Матэрыяльнае ці сфера духу?

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Нечаканыя рэчы з чалавечымі адлюстраваннямі ў мастацтве здараліся даволі часта. Бо даволі часта гармонію паміж целам і духам, матэрыяльным і духоўным мастакі пераставалі адчуваць.....

АЛЕСЯ БЕЛЯВЕЦ
Алеся Белявец

Нечаканыя рэчы з чалавечымі адлюс траваннямі ў мастацтве здараліся даволі часта. Бо даволі часта гармонію паміж целам і духам, матэрыяльным і духоўным мастакі пераставалі адчуваць. У рэлігійным мастацтве фізічнае цела мусіла адпавядаць духоўнаму — спрашчалася, імкнучыся наблізіцца да знака, у асобных рэлігіях — увогуле выцяснялася. Маньерысты ці рамантыкі трансфармавалі і перакручвалі фізічную абалонку чалавека. Але мастацтва — гэтая штучная, мадэлюючая сістэма — заўсёды стварала свой уласны адпаведнік чалавеку рэальнаму. Чалавек мастацтва, які спрабуе адказаць на актуальныя праблемы сучаснасці, — можа быць і знакам, адбіткам свядомасці. Дзе сёння, у якой сферы чалавечай культуры чалавек паўстае цэльным і завершаным? Усюды яго рассыпаюць на фрагменты. У рэалістычным жывапісе быццам бы дасягаюцца цэласнасць і гармонія.... Але мы так шмат ведаем пра падсвядомае, неўсвядомленае і звышсвядомае, што не заўсёды верым гэтым гламурным, няхай нават і псіхалагічным рэалістычным партрэтам. Што за гэтай маскай фізічнай абалонкі? Ці могуць пра гэта расказаць рукі, вочы, каларыт карціны — гэтыя класічныя «перадатчыкі» ўнутранага стану чалавека?

У сучаснай творчай фатаграфіі чалавек, звычайна, — гэта ракурс, цень і яго след. З апошніх моцных уражанняў, дзе чалавек як такі (фізічны) нібы і не прысутнічаў, — творы з нядаўняй яркай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі З.Літвінавай, З.Луцэвіч, Г.Гаравой. Там чалавек — гэта фрагменты формы, вострая пластыка, акаляючыя яго выпадковыя рэчы. Мастакі даследуюць не цела, а чалавечыя свядомасць і падсвядомасць, след ягоны і дух. І гэта значыць: мастацтва развіваецца як належыць — як сфера духу.

 АЛЕСЯ БЕЛЯВЕЦ