі сталі стужкі, зробленыя з кампазітарам Віктарам Капыцько. У цыкле «Казкі старога піяніна» найбольш цікавым падаецца фільм пра Бетховена. Выдатная сцэна ўзрушэння і ўнутранага перараджэння героя, які ўсвядоміў сваю глухату: ён распасцёрты на зямлі, быццам урастае ў яе і ўмацоўваецца яе сілай. У гэты момант пранізліва гучыць знакамітая тэма Пятага канцэрта для фартэпіяна з аркестрам. У фінале Бетховен ляжыць у ложку, перад ягоным поглядам адкрываецца неба з зоркамі, снег падае на раяль. Кампазітар паволі заплюшчвае вочы. Радкі партытуры з нотамі паступова знікаюць пад снегам.

— Я рабіў фільмы і больш экспрэсіўныя і графічныя. Гэты цыкл заказны, яго замовіла маскоўскі прадзюсар Ірына Марголіна. Пра Бетховена немагчыма распавесці за адзінаццаць хвілін. Такі фільм з пазіцыі гледача нібыта і бессэнсоўны. Калі б на трыццаць хвілін зрабіць, было б больш поўна і сур’ёзна. Але мы прапаноўвалі ўласны погляд на вялікага кампазітара. Адзін французскі крытык напісаў, што, маўляў, геніяльнае кіно. Так, на фестывалях у Венецыі і Празе фільм быў адзначаны, нешта атрымаў.

Вы добра ведаеце еўрапейскі кінематограф, працавалі ў Францыі...

— Мне больш цікавыя стужкі, створаныя для беларускіх і расійскіх дзяцей. Гэта праца больш сумленная. Рабіць элітарнае кіно прасцей, там шмат сімвалізму, крытыкі такіх рэжысёраў заўжды па галоўцы гладзяць. Можна пачуць меркаванні, што Сакураў геніяльны. Але самыя моцныя ў яго дакументальныя фільмы, лічу, што пасля іх ён скончыўся як мастак. У яго ігравых карцінах няма ўзроўню Андрэя Таркоўскага. Апошняга я бачыў і ведаў. Выдатны чалавек, галоўнае — зямны. Аднойчы прыходзіў да нас, на Вышэйшыя курсы, на яго літаральна сыпаліся пытанні, ён адказваў. Прычым спантанна, не рыхтуючыся. І ні ценю пагарды, барані Божа! Апрануты ў джынсавы касцюм, ніякіх «пантоў». Праўда, ужо схуднелы быў, хварэў. Ваня Дыхавічны яго прывозіў і адвозіў на машыне. Гэта было перад ад’ездам рэжысёра ў Італію.

Што тычыцца Францыі... Знаёмая пераехала ў Аран, увесь час кліча туды. Я неаднойчы быў у Парыжы, даваў майстар-класы для дзяцей, якія займаюцца анімацыяй. Пабачыў усялякую публіку. Не падабаецца — усё няшчырае, несапраўднае. Значна цікавейшыя для мяне, напрыклад, старажытныя кітайцы.

Некалькі фільмаў зроблена вамі па творах Маміна-Сібірака, сярод іх — «Жыла-была апошняя Мушка». Няўжо нагадваюць пра сябе сібірскія карані?

— Яшчэ ў Свярдлоўску збіраўся здымаць гэтую стужку. Не паспеў, рукі не дайшлі. Казкі ў Маміна-Сібірака простыя, але маюць глыбокі сэнс. Пачалося з «Казявачкі», потым былі «Ёрш і Верабей». Цяпер адчуваю, што вычарпаў тэму.

У апошнія гады вы часцей робіце анімацыйныя казкі для дзяцей — «Сава», «Ёрш і Верабей», «Мюнхгаўзен у Расіі», «Як Чарапаха заваявала павагу», «Слон і чацвёра сляпых»... Адкуль такая матывацыя — мабыць, з’явіліся ўнукі?

— Унукаў няма. Проста памятаю сябе дзіцём. Дзеці — адзінае прыстойнае, што існуе на зямлі. Як захаваць іх высакародства, расхінутасць свету? Калі дарослыя не думаюць, што будзе далей, дзеці застаюцца нявыхаванымі і неадукаванымі.

У вашых фільмах невыпадкова ўзнікае фігура анёла. Нават мітуслівае кураня з «Казкі пра дурное кураня», ліхаманкава пераўтвараючыся ў малпу, рыбу, птушку, мыш, а пасля ў ракету і агародніну, адчувае ў сабе рысы анёла, яны раптоўна і спыняюць дарэмныя пошукі неразумнай істоты. Разнастайныя абліччы быццам разбіваюцца аб адвечныя ісціны, а фігурка анёла ляціць увышыню за падобнымі на яе стварэннямі...

— Гэта дзяцінства, палёты ў марах і ў снах. Я і дасюль лётаю. І хлапчанё ў фільме «Ноч» лётала. Без усялякага сімвалізму. Хочацца, каб у фільме было менавіта так. А чаму — хто яго ведае?.. Не азіраюся на Юрыя Нарштэйна ці іншага рэжысёра.

Цяпер думаю зняць анімацыйную стужку на знакамітую беларускую песню «Ой, хацела ж мяне маці ды за першага аддаці». Нешта падобнае ўжо зрабіў у фільме «Як служыў жа я ў пана». Але патрэбна добрая аранжыроўка. Праўда, за сто долараў ніхто не хоча ёю займацца... Музыку для стужкі «Ліса і журавель» пісала мая дачка, яна піяністка, скончыла ў Пецярбургу кансерваторыю. Сама песня доўжыцца адну хвіліну і сорак секунд, а трэба тры з хвосцікам...

Вы паступова адыходзіце ад аўтарскага кіно, ад складанага жанру прыпавесці. Як гэта самі патлумачыце?

— З артхаўсам «завязаў» даўно і назаўсёды. Прабачце, але артхаўс робяць для дурняў і крытыкаў. У мяне няма ніякага жадання ім займацца. Калі я здымаю фільмы для дзяцей, такое сямейнае кіно, дык гэта шанец каму-небудзь дапамагчы. Андрэй Платонаў некалі казаў, што мастацтва павінна быць дапамогай у жыцці. А мая маці лічыла: дзіця трэба выхоўваць, пакуль яно ўпоперак ложка ляжыць...

 Антаніна Карпілава