І горад жыў, і жылі людзі

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

У пачатку мінулага стагоддзя Мінск належаў да ліку найлепш добраўпарадкаваных гарадоў на захадзе Расійскай імперыі. Якасныя змены ў абліччы горада адбываліся ў выніку мэтанакіраванай дзейнасці дзяржаўных уладаў і мерапрыемстваў гарадскіх службаў.

/i/content/pi/mast/3/80/I-gorad-zhyu1.jpg 
 Вуліца Губернатарская пачатку ХХ ст.
Калі ў 1904 г. у Мінску было 235 вуліц і завулкаў агульнай працягласцю 95 вёрст, то менш чым праз 10 гадоў, у 1913-м, -- ужо 305 вуліц працягласцю 305 вёрст, плошча горада дасягнула 5417 дзесяцін. Асноўныя вуліцы былі замошчаны, з 1910 г. пачалося і асфальтаванне. Уздоўж вуліц пракладваліся ходнікі і тратуары з цвёрдым пакрыццём. Цэнтральныя вуліцы асвятляліся газавымі ліхтарамі і электрычнасцю. Выгляд Мінска ажыўлялі гарадскі сад з маляўнічымі алеямі, які раскінуўся па берагах Свіслачы, скверы і бульвары.
Цэнтралізаваная рэгламентацыя гарадскога будаўніцтва засноўвалася на Гарадавых палажэннях 1870 і 1892 гг., Будаўнічым статуце. Згодна з Гарадавым палажэннем ад 11 чэрвеня 1892 г., «да прадметаў ведамства гарадскога грамадскага ўпраўлення» належалі: утрыманне ў спраўнасці і ўпарадкаванне вуліц, плошчаў, маставых, тратуараў, набярэжных, прыстаняў, мастоў, грамадскіх садоў, бульвараў, а таксама гарадское асвятленне.
На аснове рэкамендацый Гарадавых палажэнняў гарадскія думы на месцах прымалі свае пастановы. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ ст. мінскай гарадской думай быў прыняты цэлы шэраг абавязковых для жыхароў пастаноў, якія тычыліся гарадскога добраўпарадкавання: «Аб парадку ўладкавання тратуараў і ўтрыманні іх у спраўнасці»; «Аб мерах перасцярогі псавання вады»; «Аб мерах па ахове дрэў, якія разводзяцца на гарадскіх вуліцах» і інш.
Паводле апошняй, домаўладальнікі абавязваліся прымаць меры па захоўванні дрэў, пасаджаных на вуліцах насупраць іх пляцаў. На пасадку дрэў ад домаўласнікаў не патрабавалася абавязковых узносаў, але за зламаныя і пашкоджаныя дрэвы яны былі абавязаны выплачваць штраф ад 1 да 3 рублёў.
Доўгі час нязручнасці і складанасці выклікалі назвы вуліц, якія паўтараліся, і адсутнасць
 /i/content/pi/mast/3/80/I-gorad-zhyu2.jpg

 Каля фантана ў Аляксандраўскім скверы.
Пачатак ХХ стагоддзя.

нумарацыі дамоў. Пастанова мінскай гарадской думы 1893 г. пра нумарацыю дамоў прадугледжвала, што кожны дом павінен мець парадкавы нумар, які «прыбіваецца каля брамы і павінен утрымлівацца домаўладальнікам у належнай спраўнасці... Парадак нумарацыі дамоў на кожнай вуліцы павінен пачынацца з №1 у такой паслядоўнасці, каб цотныя нумары былі на правым баку, калі ісці ад Саборнай плошчы, а няцотныя -- на левым... Вуглавыя дамы, якія выходзяць рогам на два бакі, павінны мець свой парадкавы нумар па абедзвюх вуліцах». Выраб таблічак з нумарамі ўскладаўся на гарадскую ўправу, адкуль кожны домаўладальнік абавязаны быў атрымаць нумарны знак для свайго дома, аплаціўшы яго кошт.
Была праведзена работа і па ўпарадкаванні назваў вуліц. Доўгі час тут было шмат блытаніны, бо часам адна вуліца мела некалькі назваў ці, наадварот, некалькі вуліц – аднолькавую назву. Думай быў зацверджаны спіс вуліц, якія належала перайменаваць (у прыватнасці, Ніжне-Ляхаўскую вуліцу ў 1-й паліцэйскай частцы, бо ў горадзе былі тры вуліцы з такой назвай).У канцы ХІХ ст. у цэнтры Мінска з’явіліся першыя таблічкі з назвамі вуліц, а ў 1905 былі ўведзены таблічкі адзінага ўзору: блакітнага колеру з надпісам белымі літарамі.
Гэтыя мерапрыемствы па добраўпарадкоўванні, якія працягваліся аж да Першай сусветнай вайны, хоць і тычыліся ў асноўным цэнтра горада і ў меншай ступені закраналі ўскраіны, усё ж прыносілі свой плён -- паступова пераўтваралі аблічча Мінска. Гэта пацвярджаюць дакументы аб рабоце мінскай гарадской думы і яе выканаўчага органа -- гарадской управы.
У 1910 г. дума прыняла пастанову «Аб парадку ўтрымання ў спраўнасці вуліц, плошчаў, ходнікаў, тратуараў, грамадскіх садоў і інш.»
Вось вытрымкі з яе:
А. Пра ўладкаванне і ўтрыманне ходнікаў.§ 1.Ходнікі ўздоўж вуліц павінны ўтрымлівацца пастаянна ў поўнай спраўнасці гаспадарамі дваровага ўчастка, насупраць якога яны знаходзяцца.§ 2. Пры рамонце ходнікаў забараняецца рабіць іх вышэй ці ніжэй ходнікаў суседніх уладанняў і тым самым мяняць профіль вуліц.
Б. Пра ўладкаванне і ўтрыманне тратуараў.§ 10. На ўсіх замошчаных вуліцах, за выключэннем Нова-Маскоўскага і Ігуменскага трактаў, кожны ўладальнік дваровага месца абавязаны ўладкаваць пры сваім уладанні па вуліцы тратуар з папярочных падлогавых дошак, укладваючы іх ад сцен дамоў ці ад платоў да наяўных на вуліцы канаў для сцёку дажджавой вады (рынштокаў), прычым шырыня тратуараў вызначаецца ў 1/10 шырыні вуліцы.
Заўвага 2. Жадаючыя могуць рабіць тратуар з асфальту, каменных, цэментавых ці чыгунных пліт...§ 11. На вуліцах нямошчаных уладкаванне тратуараў абавязковае для кожнага ўладальніка дваровага пляца...
В. Пра ўтрыманне маставых і тратуараў у чысціні.§ 20. Ачыстка маставых і тратуараў... павінна праводзіцца штодзённа...»
Для рэалізацыі мерапрыемстваў па добраўпарадкоўванні (асвятленне, утрыманне і рамонт маставых, тратуараў, мастоў і набярэжных, утрыманне гарадскога саду і сквераў) выдзяляліся даволі значныя сродкі з казны горада (у прыватнасці, у 1910 г. -- 37714 руб. 40 кап.).
 /i/content/pi/mast/3/80/I-gorad-zhyu3.jpg
 Кніжная шафа. Сярэдзіна ХІХ- пачатак ХХ ст.
Жыхары Мінска не толькі выконвалі абавязковыя патрабаванні, але і самі выступалі ініцыятарамі некаторых мерапрыемстваў. Цэнтральны гарадскі сад, напрыклад, быў разбіты дзякуючы ініцыятыве З.Карнеева, першага мінскага губернатара. У памяць пра гэтую падзею ў тым месцы сада, дзе ён пасадзіў першае дрэўца, быў пастаўлены знак -- конусападобная калона з надпісам па-лацінску: «Сад гэты пасаджаны і разведзены стараннасцю і руплівасцю мінскага губернатара Карнеева». (Памятны знак З.Я.Карнееву ў гонар яго заслуг перад горадам нядаўна з’явіўся на адной з алей Цэнтральнага дзіцячага парка імя М.Горкага). Мінскі гарадскі галава ў 1836 -- 1839 гг. Л.Дзельпац актыўна ўдзельнічаў ва ўпарадкаванні плошчы Новага рынку, якая ўяўляла сабой зарослую травой пустэчу з ямамі і равамі. На асабістыя сродкі Дзельпаца яе выраўнялі, і тут у 1872 годзе быў разбіты Аляксандраўскі сквер, высадзілі ліпы, клёны, таполі. У 1874 годзе ў яго цэнтры быў устаноўлены першы ў горадзе фантан са скульптурнай кампазіцыяй «Хлопчык і лебедзь» (яна ў падсапсаваным выглядзе ўпрыгожвае сквер і сёння).
Восенню 1901 г. 14 жыхароў Мінска звярнуліся ў гарадскую ўправу з хадайніцтвам вынесці на разгляд гарадской думы іх просьбу «...пра ўладкаванне на гарадскім пляцы, размешчаным на рагу Пецярбургскай і Каломенскай вуліц, гарадскога сквера», бо «...навакольныя жыхары аддалены ад гарадскіх сквераў і не маюць магчымасці абзавесціся садамі з-за недахопу ў іх зямлі» (гаворка ідзе пра сквер на рагу цяперашніх вуліц Ленінградскай і Свярдлова). Падсыпку зямлі для сквера жыхары пагаджаліся зрабіць самі і бясплатна. 28 кастрычніка 1901 г. дума прыняла пастанову пра ўладкаванне сквера, мясцовым жыхарам прадпісвалася папоўніць сваімі сродкамі меркаваныя выдаткі.
Пра грамадзянскую пазіцыю мінчан сведчаць таксама прашэнні пра перайменаванне вуліц. Так, у 1914 г. жыхары Ніжне-Ляхаўскай вуліцы прапанавалі перайменаваць яе ў вуліцу Лермантава ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння пісьменніка. А ў студзені 1915 г. жыхары вуліц Нямецкай і Мала-Лютэранскай звярнуліся да мінскага губернатара з просьбай перайменаваць гэтыя вуліцы. Зразумелыя матывы такой просьбы -- быў разгар Першай сусветнай вайны.
Даследаванне архіўных дакументаў дазваляе меркаваць не толькі пра тое, якім быў тады горад, але і пра тое, як і чым жылі тут людзі, якімі былі іх побыт і рэчы, іх патрэбы і эстэтычныя ўяўленні і, нарэшце, іх унутраны свет.
Аб прадметах побыту і інтэр’ерах дамоў мінчан можна даведацца з ацэначных актаў маёмасці, якія складаліся ацэначна-статыстычным аддзелам мінскай гарадской управы. У акце 1915 г. нерухомая маёмасць Русецкага Карла Казіміравіча, які жыў на вуліцы Каломенскай, -- «пляц вечна чыншавы Кацярынінскага сабора 220 кв.сажняў, дом драўляны 37 кв. сажняў» --  ацэнена ў 6500 руб. Далей пералічана, чым валодаў гаспадар: піяніна, трумо, шафа для адзежы, шафа кніжная, камода ясеневая, шафа дубовая, буфет, сталы: канцылярскі, пісьмовы, два рассоўныя сталовыя, два з шафачкамі, пяць іншых розных, кушэтка на спружынах, 11 крэслаў венскіх, 13 драўляных крэслаў, 2 насценныя люстэркі, гадзіннік насценны, 3 акаваныя куфры, 2 англійскія ложкі, 6 ложкаў жалезных, лямпа вісячая, 2 лямпы сталовыя, машына швейная, а таксама:шарабан параконны, веласіпед, саломарэзка -- уся маёмасць ацэнена ў 7767 руб. 75 кап. (НГАБ.Ф.1. Воп.1. Адз. зах. 7054. Арк. 82-83).
Ва ўласнасці Гудзімавай Барбары Бенядыктаўны, якая таксама жыла на вуліцы Каломенскай, былі тры жылыя дамы плошчай 32, 37 і 38 кв. сажняў. У акце на маёмасць названы: музычная шкатулка, камода, шафа, два ложкі, сталовы стол, трумо, канапа і два крэслы, 12 венскіх крэслаў, 2 лямпы, стол, раяль, шафа для адзежы, буфет, 6 крэслаў, насценны гадзіннік. Уся маёмасць ацэнена ў 17739 руб. (НГАБ.Ф.1. Воп.1. Адз. зах. 7054. Арк. 78-79).
А нерухомая маёмасць Млявага Іосіфа Фёдаравіча складалася з размешчанага на вуліцы Мала-Георгіеўскай драўлянага дома на каменным падмурку, крытага гонтам, з верандай. У ім меліся: камода сасновая, 2 шафы адзежныя, камода альховая, 2 драўляныя ложкі, стол, насценны гадзіннік, насценнае люстэрка, трумо, 2 венскія крэслы, варштат. Уся маёмасць ацэнена ў 4198 руб. (НГАБ.Ф.1. Воп.1. Адз. зах. 7054. Арк. 88-89).
Такія дакументы даюць уяўленне пра прадметны свет, што акаляў людзей, адлюстроўваюць узровень культуры, адукаванасці, духоўных і эстэтычных запытаў (раяль, піяніна, кніжная шафа, якасная мэбля). З іншага боку, гэтыя дакументы фіксуюць істотную маёмасную дыферэнцыяцыю насельніцтва.
Да 1912 г. у Мінску былі чатыры шпалерныя фабрыкі, два лесапільныя і паркетныя заводы, два -- шкляныя, два -- кафельныя, шэсць -- цагельных. Іх прадукцыя, натуральна, выкарыстоўвалася ў аздабленні дамоў гараджан. Атынкаваныя і пабеленыя столі, часта з ляпнінай, шпалеры самага рознага малюнку, філянговыя дзверы, печы, абкладзеныя кафляй з паясамі і карнізамі, пакаёвыя расліны, ажурныя настольнікі, сурвэткі з вышыўкай, карціны і фатаграфіі ў драўляных разных рамах, шкляныя і керамічныя вазы, разнастайныя скульптурныя мініяцюры -- такім паўстае жыллё сярэдняга мінчаніна па фатаграфіях таго часу, архіўных дакументах, успамінах.
Часта звычайныя утылітарныя прадметы былі выкананы на добрым мастацкім узроўні і выдатна ўпрыгожвалі памяшканне. Гэта і латунныя дзвярныя ручкі, і пячныя дзверцы з рэльефным малюнкам, і ажурныя каваныя вісячыя лямпы, і медныя рукамыйнікі...
Сёння, верагодна, апошнімі матэрыяльнымі носьбітамі жылога асяроддзя мінулых стагоддзяў з’яўляюцца старыя драўляныя дамы мінскіх прадмесцяў. Паасобныя з іх сваімі архітэктурнымі дэталямі, фрагментамі старых інтэр’ераў гавораць пра тое, як жылі тут прадстаўнікі розных саслоўяў. Так, у адным з дамоў па Разінскай вуліцы (былая Грушаўка), пабудаваным у 1894 г., яшчэ ў 90-х гадах ХХ стагоддзя захоўваліся традыцыйная печ на драўлянай аснове, драўляныя лавы, ложак, стол, куфар. Наяўнасць гэтых прадметаў сведчыць пра тое, што значную частку насельніцтва гэтага прадмесця складалі сяляне. У іншым доме па вуліцы Разінскай можна ўбачыць на ўваходных дзвярах старадаўнюю бронзавую таблічку з выгравіраваным прозвішчам уладальніка. У доме захавалася мэбля канца ХІХ стагоддзя ў стылі мадэрн: буфет, шафа, люстра, а таксама гасцінны гарнітур (стол, канапа, крэслы), шматлікія прадметы побыту: настольная лямпа ў выглядзе бронзавай фігуркі, скульптурныя мініяцюры і г.д. Такія дамы мелі багатыя мяшчане і прадстаўнікі дваранства.
Унікальным з’яўляецца комплекс драўлянай забудовы на Паўночным завулку, які дазваляе адчуць атмасферу мінскай вуліцы пачатку ХХ стагоддзя. Пастэльныя адценні былой афарбоўкі шаляваных сцен, разныя філянговыя дзверы, ліштва, аканіцы і карнізы ў спалучэнні з зелянінай садоў даюць уяўленне пра колішні каларыт і вобраз вуліцы. Тут захаваліся фрагменты жылля мінскіх прадмесцяў пачатку мінулага стагоддзя: дом на дзве жылыя паловы з брусоў на каменным падмурку. Інтэр’еры дамоў упрыгожваюць старадаўняя мэбля, дэкаратыўныя дэталі (разныя драўляныя карнізы, кафля, латунныя ручкі), посуд, асабістыя рэчы, кнігі, часопісы, фатаграфіі канца ХІХ -- пачатку ХХ ст. Такія прадметы натуральна і арганічна глядзяцца менавіта ў гэтай забудове, у гэтым асяроддзі. Верагодна, гэта разумеюць уладальнікі многіх дамоў, якія і сёння захоўваюць старыя рэчы.
Аднак такіх пабудоў -- помнікаў архітэктурнага мінулага Мінска -- застаецца ўсё менш. Горад расце, пашыраецца, і з яго сучаснай інфраструктуры паступова знікаюць кварталы жылой забудовы стогадовай даўніны. На месцы былых драўляных ускраін сёння выраслі мікрараёны.
Пры планіроўцы новых кварталаў важна захоўваць пераемнасць горадабудаўнічых традыцый: гарманічнае адзінства забудовы з ландшафтам, захоўванне (па магчымасці) планіровачнай структуры, гістарычнай тапанімікі. Захаванне атмасферы папярэдняй забудовы паспрыяе таму, што жыхары новых дамоў будуць адчуваць, што іх мікрараён узнік не на голым месцы, што тут здаўна жылі людзі паводле сваіх традыцый. Былыя ж прадмесці -- не толькі помнікі архітэктуры, складнікі горадабудаўнічага ансамбля, але і помнікі пэўнаму культурнаму асяроддзю, вобразу жыцця цэлай эпохі. Адчуванне пераемнасці можна захаваць, пакінуўшы асобныя назвы вуліц і хоць нейкія фрагменты старой забудовы: водазаборную калонку пачатку ХХ стагоддзя, каваную ажурную металічную рашотку, векавыя ліпы і клёны.

                                                                                                     Ганна СМОЛЬСКАЯ