Артур Клінаў

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Вандроўнік па Горадзе Сонца

/i/content/pi/mast/47/800/24.jpg

Калумбарыум Сусветнай Літаратуры. 1998.

Артур Клінаў — канцэптуальны мастак, літаратар, фатограф, мастак-пастаноўшчык фільма «Масакра», аўтар сцэнарыя да экранізацыі кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня».

Творца паслядоўна выпрабоўвае на трываласць знешнія і ўнутраныя межы мастацтва. У жывапіс прыйшоў, атрымаўшы адукацыю архітэктара. Паступова выйшаў у аб’ём, заняўшыся інтэрактыўнымі інсталяцыямі, накшталт «Калумбарыума Сусветнай Літаратуры» — яго галоўным аб’ектам быў барочны бар, у якім размясціліся чорныя урны-бутэлькі з попелам твораў вядомых мысляроў і філосафаў. У праекце «Тэксты» аўтар выкарыстоўваў старыя валізкі ў якасці вобразаў кніг класікаў, напаўняючы іх рэчамі-асацыяцыямі. Постмадэрнісцкія гульні з іміджамі Артур Клінаў распачынае з «50-ці вёдраў — шэдэўраў сусветнага мастацтва», дзе пераводзіць двухвымерныя класічныя карціны ў трохвымерную прастору вядра, працягвае ў «Т007» — калекцыі чорных металічных бакаў і вёдраў, інкруставаных фрагментамі з вядомых твораў савецкага мастацтва. У цыкле «Салодкае саламянае жыццё» ўвасабляе жанравыя побытавыя сцэнкі, цалкам выкананыя з саломы, а «Саламяная імперыя» дэманструе ў тым жа матэрыяле рэшткі разбуранай цывілізацыі. Уражальнай па часавым і прасторавым ахопе з’яўляецца татальная інсталяцыя «Перасоўная партызанская крама» — маленькі супермаркет, што вандруе па партызанскіх атрадах (у плоскасці мастацтва — з аднаго міжнароднага фэсту на другі) і прывозіць усё неабходнае для жыцця, пачынаючы ад запалак і заканчваючы артам. Уздзеянне на гледача, па задуме аўтара, адбываецца трыма «моцнымі ўдарамі»: праз візуальны шэраг, музычную праграму і эксклюзіўны асартымент напояў.

Саламяная «Вячэра» Артура Клінава — аб’ёмна-прасторавая інтэрпрэтацыя фрэскі Леанарда да Вінчы — была прадэманстравана ў Беларускім павільёне 54-га Венецыянскага біенале.

На вашу думку, ці можа выклікаць удзел Беларусі ў Венецыянскім фэсце прынцыповыя змены ў сістэме каардынат нашага мастацтва?

— Галоўнае ўжо тое, што Беларусь з’явілася на вялікім міжнародным інфармацыйным полі. Дагэтуль у буйных праектах мы не ўдзельнічалі і наша краіна адсутнічала на карце сучаснага выяўленчага мастацтва. Не ідзе гаворка пра тое, што павінны абавязкова выйграць. Вялікія фестывалі — найперш камунікатыўная з’ява. Функцыя іх не ў тым, каб здзіўляць сваімі дасягненнямі. Нарэшце будзе прадэкларавана на дзяржаўным узроўні, што краіна мае сучаснае мастацтва — contemporary art. Цяпер яно існуе ў выглядзе творчасці аўтаномных аўтараў, якія выжываюць самі па сабе. Такі аўтар — і творца, і крытык, і прадавец, і на дудзе грэц. Тое, што дзяржава вырашыла браць удзел у біенале, — крок да папулярызацыі найноўшага мастацтва. Прынамсі, такія мае чаканні...

Куратар Венецыянскага біенале Бічэ Курыгер піша, што, арганізоўваючы гэта мерапрыемства, важна не выпускаць з-пад увагі такія характарыстыкі сучаснага мастацтва, як калектыўныя ўяўленні і фрагментарная ідэнтычнасць, часавая агульнасць і абавязковая эфемернасць аб’екта, нават калі ён адліты з бронзы. Ваш праект — здзейснены ў саломе рэмейк твора Высокага Адраджэння — выдатна падыходзіць пад гэтыя вызначэнні. Але якім чынам ён упісваецца ў канцэпт «Кodex» (сучасную інтэрпрэтацыю афармлення тэксту), прапанаваны куратарам Беларускага павільёна?

— Міхал Баразна ў аснову свайго праекта змяшчае кодэкс — кнігу. Матэрыялізаваны тэкст. Зразумела, што ў кнігі ёсць яшчэ і нейкі візуальны складнік. Раней кодэкс меў рэлігійны кірунак, і аздабленне яго меркавала наяўнасць адпаведных сюжэтаў. Мы паехалі ў Венецыю з рэмейкам твора Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра», ён выдатна ўпісваецца ў кнігу з рэлігійным сюжэтам. Матэрыял выканання твора — салома — таксама звязваецца з ідэяй кодэкса, бо золата — адзін з важных колераў кнігі. Салома пры святле — яго алюзія.

Пра што кніга?

— Мы ўвасобілі этапы яе стварэння, пачынаючы ад напісання тэкстаў, выканання гравюр і заканчваючы прыгожымі аздабленнямі.

Які крытэрый поспеху на Венецыянскім біенале, якія крокі трэба зрабіць, каб быць там заўважаным?

— Поспех на такіх вялікіх міжнародных форумах залежыць не толькі ад мастака і ад яго твора, хутчэй ён вызначаецца тым, што вакол гэтага твора адбываецца, ад узроўню лабіравання і гульні інтарэсаў, якія стаяць за тым ці іншым аўтарам. Сучаснае мастацтва працуе па тых жа правілах, што і сусветны рынак: ідзе жорсткая канкурэнцыя і ніхто, захапіўшы нейкую тэрыторыю, уласнае месца добраахвотна нікому не саступіць. Мэта краіны — сваю тэрыторыю адваяваць. А гэта доўгі і сур’ёзны працэс, які патрабуе стварэння новых інстытуцый, прасоўвання тавару на рынак. Які б цудоўны мастак ні прадстаўляў новую краіну, гэта нічога не значыць. Наш удзел у біенале — працэс безумоўна пазітыўны, але гэта толькі першы крок. Трэба рыхтавацца да доўгатэрміновай працы, што мусіць быць сістэматычнай. З мастакамі ў нас усё ў парадку. Аўтары могуць прэзентаваць Беларусь на вельмі высокім узроўні. Але тое толькі частка гульні. Другая частка — тое, што за аўтарам стаіць... Сам мастак у адзіночку нічога не дасягне...

Як і з нобелеўскімі лаўрэатамі. Хто сказаў, што прэмія ў літаратуры з’яўляецца крытэрыем вартасці? Усё адбываецца паводле сваіх правіл, згодна з актуаліямі сённяшняга дня: напрыклад, важна абазначыць нейкую краіну ці заўважыць аўтара. Такія акалічнасці да літаратуры маюць ускоснае дачыненне. У тым няма ніякай бяды. Трэба вырашыць, гуляем мы ў гэтыя гульні ці сусветнае мастацтва з яго рынкам нам непатрэбныя...

/i/content/pi/mast/47/800/25.jpg

Саламяная імперыя. 2005.

У гэтым годзе ў Венецыі Беларусь была прадстаўлена неблагімі творцамі, але ці былі мы заўважанымі? Што трэба ўлічыць пры прэзентацыі нацыянальнага павільёна наступным разам?

— Галоўная хіба экспазіцыі — непрыдатны для экспанавання павільён. Таму галоўны ўрок, які варта вынесці з нашага ўдзелу: па-іншаму ставіцца да месца выставы, да самой прасторы. Калі аўтар цікавы, але няма прасторы, каб яго прэзентаваць, зразумела, што твор губляецца. І зноў жа, усё прыходзіць з вопытам.

Можа, праблема ў тым, што рыхтавалі праект не ведаючы, дзе ён будзе прадстаўлены?

— Не, гэта было вядома. Памяшканне само па сабе няўдалае: доўгі калідор са шклянымі вітрынамі. У мяне была ідэя, як прасторава завязаць экспазіцыю, але патрабавалася столькі часу і выдаткаў, што лягчэй было арандаваць іншы павільён... Былі арганізацыйныя недапрацоўкі, але мы не жывем у ідэальным свеце, таму іх якраз і можна перажыць. Цяпер важна не выплюхнуць дзіця разам з вадой.

Вы лічыце, што дзіця ўдалося?

— Я лічу, што гэты крок варта было зрабіць, а зараз трэба спакойна яго прааналізаваць і пачынаць працу над новым біенале. Мая галоўная прэтэнзія — да памяшкання. Не да куратарскай канцэпцыі, з ёй усё ў парадку. Калі куратар вызначаны, ён прэзентуе выставу як свой уласны твор і крытыкаваць яго не мае сэнсу.

Вы не належыце нейкаму цэху паводле адукацыі ці занятку. Пастаянна мяняеце канцэпты — ад некрарамантызму і постмадэрнісцкай гульні з культурнымі іміджамі да стварэння міфалагем (як у «Горадзе Сонца»), мяняюцца і сродкі выказвання — жывапіс, інсталяцыі, тэксты, кіно. У чым логіка такога развіцця?

— Па адукацыі я архітэктар, але яшчэ падчас вучобы ведаў, што буду мастаком. Пасля заканчэння інстытута некалькі гадоў займаўся жывапісам. Потым зразумеў, што актуальная сфера жывапіс не закранае. Мяне сталі цікавіць інсталяцыі, аб’екты, праекты. Канцэптуальнае мастацтва працуе больш з ідэямі, чым з матэрыялам. Калі працуеш з ідэямі, рана ці позна робіш выснову, што лепшая форма іх перадачы — тэкст. Так я прыйшоў у літаратуру. Наступны лагічны крок — кіно, бо я ўжо меў справу з аб’ёмамі і інсталяцыямі. Фактычна, буйную інсталяцыю можна ўспрыняць як дэкарацыю. Адначасова працягваў займацца літаратурай. Так я стаў мастаком-пастаноўшчыкам стужкі «Масакра», а потым напісаў сцэнарый для містычнага трылера «Шляхціц Завальня» (на жаль, гэты фільм пакуль не запушчаны: праект закансерваваны па фінансавых прычынах). Такім чынам, усе пераходы маюць логіку.

Логіка праглядаецца з кропкі сучаснасці. Але які штуршок узнікаў у кожным канкрэтным перыядзе?

— Новыя ідэі патрабавалі іншых формаў выяўлення. Да таго ж я стараўся быць актуальным мастаком. У нейкі момант адчуў, што, займаючыся жывапісам, кансервую пэўную сітуацыю. Для мяне заўсёды быў важным пошук. Цікава пачынаць нешта новае. Калі ў адной сферы працуеш гадамі, становіцца нудна.

Ёсць і адваротны бок: калі ты распачынаеш падарожжа па розных мастацтвах, то доўга і глыбока ні на чым не канцэнтруешся, а такім чынам цяжка дасягнуць вяршынь. Прыходзіш у новую сферу — і апынаешся ў пазіцыі дылетанта. Але гэты стан неафіцтва, адкрыцця вельмі азартны. Мяне ён заўсёды заварожваў, тут ёсць свой драйв. Адчуваеш, што заўсёды трошку малады. Такія ўцёкі ад старасці...

Якія ідэі для вас актуальныя сёння?

— Мяне больш за ўсё цікавяць сёння літаратура і кіно. Кіно — гэта магія і... вялікі падман. Прысутнічае момант махлярства: працэс ствараецца з нейкіх трукаў, фокусаў, а глядач гэтага не бачыць. Я хацеў бы папрацаваць як сцэнарыст. А для фільмаў, якія здымаюцца паводле маіх сцэнарыяў, хацеў бы быць і мастаком-пастаноўшчыкам. Вялікі патэнцыял нявыказанага застаўся і ў літаратуры.

Пазнаёміўшыся са спісам вашых выстаў, можна зрабіць выснову, што большасць экспазіцый адбывалася за мяжой. Гэта ўжо стала нейкай тутэйшай мадэллю паводзін: жыць тут, выстаўляцца там. У чым прывабнасць такога выбару?

— Жадання з’ехаць у больш спрыяльнае асяроддзе ў мяне ніколі не ўзнікала. Не было такой патрэбы, бо ўвесь час даводзілася падарожнічаць. Я нават тэрмін адпаведны прыдумаў — «артурызм»: Артур+арт+турызм. Па паўгода жыў за межамі Беларусі, таму вельмі хацелася вяртацца дадому. Асноўныя арт-сцэны для беларускага мастака знаходзяцца не ў нашай краіне. Прынамсі, такая сітуацыя была да апошняга часу. Яна патроху мяняцца, у нейкі перыяд і тут з’явіцца свая арт-сцэна.

З іншага боку, так уладкаваны сучасныя камунікацыі: усе мастакі актыўна перамяшчаюцца. Напрыклад, немец выстаўляецца ў Швецыі, Францыі і Лацінскай Амерыцы. Добра, калі нешта можна паказаць яшчэ і дома.

Ад замежных літаратараў, якія прыязджалі ў Беларусь, чула меркаванне, што ідэі ў нас літаральна на вуліцах валяюцца... Прастора гэта — пры правільным падыходзе — спрыяльная для мастацтва...

— Тут вельмі многае адбываецца ўпершыню. Зрабіць нешта ўпершыню, напрыклад, у Германіі нашмат складаней. Там усё надзвычай структурызавана: што б ты ні зрабіў, гэта ўжо некалі было. А ў нас своеасаблівая некранутасць тэрыторыі. Хоць такіх ніш застаецца ўсё менш.

Вы — мастак і менеджар, творца і ўласны рэкламны агент. Гэта — форма выжывання?

— Тое, што творца адначасова і менеджар, і крытык, і галерыст, канешне, недарэчнасць. Увесь творчы цыкл павінен быць падзелены і па-іншаму ўпарадкаваны. Трэба, каб існавала індустрыя з інстытутам арт-крытыкаў, галерэй... Сённяшняя сітуацыя ненармальная. З аднаго боку, цікава быць такой аўтаномнай баявой адзінкай: страляць з усіх відаў зброі, вадзіць усе віды самаходаў і скакаць з парашутам. Але гэты экстрым забірае шмат часу і на пэўным этапе робіцца тормазам для мастака, які мог бы рэалізоўвацца больш эфектыўна. Бо замест таго каб зрабіць адзін крок, робіш дзесяць.

Ці не ўзнікае пры гэтым новых форм залежнасці: кожны твор задумваецца як самаакупляльны культурны прадукт?

— Пра камерцыю я не думаю, бо займаюся некамерцыйным мастацтвам. Твор з саломы ніхто не купіць, такіх спадзяванняў у мяне не ўзнікае. На мастацкім рынку гэта неліквідны тавар. Ёсць праекты, якія могуць крыху падтрымліваць матэрыяльна. Жывапіс, напрыклад, але я ім амаль не займаюся. Фатаграфія магла б, але пакупнікоў тут мала. Я зарабляю грошы ў іншых сферах, не мастацтвам.

Аднак лічу, што дзяржава павінна падтрымліваць арт-працэс. Яе роля ў спрыянні культуры ў любой еўрапейскай краіне вельмі важная, без гэтага многія сферы прыйшлі б у заняпад. Я кажу пра некамерцыйнае мастацтва. У большасці краінаў яно мае падтрымку, як і фундаментальная навука, якая не дае адразу адчувальных грашовых вынікаў. Некамерцыйнае мастацтва прапануе пэўныя стратэгіі развіцця інтэлектуальнага вектара, ад якога залежыць існаванне нацыі. У нас такога разумення няма.

Галоўны герой рамана «Шалом» — ваш alter ego? А ўвесь складаны геаграфічны маршрут героя ў рамане — адбітак унутраных блуканняў?

— У галоўнага героя некалькі прататыпаў, не толькі я, але і Андрэй Вараб’ёў, і яшчэ адзін, той, хто не ён і не я... Шмат якія сюжэтныя лініі і сцэны пабудаваны паводле ўласнага досведу. Раман пра мастака, а гэтае жыццё я ведаю вельмі добра. Там мой — даволі крытычны — погляд на сучасны арт-працэс, у галоўнага героя ёсць матыў фрустрацыі, расчаравання: усё жыццё мастацтву аддаў, радавым праслужыў, у акопах гніў, а ў выніку застаўся у тых жа акопах гол як сакол. А мара не здзейснілася. Аднак у творы ёсць і пазітыўны мэсідж. Герой — не лузер, ён не змірыўся, не здаўся. Узбунтаваўся, і менавіта ў бунце пазітыўнае ядро рамана.

Якія на сёння планы — глабальныя і лакальныя?

— На жаль, гэты год не будзе для мяне годам кіно, а стане годам мастацтва і літаратуры. Галоўнае: хачу напісаць новы раман. Пра каханне.

 Алеся Белявец